Канфесіі на Беларусі (к. XVIII — XX ст.)

Канфесіі на Беларусі

(к. XVIII — XX ст.)

Выдавец: Экаперспектыва
Памер: 340с.
Мінск 1998
111.35 МБ
Нягледзячы на цяжкасці з рэгістрацыяй, у 1992 г. у Гомельскай вобласці ўжо працавалі дзевяць касцёлаў, у Магілёўскай — чатыры. Многапарафій прайшлі рэгістрацыю ва ўсходняй частцы Віцебскай вобласці.
Дзейнасць усходнебеларускіх парафій разгортвалася ў іншых умовах, чым заходніх. Калі ў апошніх касцёл сарыентаваны на задавальненне сфарміраваўшыхся патрэбнасцяў каталіцкага насельніцтва, то ва ўсходніх яму даводзіцца працаваць у сацыяльным асяродку рускамоўнага гарадскога насельніцтва. Таму станаўленне ўсходніх парафій праходзіць ва ўмовах усё ўзрастаючай беларусізацыі касцёла. Гэта, з аднаго боку, дазваляе пашырыць уплыў на ўсё больш шырокія сацыяльныя колы беларускага насельніцтва, а з другога — узмацняе ўнутраную напружанасць у беларускім касцёле паміж яго польскай і нацыянальнай плынямі.
Калі ў 1988 г. налічвалася 124 парафіі, то ў 1996 г. — 389. Толькі ў 1996 г. пачалі дзейнічаць 17 новых фарміраванняў і іх колькасць дасягнула ўзроўню 1940 г. У Гродна, Навагрудку і Браславе створаны і працуюць манаскія жаночыя суполкі. У Гродна і Баранавічах функцыяніруюць курсы па падрыхтоўцы выкладчыкаў катэхізіса. Праводзіцца работа па вяртанні культавых будынкаў, адабраных дзяржавай. За 1988 — 1997 гг. рымска-каталіцкай царкве іх вернута 192. За апошнія пяць гадоў 55 будынкаў рэстаўрыраваны і ўступілі ў строй.
Важнай падзеяй у жыцці рымска-каталіцкай царквы з’явілася рэкансэкрацыя кафедральнага касцёла найсвяцейшай Марыі Панны ў Мінску, якая адбылася 21 кастрьгчніка 1997 г. Каталіцкая святыня была ўзведзена ў 1700 — 1709 гг. на месцы драўлянай езуіцкай капліцы. 3 заснаваннем у 1798 г. Мінскай дыяцэзіі касцёл стаў кафедральным. У 1934 г. яго зачынілі. У пасляваенныя гады галоўны фасад з вежамі быў разбураны, памяшканні перапланаваны. Пасля гэтага будынак ужо нічым не нагадваў касцёл. Некалькі дзесяцігоддзяў тут размяшчаўся Дом фізкультуры і савет спартыўнага таварыства “Спартак”.
Дзякуючы доўгім старанням вернікаў у канцы 1993 г. будынак вярнулі каталіцкай абшчыне. 6 жніўня 1994 г. пачалася архітэктурная рэканструкцыя касцёла. Яе рабілі польскія спецыялісты па праекце беларускіх навукоўцаў. Дзяржава не ахвяравала на аднаўленне разбуранага ёю храма ніводнага рубля. Ва ўрачыстым асвячэнні абноўленага храма прымалі ўдзел кардынал К. Свёнтэк, спецыяльны пасланнік Папы Яна Паўла II кардынал Э.Шока, прымас Польшчы Ю.Глемп, мітрапаліты — рыжскі Я.Пуятс і львоўскі М.Яворскі, апостальскі адміністратар для каталікоў еўрапейскай часткі Расіі Т.Кандрусевіч, іншыя прадстаўнікі каталіцкай царквы. Пасля ўрачыстага набажэнства іерархі былі прыняты Прэзідэнтам краіны А. Лукашэнка. Упершыню за многія гады прадстаўнікі кіраўніцтва рымска-каталіцкай царквы змаглі наведаць Беларусь і сустрэцца на такім высокім узроўні. Кардынал Э.Шока перадаў ад Папы прывітанне і благаславенне Прэзідэнту Беларусі, а таксама ўручыў яму памятны медаль, прысвечаны 19-му году знахождання Папы Яна Паўла II на прастоле Ватыкана. На сустрэчы А. Лукашэнка самакрытычна заўважыў, што раней недастаткова ўдзяляў увагі праблемам рымскакаталіцкай царквы і паабяцаў у далейшым ліквідаваць гэты недахоп.
У 1996 г. у рэспубліцы дзейнічалі 296 касцёлаў, яшчэ 14 будаваліся. Між іншым вернікі працягваюць дабівацца звароту быўшых касцёлаў — у г.п.Узда, пераабсталяваным пад клуб, у в.Раўбічы Мінскага раёна, дзе размясціўся музей, у Рэчыцы, дзе знаходзіцца “Вітамінны бар”.
Рост колькасці ўстаноў рымска-каталіцкай царквы паставіў пытанне аб стварэнні арганізацыйнай структуры кіравання. У 1989 г. былаўтворана Беларуская каталіцкая дыяцэзія, якую з 20 кастрычніка ўзначаліў біскуп Т. Кандрусевіч. Гэта структура праіснавала да 1991 г., калі 13 красавіка Папа Ян Павел II утварыў на Беларусі тры дыяцэзіі, а Т.Кандрусевіч быў прызначаны біскупам упершыню адкрытай Маскоўскай дыяцэзіі.
Стварэнне Маскоўскай дыяцэзіі Руская праваслаўная царква расцаніла як спробу актыўнага празелітызму. У выніку РПЦ вымушана была адмовіцца ад удзелу ў каталіцкай асамблеі ў Рыме па прычыне таго, што па яе “кананічнай тэорыі рымска-каталіцкая царква... стварае паралельныя місіянерскія структуры” [15. С. 436].
Зараз на тэрыторыі Беларусі ўтвораны і працуюць тры дыяцэзіі: Гродзенская, Пінская і Мінска-Магілёўская. Гродзенская ахоплівае практычна ўсе заходнія раёны, за выключэннем Палесся. Тут пануе польскі традыцыйны касцёл. На задавальненне патрабаванняў сельскіх парафій накіроўваюцца намаганні біскупства. Узначальвае дыяцэзію біскуп А.Кашкевіч.
На чале Пінскай дыяцэзіі і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі стаіць кардынал К.Свёнтэк. У Пінскай дыяцэзіі каталікі складаюць невялікую этнаканфесіянальную меншасць. Гэта рэгіён праваслаўнага і пратэстанцкага масіваў. Мінска-Магілёўскае біскупства ахоплівае ўсходнія раёны Беларусі. Тут касцёл сутыкаецца са значным уплывам нацыянальна арыентаваных сіл і таму ў меншай ступені, чым у заходнім рэгіёне, выступае носьбітам польскай культуры і ідэалогіі.
30 кастрычніка 1994 г. Папа Ян Павел II абвясціў імёны 30 новых кардыналаў, сярод якіх значыўся і К.Свёнтэк. “3 вялікаю радасцю і ўзрушэннем вітаю Вашу Эмінэнцыю з нагоды паднясення Вас да кардынальскае годнасці. Таксама ад усяго сэрца вітаю умілаваны Касцёл на Беларусі. Як жа блізкі мне Касцёл, які так шмат у апошнія дзесяцігоддзі выпакутаваў дзеля Хрыстова імя. Сваёю думкаю ахопліваю ў гэтай хвіліне ўсіх святароў і ўсіх свецкіх асоб, якія за вернае трыванне пры Хрыстовым Евангеліі былі прыгаво-
раны таталітарным рэжымам на вялікія цярпенні, пакаранні і праследаванні. Многія з іх страцілі жыццё ў канцэнтрацыйных лагерах у Сібіры, асуджаны на працу ў нечалавечых умовах; колькі ж ёсць такіх, пра чый лёс ведае толькі Бог. Ваша Эмінэнцыя належыць менавіта да гэтых нястомных абаронцаў хрысціянскае веры” [61. С. 4]. Так высока ацаніў дзейнасць касцёла на Беларусі Папа Ян Павел II.
3 мэтай актывізацыі дзейнасці парафій 29 верасня 1996 г. адбылося адкрыццё першага Сінода рымска-каталіцкай царквы на Беларусі, работа якога будзе працягвацца некалькі гадоў. Зазначым, што пасяджэнні апошняга Сінода адбыліся ў 1929 г. у Пінску. Актуальныя праблемы жыцця касцёла на Беларусі разгледзела сесія, якая праходзіла 29 — 30 верасня 1997 г. у Мінску ў касцёле св.Сымона і св.Алены.
3 першых дзён дзейнасці зарэгістраваныя парафіі сутыкнуліся з праблемай кадравага забеспячэння. У сярэдзіне 80-х гг. у рэспубліцы працавалаўсяго 40 ксяндзоў [62. С. 59]. У пэўнай ступені праблема на некаторы час была знята пасля візіту ў лістападзе 1989 г. у ПНР урадавай дэлегацыі СССР. Пасля абмеркавання гэтага пытання 9 студзеня 1990 г. Савет па справах рэлігій пры Савеце Міністраў СССР прыняў пастанову аб дазволе на запрашэнне з Польшчы 50 ксяндзоў дзеля працы ў парафіях Беларусі [63. С. 72].
Гэта акцыя ўзмацніла напружанасць касцёла Беларусі паміж польскай і няпольскай плынямі. Асобныя ксяндзы, грамадзяне Польшчы, дапускалі парушэнні заканадаўства дзяржавы знаходжання. Мелі месца факты, калі ў касцёлах вывешваліся польскія дзяржаўныя флагі, ксяндзы няўважліва адносіліся да прадстаўнікоў мясцовых органаў улады, вялі набажэнствы выключна на польскай мове.
У мэтах падрыхтоўкі ўласных кадраў у 1990 г. у Гродна адкрылася Вышэйшая духоўная каталіцкая семінарыя [64. С. 483]. Навучанне і справаводства ў ёй ажыццяўляюцца на польскай мове. У 1996 г. семінарыю закончьілі першыя 25 свяшчэннаслужыцеляў. На пачатак 1997 г. на пяці курсах навучаліся 144 клірыкі. Пры такіх тэмпах падрыхтоўкі асабістых кадраў касцёл у Рэспубліцы Беларусь яшчэ доўгі час будзе вымушаны запрашаць ксяндзоў з іншых дзяржаў, як гэта робіцца зараз. Так, з 206 свяшчэннаслужыцеляў, якія працавалі на пачатак 1997 г., толькі 62 з’яўляліся грамадзянамі Беларусі. Улічваючы вастрыню праблемы кадраў, права на рэлігійную дзейнасць у краіне атрымалі 134 замежныя ксяндзы, у тым ліку 126 грамадзян Полыпчы (59 з іх працуюць у
Гродзенскай вобласці), тры — Літвы, два — Германіі і па аднаму ЗША, Аўстрыі і Украіны. У касцёлах працуе больш за 100 польскіх манашак, якія прыязджаюць у Беларусь па прыватных запрашэннях.
Многія ксяндзы праводзяць вялікую асветніцкую і духоўную работу сярод парафіян, вучаць іх дабрыні, міласэрнасці. Гэта ў першую чаргу тычыцца пробаіпча Кальварыйскага касцёла ў Мінску А.Масальскага. Ён карыстаецца вялікай павагай і аўтарытэтам сярод парафіян, таму што жыве клопатамі кожнага, хто звяртаецца да яго, пабацькоўску вучыць маладое пакаленне, якое становіцца на шлях вернасці хрысціянскім запаведзям. Вернікаў у храм кліча патрэба не толькі памаліцца, пабыць у касцёльнай цішы сам-насам з Богам, але і паслухаць змястоўныя пропаведзі ксяндза. Чалавек высокай эрудыцыі і культуры, глыбокай духоўнасці, ён сваім пранікнёным словам закранае сэрцы і пачуцці кожнага. Удаецца гэта дзякуючы добрым аратарскім здольнасцям, вялікаму вопыту душпастырскай дзейнасці. Але галоўным з’яўляецца штодзённая праца, падрыхтоўка да кожнай пропаведзі. Таму яны і зачароўваюць сваёй змястоўнасцю, глыбінёй думак, даходлівасцю. Словы з Бібліі чаргуюцца з вершамі вядомых паэтаў, цытатамі з баек, апошнімі часопіснымі і газетнымі публікацыямі, асабістымі думкамі і разважаннямі. А расказаць вернікам ксяндзу Масальскаму ёсць аб чым. У яго асабістым лёсе, як у кроплі вады, адлюстроўваюцца складанасці жыцця касцёла ў савецкі час. Цяжка было ажыццявіць запаведную мару стаць ксяндзом, таму што ўлады рабілі ўсё для таго, каб як мага менш беларускіх юнакоў паступала ў Рыжскую альбо Каўнаскую каталіцкія семінарыі. Настойліва ідучы да пастаўленай мэты, Масальскаму ўдаецца закончыць Вышэйшую семінарыю Папы Рымскага, адзін курс Люблінскага універсітэта. I нарэшце тайна ў Польшчы ён быў высвечаны на ксяндза.
Працуючы дыспетчарам Мінскага электрамеханічнага завода, інкогніта пачаў праводзіць службы. Але хутка яго “рассакрэцілі”. Упаўнаважаны па справах рэлігіі пры Савеце Міністраў БССР Г.Кавалёў паведамляў у студзені 1969 г. у ЦК КПБ аб “непрыстойных” паводзінах Масальскага, якія заключаліся ў выкананні абавязкаў прыслужніка ксяндза Ю. Мансангера ў касцёле в. Краснае Маладзечанскага раёна. Зразумела, што пасля такога “абураючага” факта ён быў звольнены з завода. Пачалася барацьба за выжыванне. “Скрытага ксяндза” праследавалі ўсюды, куды б ён ні ўлад-