Канфесіі на Беларусі (к. XVIII — XX ст.)

Канфесіі на Беларусі

(к. XVIII — XX ст.)

Выдавец: Экаперспектыва
Памер: 340с.
Мінск 1998
111.35 МБ
Назіраліся рэдкія выпадкі, калі вернікі выступалі ў абарону святынь, над якімі навісала пагроза разбурэння. Напрыклад, у Шаркоўшчынскім раёне ўлады вырашылі разабраць царкву ў в.Юдзіцыне і выкарыстаць цэглу для будаўніцтва школы. 3 гэтай мэтай у адзін з ліпеньскіх дзён 1957 г. з раённага цэнтра ў вёску накіравалася некалькі аўтамашын з людзьмі. Як толькі прыезджыя прыступілі да
разборкі храма, вернікі забілі ў набат. Хутка з навакольных вёсак да святыні сабралося звыш 100 чал. Узброеныя палкамі, камянямі, віламі, косамі, яны запатрабавалі спынення разборкі царквы. Пад пагрозай нарастаўшага канфлікту кіраўніцтва раёна спыніла работы [21. С. 47].
Нягледзячы на зняцце з рэгістрацыі прыходаў, закрыццё храмаў, сярод насельніцтва захоўвалася вялікая прыхільнасць да абраднасці. Напрыклад, за першае паўгоддзе 1963 г. у Пінску з агульнай колькасці нованароджаных было ахрышчана 43 %, а па раёне гэты паказчык дасягаў 65 % [2. Ф. 952, воп. 2, спр. 11, арк. 61 ]. Такое становішча было характэрна для многіх рэгіёнаў рэспублікі і краіны. На думку Савета па справах РПЦ пры CM СССР, распаўсюджванню рэлігійных абрадаў садзейнічала сістэма прыбыткаў, якія атрымлівала духавенства ад выканання адпраў. Таму ў кастрычніку 1962 г. праваслаўнае духавенства было пераведзена на цвёрдыя аклады. Грошы за правядзенне адпраў пачалі паступаць не да святароў, а ў касу выканаўчых органаў цэркваў. Навізной з’яўлялася ўвядзенне квітанцыйных кніжак, з дапамогай якіх вёўся падлік адпраў. Служыцелям культу строга забаранялася прымаць дадатковыя матэрыяльныя ўзнагароджванні ад правядзення адпраў, у адваротным выпадку яны падлягалі строгім пакаранням аж да зняцця з рэгістрацыі.
18 ліпеня 1961 г. пад уціскам уладных структур Архірэйскі Сабор разглядзеў пытанне “Аб зменах у “Палажэнні аб кіраванні Рускай Праваслаўнай Царквой, якое тычылася IV раздзела”Аб прыходах”. Было прынята рашэнне размежаваць абавязкі кліра і выканаўчых органаў. Настаяцелі храмаў адхіляліся ад удзелу ў гаспадарча-фінансавай дзейнасці абшчын, якая ўскладвалася на іх выканаўчыя органы. Святарам перадаваліся абавязкі духоўнага кіраўніцтва прыходам і богаслужэбнай дзейнасці. Памесны Сабор 1971 г. адобрыў гэтарашэнне [22. С. 15 —17; 23. С. 126], Прынятыя папраўкі прывялі да таго, што духавенства фактычна аказалася адхіленым ад кіраўніцтва прыходамі. Такое становішча праіснавала болып за 20 гадоў і было адменена толькі ў чэрвені 1988 г. з прыняццем новага статута аб кіраванні Рускай Праваслаўнай Царквой.
Намаганні ўлад накіроўваліся і на скарачэнне сеткі духоўных навучальных устаноў, якія да сярэдзіны 50-х гг. арганізацыйна ўзмацніліся, значна актывізавалі дзейнасць па падрыхтоўцы маладых кадраў духавенства. Гэта тычылася і Мінскай духоўнай семінарыі, якую ў 1956 г. узначаліў 274
архімандрыт Антоній (А.С.Мельнікаў, 1924 — 1986), будучы мітрапаліт Беларусі. 3 кожным годам павялічвалася колькасць жадаючых паступіць у семінарыю. У 1954/55 навучальным годзе яна налічвала 77 слухачоў, у 1955/56 — 130, у 1956/57 — 143. Сярод семінарыстаў расла колькасць выпускнікоў сярэдніх школ, многія з якіх з’яўляліся камсамольцамі, выдатнікамі вучобы [2. Ф. 4, воп. 47, спр. 437, арк. 231 ]. Каб аслабіць наплыў у духоўныя вучэбныя ўстановы ў 1959/60 навучальным годзе Савет па справах РПЦ распачаў шэраг мер па абмежаванні набора. Адмянялася практыка прыёму на працягу навучальнага года, не дапускаліся да вучобы асобы з вышэйшай і сярэдняй тэхнічнай адукацыяй, не прайшоўшыя абавязковую ваенную службу. Але галоўным з’яўлялася ўзмацненне “растлумачальнай” работы мясцовых органаў сярод асоб, якія падавалі заявы аб паступленні. У выніку ў 1959/60 навучальным годзе ў параўнанні з мінулымі семінарыя была ўкамплектавана на 30 %.
У барацьбу за “адрыў моладзі ад семінарыі” ўключаліся абласныя ўпаўнаважаныя Савета па справах РПЦ, партыйныя і камсамольскія работнікі, работнікі КДБ і ваенкаматаў. Аказваўся ўціск на прыходскіх святароў, якія давалі паступаючым рэкамендацыі. Гэта работа давала жадаемыя вынікі. Калі ў 1957 г. у навучальную ўстанову было пададзена 160 заяў, то ў 1958 г . — толькі 53, у 1959 г. — 25, у 1960 г. — 13, а ў 1961 г. набор на першы курс быў зусім сарваны. У рапарце Вучэбнага камітэта пры Св.Сінодзе, складзеным у чэрвені 1963 г., аб становішчы ў Мінскай семінарыі гаварылася: “Штучна створаная затрымка ў прыёме выхаванцаў у Мінскую духоўную семінарыю пакінула яе без апошніх... Вучэбны камітэт пачціва хадайнічае перад Вашым Свяцейшыствам аб узбуджэнні хадайніцтва перад Саветам па справах Рускай Праваслаўнай Царквы, каб пакінуць Мінскую Духоўную семінарыю на ранейшым становішчы і садзейнічаць у прапісцы паступаючым у семінарыю” [17. С. 21].
Гэтая просьба не ўпісвалася ў планы Савета па справах РПЦ. У чэрвені 1963 г. яго старшыня У.Кураедаў на ўсесаюзным семінары-нарадзе ўпаўнаважаных падкрэсліваў неабходнасць закрыцця Мінскай семінарыі шляхам недапушчэння жадаючых да вучобы. У гэтым жа годзе пасля выпуску апошніх пяці выхаванцаў семінарыя перастала функцыяніраваць, не будучы фармальна скасаванай. За гады існавання навучальную ўстанову закончылі 165 чал.
Гады хрушчоўскай “адлігі” характарызаваліся грубым умяшаннем у адміністрацыйна-ўпраўленчую дзейнасць царквы з боку Савета па справах РПЦ, яго ўпаўнаважаных на месцах. Назначэнні і перамяшчэнні ў вышэйшым царкоўным кіраўніцтве ажыццяўляліся Сінодам толькі пасля ўзгаднення з Саветам. Па такім жа сцэнарыі адбываліся назначэнні і на мясцовых узроўнях. Характэрным для дзяржаўнай палітыкі стала частае перамяшчэнне архірэяў з адной кафедры на другую. Гэта рабілася з мэтай парушэння жывой сувязі архіпастыраў са сваімі клірам і паствай. У 1959 г. быў пераведзены на кафедру ў Ленінград мітрапаліт Мінскі і Беларусі Піцірым. Яго пераемнікам становіцца Гурый, які ўзначальваў Днепрапятроўскую кафедру. У 1960 г. яго зноў пераводзяць на месца Піцірыма, які прызначаецца мітрапалітам Круціцкім і Каломенскім. 3 гэтага часу Беларускую кафедру ўзначальвалі некалькі архірэяў. Літаральна два месяцы, з 5 жніўня па 9 кастрычніка 1963 г., працаваў вядомы дзеяч праваслаўнай царквы Нікадзім (Б.Г.Ротаў, 1929 — 1978). 3 1960 па 1972 г. ён з’яўляўся старшынёй Аддзела знешніх царкоўных зносін Маскоўскага патрыярхату і ўнёс значны ўклад у развіццё міратворчай дзейнасці РПЦ і яе кантактаў з цэрквамі замежных краін. Нікадзім садзейнічаў устанаўленню цесных кантактаў з Ватыканам. Атрымалася так, што 5 верасня 1978 г., у час наведвання Папы Паўла VI, ён памёр ад сардэчнага прыступу.
Хваля ўціску супраць канфесій, якую праводзілі ідэалагічныя аддзелы партыйных камітэтаў Беларусі, узмацнілася пасля чэрвеньскага (1963 г.) пленума ЦК, які разгледзеў пытанне “Чарговыя задачы ідэалагічнай работы партыі”. Выступаючы з дакладам, сакратар ЦК КПСС Л.Ільічоў паставіў пытанне барацьбы з рэлігіяй, ад якой, па яго словах, не аслабаніліся яшчэ значныя пласгы насельніцтва. Гэта была аб’ектыўная заява аб стане рэлігійнасці насельніцтва, што ўсяляк замоўчвалася афіцыйнай партыйнай прапагандай. Л.Ільічоў заклікаў “супрацыіаставіць рэлігіі баявую, наступальную навукова-атэістычную прапаганду” [24. С. 46].
У лістападзе 1963 г. адбылося пашыранае пасяджэнне ідэалагічнай камісіі пры ЦК КПСС, на якім былі разгледжаны мерапрыемствы па ўзмацненні атэістычнай работы. 2 студзеня 1964 г. іх зацвердзіў ЦК КПСС, прыдаўшы статус пастановы [25. С. 213]. Галоўным у мерапрыемствах з’яўлялася стварэнне ў Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС
(АГН) Інстытута навуковага атэізму. На яго ўскладваліся функцыі кіраўніцтва і кардынацыі ўсёй навуковай работы ў галіне атэізму. Прадугледжвалася ўвядзенне з 1964/65 навучальнага года ва універсітэтах, медыцынскіх, сельскагаспадарчых і педагагічных інстытутах выкладанне курса “Асновы навуковага атэізму” са здачай экзамена, у астатніх ВНУ ўводзіўся факультатыўны курс. На гістарычных і філасофскіх факультэтах універсітэтаў, гістарычных і гісторыкафілалагічных факультэтах педагагічных ВНУ для часткі студэнтаў уводзілася спецыялізацыя па атэізму, у шэрагу універсітэтаў і педагагічных інстытутаў прадугледжвалася стварэнне кафедраў навуковага атэізму. Як бачна, у духу праграмы КПСС ставілася задача татальнага ўкаранення ў грамадстве атэізму, што падаўляла рэлігійныя свабоды людзей, ставіла ў цяжкае становішча вернікаў.
Вялікая ўвага ў рэспубліцы надавалася пытанням падрыхтоўкі прапагандысцкіх кадраў. Пры пяці універсітэтах марксізму-ленінізму пачалі дзейнічаць факультэты навуковага атэізму. У 1964/65 навучальным годзе ў сістэме палітычнай асветы былі створаны спецыяльныя гурткі, дзе 14 тыс. слухачоў вывучалі асновы антырэлігійнай прапаганды. Значна пашырылася кола ідэалагічнага актыву, які ўдзельнічаў у прапагандзе атэізму. На пачатак 1965 г. у БССР антырэлігійную работу праводзілі каля 5,5 тыс. лектараў, 1379 прапагандыстаў, звыш 23 тыс. агітатараў. Як і раней, метадычнае забеспячэнне атэістычнай прапаганды ажыццяўляла рэспубліканскае таварыства “Веды” [2. Ф. 4, воп. 62, Спр. 648, арк. 254].
Палітыка наступлення на РПЦ мела сумныя вынікі. Толькі за 1960 — 1964 іт. у БССР спынілі дзейнасць 508 храмаў, што складала 53,6 % ад агульнай колькасці цэркваў, якія дзейнічалі на пачатак 1960 г. Ha 1 студзеня 1965 г. налічвалася 420 храмаў. Падаўляючая большасць з іх прыпадала на заходнія вобласці. У 38 раёнах знаходзілася 312 цэркваў, што складала 74,3 % ад агульнай колькасці. Ва ўсходніх раёнах налічвалася 108 цэркваў. 3 38 заходніх раёнаў толькі ў адным — Воранаўскім — не было праваслаўных храмаў, у той час як з 61 усходняга такіх было 10 [26. С. 284; 2. Ф. 952, воп. 4, спр. 45, арк. 15].
Колькасць свяшчэннаслужыцеляў на 1 студзеня 1965 г. скарацілася з 742 да 431. У гэты перыяд сярод праваслаўнага духавенства налічвалася нямала маладых святароў. Гэта гаварыла аб тым, што і ва ўмовах ганення на царкву знаходзіліся людзі, мэтай жыцця якіх з’яўлялася душпастырская дзей-
насць. 3 431 свяшчэннаслужыцеля 81 знаходзіўся ва ўзросце да 40 гадоў, 45 чал. мелі вышэйшую духоўную адукацыю, у тым ліку 34 з’яўляліся выпускнікамі багаслоўскага факультэта Варшаўскага універсітэта. Сярэднюю духоўную адукацыю мелі 109 чал., з іх закончылі польскія семінарыі 66, 277 чал. не атрымалі духоўнай адукацыі. 3 агульнай колькасці праваслаўных свяшчэннаслужыцеляў 351 з’яўляўся ўраджэнцам заходніх і 80 — усходніх абласцей [26. С. 43; 2. Ф. 4, воп. 47, спр. 437, арк. 230].