Канфесіі на Беларусі (к. XVIII — XX ст.)

Канфесіі на Беларусі

(к. XVIII — XX ст.)

Выдавец: Экаперспектыва
Памер: 340с.
Мінск 1998
111.35 МБ
Палітыка ганенняў на вернікаў пратэстанцкіх абшчын не давала плёну. На месца арыштаваных кіраўнікоў і членаў абшчын станавіліся новыя. Абшчыны яшчэ больш актыўна працавалі, раслі за кошт моладзі.
Масавыя арышты выклікалі неспакой у міжнароднай супольнасці. Каб не даць магчымасці гэтай з’яве распаўсюджвацца далей, у ліпені 1964 г. Савет па справах рэлігійных культаў пры Савеце Міністраў СССР разглядзеў пытанне аб ліквідацыі адміністратыўных перагібаў у адносінах да вернікаў, якія дапускаліся мясцовымі органамі ўлады. Адзначалася, што за апошнія 3,5 года да крымінальнай адказнасці было прыцягнута больш за 700 пратэстантаў. 12 снежня 1964 г. Савет накіраваў у ЦК КПСС ліст, у якім адзначалася, што “многа вернікаў прыцягнута да адказнасці па ўказу Прэзідыума Вярхоўнага Савета РСФСР аб дармаедстве і аналагічных указах саюзных рэспублік. Судзяць як дармаедаў старых, якія атрымліваюць пенсію, рабочых і калгаснікаў, добрасумленна працуючых на прадпрыемствах і ў калгасах. Судзяць часта за прыналежнасць да баптысцкай абшчыны, якая дзейнічае без рэгістрацыі ў органах улады, тады як канкрэтныя дзеянні гэтых асоб не ўтрымліваюць складу злачыннасці” [2. Ф. 952, воп. 4, спр. 42, арк. 64].
ЦК КПСС адрэагаваў хутка і вельмі рэзка. Спрыяла гэтаму перш за ўсё тое, што каманда Л.Брэжнева, якая прыйшла да ўлады, хацела як мага больш знайсці кампрамату ў дзейнасці М.Хрушчова, які ў кастрычніку быў ад-
праўлены на пенсію. 27 студзеня 1965 г. Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР заслухаў даклад Генеральнага пракурора СССР Р.Рудэнкі і старшыні Вярхоўнага Суда СССР А. Горкіна “Аб некаторых фактах парушэння сацыялістычнай законнасці ў адносінах да вернікаў”. 23 ліпеня 1965 г. Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР таксама разгледзеў пытанне “Аб практыцы расследавання і судовага разгляду спраў у адносінах да удзельнікаў рэлігійных абшчын”. У прынятай пастанове падкрэслівалася, што “органамі пракуратуры і суда былі дапушчаны асобныя факты парушэння законнасці, якія прывялі да асуджэння грамадзян фактычна толькі за рэлігійныя перакананні. Мелі месца выпадкі правядзення незаконных вобыскаў на кватэрах вернікаў і канфіскацыі ў іх рэлігійнай літаратуры” [2. Ф. 952, воп. 3, спр. 40, арк. 142], Паводле судовай статыстыкі за 1962 — 1964 гг. у БССР па артыкуле 222 Крымінальнага кодэкса за замах на асобу і правы грамадзян пад выглядам выканання рэлігійных абрадаў было асуджана 89 чал., з іх у 1962 г. — 32, у 1963 г. — 44, у 1964 г. — ІЗчал.
У гады хрушчоўскай “адлігі” працягвалася наступленне на іудзейскую канфесію. Была знята з рэгістрацыі Калінкавіцкая абшчына. Два дзесяткі гадоў дзейнічала толькі абшчына ў Мінску. Сінагога не мела равіна, таму набажэнствы праводзілі асобныя вернікі, якія ведалі старажытнаяўрэйскую мову. У 1965 г. у БССР дзейнічалі яшчэ 30 незарэгістраваных іудзейскіх абшчын. Пінская, напрыклад, мела сінагогу і служыцеля культу, але ўлады гадамі не давалі дазвол на яе рэгістрацыю.
Да сярэдзіны 60-х гг. у рэспубліцы засталася дзейнічаць толькі адна зарэгістраваная мусульманская абшчына ў в.Мураўшчызна Іўеўскага раёна з колькасцю вернікаў каля 250 чал. 3 1948 г. абавязкі мулы выконваў М.Шабановіч. Актыўнасць вернікаў была даволі высокай. Па пятніцах у набажэнствах прымалі ўдзел да 50 чал., а на вялікія святы — да 150 [2. Ф.4, воп. 62, спр. 696, арк. 59].
Без перабольшвання можна сказаць, пгго чарговыя ганенні на царкву не прынеслі пажаданых вынікаў. Пазбаўленне вернікаў храмаў, узмацненне атэістычнай прапаганды, ідэалагічныя праследаванні не спрыялі ўсталяванню атэізму. Рэлігійнае жыццё праходзіла тайна, а гэта для партыйных органаў прадстаўляла яшчэ большую небяспеку. Болын таго, праследаванні, уціск з’яўляліся прыцягальнай сілай для людзей, якія знаходзіліся па-за рэлігійнай сферай.
6.3.	ДАЛЕЙШАЕ НАСТУПЛЕННЕ НА РЭЛІГІЙНАЕ ЖЫЦЦЁ
3 прыходам да ўлады Л.Брэжнева ўціск на канфесіі на некаторы час крыху аслаб. Новаму лідэру неабходна было рабіць захады, каб заваяваць аўтарытэт. Ды і грамадства больш не ўспрымала авантурную рэлігійную палітыку, праводзімую яго папярэднікам.
Адбывалася рэарганізацыя кіруючых структур, якія ажыццяўлялі кантроль за дзейнасцю канфесій. У снежні 1965 г. саветы па справах РПЦ і рэлігійных культаў пераўтварылі ў адзіны орган — Савет па справах рэлігій пры Савеце Міністраў СССР (СПР). У БССР, як і ў іншых саюзных рэспубліках, быў утвораны інстытут упаўнаважаных Савета па справах рэлігій. 10 мая 1966 г. Савет Міністраў СССР зацвердзіў Палажэнне аб Савеце па справах рэлігій. Гэтай жа пастановай былі вызначаны задачы і правы ўпаўнаважаных.
Палітыка КПСС — КПБ да рэлігіі вызначалася новымі тэарэтычнымі палажэннямі, выказанымі Л.Брэжневым у лістападзе 1967 г. у дакладзе “50 гадоў вялікіх перамог сацыялізму”. Было заяўлена аб тым, што ў СССР пабудавана “развітое сацыялістычнае грамадства” [30. С. 92], якому ўласцівы непарушная ідэйна-палітычная згуртаванасць працоўных, іх самаахвярная адданасць ідэалам партыі, вернасць прынцыпам марксізму-ленінізму, высокая ступень сталасці ўсёй сістэмы грамадскіх адносін. Развіццё рэлігійнага жыцця ў такім грамадстве прадстаўлялася толькі як прагрэсіруючы працзс “згасання”. Быў высунуты неабгрунтаваны тэзіс аб “крызісе рэлігіі”. У такіх умовах атэістычная работа працягвала заставацца прыярытэтнай у дзейнасці КПСС — КПБ. Яна будавалася на выпрацаваных яшчэ ў 30 — 50-я гг. стэрэатыпах у ацэнцы ролі рэлігіі і царквы ў грамадстве. Абсалютызаваліся формы і метады атэістычнай прапаганды і выхавання, якія склаліся зусім у іншай рэлігійнай сітуацыі. Таму для іх былі характэрныя застой і кансерватызм, а часта і элементы непавагі да рэлігійных пачуццяў і перакананняў вернікаў.
У адносінах паміж рэлігійнымі абшчынамі і дзяржаўнымі органамі прыярытэтнымі заставаліся каманднаадміністрацыйныя меры. Лічылася, што колькасць зарэгістраваных абшчын адэкватна адлюстроўвае стан рэлігійнасці насельніцтва. Таму працягвалася палітыка закрыцця цэркваў, зняцця з рэгістрацыі праваслаўных абшчын.
Гэтым самым ігнараваліся законныя правы і інтарэсы вернікаў. Пад уціскам усялякіх “улік” у 1966 г. спынілі дзейнасць шэсць прыходаў [2. Ф. 4, воп. 62, спр. 696, арк. 59, 62]. У 1967 г. былі зняты з рэгістрацыі яшчэ сем абшчын РПЦ. Калі на 1 студзеня 1966 г. у БССР функцыяніравала 415 праваслаўных прыходаў, то на 1 студзеня 1970 г. іх колькасць зменшылася да 382. Як і ў папярэднія гады, значная іх частка прыпадала на Брэсцкую вобласць, дзе налічвалася 157 прыходаў. У выніку палітыкі руйнавання храмаў, зняцця з рэгістрацыі праваслаўных абшчын стваралася бачнасць усё большай секулярызацыі насельніцтва. Гордасцю улад Беларусі з’яўлялася тое, што ў 1970 г. 14 адміністрацыйных раёнаў не мелі ніводнай зарэгістраванай рэлігійнай абшчыны. У Віцебскай вобласці такіх раёнаў налічвалася пяць, у Магілёўскай — чатыры [31. С. 96].
На ахове інтарэсаў дзяржавы стаяла заканадаўства, якое ўсё больш абмяжоўвала магчымасці вернікаў весці актыўную рэлігійную дзейнасць. Гэтаму садзейнічаў і указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР “Аб адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне заканадаўства аб рэлігійных культах” [32. С. 137], прыняты 1 красавіка 1966 г. Такія дзеянні, як ухіленне ад рэгістрацыі аб’яднання ў органах улады, арганізацыя і правядзенне служыцелямі культу, членамі аб’яднання спецыяльных дзіцячых і юнацкіх сходаў, а таксама арганізацыя літаратурных і іншых гурткоў і груп, якія не маюць адносін да выканання культу, парушэнне ўстаноўленых заканадаўствам правіл арганізацыі і правядзення рэлігійных сходаў, шэсцяў і іншых цырымоній выклікалі штраф у памеры 50 руб., які накладваўся адміністрацыйнымі камісіямі пры камітэтах раённых і гарадскіх Саветаў працоўных.
Для ўтаймавання найбольш актыўных вернікаў штрафных санкцый лічылася недастаткова. Таму адначасова быў прыняты ўказ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР “Аб унясенні дапаўненняў у артыкул 139 Крымінальнага кодэкса”. Ён прадугледжваў пакаранне пазбаўленнем волі тэрмінам да трох гадоў асоб, “якія раней судзіліся за парушэнне законаў аб аддзяленні царквы ад дзяржавы і школы ад царквы, а таксама арганізацыйную дзейнасць, накіраваную на ўчыненне гэтых дзеянняў” [32. С. 137]. Па сцэнарыі папярэдніх гадоў Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР прыняў спецыяльную пастанову аб парадку прымянення ўказа. Яна ўяўляла сабой інструкцыю, якая тлумачыла, як найлепш абыйсці заканадаўства, каб пакараць прадстаўнікоў канфесій —
барацьбітоў супраць парушэння правоў чалавека ў сферы веравызнання. Такая практыка з’яўлялася нормай у часы камандна-адміністрацыйнай сістэмы.
У рэспубліцы была праведзена работа, накіраваная на ўзмацненне кантролю за правільнасцю заканадаўства з боку адміністрацыйных органаў. 5 ліпеня 1966 г. у Мінску адбылася спецыяльная нарада, у якой прынялі ўдзел работнікі суда і пракуратуры, Камітэта дзяржаўнай бяспекі пры Савеце Міністраў БССР, Міністэрства аховы грамадскага парадку, рэдакцый усіх рэспубліканскіх выдавецгваў, газет і часопісаў, вучоных Інстытутаў філасофіі і права, мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР [2. Ф. 4, воп. 62, спр. 696, арк. 57]. Усё гэта давала магчымасць уладам прадоўжыць рашучую барацьбу з асобамі, якія выступалі ў абарону сваіх правоў, прыцягваць іх да крымінальнай адказнасці.
Важным кірункам аховы насельніцтва, і ў першую чаргу моладзі, ад рэлігійнага ўплыву з’яўлялася ўкараненне новай сацыялістычнай абраднасці. 4 мая 1966 г. Савет Міністраў БССР прыняў спецыяльную пастанову “Аб рабоце савецкіх органаў паўкараненні грамадзянскіх абрадаў” [2. Ф. 952, воп. 3, спр. 37, арк. 19 — 20]. У мэтах аказання дапамогі выканкамам мясцовых Саветаў і каардынацыі работы міністэрстаў, ведамстваў і творчых саюзаў пры Юрыдычнай камісіі пры ўрадзе рэспублікі быў створаны Савет па распрацоўцы і ўкараненні ў побыт новых грамадзянскіх абрадаў. Пры гарадскіх, раённых, сельскіх і пасялковых Саветах пачалі дзейнічаць грамадскія камісіі па абрадах. Асноўную ўвагу яны ўдзялялі правядзенню урачыстай рэгістрацыі шлюбаў і нараджэнняў. З’явіліся таксама камсамольскія вяселлі і хрышчэнні. Там, дзе ў гэтых мерапрыемствах прымалі ўдзел мясцовыя савецкія органы, партыйныя, камсамольскія арганізацыі, яны былі займальныя, вясёлыя і таму ў першыя гады выклікалі зацікаўленасць у моладзі. У 1967 г., напрыклад, з дапамогай камісій па ўкараненні новых абрадаў у рэспубліцы было зарэгістравана 40 % усіх шлюбаў і 21,5 % нованароджаных [2. Ф. 4, воп. 62, спр. 711, арк. 15].