Канфесіі на Беларусі
(к. XVIII — XX ст.)
Выдавец: Экаперспектыва
Памер: 340с.
Мінск 1998
правядзенні нелегальных малітоўных сходаў на прыватных кватэрах, распаўсюджванні лістоў аргкамітэта аб правядзенні з’езда. Усяго ў горадзе адбылося пяць судовых працэсаў [2. Ф. 4, воп. 62, спр. 696, арк. 331, 332; Ф. 952, воп. 4. спр. 39, арк. 10],
Была сфабрыкавана справа і супраць кіраўнікоў раскольнікаў Мінскай вобласці. 4 лютага 1963 г. судовая калегія па крымінальных справах Мінскага абласнога суда пазбавіла волі на пяць гадоў В. Антоненку, на тры — Г.Макарэнку і на два — А.Піліпенку. 1 сакавіка 1963 г. Вярхоўны суд БССР пакінуў без змянення прыгавор, прызнаўшы асуджаных вінаватымі ў тым, што яны з’яўляліся актыўнымі прыхільнікамі аргкамітэта, стварылі ў Мінску ініцыятыўную групу па скліканні з’езда, праводзілі нелегальныя сходы ў яго падтрымку на прыватных кватэрах, дзе прысутнічала моладзь. Між іншым, гэта не з’яўлялася парушэннем заканадаўства, таму што дзейнасць такіх рэлігійных аб’яднанняў законам не забаранялася і ўдзел у ёй не даваў высноў для прымянення да іх артыкула 222 Крымінальнага кодэкса [2. Ф. 952, воп. 2, спр. 11, арк. 70], які прадугледжваў адказнасць за арганізацыю, кіраўніцтва альбо актыўны ўдзел у дзейнасці групы, якая пад выглядам прапаведавання рэлігійных веравучэнняў і выканання рэлігійных абрадаў наносіць шкоду здароўю грамадзян, а таксама дапускае іншыя замахі на асобу ці права грамадзян, у тым ліку схіляе іх да адказу ад грамадскай дзейнасці ці выканання грамадзянскіх абавязкаў.
Прымаліся меры па арышце членаў арганізацыйнага камітэта, якія падтрымлівалі цесныя сувязі з мясцовымі абшчынамі. У лютым і красавіку 1962 г. Гомель, Віцебск, Магілёў, іншыя месцы Беларусі нелегальна ваведаў член арганізацыйнага камітэта А. Ііракоф’еў. 27 красавіка 1961 г. упаўнаважаны савета па справах рэлігійных культаў П.Лабус дакараў у лісце абласных упаўнаважаных: “Вам патрэбна павысіць пільнасць, забраць у абшчынах дакументы, прад’явіць патрабаванні да прасвітараў, каб апошнія Вас неадкладна інфармавалі ў сувязі са з’яўленнем невядомых асоб, якія будуць распаўсюджваць любыя дакументы сярод вернікаў” [8. Ф. 1385, воп. 1, спр. 53, арк. 17]. Меры па павышэнні пільнасці прымаліся і ў іншых месцах краіны. Уладам удалося арыштаваць А.Пракоф’ева. 28 жніўня 1962 г. у г. Жданаве Данецкай вобласці УССР адбыўся суд. Яго прыгаварылі да пяці гадоў пазбаўлення
волі з высылкай пасля заканчэння пакарання на такі ж тэрмін.
Нягледзячы на падпольныя ўмовы дзейнасці, жорсткі кантроль з боку органаў КДБ, восенню 1965 г. адбыўся з’езд раскольнікаў. Ён стварыў самастойную, асобна дзеючую ад кіруючага цэнтра “Раду цэркваў евангельскіх хрысціян-баптыстаў” (РЦ ЕХБ). Быў прыняты статут новай рэлігійнай арганізацыі. У тым жа годзе ў БССР пачалі дзейнічаць 18 абшчын прыхільнікаў РЦ ЕХБ, у якіх налічвалася 1148 чал. На Брэсцкую вобласць прыпадала 6 арганізацый з колькасцю 461 вернік, на Мінскую — адпаведна 7 і 350, на Гомельскую — 2 і177, Магілёўскую — 2 і 130. На Гродзеншчыне была адна абшчына, куды ўваходзіла 30 чал. У Віцебскай вобласці такія арганізацыі адсутнічалі наогул. Ha 1 студзеня 1965 г. у БССР дзейнічалі 147 зарэгістраваных абшчын ЕХБ, якія налічвалі 11 904 вернікаў [2. Ф. 952, воп. 3, спр. 17, арк. 3, 4],
Сярэдзіна 50-х гг. азнаменавалася актывізацыяй дзейнасці суполак евангельскіх хрысціян. Многія з іх выйшлі з падполля. Перад мясцовымі органамі ўлады яны ставілі пытанні аб рэгістрацыі, стварэнні самастойнага кіруючага цэнтра. 3 гэтай нагоды 31 мая 1957 г. Савет па справах рэлігійных культаў пры CM СССР разаслаў упаўнаважаным спецыяльны ліст “Аб дзейнасці рэлігійных груп пяцідзесятнікаў” [8. Ф. 1385, воп. 1, спр. 53, арк. 20], у якім паставіў задачу праводзіць работу па вывучэнні стану іх дзейнасці, яе нейтралізацыі.
Але нейтралізаваць дзейнасць пяцідзесятнікаў не ўдавалася па прычыне таго, што яны пакідалі абшчыны ЕХБ. Гэта бачна на прыкладзе групоўкі хрысціян веры евангельскай у в. Рэчкі Пінскага раёна. У першы дзень Вялікадня, які выпаў на 18 красавіка 1960 г., старшыні сельскага Савета і мясцовага калгаса разам з сакратаром партыйнай арганізацыі прыйшлі ў малітоўны дом ЕХБ і разагналі прысутных. Каб і надалей пазбавіць вернікаў месца збору, ваяўнічыя атэісты разбурылі крышу і дымаход малітоўнага дома. Але і гэтага кіраўнікам паказалася мала. Яны пачалі хадзіць па хатах і “ачышчаць” іх ад рэлігійнай літаратуры, якая затым была спалена на плошчы. Пасля такіх “выхаваўчых” дзеянняў значная частка вернікаў перайшла ў групоўку пяцідзесятнікаў, якая таксама дзейнічала ў вёсцы. У 1961 г. абшчыну ЕХБ знялі з рэгістрацыі. Каб зламаць пяцідзесятнікаў, у 1962 г. былі асуджаны два яе кіраўнікі, але і пасля гэтага абшчына працягвала працаваць. У 1963 г. чарговы судовы працэс вырваў з яе
радоў новага кіраўніка М. Ката і актывістаў А.Мяліка, І.Казлоўскага, Ц.Ката. Ім інкрымінавалі тое, што “на сваіх зборышчах яны чыталі Біблію і Евангелля”, у некаторых былі выяўлены “псалмы, у якіх маюцца заклікі ўступлення ў секту”, падсудныя не прымалі ўдзелу ў культурна-масавым жыцці” [2. Ф. 952, воп. 2, спр. 11, арк. 56], Але, нягледзячына парушэнне правоў чалавека на свабоду веравызнання, абшчына дзейнічала і пашырала рады сваіх прыхільнікаў. У 1963 г. яна налічвала 225 чалавек, у тым ліку 68 юнакоў і дзяўчат.
У 1961 г. толькі ў Брэсцкай вобласці налічвалася 37 груп евангельскіх хрысціян колькасцю 1330 чал. Каб спыніць іх рост, пачаліся судовыя працэсы над кіраўнікамі гэтых суполак. У 1962 г. па ўказу Вярхоўнага Савета БССР ад 15 мая 1961 г. быў асуджаны кіраўнік групы пяцідзесятнікаў з г.п.Лагішын Л.Лагвіненка. Яму інкрымінавалі дармаедства нягледзячы на тое, што падсудны працаваў у прамкамбінаце і сумленна адносіўся да працы [2. Ф. 952, воп. 4, спр. 47, арк. 131]. 7 жніўня 1961 г. народны суд Пінскага раёна выселіў на спецыяльна адведзеныя месцы тэрмінам на пяць гадоў пуцявога рабочага станцыі Пінск І.Калесніка, у якога мелася сямёра дзяцей ва ўзросце ад 1 да 14 гадоў. Ён абвінавачваўся ў тым, што з’яўляўся кіраўніком секты пяцідзесятнікаў, не займаўся грамадска-карыснай працай, а на работу ўладкаваўся “для бачнасці”. У 1962 г. судовыя працэсы прайшлі ў Столінскім, Бярозаўскім і іншых раёнах. У выніку адбылося часовае закрыццё некаторых абшчын і груп, як, напрыклад, у в.Вікаравічы Столінскага раёна. Пасля асуджэння кіраўніка абшчыны Р.Шылы вернікі спынілі правядзенне малітоўных сходаў. Але на наступны год дзейнасць абшчыны аднавілася. Тым не менш у Брэсцкай вобласці, нягледзячы на рэальную пагрозу быць асуджанымі, працягвалі дзейнасць 22 групы і абшчыны евангельскіх хрысціян [2. Ф. 952, воп. 2, спр. 11, арк. 20],
На пачатку 60-х гг. групоўкі пяцідзесятнікаў актывізавалі дзейнасць у Мінску. 31 снежня 1960 г. пад выглядам сустрэчы Новага года яны вырашылі правесці вялікі рэлігійны сход у доме слесара цэха задніх мастоў Мінскага трактарнага завода Я. Ката. Меркавалася наладзіць выступленне струннага аркестра, які стварылі вернікі, праслухоўванне магнітафонных запісаў з пропаведзямі, псалмамі, вершамі рэлігійнага характару, іншыя мерапрыемствы. Аб назначаным мерапрыемстве стала вядома ўпраўленню КДБ пры Савеце Міністраў БССР па Мінскай вобласці. Разам з
Мінскім гаркамам КПБ былі прыняты меры “па зрыве сектанцкага зборыпіча”, “разлажэнні секты пяцідзесятнікаў і кампраментацыі яе кіраўнікоў” [2. Ф. 69, воп. 1, спр. 1513, арк. 2]. Як паведамляў начальнік упраўлення КДБ па Мінскай вобласці Нордман першаму сакратару Мінскага гаркама партыі А.Насілоўскаму, “аперацыя” была праведзена наступным чынам. Увечары 31 снежня Я.Кот быў выкліканы ў райаддзел міліцыі, дзе з ім правялі “прафілактычную” гутарку. У гэты час дом наведалі дружыннікі, якія паведамілі жонцы аб выніках, якія могуць быць у сувязі з прадастаўленнем хаты для правядзення сустрэч.
Але скампраментаваць, а тым болып “разлажыць” абшчыну не ўдалося. Яна арганізацыйна ўзмацнялася, павялічвала свае рады ў асноўным за кошт моладзі. Гэтаму садзейнічаў створаны юнацкі гурток, які ўзначаліў Л.Ганчарэнка, рэгулярна праводзіліся спецыяльныя сходы. Іх удзельнікамі з’яўляліся юнакі і дзяўчаты не толькі Беларусі, але і іншых рэгіёнаў краіны. Напрыклад, 30 красавіка 1961 г. гасцямі маладых мінскіх пяцідзесятнікаў былі прадстаўнікі Жытоміра, Рыгі, Малдавіі. Гэтаму садзейнічала выбранне прасвітарам добрага арганізатара М. Кібалкі [2. Ф. 69, воп. 1, спр. 1513, арк. 22, 24],
На пачатак 1965 г. у БССР дзейнічалі 43 незарэгістраваныя групоўкі пяцідзесятнікаў, у якіх налічвалася 1938 чал. Палова з іх — 21 абшчына — функцыяніравала ў Брэсцкай вобласці, у Віцебскай і Мінскай — па 7, у Магілёўскай — 6, у Гомельскай — 2. У Гродзенскай вобласці групоўкі евангельскіх хрысціян адсутнічалі [2. Ф. 952, воп. 3, спр. 40, арк. 4].
Гэтыя гады выдаліся неспакойнымі і для абшчын адвентыстаў сёмага дня, нягледзячы на тое, што іх колькасны склад не змяніўся. Ha 1 студзеня 1965 г. у БССР дзейнічалі 5 абшчын, 4 — у Брэсцкай і 1 — у Гродзенскай вобласці, у якіх налічвалася 355 вернікаў. Ыезарэгістраваныя абшчыны меліся ў Віцебску і Мінску. Пачатак дзейнасці групоўкі АСД у сталіцы быў звязаны і пераездам сюды ў 1964 г. з Латвіі на сталае жыхарства актыўнага адвентыста А.Бараноўскага. Ён аб’яднаў асобных вернікаў і стварыў рэлігійную абшчыну ў складзе 23 чал. Далейшы рост быў звязаны з прыбыццём з г. Аксакава Растоўскай вобласці яшчэ аднаго актыўнага дзеяча адвентыстаў М. Лебедзева. Ён меў зносіны з АСД у Кіеве і праводзіў актыўную рэлігійную работу ў БССР [2. Ф. 4, воп. 62, спр. 711, арк. 69, 70].
Нагадаем, што яшчэ ў снежні 1960 г. улады забаранілі дзейнасць Усесаюзнага Савета адвентыстаў сёмага дня. Па афіцыйным растлумачэнні, пайсці на такія меры іх прымусілі нелегальныя сувязі адвентыстаў з замежнымі цэнтрамі АСД. Было заяўлена, што многія кіраўнікі абшчын і груповак груба парушалі савецкае заканадаўства, распаўсюджвалі сярод вернікаў антысавецкую літаратуру. У якасці доказу прыводзіўся артыкул з амерыканскага часопіса “Духавенства”, у якім гаварылася: “Сёння самым жорсткім праціўнікам нашай веры з’яўляецца бальшавізм. Бальшавізм адракаецца і вядзе барацьбу супраць усялякай веры ў Бога і асабліва супраць усялякага віду хрысціянскай веры” [8. Ф. 1385, воп. 1а, спр. 33, арк. 22], Такая “вясомая” аргументацыя прыводзілася з мэтай апраўдання закрыцця Усесаюзнага Савета АСД. У той час на тэрыторыі СССР дзейнічала каля 750 абшчын і груп АСД, якія налічвалі больш за 50 тыс. чал.