Канфесіі на Беларусі
(к. XVIII — XX ст.)
Выдавец: Экаперспектыва
Памер: 340с.
Мінск 1998
Вызваленне Заходняй Беларусі не спрыяла паляпшэнню умоў працы на ніве адраджэння уніяцтва. Уніяцкая царква пазнала жорсткія рэпрэсіі НКУС. Частка ўсходаекаталіцкіх парафій была закрыта, некаторыя перайшлі на нелегальнае становішча. Да моманту прыходу нямецкіх акупацыйных улад там дзейнічалі толькі тры грэка-каталіцкія суполкі. У такіх умовах львоўскі мітрапаліт А.Шаптыцкі прымае захады па арганізацыйным умацаванні уніяцкіх абшчын. Выкарыстоўваючы свае паўнамоцтвы, у маі 1940 г. ён стварае чатыры экзархаты грэка-каталіцкай царквы, у тым ліку і экзархат Беларусі. Экзархам назначаецца А. Неманцэвіч [65. С. 63]. У Раду экзархата ўвайшлі В.Аношка, Л. Гарошка (намеснік экзарха) і I. Гермацюк. Праца экзархату праводзілася ва ўмовах глыбокай канспірацыі. Кожны крок на шляху адраджэння рабіўся ў складаных умовах грамадскага жыцця, асабістай небяспекі і мог стаць апошнім. У такіх неспрыяльных умовах 20 чэрвеня 1940 г. экзархі правялі саборную службу і першую супольную нараду, на якой вызначылі план работы. Важнейшыя пытанні рэлігійнага жыцця экзархі абмяркоўвалі на тайных нарадах — з’ездах. Да пачатку вайны такіх мерапрыемстваў адбылосятры. У апошнім, які праходзіў 10—12 чэрвеня 1941 г. у Львове, прынялі ўдзел А. Неманцэвіч і яго намеснік Л.Гарошка.
На абшарах Заходняй Беларусі распаўсюджваліся суполкі евангельскіх хрысціян і баптыстаў, хрысціян веры евангельскай і інш. Гэтаму садзейнічала тое, што ў гады імперыялістычнай вайны тэрыторыя была акупіравана нямецкай арміяй і насельніцтва мела магчымасць пазнаёміцца з “новай верай”. Адносна хуткаму нараджэнню пратэстанцкіх цэркваў садзейнічала місіянерская дзейнасць замежных арганізацый, асобных прапаведнікаў, якія падтрымлівалі іх
матэрыяльна і духоўна. Праўда, з 1924 г. дзейнасць місіянераў афіцыйна была забаронена. Тым не менш яны працягвалі дзейнічаць у многіх месцах. Вялікую дапамогу ў наладжванні работы евангельскай абшчыны ў Скідалі аказалі амерыканскія місіянеры. За кароткі тэрмін яна стала адной з самых буйных на Гродзенпгчыне, мела нядрэнную матэрыяльную базу. У 1924 г. пачала дзейнічаць царква евангельскіх хрысціян у Кобрыне. Яе стварылі прыбыўшыя з Амерыкі члены абшчыны евангелістаў на спецыяльныя сродкі, атрыманыя ад цэнтра гэтай арганізацыі ў ЗША. Узначальваў секту К.Ярашэвіч, які ў 1912 і 1924 гг. выязджаў за акіян.
Цэнтрам пратэстанцкага руху на Гродзеншчыне стала Зэльва, куды ў 1922 г. з Омска вярнуўся А.Кірцун. Настаўнік па адукацыі, у гады першай сусветнай вайны ён вымушаны быў пакінуць родныя мясціны і выехаць у Сібір, дзе стаў членам мясцовай царквы баптыстаў. Пасля прыезду ў 1923 г. на Беларусь стварыў у м.Зэльва абшчыну і стаў яе прасвітарам. Выдатны прапаведнік, таленавіты музыкант, Кірцун хутка зава’яваў павагу і любоў Вернікаў, шырокую вядомасць у грамадстве. Праз некаторы час утварыліся цэрквы хрысціян-баптыстаў у навакольных гарадах — Лідзе, Ваўкавыску і інш. Пашыраўся гэты рух і ў Гродна, дзе ў 1922 г. адкрыўся малітоўны дом баптыстаў. Да 1930 г. гарадская царква з яе наваколлем налічвала каля 300 вернікаў [47. С. 391].
Актыўную работу па евангелізацыі насельніцтва заходніх абшараў праводзіў ураджэнец Слонімшчыны Л. Дзекуць-Малей. Закончыўшы настаўніцкую семінарыю, ён працаваў настаўнікам і інспектарам школы. Але яго кар’ера хутка змянілася. Будучы на службе ў царскай арміі, у 1912 г. у Беластоку ён прыняў воднае хрышчэнне ў баптысцкай царкве. Пасля гэтага Л.Дзекуць-Малей прайшоў духоўную падрыхтоўку на біблейскіх курсах у Пецярбургу. У 1920 г. ён прыехаў у Брэст і цалкам аддаўся рэлігійнай дзейнасці. Пасля першых хрышчэнняў яго выбіраюць прасвітарам новаўтворанай абшчыны, якая хутка расла. Дзякуючы актыўнай прапаведніцкай і арганізацыйнай дзейнасці Л. Дзекуць-Малея Брэст становіцца цэнтрам евангелісцкага руху ў рэгіёне. Тут працавалі біблейскія і рэгенцкія курсы, дзе праходзілі падрыхтоўку служыцелі пратэстанцкіх цэркваў Заходняй Беларусі [47. С. 389].
На пачатку 20-х гг. узнікаюць абшчыны евангельскіх хрысціян. Месцам распаўсюджвання руху пяцідзесятнікаў становяцца Пружаііы. У 30-я гг. колькасць вернікаў тут складала болып за 500 чал. Павялічвалася колькасць пяцідзесяпіікаў
на Палессі, дзе першыя суполкі з’явіліся ў 1924 г. Праз дзесяць гадоў прыхільнікі гэтай секты тут склалі 3794 чал., у тым ліку ў Пінскім павеце — 894, у Столінскім— 409. У сярэдзіне.30-х гг. пяцідзесятнікі пачалі дзейнічаць у Маладзечна і яго заходніх ваколіцах, іншых населеных пунктах.
На Палессі з’явілася некалькі абіпчын адвентыстаў сёмага дня (АСД). Яны дзейнічалі ў в.Паршэвічы, Кнубава, Марозавічы, Жолкіна Пінскага, Фядоры і Калодна Столінскага паветаў. Ha 1 студзеня 1935 г. у Палескім ваяводстве налічвалася больш за 250 вернікаў-адвентыстаў. Існавала таксама рэлігійная арганізацыя “Даследнікі свяшчэннапісання” (іегавісты), колькасць паслядоўнікаў якой дасягнула на тую ж дату 147 чал. [31. С. 133, 135]. Аб распаўсюджванні пратэстантызму ў рэгіёне сведчаць даныя Палескага ваяводскага ўпраўлення. Калі ў 1922 г. было зарэгістраванабЮ пратэсгантаў, у 1924 г. — 2614, у 1926 г. — 4102, то ў 1935 г. іх колькасць перавысіла 10 тыс. Баптысты і хрысціяне веры евангельскай у 1926 г. складалі 0,38 % ад агульнай колькасці насельніцтва ваяводства, а ў 1938 г. — 0,97 % [66. С. 31],
Пасля распаду ў 1925 г. Саюза евангельскіх хрысціян і баптыстаў Польшчы ў Заходняй Беларусі пачалі паасобку дзейнічаць Саюз баптыстаў, Саюз евангельскіх хрысціян і Саюз цэркваў Хрыстовых, якія стварылі для сябе нядрэнную матэрыяльную базу. У 1937 г., напрыклад, Саюз баптыстаў налічваў 85 цэркваў і 275 філіялаў з колькасцю вернікаў 13 800. Для выпуску духоўнай літаратуры ён адкрыў друкарню “Компас”, арганізаваў біблейскія курсы і багаслоўскую школу.
Актыўную работу праводзіў Саюз цэркваў Хрыстовых, які знаходзіўся ў Кобрыне. Ён выдаваў часопіс “Хрысціянскі саюз”, рэлігійную літаратуру. Толькі ў 1936 г. было распаўсюджана 5845 экземпляраў Бібліі і яе асобных раздзелаў, дзесяткі тысяч экземпляраў іншай літаратуры. Асаблівая ўвага надавалася рабоце сярод моладзі. За год былі праведзены 1183 сходы і 82 раённыя з’езды моладзі, арганізавана 7 маладзёжных гурткоў і 7 бібліятэк. У саюз уваходзілі 75 абшчын, якія аб’ядноўвалі 5 тыс. вернікаў. Як бачна, за кароткі тэрмін пратэстанцкі рух на заходнебеларускіх землях дасягнуў значнага распаўсюджвання, уцягваючы ў свае рады ўсё большую колькасць вернікаў.
Значнае месца ў рэлігійным жыцці Заходняй Беларусі належала іудзейскай канфесіі, тэрыторыя якой была пакрыта густой сеткай сінагог. Гэта бачна на прыкладзе Брэста. У 1936 г. у горадзе, дзе пражывала 21 518 яўрэяў (41,3 % ад
агульнай колькасці насельніцтва), налічвалася 22 сінагогі. Вялікая ўвага надавалася рэлігійнаму выхаванню дзяцей праз хедэры. Адзін з папулярных хедэраў знаходзіўся ў будынку народнай рэлігійнай школы “Талмуд-Торы”. Тутвучылася каля 1 тыс. дзяцей з Брэста і навакольных мястэчак. [67. С. 18, 19]. Такая карціна была характэрна і для іншых гарадоў, многіх мястэчак. Становішча рэзка змянілася пасля верасня 1939 г. Тым не менш на пачатак 1941 г. у заходніх абласцях БССР дзейнічала 387 сінагог.
Пасля далучэння Заходняй Беларусі да Польшчы на яе тэрыторыі засталося пражываць 6 тыс. татар. Як сведчыць Я.Станкевіч, у 1931 г. з гэтай колькасці толькі некалькі дзесяткаў чалавек жылі ў Варшаве, а для астатніх месцам жыхарства з’яўляліся беларускія землі [68. С. 12], Тут дзейнічалі 19 рэлігійных абшчын. У невялічкай этнічнай групе яны падтрымлівалі пачуццё духоўнасці, сумлення, выхоўвалі павагу ў адносінах да людзей іншых нацыянальнасцяў. Ha KaHeu 30-х гг. у Навагрудку налічвалася 766, у Докшыцах — 460, у Слоніме — 413 мусульман.
Важную ролю ў актывізацыі дзейнасці мусульманскай канфесіі адыграў Усяпольскі з’езд мусульманскіх джаміятаў, які адбыўся ў Вільні ў снежні 1925 г. Выбар месца правядзення падкрэсліваў значэнне горада як цэнтра татарскага асадніцтва ў XIV — XV стст. Адкрываючы з’езд, віленскі ваявода А.Маліноўскі ад імя польскага ўрада сказаў дэлегатам: “Звяртаючыся да вас як нашчадкаў старадаўніх татар, якія збераглі веру сваіх продкаў, а праз гэта і сваю расавую самабытнасць, — маю ўсе падставы сцвярджаць, што адносіны Рэчы Паспалітай да грамадзян мусульманскай веры будуць напоўнены такой жа добразычлівасцю і добрай воляй, якой вызначаліся ў гістарычным мінулым у ходзе нашай агульнай гісторыі” [69. С. 52]. З’езд утварыў муфцыят, абвясціў аўтаномію ісламскіх джаміятаў. Да гэтага духоўным жыццём мусульман Беларусі кіраваў Таўрычаскі муфцыят з Сімферопаля. Муфцыем быў абраны доктар арыенталістыкі Я. Шынкевіч, аяго намеснікам — Я.Рамановіч. У той час 19 мусульманскіх абшчын дзейнічаліў Вільні, Немежы, Сорак — Татарах, Даўбуцішках, Іўі, Відзах, Докшыцах, Мядзелі, Навагрудку, Лоўчыцах, Слоніме, Ляхавічах, Некрашунцах, Клецку, Асмолаве, Міры, Багоніках, Крушанянах і Варшаве [70. С. 143].
Добра служыла справе наладжвання адукацыі падрастаючага пакалення, развіццю нацыянальнай культуры мусульманская абшчына Слоніма, 2 % жыхароў якога з’яўляліся мусульманамі. Вялікая ўвага надавалася рэлігійнай адукацыі
дзяцей. Работу з імі праводзіў муэдзін мячэці С.Шчэняновіч. Пасля заканчэння курса навук у годжага дазвалялася хадзіць у мячэць. Вялікай падзеяй у сям’і з’яўлялася яе першае наведванне дарослымі сынам ці дачкой. Традыцыяй мусульман горада з’яўляліся балі з нагрды Байрамаў. Іх заўсёды праводзілі на другі ці трэці дзень свята ў самай вялікай зале Слоніма — Доме людовым [71. С. 23, 25].
Калі ва ўсходняй частцы Беларусі мячэці руйнаваліся, то ў заходняй яны адбудоўваліся. Трэба зазначыць, што ў гады імперыялістычнай вайны многія мусульманскія храмы пацярпелі ад пажараў. Таму ў 1928 г. была пабудавана мячэць у Ляхавічах, у 1930 — у Мядзелі, у 1932 — у Відзах.
З’явіліся ў татар і ўласныя перыядычныя выданні. У 1930 г. у Варшаве мусульманская абшчына пачала выпускаць часопіс “Пшэглёнд ісламскі” (“Ісламскі агляд”), які шмат увагі ўдзяляў становішчу іслама за мяжой. 3 1934 г. віленскім аддзелам культурна-асветніцкага саюза стаў выдавацца штомесячнік “Жыче татарскае” (“Татарске жыццё”), прызначаны для бяднейшых груп супольнасці, у якім друкаваліся шматлікія хранікальныя нататкі: пра вяселлі, пахаванні, эпізоды рэлігійнага жыцця. Выдаваўся таксама часопіс “Рочнік татарскі” (“Штогоднік татарскі”), які ўбачыў свет у 1932, 1935 і 1939 гг.