Канфесіі на Беларусі
(к. XVIII — XX ст.)
Выдавец: Экаперспектыва
Памер: 340с.
Мінск 1998
He садзейнічала паляпшэнню адносін бальшавікоў з Апостальскім Прастолам высылка ў 1924 г. з тэрыторыі СССР ватыканскай місіі дапамогі галадаючым у Расіі, якая прыступіла да працы ў 1922 г. У склаўшыхся ўмовах прапагандысцкая машына аблівала Ватыкан брудам, у ход ішлі інсінуацыі, хлусня, жорсткія выпады ў бок каталіцкіх іерархаў. Гэта адзначаў нават антырэлігійны друк: “Супраць каталіцкага клерыкалізму вядзецца больш жорсткае змаган-
не, чым супраць расійскай царквы таму, што каталіцкая арганізацыя мацнейшая, чым праваслаўная, і таму, што каталіцкая ідэалогія болып прынараўліваецца да агульных умоў жыцця” [37].
Партыйна-дзяржаўныя структуры БССР хвалявала тая акалічнасць, што ў пачатку 20-х гг. адраджэнцкі. рух даволі глыбока пранік у каталіцкія ўстановы рэспублікі. Нягледзячы на розныя перашкоды, раслі рады беларускага каталіцкага духавенства. Гэта ў першую чаргу было звязана з жаданнем нацыянальна свядомай моладзі паступаць у духоўныя вучэбныя ўстановы. У 1914 г., напрыклад, у Пецярбургскай каталіцкай духоўнай акадэміі налічвалася 70 беларусаў. Усе яны ўваходзілі ў гурток, які праводзіў актыўную работу па фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці будучых ксяндзоў. Падтрымліваў і накіроўваў дзейнасць гуртка прафесар Б.Эпімах-Шыпіла (1859 1934) [38. С. 28],
Актывізацыі беларускага каталіцкага руху садзейнічала стварэнне ў маі 1917 г. у Пецярбургу беларускай клерыкальнай партыі — Хрысціянскай дэмакратычнай злучанасці (ХДЗ), якая аб’ядноўвала невялікія гурткі беларускай інтэлігенцыі з настаўнікаў, слухачоў духоўнай акадэміі, клерыкалаў Мінска. 8 лістапада 1917 г. пад рэдакцыяй ксяндза Лук’яна Хвецкі стала выходзіць газета “Беларуская крыніца”.
У 1917 г. у Мінску аднавілася дыяцэзія, зачыненая яшчэ ў 1869 г. 2 кастрычніка першым яе біскупам быў прызначаны магілёўскі канонік Ж.Лазінскі. Ён стараўся ўкараніць беларускую мову ў каталіцкае жыццё, паказваючы ў гэтым асабісты прыклад. Акрамя Мінскай на абшарах Беларусі працягвалі дзейнічаць Віленская і Магілёўская дыяцэзіі. У іх склад уваходзілі 456 парафій са 157 філіяламі і 162 капліцамі. Тут працавалі 917 ксяндзоў. Агульная колькасць вернікаў складала 2 млн 429 тыс. чал. [39. С. 246].
Палітыку беларусізацыі касцёла праводзіў магілёўскі мітрапаліт Эдвард дэ Роп. Мітрапалітальны пасад ахопліваў тэрыторыі Беларусі, Украіныбез Галіцыі, Расіі без Саратаўскай дыяцэзіі, Латвіі, Эстоніі, Фінляндыі. У першым жа пастырскім лісце мітрапаліт падкрэсліваў неабходнасць ужывання беларускай мовы ў касцёлах. Ён сам пачаў вывучаць яе, ужо знаходзячыся ў сталым узросце. Лік парафій з беларускімі казаннямі ўзрастаў. Гэтаму садзейнічаў з’езд каталіцкіх свяшчэннаслужыцеляў, які
адбыўся 24 — 25 мая 1917 г. у Мінску. Ён выказаўся за беларусізацыю касцёла.
Важнай падзеяй у каталіцкім жыцці з’явілася адкрыццё 1 кастрычніка 1918 г. у Мінску Каталіцкай духоўнай семінарыі. Яе ўзначаліў ксёндз, доктар філасофіі, выкладчык Пецярбургскай семінарыі Ф.Абрантовіч (1884 — 1946). У лістападзе 1918 г. ён прыехаў з Пецярбурга ў Мінск, дзе ўзначаліў мінскую арганізацыю ХДЗ, у якую ўваходзіла больш за 500 членаў. Семінарыя налічвала 29 клерыкаў, з якіх 25 з’яўляліся беларусамі. Тут дбалі пра нацыянальнае адраджэнне, аб чым сведчыла стварэнне кафедры беларускай мовы. Кожную нядзелю многа вернікаў з Мінска і акругі збірала капліца, дзе Абрантовіч на беларускай мове адпраўляў святую Імшу, а хор спяваў беларускія царкоўныя песні. Набажэнствы, якія праводзіў прафесар, наведваў Янка Купала. Такія спрыяльныя ўмовы для каталіцкага жыцця склаліся ў сталіцы дзякуючы стварэнню семінарыі. Але яны існавалі нядоўга. Пад узрастаючым уціскам улад у 1920 г. семінарыя была пераведзена ў Навагрудак.
Пасля лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. група рэлігійных дзеячаў, асабліва Антон (1884 — 1946) і Іван (1881 — 1919) Луцкевічы, скіроўваюць намаганні на аднаўленне ў Беларусі грэка-каталіцкай царквы, сімпатыі да якой працягвалі жыць у народзе. Таму дзеячы беларускага адраджэнцкага руху з самага пачатку яго існавання ўключылі ў праграму сваёй дзейнасці пытанні адраджэння уніяцкай царквы. У календарах, якія выдавала рэдакцыя газеты “Наша Ніва”, у раздзел свят былі ўведзены тры рубрыкі: для праваслаўных, каталікоў і уніятаў. У праграме Беларускай хрысціянскай дэмакратычнай злучанасці, распрацаванай у 1917 г., падкрэслівалася, што “на Беларусі ХДЗ ставіць спецыяльнай мэтай збліжаць усіх каталікоў і праваслаўных, аб’яднаць іх у адной веры з рознымі абрадамі” [38. С. 63].
Цэнтрам адраджэння уніяцкай царквы на ўсходніх абшарах Беларусі становіцца Магілёў, дзе з красавіка 1918 г. дэканам працуе Язэп Белагаловы. За актыўную дзейнасць на ніве рэлігійнага адраджэння ксёндз быў арыштаваны і 13 месяцаў знаходзіўся ў турме. Пасля выхаду на свабоду ён працягвае пачатую справу. 13 чэрвеня 1922 г. Белагаловы запрашае на свята Св.Антонія ў Магілёў усходнекаталіцкага расійскага экзарха Л.Фёдарава, нядаўна назначанага на гэтую пасаду мітрапалітам
А.Шаптыцкім. Айцец Леанід правёў два ўсходнекаталіцкія набажзнствы ў Магілёве і адно ў сельскай мясцовасці. Пасля службаў да яго падыходзілі вернікі з падзякай і просьбай прыехаць яшчэ раз. Экзарх паабяцаў гэта зрабіць не адкладваючы — у бліжэйшыя месяцы. Але намечаным планам не былр дадзена ажыццявіцца. Наведаць у другі раз Магілёў ён не змог па прычыне арышту. Так была спынена работа па адраджэнні уніяцкага жыцця. Нягледзячы на палітыку руйнавання царквы, якая ўсё больш набірала моц, у 1923 г. апостальскі пасад па прапанове мітрапаліта А.Шаптыцкага афіцыйна аднавіў Мінскую ўсходнекаталіцкую епархію. Аднак у сувязі з ганеннямі на рэлігію яна не была адкрыта [38. С. 66].
На агульным фоне актывізацыі каталіцкага жыцця разгортвалася кампанія рэпрэсій супраць духавенства. Арышты, забойствы, здзекі працягваліся некалькі дзесяцігоддяў. Пачатак гэтаму паклаў арышт у ноч з 16 на 17 красавіка 1919 г. магілёўскага мітрапаліта Эдварда дэ Ропа. Вернікі выступілі ў яго абарону. Актыўнасцю вызначаліся каталікі Пецярбурга. 27 красавіка некалькі тысяч чалавек пасля службы ў касцёле св.Кацярыны з крыжам наперадзе і рэлігійнымі спевамі накіраваліся да будынка ДПУ, каб выказаць просьбу выпусціць на волю архібіскупа. У адказ былі выкліканы войскі, якія пачалі пагражаць расстрэлам. Але пагрозы не выклікалі панікі ў дэманстрантаў і ніхто не рушыўся з месца. У сувязі з гэтым быў аддадзены загад прыкладамі заганяць людзей у двор ДПУ, дзе іх і арыштоўвалі. Праз некалькі тыдняў мітрапаліта адправілі ў Маскву, а ў кастрычніку таго ж года ў форме абмену вывезлі ў Польшчу [40. С. 5]. Мітрапалітальны пасад заняў Я. Цепляк, якога ў хуткім часе напаткаў такі ж лёс.
Улады таксама рыхтавалі арышт мінскага біскупа Ж.Лазінскага. Папярэджаны дасведчанымі асобамі аб плануемым акце, пераапрануўшыся ў вопратку селяніна, ён змог выехаць у Навагрудак. Гэта была вялікая няўдача чэкістаў. He ведаючы, дзе знаходзіцца Лазінскі, улады аб’явілі вышук. Таму, хтовыдасць свяшчэннаслужыцеля, абяцалася ўзнагарода ў суме 100 тыс. руб. Аднак біскупу ўдалося выратавацца ад арышту і ў далейшым прадоўжыць рэлігійную дзейнасць у Заходняй Беларусі.
Канфрантацыя рымска-каталіцкай царквы з уладамі ўзмацнілася пасля таго, як яе духавенства і вернікі адмовіліся выконваць дэкрэт УЦВК СССР аб канфіскацыі каштоўнасцяў, якія захоўваліся ў касцёлах, у фонд галадаючых Павол-
жа. Каталіцкае духавенства разглядала гэты акт як парушэнне Рыжскага дагавора, самавольства і гвалт у адносінах да касцёла. Непахісную пазіцыю занялі ў гэтым пытанні ксяндзы Мінска, запрошаныя 8 сакавіка 1922 г. на пасяджэнне камісіі разам з прадстаўнікамі іншых канфесій. Прапаноўвалася прадставіць вопісы і інвентарныя кнігі маёмасці, а таксама выказаць свае адносіны да дэкрэта аб канфіскацыі царкоўных каштоўнасцяў. Ксёндз Васілеўскі адзначыў, што каталіцкае духавенства і парафіяне будуць глядзець на гэтыя дзеянні як на насілле, бо касцёл як у дагматычных, так і ў маёмасных адносінах цалкам падпарадкоўваецца Папе рымскаму. I калі прадстаўнікі камісіі загадалі перадаць ключы ад Мінскага кафедральнага касцёла і прысутнічаць пры экспрапрыяцыі каштоўнасцяў, яны рашуча адмовіліся. Ксяндзы Васілеўскі, Лісоўскі і Тамашэўскі, а таксама 10 грамадзян, прадстаўнікоў групы веруючых каталікоў, былі арыштаваны і аддадзены пад суд. Толькі шляхам насілля ўдалося зламаць супраціўленне каталіцкага духавенства і вернікаў у Мінску.
Вялікі рэзананс у краіне і свеце выклікаў судовы працэс над магілёўскім архібіскупам Янам Цэпляком і 14 актыўнымі каталіцкімі свяшчэннаслужыцелямі з Расіі, які адбыўся 21 — 26 сакавіка 1923 г. у Маскве. Арыштаваўшы ў ноч з 12 на 13 красавіка 1922 г. группу каталіцкіх свяшчэннаслужыцеляў, улады ставілі мэту зламаць супраціўленне каталікоў на месцах, пакінуўшы рымскакаталіцкую царкву без кіраўніцтва. Я. Цэпляку ставілася ў віну тое, што ён яшчэ да абнародавання дэкрэта аб канфіскацыі царкоўных каштоўнасцяў даваў указанне каталіцкаму духавенству “цвёрда стаяць на аснове кананічнага права”, не дапускаць стварэння пры касцёлах саветаў (“дваццатак”) і не падпісваць з уладамі пагадненняў аб касцёльнай уласнасці. Сярод “кампраметуючых” дакументаў, далучаных да судовай справы, фігураваў знойдзены пры вобыску рукапіс “Гістарычныя запіскі аб аддзяленні царквы ад дзяржавы ў бальшавіцкай Расіі”. Гэтага было дастаткова для таго, каб абвінаваціць Цэпляка і іншых прадстаўнікоў каталіцкага духавенства ў барацьбе супраць савецкай улады.
Архібіскуп з годнасцю трымаўся на судовым працэсе, аргументавана адказваў на пастаўленыя пытанні, рашуча абараняў інтарэсы вернікаў і касцёла. “Так плаўна і гладка мог гаварыць не раз’юшаны фанатык, дрыжачы над свяшчэннымі
для яго канонамі, — адзначаў журналіст, які асвятляў працэс, — а хітры, пранырлівы інтрыган, добра спакушаны ў разнасгайнай дыпламатыі” [41. С. 104], За вернасць каталіцкай царкве Ян Цэпляк і настаяцель касцёла св.Кацярыны ў Петраградзе К. Буткевіч былі прыгавораны да вышэйшай меры пакарання, астатнія — ад трох да дзесяці гадоў зняволення.
Вынікі суда выклікалі абурэнне ў многіх краінах свету, адкуль на імя наркама замежных спраў паступалі тэлеграмы з пратэстамі і просьбай перагледзець прыгавор. У тэлеграме ад імя групы членаў англійскага парламента гаварылася: “Жыццё чалавечае дарагое, не вешайце епіскапа” [41. С. 112], Голас сусветнай грамадскасці мала хваляваў Маскву. Тым не менш прэзідыум УЦВК разгледзеў хадайніцтва асуджаных. Высокая інстанцыя замяніла Я.Цэпляку смяротны прыгавор на 10 гадоў турэмнага зняволення, а К.Буткевіч 31 сакавіка 1923 г. быў расстраляны.