Канфесіі на Беларусі
(к. XVIII — XX ст.)
Выдавец: Экаперспектыва
Памер: 340с.
Мінск 1998
Разбуральная палітыка ўлад у гады хрушчоўскай “адлігі” амаль не кранула старавераў. Лічылася, што абшчыны выміраюць, таму патрэбна займацца іншымі канфесіямі. Аб адносна спакойным жыцці старавераў сведчыць той факт, што за перыяд 1955 — 1965 гг. колькасць зарэгістраваных і незарэгістраваных стараверчаскіх абшчын зменшылася з 29 да 27 [2. Ф. 952, воп. 3, спр. 17, арк. 3]. Амаль усе яны належалі да беспапоўскага толку. 27 абшчын мелі культавыя будынкі, дзе карысталіся арэдаванымі ў прыватных асоб дамамі.
Супрацьлеглай з’яўлялася палітыка ў адносінах да рымска-каталіцкай царквы. Сярэдзіна 50-х гг. азнаменавалася новым вітком канфрантацыі паміж урадам і каталікамі, што звязвалася з ажыўленнем рэлігійнага жыцця ў парафіях. У многіх з іх пачалі праводзіць службы ксяндзы, якія вярнуліся па амністыі з лагераў, некаторыя дабіваліся права на аднаўленне душпастырскай дзейнасці.
Савецкія органы ўсё рабілі для таго, каб як мага менш зарэгістраваць ксяндзоў. Каб заручыцца падтрымкай ЦК КПСС, пераканацца ў правільнасці сваёй палітыкі, 22 снежня 1956 г. ЦК КПБ накіраваў сакрэтную запіску ў Маскву. Як і ў ранейшыя часы, у ёй адзначалася негатыўнае стаўленне да рымска-каталіцкай царквы. Падкрэслівалася, штомногія рэабілітаваныя ксяндзы паводзяць сябе “асабліва вызываюча”. Так, напрыклад, ксёндз Ю.Гарадзенскі, які пражываўу Кобрыне, у споведзях да вернікаў адкрыта заклікаў не чытаць камуністычную літаратуру, не ўступаць у партыю, вучыць дзяцей толькі польскай мове. Ксёндз М.Вандалоўскі, які пасяліўся ў в.Правыя Масты Мастоўскага раёна, заклікаў вернікаў “шкодзіць усюды і паўсюдна ўсімі спосабамі”, устанаўліваць сувязі з пражываючымі ў ЗША сваякамі, a таксама з ксяндзамі Польшчы. У гэтай сувязі ЦК КПБ палічыў неабходным прасіць Маскву разгледзець пытанні аб мэтазгоднасці датэрміновага вызвалення асоб, асуджаных за антысавецкую дзейнасць, і аб забароне асобам, асуджаным за антысавецкую дзейнасць і адбыўшым наказанне, пражы-
ваць у прыгранічных абласцях рэспублікі [2. Ф. 4, воп. 62, спр. 444, арк. 514].
Вядома, што каталіцкія святары пападалі ў гулагаўскія лагеры з самым страшэнным абвінавачваннем — антысавецкая дзейнасць. Улічваючы, што большасць касцёлаў знаходзілася ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях, становіцца зразумелым, чаго выпрошвалі ў Масквы беларускія ўлады. Цэнтр не пайшоў на гэта, але працэс рэгістравання ксяндзоў заставаўся вельмі складаным. Больш лаяльных рэгістравалі, непажаданым адмаўлялі. На гэтай глебе ў некаторых месцах стваралася канфліктная сітуацыя. Таму ў лісце ў ЦК КПБ упаўнаважаны Савета па справах рэлігійных культаў пры CM БССР К.Уласевіч прапаноўваў: “3 практыкі працы вядома, што калі мы адмовім аднаму таварыству, то ксёндз пераедзе ў іншае месца. У такіх умовах патрэбна ізаляцыя альбо рэгістрацыя, таму што каталіцкі ксёндз не складзе з сябе сан і не пойдзе ў калгас” [2. Ф. 4, воп. 62, спр. 392, арк. 340],
Для непажаданых асоб ізаляцыя брала верх. Усё пачыналася з прапіскі, якую ўлады прадастаўлялі найбольш лаяльным. Вось як апісвае свае мытарствы ксёндз С.Багаткевіч: “Тады, калі я звярнуўся ў сельсавет, каб прапісалі мяне ў Пеліканах, а было гэта ў ліпені 1956 г., пачалі нагрувашчвацца разнастайныя цяжкасці. Адно ведамства адсылае да другога, тое да іншага, і так утварылася зачараванае кола. Міліцыя не прапісвае, бо не маю таксама ўмоў для работы, а ведамства па рэлігійных справах не выдае працоўнай кніжкі, бо я не маю прапіскі... Маё становішча станавілася небяспечным. Без прапіскі, нелегальна жыву, а значыць, істотна парушаю дзяржаўны закон, а за гэта пагражае цяжкае пакаранне. Але і ў такіх умовах я дацягнуў аж да жніўня 1958 г.” [27. С. 21 — 22]. КДБ у другі раз арыштаваў ксяндза і паставіў яму ўмову: альбо вяртанне ў лагеры Сібіры, альбо выезд у Польшчу. Так Багаткевіч быў вымушаны пакінуць БССР.
“Прапіскай” для ксяндзоў В.Язевіча і А.Зомбека сталі месцы зняволення. На лаву падсудных яны папалі як рэцыдывісты. У 1959 г. іх дэпартавалі ў Полыпчу. Лёс арыштанта напаткаў і Ю.Гарадзенскага. Пасля следства ў Брэсце як рэцыдывіст ён атрымаў прысуд — пяць гадоў лагераў. Год правёў у Явасе Мардоўскай АССР, а затым, дзякуючы намаганням родных, быў пераведзены ў польскую турму ў Ленчыцы, адкуль праз некалькі дзён і быў вызвалены [28. С. 36],
Шматгадовыя намаганні не прынеслі поспеху ў справе рэгістрацыі ксяндзу В.Варшу, які да арышту працаваў у в.Празарокі Докшыцкага раёна. У пачатку 1955 г. ксёндз зрабіў спробу зарэгістравацца ў Адэльскую парафію, але ўлады не далі дазвол на прапіску і ён быў вымушаны выехаць у Львоўскую вобласць, дзе яму пашчаслівілася ўладкавацца на службу. Але за “парушэнне савецкага заканадаўства” ўлады хутка здымаюць яго з рэгістрацыі. Варш зноў вяртаецца на Гродзеншчыну. На працягу 1958 г. СтараВасілішкаўская абшчына вядзе барацьбу за яго рэгістрацыю, але дарэмна. У 1959 г. кампанію па рэгістрацыі разгарнулі абіпчыны в.Ляцка, Забалаці, Ражанкі і інш. Але ўлады застаюцца няўмольныя — няма прапіскі. Беспрацоўны Варш накіроўваецца ў Друскенінкай Літоўскай ССР, але і там нічога не атрымліваецца. У студзені 1960 г. ён наведаў Мінск, дзе каталікі вялі актыўную работу па адкрыцці касцёла. Яго сустрэлі супрацоўнікі міліцыі і ўзялі падпіску аб неабходнасці ў 72 гадзіны пакінуць сталіцу [2. Ф. 4, воп. 62, спр. 461,арк. 88]. Пасля такога “візіту” Варш зразумеў бесперспектыўнасць атрымання парафіі ў Беларусі.
Непажаданым для рэгістрацыі не дапамагала і прапіска, якую ўдавалася атрымаць. Прыкладам можа служыць лёс ксяндза М.Малыніча, які пасля вяртання з лагераў у 1954 г. купіў дом у Слуцку. Але ўлады так і не дазволілі яму рэгістрацыю. Таму ўсё жыццё ён займаўся місіянерскай дзейнасцю, часамі праводзіў набажэнствы ў адным з пакояў сваёй кватары [2. Ф. 4, воп. 62, спр. 392, арк. 430].
У той час, калі ўлады прыкладалі вялікія намаганні па змяншэнні колькасці зарэгістраваных ксяндзоў, у рэспубліцы заставалася нямала парафій, працаваўшых без служыцеля культу. У 1957 г. у БССР налічвалася больш за 40 такіх абшчын, з іх 31 знаходзілася ў Гродзенскай вобласці. Прычым былі такія буйныя, як Беняконьская Воранаўскага, Астрынская Васілішкаўскага раёнаў і інш. з ахопам адпаведна 4500 і 1800 вернікаў.
Павелічэнню колькасці парафій, працаваўшых без служыцеляў культу, садзейнічаў ад’езд ксяндзоў у ПНР, які пачаўся ў 1955 г. За 1957 — 1959 гг. толькі з Гродзенскай вобласці выехала 9 чал. Гэта былі людзі рознага лёсу. Вярнуўшыся са сталінскіх лагераў, прайшоўшы рэгістрацыю, плённа папрацавалі І.Мяноўскі ў Рагозніцы Мастоўскага, І.Чарнецкі ў Шылавічах Ваўкавыскага, С.Яноўскі ў Вавюрцы Лідскага, М.Шалкевіч у Тракелях Радуньскага раёнаў. Па-іншаму склаліся адносіны з уладамі ў А.Кунявы. 1 снежня 1956 г.
ксяндза зарэгістравалі ў Воранаўскай парафіі. Але хутка яму быў выказаны недавер. Больш года ксёндз заставаўся без работы. Усведамляючы сваю незапатрабаванасць, ён пакінуў Беларусь. I зусім драматычным склаўся ад’езд у І.Славінскага з Поразава. 5 снежня 1958 г. у Брэсце па дарозе ў ПНР ён памёр. Аддадзеныя парафіяне пахавалі нябожчыка на поразаўскай зямлі [8. Ф. 1385, воп. 1а, спр 32, арк. 6]. Усягоў 1955 — 1959 гг. з Беларусі выехала каля 30 ксяндзоў. Гэта была вялікая страта для касцёлаў на Беларусі.
Ад’езд быў выкарыстаны для закрыцця касцёлаў, зняцця з рэгістрацыі парафій. Толькі ў Гродзенскай вобласці ў 1959 г. улады знялі з рэгістрацыі шэсць парафій: у в.Вярэйкі і на станцыі Ваўкавыск-Цэнтральны Ваўкавыскага, в.Бердаўка Лідскага, Валдацішкі Радуньскага і Падароск Поразаўскага раёнаў, п.Альберцін Слонімскага раёнаў. 3 будынкамі касцёлаў абышліся па-варварску. У в.Бердаўка касцёл разабралі, а матэрыялы выкарысталі на будаўніцтва спартыўнай залы мясцовай сярэдняй школы. На чыгуначнай станцыі Ваўкавыск-Цэнтральны святыню пераабсталявалі пад жылы двухпавярховы дом. У Вярэйках і Падароску будынкі храмаў выкарыстоўваліся пад склады. У знакамітым Альберцінскім касцёле размясцілі майстэрні школы-інтэрната. Будынак, дзе маліліся вернікі і знаходзіліся культавыя прылады, абсталявалі пад вучэбны корпус Валдацішскай сямігадовай школы [2. Ф. 952, воп. 3, спр. 17, арк. 90; 8. Ф. 1385, воп. 1а, спр. 32, арк 46].
Сярэдзіна 50-х гг. азнаменавалася актыўнымі дзеяннямі вернікаў-каталікоў Мінска, якія дабіваліся адкрыцця Кальварыйскага касцёла. На працягу шэрага гадоў групу ўзначальвалі Э.Рэгіна, С.Юркевіч, І.Каспяровіч, С.Сычова і інш. Неаднаразовыя звароты ў розныя органы ўлады не давалі вынікаў. У 1957 г. вернікі зрабілі спробу масавага выхаду да Дома ўрада, але зноў безвынікова. 25 студзеня 1959 г. каталікі горада праводзяць на Кальварыйскіх могілках сход, на якім абмяркоўваюць далейшыя шляхі дасягнення сваёй мэты. Мерапрыемства не засталося па-за ўвагай органаў КДБ. Намеснік начальніка ўпраўлення КДБ пры Савеце Міністраў БССР па Мінскай вобласці Стахоўскі ў сакрэтным лісце праінфармаваў сакратара Мінскага гаркама партыі А.Рудака аб гэтым сходзе. Ён прапанаваў выклікаць ініцыятараў у Мінгарвыканкам і растлумачыць, “што ў наш час у г.Мінску не можа быць адчынены касцёл і іх хадайніцтвы не патрэбны і не будуць задаволены” [2. Ф. 69, воп. 1, спр. 1344, арк. 1, 2]. Усё вельмі проста і зразумела для чэкіста, але не для веруючага
чалавека. Так і атрымалася на справе. Яшчэ на працягу 20-ці гадоў вернікі-каталікі сталіцы вялі безвыніковую барацьбу. I толькі ў 1980 г. улады пайшлі на адкрыццё Кальварыйскага касцёла.
Ідэалагічныя аддзелы ЦК КПБ вялікую ўвагу надавалі правядзенню прапагандысцкай работы, накіраванай на выкрыццё “рэакцыйнай” ролі рымска-каталіцкай царквы. 3 гэтай мэтай у лютым 1960 г. ЦК КПБ прыняў рашэнне ў першай палове года выдаць спецыяльны выпуск часопіса “Блакнот агітатара” [2. Ф. 4, воп. 81, спр. 1464, арк. 104]. Праз два месяцы пад назвай “Каталіцызм без маскі” ён быў выдадзены тыражом 50 тыс. экземпляраў. У якіх толькі “грахах” не абвінавачвалі РКЦ. “На працягу ўсёй сваёй гісторыі каталіцкая царква была вернай апорай самай чорнай рэакцыі, выступала супраць усяго прагрэсіўнага, што падрывала сляпую веру людзей у Бога, — гаварылася ў прадмове зборніка. — Служыцелі каталіцкай царквы абаранялі прыгонніцтва, адстойваюць капіталізм, дапамагаюць пануючым класам прыгнятаць і эксплуатаваць працоўных, цягнуць чалавецтва назад, да адсталасці і дзікасці” [29. С. 10], Такі палітызаваны, ваяўнічы матэрыял зборніка павінен быў служыць падмогай для агітатараў, лектараў, прапагандыстаў, якія праводзілі антырэлігійную работу.