Канфесіі на Беларусі
(к. XVIII — XX ст.)
Выдавец: Экаперспектыва
Памер: 340с.
Мінск 1998
Пастанова не адыграла прыкметнага ўздзеяння на дзейнасць РПЦ, далейшае абвастрэнне царкоўна-дзяржаўных адносін. Прычына гэтага бачыцца ў тым, што адносіны Сталіна да праваслаўнай царквы ў той час сталі болыіі цярпімымі. Гэты “паварот” звязваўся з вялікім матэрыяльным і духоўна-патрыятычным укладам РПЦ у набліжэнне перамогі над фашысцкай Германіяй. Яшчэ 5 студзеня 1943 г. мітрапаліт Сергій паслаў Сталіну тэлеграму, у якой прасіў дазволіць адкрыццё банкаўскага рахунку на збор сродкаў у абарону краіны. Сталін даў згоду і ад імя Чырвонай Арміі падзякаваў царкву за яе намаганні. Да кастрычніка 1944 г. ахвяраванні ў гэты фонд дасягнулі 150 млн руб.
Пасля смерці Сергія ў кастрычніку 1944 г. намеснікам патрыярхавага месцаахоўніка стаў мітрапаліт Алексій I (С.У. Сіманскі, 1877 — 1970). Уступіўшы на гэту пасаду, ён паслаў Сталіну тэлеграму, у якой абяцаў прадоўжыць царкоўную палітыку Сергія, завяраў яго ў сваёй любві і адданасці. Памесны Сабор, які праходзіў з 31 студзеня па 2 лютага 1945 г., аднагалосна абраў Алексія Патрыярхам Маскоўскім і ўсея Русі.
10 красавіка 1945 г. адбылася сустрэча “бацькі народаў” з Алексіем I і мітрапалітам Мікалаем (Ярушэвічам), які ў той час узначальваў Аддзел замежных зносін РПЦ. На сустрэчы прысутнічаў міністр замежных спраў СССР В.Молатаў. Вось як апісваў уражанні ад сустрэчы з І.Сталіным мітрапаліт Мікалай: “Поўныя шчасця бачыць вочы таго, адно імя якога з любасцю гаворыцца не толькі ва ўсіх кутках нашай краіны, але і ва ўсіх свабодалюбівых
і міралюбівых краінах, мы выказалі Іосіфу Вісарыёнавічу нашу падзяку... Гутарка была зусім нязмушанай гутаркай бацькі з дзецьмі” [79. С. 191].
3 першых дзён дзейнасці знайшоў паразуменне з патрыярхам старшыня Савета па справах РПЦ пры СНК СССР Г.Карпаў. Паводле прызнання самога першаіерарха, у іх “назаўжды” ўстанавіліся “найлепшыя дачыненні”, якія перараслі пазней у “прывязанасць” і “глыбокую любасць”. У парыве любві Алексій I пісаў Карпаву: “Дарагі Георгій Грыгор’евіч! Пасылаю Вам: 1) ад Дз. С. Солада з Дамаску скрыначку з усходнімі прысмакамі; 2) ад мяне для Вашага кабінета дыван — ва ўсякім разе чыста персідскі; 3) падушку з зычаннем, каб яна служыла Вам верай і праўдай. Я думаю, можна зрабіць, каб яна была мякчэйшаю. Яна таксама ўсходняга паходжання — з Каіру. Сардэчна Вам адданы П.Алексій. 28.VI. 1945 г.” [80. С. 130],
Патрыярх таксама не заставаўся без увагі. У адказ Карпаў пасылаў яму парчу, малахітавыя скрынкі, “цудоўныя” вазы.
На акупіраванай тэрыторыі Беларусі разгортвалася і каталіцкае жыццё. Аднак гэты працэс працякаў больш складана па прычыне стрыманасці акупацыйных улад да рымска-каталіцкай канфесіі, парафіі якой да пачатку вайны дзейнічалі толькі на тэрыторыі заходняга рэгіёна. Пасля акупацыі Гродзеншчына адышла ў склад Усходняй Прусіі, Брэстчына — у рэйхскамісарыят Украіны, што звужала магчымасці каталікоў. Немцы разглядалі іх як пятую калону польскага нацыянальнага руху на гэтай тэрыторыі. Акупацыйныя ўлады былі не вельмі зацікаўлены ў распаўсюджванні каталіцкай місіянерскай дзейнасці на ўсходнія тэрыторыі.
Адраджэнне каталіцкага жыцця стрымлівалася адсутнасцю цэнтра кіравання касцёлам. Гэту місію мог узяць на сябе біскуп Магілёўскі і Мінскі Б.Слоскан, які знаходзіўся ў Дзвінску. Але нямецкія ўлады забаранілі яму займацца адміністрацыйнай дзейнасцю натэрыторыі Беларусі [81. С. 130]. Ініцыятыву ўзяў на сябе прыехаўшы з Вільні вядомы каталіцкі дзеяч, доктар тэалогіі С.Глякоўскі. У выніку перамоў улады дазволілі адчыніць для набажэнстваў касцёл св.Сымона і св.Алены, дзе перад вайной размяшчалася кінастудыя. Тут хутка сталі праводзіцца набажэнствы.
Многа зрабіў для актывізацыі каталіцкага жыцця прыбыўшы ў верасні 1941 г. у Мінск вядомы прыхільнік беларусізацыі касцёла ксёндз В.Гадлеўскі. Працуючы галоў-
ным школьным інспектарам пры генеральным камісарыяце Беларусі, ён многа ўвагі надаваў наладжванню работы парафій. Дзякуючы яго актыўнай дзейнасці ўжо ў канцы 1941 г. пачаліся набажэнствы ў кафедральным касцёле. Многа вернікаў збіралася на набажэнствы В.Гадлеўскага, таму са жніўня 1942 г. ён займаўся толькі душпастырскай дзейнасцю. У двух касцёлах Мінска гучалі беларускія казанні, песні. Ксяндзы прывезлі з Вільні беларускія кніжкі для набажэнстваў, якімі карысталіся вернікі.
Такім чынам, з першых дзён адкрыцця касцёлаў закладваўся трывалы падмурак для арганізацыі каталіцкага руху на Беларусі. Гэта выклікала незадавальненне рускіх праваслаўных элементаў, якія бачылі ў дзейнасці ксяндзоў пашырэнне “езуіцкай” хвалі на ўсход, спробы паланізацыі насельніцтва. Пачала разыгрывацца карта ўдзелу беларускіх ксяндзоў у польскім нацыянальным руху. Ад праваслаўнага духавенства акупацыйным уладам паступалі даносы, у якіх ксяндзы абвінавачваліся ў “дзейнасці на карысць Польшчы”. Гэта садзейнічала выкрыванню польскіх “агентаў” сярод беларускіх ксяндзоў, якіх у выніку расстрэльвалі. У лістападзе 1941 г. абарвалася жыццё некалькіх польскіх ксяндзоў, у тым ліку Г.Глябовіча, які распачаў на Міншчыне місіянерскую дзейнасць, а крыху пазней былі арыштаваны і закатаваны беларускія каталіцкія ксяндзы С.Глякоўскі і Д.Малец [82. С. 83]. Трагічна склаўся лёс В.Гадлеўскага. 24 снежня 1942 г. акупацыйныя ўлады арыштавалі яго ў Мінску. Тут у хуткім часе ён і быў закатаваны. Аб гэтым сведчыць той факт, што гаспадыня ксяндза ў студзені 1943 г. атрымала з мінскай турмы яго верхнюю вопратку. Так закончыўся зямны шлях аднаго з актыўных удзельнікаў беларускага каталіцкага РУху-
У Мінску застаўся працаваць ксёндз З.Ігнатавічус. Немцы далі дазвол прыехаць да яго В.Шутовічу. Пасля вызвалення горада, 19 кастрычніка 1944 г., у сталіцу прыязджае А.Барысевіч. Улады лічылі, што ён меў місію “ўпаўнаважанага ўсіх касцёлаў” на Беларусі. У 1945 г. В.Шутовіч і А.Барысевіч былі рэпрэсіраваны “за антысавецкую” дзейнасць. У сувязі з арыштам ксяндзоў улады закрылі касцёлы. Так на доўгія гады абарвалася каталіцкае жыццё ў сталіцы рэспублікі, дзе пражывала нямала беларусаўкаталікоў. Такія крокі ў пасляваенны час павінны былі паслужыць “прыкладам” для іншых гарадоў і вёсак Беларусі.
У час вайны пачалі адкрывацца і працаваць новыя парафіі і касцёлы ў многіх усходніх раёнах, там, дзе яны былі закрыты ў час вялікага атэістычнага “наступу”. У лістападзе 1941 г. ў м.Росіца Дрысенскага раёна для прывядзення ў парадак касцёла прыехала з Друі група ксяндзоў на чале з А.Ляшэвічам. Гэта быў вядомы ў каталіцкім асяродку свяшчэннаслужыцель, які пасля заканчэння Пецярбургскай семінарыі працаваў у Іркуцку, Чыце, польскай калоніі ў Кітаі. Вайна застала ксяндза ў Друі, адкуль ён і накіраваўся ў Росіцу. У снежні быў адрамантаваны касцёл і пачало наладжвацца каталіцкае жыццё. Жадаючых наведаць храм было так многа, што з Друі на падмогу прыехаў ксёндз Ю.Кашуба.
Але з кожным днём працаваць станавілася ўсё цяжэй па прычыне таго, што немцы рабілі набегі ў навакольныя вёскі і вынішчалі ўсё насельніцтва. Такі лёс не абмінуў і Росіцу. У адзін з лютаўскіх дзён 1943 г. прадстаўнікі жандармерыі папярэдзілі ксяндзоў аб планах фашыстаў па вынішчэнні мястэчка і прапанавалі ім пакінуць яго. Параіўшыся, ксяндзы вырашылі застацца са сваімі парафіянамі. Хутка ў Росіцу прыехала шмат фашыстаў. Яны расстрэльвалі людзей, некаторых заганялі ў дамы і падпальвалі. Такой пакутніцкай смерцю загінулі і ксяндзы [83. С. 25]. Фашысты не пашкадавалі іх жыцця, каб не засталося сведак.
Некаторыя прадстаўнікі рымска-каталіцкага духавенства супрацоўнічалі з партызанамі, напрыклад ксёндз І.Завістоўскі з Гродзеншчыны. Пасля “рассякрэчвання” яго арыштавалі і на працягу двух месяцаў трымалі пад аховай. Зусім іншыя адносіны да фашысцкіх захопнікаў праяўляў ксёндз Сарока з м.Ізабеліна Ваўкавыскага раёна. Ён падтрымліваў сувязь з нямецкімі карнымі органамі, разам з паліцаямі прыняў прысягу. У сваіх пропаведзях і прамовах ксёндз заклікаў верна служыць немцам, змагацца з камунізмам і выкрываць асоб, звязаных з партызанамі [6. Ф. 4, воп. 29, спр. 146, арк. 3].
Некаторыя ксяндзы падтрымлівалі сувязь з арганізацыямі Арміі Краёвай (АК). У 1944 г. Упраўленне Міністэрства дзяржаўнай бяспекі па Маладзечанскай вобласці арыштавала 17 акаўцаў на чале з ксяндзом Я.Рамейка. У гады акупацыі ён прымаў актыўны ўдзел у камплектаванні паліцыі м.Лучай. У лютым 1944 г. уступіў у АК ксёндз В.Нуркоўскі з м.Забалаць Радуньскага раёна Гродзенскай вобласці. Летам таго ж года ён выступіў у якасці суддзі над 14 захопленымі акаўцамі актывістамі. Усе яны вуснамі ксяндза былі прыгавораны да расстрэлу [84. С. 92, 93].
У гады вайны касцёлы адрадзіліся на многіх усходнебеларускіх абшарах. Акрамя Мінска каталіцкае жыццё віравала ў Магілёве, Барысаве, Дзяржынску, Беразіно, Уздзе, Лагойску, Заслаўі, в.Равенічы Чэрвенскага раёна, іншых мясцінах [6. Ф. 952, воп. 2, спр. 6, арк. 242]. Пасля вызвалення пачалася новая хваля закрыцця касцёлаў, арыштаў ксяндзоў, якія працавалі на акупіраванай тэрыторыі. Цяпер ужо савецкія ўлады праводзілі татальныя “дазнанні” паводзін каталіцкіх свяшчэннаслужыцеляў. Іх вельмі лёгка было абвінаваціць у падтрымцы акупацыйнага рэжыму, супрацоўніцтве з фашыстамі. Толькі ў 1945 г. у сувязі з арыштамі ксяндзоў было закрыта 15 касцёлаў [6. Ф. 952, воп. 2, спр. 4, арк. 275]. Такім складаным аказаўся лёс рымска-каталіцкай канфесіі, яе свяшчэннаслужыцеляў у гады вайны.
Пасля акупацыі Беларусі фашысцкімі захопнікамі прымаюцца крокі па актывізацыі дзейнасці уніяцкіх абшчын. У пачатку 1942 г. экзархат уніяцкай царквы на чале з А.Неманцэвічам выходзіць з падполля і дабіваецца ад акупацыйных улад яго афіцыйнага прызнання. 16 сакавіка 1942 г. Генеральны камісарыят выдаў дазвол экзархату на легальную дзейнасць. Робяцца захады па пераводу уніяцкіх абшчын пад яго юрысдыкцыю. Першым такую спробу зрабіў Віленскі мітрапаліт Р.Ялбжыкоўскі. У ліпені 1942 г. прадстаўнікі экзархата наведалі пінскага біскупа К.Букрабу, які пераехаў у Львоў, і станоўча вырашылі гэтае пытанне. 5 красавіка 1942 г., на Вялікдзень, экзарх выдаў сваё пасланне да беларускага народа. 2 мая была ўтворана Рада экзархату, а на насіупны дзень — Духоўны суд. Гэта спрыяла часоваму ажыўленню уніяцкага жыцця.