• Часопісы
  • Канфесіі на Беларусі (к. XVIII — XX ст.)

    Канфесіі на Беларусі

    (к. XVIII — XX ст.)

    Выдавец: Экаперспектыва
    Памер: 340с.
    Мінск 1998
    111.35 МБ
    Каб зменшыць сферу ўплыву на вернікаў, з 1948 г. ксяндзам было забаронена абслугоўваць больш адной парафіі. У выніку адразу 98 абшчын засталіся без служыцеляў культу. Вернікам, якія звярталіся да ўлад за дапамогай, гаварылі, што як толькі яны знойдуць свабоднага ксяндза, адразу могуць хадайнічаць аб рэгістрацыі храма. Але вырашэнне гэтага пытання было практычна немагчымым, таму што ў БССР адсутнічалі навучальныя ўстановы, якія рыхтавалі ксяндзоў, а іх прыезд з іншых рэспублік забараняўся ўладамі. Напрыклад, 14 ксяндзоў, якія ў лютым 1949 г. прыехалі з Літвы, каб уладкавацца на службу ў касцёлы Гродзенскай і Полацкай абласцей, вымушаны былі вярнуцца назад па прычыне таго, што мясцовыя органы ўнутраных спраў забаранілі ім прапіску. Адсутнасць ксяндзоў у парафіях прыводзіла да таго, што вернікі не маглі выконваць такія важнейшыя абрады, як споведзь, прычашчэнне, пасты.
    У першыя пасляваенныя гады ксяндзы накіроўвалі вялікія намаганні на ажыццяўленне рэлігійнага навучання дзяцей. У летнія месяцы дазвалялася затрачваць ад 2 да 5 гадзін у тыдзень на падрыхтоўку іх да прычашчэння. У в.Удзел Глыбокскага раёна, дзе пробашчам з’яўляўся Ю.Грабоўскі, збіралася каля 100 дзяўчынак і хлопчыкаў. У в.Дзераўная Івянецкага раёна была нават створана рэлігійная школа. 25 дзяцей, якія не былі ахоплены мясцовай школай, пад кіраўніцтвам старшыні касцёльнага савета І.Дзям’янкі вывучалі Закон Божы і малітвы. Аб гэтым ведалі сельскі савет, мясцовая тэрытарыяльная партыйная арганізацыя, але нічога не маглі зрабіць, таму што агульнаадукацыйная школа не мела магчымасцяў ахапіць усіх дзяцей.
    Такое становішча хвалявала ўлады рэспублікі, якія бачылі ў гэтых дзеяннях прывіццё дзецям “нацыяналістычных, антысавецкіх поглядаў”. 10 мая 1947 г. упаўнаважаны Савета па справах рэлігійных культаў пры CM СССР па БССР К.Уласевіч інфармаваў старшыню саюзнага Савета І.Палянскага аб тым, што беларускія ўладныя структуры збіраюцца “забараніць ксяндзам усялякія заняткі з дзецьмі”. У адказ маскоўскі кіраўнік паведамляў, што пытанне аб падрыхтоўцы перад першым прычашчэннем у рымска-каталіцкай царкве ставіцца перад урадам і неўзабаве атрымае канчатковае вырашэнне. “ Да прыняцця рашэння ўрада па пытанні аб першым прычашчэнні, — папярэджвалі з Масквы, — нетрэба станавіцца на шлях забароны падрыхтоўкі” [2. Ф. 4, воп. 29, спр. 592, арк. 205, 206].
    У канцы 1947 г. ксяндзам было забаронена праводзіць любыя заняткі з дзецьмі. За парушэнне гэтага загаду яны прыцягваліся да судовай адказнасці. Справа дайшла да таго, што з кожнага ксяндза бралі спецыяльную падпіску. He ўсе згаджаліся з такім становішчам. Адказаўся даваць такую падпіску ксёндз-дэкан У.Курп-Гарбоўскі з Астравецкага раёна. Пры гэтым ён заявіў: “У Савецкім Саюзе манапольнае права на навучанне і выхаванне моладзі належыць камуністам, якія прывіваюць ім толькі матэрыялістычны погляд. Я павінен буду выканаць ваш загад, спыню навучанне дзяцей катэхізісу, не стану прыпадносіць ім наша разуменне крыніц і сіл прыроды, але лічу, што гэта не ёсць свабода сумлення” [2. Ф. 4, воп. 29, спр. 693, арк. 10].
    3 1947 г. у БССР пачалася кампанія па рэгістрацыі касцёлаў і ксяндзоў з заключэннем тыпавых дагавораў на перадачу касцёлаў як нацыяналізаванай маёмасці рэлігійным суполкам. За рэдкім выключэннем служыцелі культу выступілі супраць гэтага мерапрыемства, адкрыта заяўляючы аб тым, што касцёлы ў СССР належаць не савецкай дзяржаве, а Папе рымскаму [2. Ф. 4, воп. 62, спр. 70, арк. 12], Тым, хто не жадаў рэгістравацца, улады забаранялі выконваць службу. Але пад моцным уціскам супраціўленне было зломлена. 3 272 парафій, дзейнічаўшых у БССР на 1 студзеня 1948 г., былі зарэгістраваны 234. Па даных, на 24 верасня 1949 г. працягваў супраціўленне толькі ксёндз Хмелявец, пробашч касцёла ў в.Канстанцінава Свірскага раёна Маладзечанскай вобласці. У адказ яму так і не дазволілі правядзенне службаў, нягледзячы на многія асабістыя звароты да вышэйшых органаў улады, у тым ліку і да самога Сталіна.
    У пасляваенныя часы працягвалі існаванне рымскакаталіцкія манастыры, хаця з кожным годам іх станавілася ўсё менш і менш. Калі ў 1939 г. у заходніх абласцях БССР налічвалася 65 мужчынскіх і жаночых манастыроў, то на канец 1945 г. засталося толькі два мужчынскія і пяць жаночых, дзе пражывалі дзевяць манахаў і 103 манашкі. Мужчынскія манастыры знаходзіліся ў Гродна і Кобрыне, жаночыя — у Гродна, в.Грыбаўіпчына Нясвіжскага, м.Гарадзец Антопальскага раёнаў, г.п. Друя. 20 лістапада 1945 г. Нясвіжскі жаночы манастыр выехаў у Полыпчу, а яго памяшканне і інвентар былі перададзены мясцоваму педвучылішчу [2. Ф. 952, воп. 2, спр. 4, арк. 10,11],
    3 кожным годам узмацнялася палітыка, скіраваная на закрыццё гэтых рэлігійных устаноў шляхам недапуш-
    чэння новых насельнікаў. Ha 1 ліпеня 1949 г. яшчэ заставаліся чатыры манастыры, у тым ліку адзін мужчынскі, які налічваў тры чалавекі, і тры жаночыя, дзе пражывала 35 манашак. Але ў пачатку 1950 г. улады закрылі і іх. Так, у красавіку дзевяць манахаў Гродзенскага манастыра былі пераселены ў жылы дом, дзе яны пачалі новае жыццё без прытрымлівання манастырскіх правіл і палажэнняў. Будынак рэлігійнай установы пераабсталявалі пад шпіталь.
    3 кожным годам канфрантацыя ўлад з каталіцкай царквой на Беларусі ўзрастала. 23 ліпеня 1947 г. ЦК КП(б)Б паслаў на імя І.Сталіна і галоўнага партыйнага ідэолага А.Жданава дакладную запіску аб фактах рэакцыйнай антысавецкай дзейнасці каталіцкага духавенства ў заходніх абласцях БССР. У ёй адзначалася, што за апошнія 1 — 1,5 года ксяндзы асабліва актывізавалі сваю антысавецкую дзейнасць. Гэта “актывізацыя” заключалася ў тым, што “яны хочуць узяць пад свой уплыў дзяцей і моладзь як непасрэдна, так і праз бацькоў і тых настаўнікаў, якія выхаваны ў духу польскага нацыяналізму і рэлігійнай ідэалогіі” [2. Ф. 4, воп. 29, спр. 544, арк. 41 ]. ЦК КП(б)Б крытыкаваў “няправільную” палітыку Савета па справах рэлігійных культаў пры Савеце Міністраў СССР, які дазволіў ксяндзам праводзіць падрыхтоўку дзяцей да першага прычашчэння і абучэнне іх катэхізісу.
    Рымска-каталіцкай канфесіі ставілася ў віну тое, што яна ўзмацняла свой уплыў ва ўсходніх абласцях Беларусі. Партыйнае кіраўніцтва рэспублікі самай страшэннай крамолай лічыла тое, што ў гэтым ксяндзы сустракалі падтрымку Савета па справах рэлігійных культаў пры Савеце Міністраў СССР, яго кіраўніка І.Палянскага. Апошні паставіў перад урадам БССР пытанне аб аднаўленні дзейнасці касцёла ў Магілёве, падкрэсліваючы пры гэтым, што горад з’яўляецца “адным з гістарычных цэнтраў рымска-каталіцкай царквы ў Расіі”.
    Каталіцкае духавенства абвінавачвалі ў актывізацыі дзейнасці па “апалячванні і акаталічванні дарослага беларускага насельніцтва”. У пацвярджэнне прыводзіліся даныя перапісаў, прыведзеных у Вярбілавіцкім сельскім Савеце Шчучынскага раёна ў 1941, 1945, 1947 гг., якія паказвалі змяншэнне беларускага насельніцтва. Згодна з перапісам 1941 г., у сельсавеце налічвалася 2263 беларусы і 95 палякаў, у 1945 г. гэтыя паказчыкі складалі адпаведна 1603 і 479, у 1947 — 111 і 2072 [2. Ф. 4, воп. 29, спр. 544, арк. 42],
    Таму, на думку ЦК КП(б)Б, палітычная абстаноўка ў раёнах заходніх абласцей БССР, дзе пераважала насельніцтва рымска-каталіцкага веравызнання, патрабавала правядзення шэрагу мерапрыемстваў, якія б змаглі паралізаваць “падрыўную” дзейнасць каталіцкага духавенства, аслабіць яго ўплыў на насельніцтва, “палітычна ізаляваць ксяндзоў ад сумленных грамадзян-каталікоў”.
    У сувязі з гэтым ЦК КП(б)Б прасіў ў Сталіна і Жданава дазволу на высяленне з БССР ксяндзоў, якія не з’яўляліся савецкімі падданымі. Але самая галоўная просьба беларускага кіраўніцтва заключалася ў тым, каб Масква “дазволіла органам МДБ узмацніць рэпрэсіўныя меры ў адносінах да той часткі рымска-каталіцкага духавенства, якая вядзе актыўную работу супраць савецкай улады” [2. Ф. 4, воп. 29, спр. 544, арк. 43].
    Як адрэагавала вышэйшае палітычнае кіраўніцтва СССР на просьбу ЦК КП(б)Б, можна здагадацца па масавых рэпрэсіях, якія пачаліся сярод ксяндзоў. Толькі за ліпень — верасень 1947 г. было арыштавана чатыры чалавекі [2. Ф. 952, воп. 2, спр. 11, арк. 155]. 3 1 ліпеня 1948 г. па 1 ліпеня 1949 г. такі лёс напаткаў яшчэ 21 ксяндза, а чатыры былі вымушаны скрывацца ад арышту. Калі на 1 студзеня 1946 г. налічвалася 225 ксяндзоў, то на 1 студзеня 1947 г. іх было ўжо 182, на 1 студзеня 1948 г. — 167, на 1 студзеня 1949 г. — 144, на 1 студзеня 1950 г. — толькі 111. Такім чынам, за непрацяглы час колькасць ксяндзоў у заходніх абласцях скарацілася на 114 чал., гэта значыць большчым напалову, а ў параўнанні з 1939г. — наЗЭОчал. [2. Ф. 4, воп. 62, спр. 162, арк. 51].
    Мясцовыя ўлады тлумачылі арышты ксяндзоў тым, што апошнія выступалі супраць афіцыйнай палітыкі і ў першую чаргу калектывізацыі сельскай гаспадаркі. Гэта быў прапагандысцкі штамп, які пад выглядам супраціўлення і нежадання ўступаць у калгасы заможнай часткі сялянства апраўдваў палітычныя рэпрэсіі. Сярод праціўнікаў калектывізацыі не магло не знайсціся месца і прадстаўнікам рымска-каталіцкай канфесіі. Але архіўныя крыніцы сведчаць, што большасць каталіцкага духавенства актыўна не выступала супраць партыйнага курсу. Аб гэтым гавораць і заявы тагачасных кіраўнікоў, якія займаліся пытаннямі рэлігійнага жыцця. 27 чэрвеня 1949 г. упаўнаважаны па справах рэлігійных культаў пры Гродзенскім аблвыканкаме П.Чыж дакладваў кіраўніцтву ў Мінск: “Амаль усе служыцелі культу — ксяндзы нелаяльна сустрэлі паведамленне ўрада аб дзяржаўнай пазыцы, хаця фактаў адкрытага
    выступлення перад вернікамі аб гэтым я ў сябе не маю” [8. Ф. 1385. воп. 1а, спр. 14, арк. 19].
    Адсутнасць фактаў аб удзеле прадстаўнікоў рымскакаталіцкага духавенства ў тых ці іншых дзеяннях, накіраваных супраць калектывізацыі, не задавальняла вышэйшыя палітычныя структуры. Таму ў справаздачы за I квартал 1950 г., накіраванай у Маскву ЦК КП(б)Б, упаўнаважаны Савета па справах рэлігійных культаў пры Савеце Міністраў БССР К.Уласевіч гэту з’яву тлумачыў наступным чынам: “Калі мы не назіралі адкрытых выпадкаў выступленняў на сходах вернікаў каталіцкіх ксяндзоў і іх актыву супраць калгаснай перабудовы вёскі, то гэта толькі таму, што яны баяцца за сваё жыццё” [2. Ф. 4, воп. 62, спр. 162, арк. 123]. Больш таго, у справаздачы прыводзіліся прыклады, калі ксёндз Ч.Кударэўскі з в.Слабодка Браслаўскага раёна заклікаў парафіян акуратна выконваць свой грамадскі абавязак, a ксёндз Коўза з г.п.Воранава пры звароце да яго грамадзян спачатку высвятляў, як выконваюцца разлікі з дзяржавай па падатку. Калі была запазычанасць, назначаўся тэрмін разліку і толькі пасля гэтага вырашаліся асабістыя справы [2. Ф. 4, воп. 62, спр. 162, арк. 124].