• Часопісы
  • Канфесіі на Беларусі (к. XVIII — XX ст.)

    Канфесіі на Беларусі

    (к. XVIII — XX ст.)

    Выдавец: Экаперспектыва
    Памер: 340с.
    Мінск 1998
    111.35 МБ
    Магутнай хваляй атэістычнай прапаганды азнаменаваўся пачатак 60-х гг. Гэтаму садзейнічала разгорнутая пастанова ЦК КПСС “Аб задачах партыйнай прапаганды ў сучасных умовах”, прынятая 9 студзеня 1960 г. У ёй адзначалася, што жыццё кожны дзень прыносіць новыя перамогі камуністычнай ідэалогіі, якая авалодала розумам соцень мільёнаў чалавек, і асуджалася такое становішча, калі не звярталася ўвага на “аднаўленне і штучнае ўкараненне пад маркай “нацыянальных традыцый” адсталых, рэакцыйных звычаяў і нораваў” [16. С. 495], а кіраўнікі некаторых партыйных арганізацый займалі “пасіўную, абарончую пазіцыю ў адносінах да варожай марксізму-ленінізму рэлігійнай ідэалогіі” [16. С. 497]. Каб пазбавіць рэлігійныя абшчыны магчымасці нармальна дзейнічаць, праз тры дні, 12 студзеня ЦК КПСС, прыняў сакрэтную пастанову “Аб мерах па ліквідацыі парушэнняў духавенствам савецкага заканадаўства аб культах”. 3 лютага адпаведную пастанову прыняў ЦК КПБ [2. Ф. 4, воп. 81, спр. 1464, арк. 98 — 104]. У ёй адзначалася, што “парушэнні” заканадаўства аб культах з’яўляюцца вынікам таго, што ўпаўнаважаныя па справах РПЦ і па справах рэлігійных культаў пры Савеце Міністраў БССР і аблвыканкамах дрэнна ажыццяўлялі кантроль за выкананнем законаў і пастаноў урада аб рэлігійных культах. ЦК КПБ абязаў іх “строга кіравацца
    інтарэсамі партыі і дзяржавы, стаяць на абароне гэтых інтарэсаў [2. Ф. 4, воп. 81, спр. 1464, арк. 101],
    Такія ўстаноўкі “развязвалі” рукі мясцовым бязбожнікам, садзейнічалі павелічэнню парушэнняў з боку партыйных і савецкіх работнікаў элементарных нормаў рэлігійнага жыцця. У практыку ўпаўнаважаных па справах РПЦ усё больш укаранялася зняцце з рэгістрацыі таго ці іншага святара на некалькі месяцаў альбо бестэрмінова. Напрыклад, упаўнаважаны па Мінскай вобласці А.Лагвіненка адзначаў у справаздачы за 1960 г.: “Мною знята з рэгістрацыі ў парадку пакарання 6 свяшчэннікаў, у іх ліку: благачынны Клецкай благачыннай акругі Хрышчановіч Пятро і настаяцель царквы вёскі Зубкі Клецкага раёна Дзяшкоўскі Іван за недазволеную прапаведніцкую дзейнасць, настаяцель царквы в.Грыцэвічы Клецкага раёна Карповіч Якаў — за падбухторванне вернікаў да збору подпісаў і абскарджанне рашэнняў аб зняцці з ліку прыпісных цэркваў у вёсках Рагмачоўка і Зяельня...” [17. С. 13],
    Пачалася кампанія масавага закрыцця цэркваў. Аб складаным лёсе храмаў сведчыць прыклад царквы сяла Глазаўка Уваравіцкага раёна. Закрытая ў гады “вялікага” атэістычнага паходу 20 — 30-х гг., яна выкарыстоўвалася як культурнаасветная ўстанова. У гады вайны будынак быў перайбсталяваны і зноў стаў служыць вернікам. 19 лістапада 1960 г. Савет па справах РПЦ пры Савеце Міністраў СССР зняў царкву з уліку дзеючых, a 3 студзеня 1961 г. яе закрылі мясцовыя ўлады. Будынак перадалі Глазаўскай сямігадовай школе пад вучэбную майстэрню. У адказ на хадайніцтвы вернікаў Гомельскі абкам КПБ палічыў правільным “зняцце з уліку малітоўнага дома ў с.Глазаўка на карысць школы”. Але сяльчане вырашылі дабіцца справядлівасці ў ЦК КПСС. 3 Масквы ў ЦК КПБ прыйшло даручэнне разабрацца са скаргай. Мінск пацвердзіў правільнасць дзеянняў гомельскіх партыйных структур [2. Ф. 4, воп. 47, спр. 497, арк. 231]. Кола замкнулася.
    Добра папрацавалі адпаведныя службы і ў іншых месцах рэспублікі. I, як вынік, па колькасці закрытых храмаў на аднаго жыхара БССР знаходзілася на першым месцы сярод саюзных рэспублік. За 1960 г. перасталі дзейнічаць 219 цэркваў, у тым ліку ў Мінскай вобласці — 88, у Брэсцкай — 56, у Гродзенскай — 53 [2. Ф. 952, воп. 3, спр. 45, арк. 79]. У РСФСР за гэты час было ліквідавана толькі 258 храмаў. А ўсяго па краіне за 1960 г. агульная колькасць праваслаўных храмаў скарацілася на 1392 (з 12 963 да 11 571) [15. С. 283].
    Кампанія па масавым закрыцці храмаў не прыносіла поўнага задавальнення кіруючым структурам краіны. Таму 16 сакавіка 1961 г. Савет Міністраў СССР прыняў пастанову “Аб узмацненні кантролю за выкананнем заканадаўства аб культах”. 16 красавіка яе прадубліраваў і Савет Міністраў БССР [2. Ф. 952, воп. 3, спр. 25, арк. 26 — 27]. Новым у рэлігійнай палітыцы з’яўлялася тое, што пастаноўка і знявде з рэгістрацыі рэлігійных суполак, адкрьпвдё і закрыццё малітоўных дамоў усіх канфесій пераходзіла ў кампетэнцыю аблвыканкамаў і Мінскага гарадскога Савета, але ўзгаднялася з Саветам па справах РПЦ і Саветам па справах рэлігійных культаў пры Савеце Міністраў СССР. Мясцовым органам дазвалялася прымаць рашэнні аб абмежаванні звону, калі гэта выклікалася неабходнасцю і падтрымлівалася насельніцтвам. Гэта хутка прывяло да таго, што, як і ў 30-я гг., на некалькі дзесяцігоддзяў змоўклі званы ў большасці храмаў рэспублікі.
    Такая пастаноўка справы аблягчала дзейнасць мясцовых органаў улады супраць рэлігійных інстытутаў. Нельга не пагадзіцца з думкай некаторых даследчыкаў аб тым, што даныя змяненні мелі на мэце аслабіць узрастаўшае незадавальненне вернікаў дзеяннямі цэнтральных кіруючых органаў і перакласці віну за чынімыя ганенні на мясцовыя, якіх у любым выпадку можна было абвінаваціць у “перагібах” [17. С. 18]. У далейшым так і атрымалася.
    У адзін дзень з пастановай Савета Міністраў СССР “Аб узмацненні кантролю за выкананнем заканадаўства аб культах” была прынята “Інструкцыя па прымяненні заканадаўства аб культах” [2. Ф. 4, воп. 47, спр. 476, арк. 287 — 300], Усе дакументы, звязаныя з дзейнасцю канфесій, былі прыняты з улікам іх абмеркавання на Прэзідыуме ЦК КПСС. Падзаконны акт станавіўся абавязковым для выканання ўсімі органамі ўлады, аб чым сведчыла заява Старшыні па справах рэлігійных культаў пры Савеце Міністраў СССР А.Пузіна на нарадзе ідэалагічных работнікаў рэспублік Сярэдняй Азіі. “Інструкцыя папярэдне разглядалася і была адобрана Прэзідыумам ЦК КПСС, — адзначаўён. — Гэта пераўтварае інструкцыю ў дакумент, абавязковы для выканання ўсімі цэнтральнымі і мясцовымі савецкімі органамі, усімі партыйнымі, камсамольскімі, прафсаюзнымі і іншымі арганізацыямі, усімі кіруючымі асобамі і грамадзянамі СССР” [2. Ф. 952, воп. 4, спр. 42, арк. 6],
    Прадстаўнікі афіцыйных органаў сцвярджалі, што інструкцыя “аднаўляла ленінскія прынцыпы адносін да рэлігіі і царквы, устараняла сталінскую спадчыну”. У
    сапраўднасці яе мэтай з’яўлялася расшырэнне магчымасцяў барацьбы з рэлігійнай ідэалогіяй. Яна прадугледжвала яшчэ болып жорсткія меры рэгулявання адносін рэлігійных арганізацый на месцах, у тым ліку падбор і ўвядзенне ў царкоўныя саветы людзей, пры якіх магчыма было ажыццяўляць “сваю” палітыку. Інструкцыя парушала правы чалавека і таму насіла сакрэтны характар. Пасылаючы гэты дакумент сакратару Мінскага гаркама КПБ А.Насілоўскаму, упаўнаважаныя Савета па справах рэлігійных культаў пры Мінскім аблвыканкаме А.Панамароў і Савета па справах РПЦ А.Лагвіненка пісалі: “Інструкцыю просім захоўваць на правах сакрэтных дакументаў з тым, каб яе змест не стаў вядомы служыцелям рэлігійных культаў” [2. Ф. 69, воп. 1, спр. 1513, арк. 3].
    Пасля прыняцця ўказаных актаў на працягу 1961 г. на Беларусі, як і ў цэлым па краіне, быў праведзены аднаразовы ўлік канфесіянальных аб’яднанняў, малітоўных будынкаў і маёмасці, якія знаходзіліся ў карыстанні рэлігійных арганізацый. Усё рабілася для таго, каб пад усялякімі зачэпкамі скарачаць колькасць абшчын РПЦ. Гэта была нялёгкая справа, калі мець на ўвазе разбуральны царкоўны “смерч”, які пранёсся па Беларусі ў папярэднім годзе. Тым не менш кампанія зняцця з рэгістрацыі прыходаў працягвалася. Адносіны ўлад да царквы заставаліся вельмі жорсткімі. Дайшло да таго, што яны звярнуліся ў саюзныя органы з прапановай пераўтварыць БССР у першую “бязбожную” рэспубліку СССР. Гэта ініцыятыва атрымала падтрымку ўсёй атэістычнай вярхушкі дзяржавы [15. С. 363], і на сярэдзіну 1962 г. у рэспубліцы засталося дзейнічаць 525 храмаў. Прыклад глумлення над царквой па-ранейшаму паказвалі партыйна-дзяржаўныя органы Мінскай вобласці. Калі ў 1960 г. на яе тэрыторыі налічвалася 211 храмаў, то на сярэдзіну 1962 г. засталося 67, у Валожынскім раёне з 39 цэркваў дзейнічалі 7, у Маладзечанскім з 33 — толькі 5 [2. Ф. 952, воп. 4, спр. 93, арк. 49].
    У ходзе правядзення аднаразовага ўліку выяўляліся паўлегальныя абшчыны, дзейнасць якіх адразу забаранялася. Гэта быў вынік папярэдніх гадоў, калі ўлады не давалі магчымасці зарэгістраваць абшчыну і яна вымушана была працаваць ва ўмовах “падполля”. Такая палітыка з’яўлялася нормай тых часоў. Яна дазваляла рапартаваць аб “поспехах” атэістычнай работы, скарачэнні колькасці вернікаў і рэлігійных арганізацый, утойваць сапраўднае становішча спраў.
    Як і ў 30-я гг., пачала адраджацца практыка знішчэння закрытых храмаў з дапамогай дынаміту. Многія з іх стагоддзямі ўпрыгожвалі беларускую зямлю, з’яўляліся шэдэўрамі архітэктуры. 12 красавіка 1957 г. быў узарваны Мікалаеўскі сабор у Віцебску. Правядзенню гэтай акцыі вандалізму надавалася такая ўвага, што на наступны дзень старшыня Віцебскага гарвыканкама М.Сабельнікаў даў распараджэнне гаркамгасу прэміраваць работнікаў, якія вызначыліся пры выкананні падрыўных работ [18. С. 22], У 1961 г. па асабістым даручэнні таго ж кіраўніка ў горадзе была ўзарвана Благавешчанская царква, адзін са старэйшых храмаў усёй Русі, пабудаваная, як сведчаць летапісныя крыніцы, самой княгіняй Вольгай у X ст. Наогул, у выніку праводзімай палітыкі з 33 праваслаўных храмаў, якія налічваліся ў Віцебску напярэдадні Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г., у 1985 г. засталіся дзейнічаць толькі тры. Астатнія былі па-варварску знішчаны [19. С. 3].
    Такі ж лёс напаткаў будынак Свята-Вазнясенскай царквы ў Лёзна, узведзены ў 1786 г. Яшчэ ў 30-я гг. з храма знялі званіцу і размясцілі ў ім Дом культуры, які дзейнічаў да 60-х гг. У час новага вандалізму мясцовыя ўлады вырашылі канчаткова знішчыць архітэктурны помнік. Спецыяльнае сапёрнае падраздзяленне два тыдні рыхтавалася да “аперацыі”: узважвалі, рабілі падлікі, закладвалі дынаміт. Першы выбух царква вытрымала. Праз некаторы час яшчэ больш моцны выбух разбудзіў жыхароў пасёлка. Прыбыўшыя людзі ўбачылі на месцы храма разваліны, труны з астанкамі пахаваных людзей. Перапахаванняў не адбылося. Прадпрымальныя жыхары выкарыстоўвалі маналітныя пліты на свае патрэбы, усё астатняе накіроўвалася на звалку, руйнавалася з зямлёй. На месцы храма быў разбіты парк з танцавальнай пляцоўкай, рознымі атракцыёнамі. Моладзь весялілася і танцавала, не думаючы аб тым, што пад яе нагамі ляжалі астанкі святароў і руіны царквы. А яшчэ праз дзесяць гадоў на месцы парка пачалі будаваць кінатэатр. Моцныя экскаватары выварочвалі чалавечыя астанкі, крыжы, абломкі трун. Усё гэта як лішняе і непатрэбнае вывозілася на звалку [20],