Каралева дакладных навук: Соф’я Кавалеўская
Вольга Гапоненка
Выдавец: Тэхналогія
Памер: 72с.
Мінск 2010
У 1886 годзе Парыжская акадэмія навук абвясціла конкурс на лепшую навуковую працу ў галіне фізічнаматэматычных навук аб руху цвёрдага цела, якое мае адзін нерухомы пункт; гэтую задачу іначай называлі “задачай пра аварот юрка (ваўчка)”*. Тлумачэнне ўласцівасцяў такога тыпу руху чакалі астраномы, стваральнікі вайсковай тэхнікі, канструктары, якія распрацоўвалі новыя мадэлі рухавікоў і шмат хто іншы.
Вывучэнню авароту цвёрдага цела, якое знаходзіцца пад уздзеяннем сілы цяжару ў тым выпадку, калі цэнтр цяжару цела супадае з пунктам апоры, прысвяцілі свае даследаванні акадэмік Пецярбургскай акадэміі навук, адзін з выдатных матэматыкаў XVIII стагоддзя Леанард Ойлер і французскі вучоны Люі Пўансо. Жазэф Люі Лягранж разгледзеў іншы выпадак авароту цвёрдага цела вакол нерухомага пункта апоры — пры ўмове, што цэнтр цяжару знаходзіцца на восі сіметрыі
*Як адзначалася у "Дакладах Парыжскай акадэміі навук", рукапісы дакладаў на конкурс мелі прымаць да 1 чэрвеня 1888 года. Дадатковы канверт з звесткамі npa aijmapa распячатвалі толькі $ тым разе, калі даклад заслугоўваў прэміі (Comptes Rendus de I’Academic des sciences. 1886. Vol. 103, N 26. P. 1395).
57
вышэй за кропку апоры. Сваё развязанне ён выклаў у кнізе “Аналітычная механіка”. Дзякуючы гэтым даследванням можна было дакладна высветліць пытанне пра тое, як будзе рухацца кожны пункт цела, калі вядомыя гэтак званыя пачатковыя ўмовы руху. Пасля працаў Ойлера, Пўансо і Лягранжа ў гэтых даследваннях наступіў перапынак. Шмат хто з навукоўцаў імкнуўся знайсці хоць бы адну іншую форму юрка, пры якой развязанне раўнанняў яго руху можна было звесці да вылічэння інтэгралаў. Аднак нікому не ўдалося пасунуцца наперад. Гэта было асабліва неверагодна таму, што якраз у XIX стагоддзі ў навуковых працах Гаўса, Астраградскага, Якобі, Кашы, Рымана ды іншых атрымалі абгрунтаванне новыя метады, якія дазвалялі разгледзець самыя складаныя задачы матэматычнай фізікі.
Прэмія Бардэна, прызначаная за “далейшыя поспехі ў справе развязання гэтай задачы ў якімнебудзь істотным пункце”, некалькі разоў заставалася непрысуджанай ці прысуджалася не ў поўным аб’ёме. Пасля таго як кампетэнтнае журы азнаёмілася з рукапісамі, дасланымі ў Акадэмію, найлепшым пастанавілі прызнаць даклад № 2, які меў дэвіз “Dis се que tu sais, fais ce que tu dois, advienne ce qui pourra”*. Гэтая праца ўтрымлівала развязанне задачы аб руху несіметрычнага юрка, цэнтр цяжару якога ляжыць на экватарыяльнай плоскасці эліпсоіда інерцыі, даўжыні восяў якога падпарадкоўваюцца ўмове A = В = 2С (дзе A, В, С — галоўныя моманты інерцыі цела ў руху). Аўтар праявіў не толькі вялізарны матэматычны талент, але і бліскучую эрудыцыю. У даследванні былі выкарыстаныя найноўшыя дасягненні матэматыкі таго часу — тэорыя функцыі комплекснай зменнай, гіперэліптычныя інтэгралы і шмат што іншае. Як адзначалася ў заключэнні Камісіі, “гэтая цудоўная праца ўтрымлівае адкрыццё новага выпадку, у якім можна праінтэграваць дыферэнцыяльныя раўнанні руху цяжкога цела, замацаванага ў адным з сваіх пунктаў. Мы маем новы і выдатны прыклад задачы механікі, у якую ўваходзяць транцэндэнтныя
*“ Кажы, што ведаеш, рабі, што павінны, хай будзе тое, што мае быць" (франц.)
58
функцыі, выкарыстанне якіх да сённяшняй пары былі абмежаваныя чыстым аналізам і геаметрыяй”.
Даследванне так спадабалася навукоўцамэкспертам, што яны пастанавілі павялічыць памер прэміі ад 3000 да 5000 франкаў. Як жа яны здзівіліся, калі распячаталі канвертз імем аўтара! Самую лепшую працу напісала жанчына — наша суайчынніца Соф’я Кавалеўская.
Цікавасць да праблемы авароту цвёрдага цела С.Кавалеўская мела здаўна. “Праца ўжо дастаткова прасунулася наперад”, — пісала яна яшчэ ў 1881 годзе. У 1886 годзе С.Кавалеўская атрымала асноўныя вынікі. Яна не адважылася адразу накіраваць свой артыкул у Парыжскую акадэмію навук, а паслала яго Ш.Эрміту, каб даведацца пра яго уражанне. Знакаміты матэматык пасля знаёмства з яе даследваннем адзначаў: “Мне будзе прыемна падбіраць каласы з зжатага вамі поля. Я ўжо мару аб вывучэнні прыватных выпадкаў, у якіх вашы гіперэліптычныя інтэгралы прыводзяць да эліптычных функцый”.
У другой палове снежня 1888 года С.Кавалеўская атрымала ліст. На прыгожым бланку з выяваю багіні мудрасці Мінеўры Люі Пастэр і Жазэф Бэртран ад імя Парыжскай акадэміі навук паведамлялі аб прысуджэнні ёй прэміі Бардэна.
“Паміж вянкоў, якія мы даем сёння, адзін з найпрыгажэйшых і найбольш цяжкіх для дасягнення ўскладаецца на галаву жанчыны. [Журы] разгледзеўшы яе працу, дасланую на конкурс у ліку 15 рукапісаў іншых навукоўцаў, прызнала ў гэтай працы не толькі сведчанне глыбокага, шырокага значэння, але і сведчанне вялікай вынаходлівасці розуму”, — сказаў 24 снежня на урачыстым паседжанні, прысвечаным уручэнню прэміі, прэзідэнт Парыжскай акадэміі навук П’ер Жансэн. С.Кавалеўская даказала свету, што жанчына не саступае дужай палове чалавецтва нават у найбольш абстрактнай з навук — у матэматыцы.
Праз год Шведская акадэмія навук прысудзіла Кавалеўскай прэмію за дадатковыя даследванні задачы — пра аварот несіметрычнага цвёрдага цела.
59
Пасля апублікавання вынікаў даследванняў Соф’і Кавалеўскай па тэорыі авароту цвёрдага цела* перад навукоўцамі паўстаў шэраг новых пытанняў, і сёння праблема не з’яўляецца цалкам развязанай. Аднак імя нашай суайчынніцы назаўсёды застанеіша спалучаным з гэтай складанай задачай механікі.
ДРУГОЕ ПАКЛІКАННЕ
Праз ўсё жыццё нашай гераіні побач ішлі навука і літаратура. Але менавіта ў гэтакім спалучэнні яна шукала і знаходзіла новыя сілы, нутраны спакой і натхненне. Соф’я Кавалеўская спрабавала свае здольнасці ў розных літаратурных формах — нарысах, п’есах, апавяданнях, вершах.
Характэрная асаблівасць яе літаратурных твораў — аўтабіяграфічнасць і адлюстраванне ўласных грамадзянскіх поглядаў. Хоць некаторыя з гэтых публікацый — хутчэй накіды больш грунтоўных прац, але ўсе яны чытаюцца з вялікаю цікавасцю, бо разам з літаратурнай вартасцю маюць гістарычную каштоўнасць як помнік часу. Творы С.Кавалеўскай друкаваліся на шведскай і расейскай мовах, перакладаліся на французскую, чэшскую ды іншыя мовы.
Пачатак літаратурнай дзейнасці Соф’і Кавалеўскай можна аднесці да другой паловы 1870х гадоў. Ейны муж Уладзімір быў запрошаны тады працаваць у рэдакцыю толькі што заснаванай газеты “Новое время”, і ёй даручылі падрыхтоўку навуковых аглядаў і тэатральных рэцэнзій. Арыгінальнымі і смелымі былі гэтыя рэцэнзіі**. Соф’я не пераказвала змест, не давала ацэнку артыстам, а перадусім звяртала ўвагу на якасць п’есы.
Адным з першых літаратурных твораў С.Кавалеўскай стала аповесць “Прыватдацэнт” пра нямецкіх навукоўцаў, створаная ў 1877 годзе. У Стакгольме ў
*3годна з пажаданнем Камісіі па прысуджэнні прэміі праца С.Кавалеўскай была надрукаваная ij зборніку працаў замежных вучоных " Memoires presentes par divers savants a l’Academie des sciences de I’lnstitut de France" (1890. T. 31. P. 162), a за год перад тым — y“Acta mathematica” (1889. Vol. 12. P. 177—232).
**3араз вядома дзесяць тэатральных рэцэнзій, якія спецыялісты прыпісваюць С.Кавалеўскай.
60
1884 годзе С.Кавалеўская напісала псіхалагічны нарыс, прысвечаны памяці ангельскай пісьменніцы Джордж Эліат*. Разам з А.Ш.Лёфлер у 1887 г. яны пачалі п’есу, якую назвалі “Змаганне за шчасце”** (ставілася ў Швецыі, а потым і ў Маскве***).
Пасля трыўмфальнага завяршэння даследванняў па тэорыі авароту цвёрдага цела С.Кавалеўская працавала над раманам “Успаміны дзяцінства”, у якім праз аповед аб сваіх юнацкіх гадах паказала тыповае жыццё шляхоцкай сям’і. Кніга была выдадзеная ў Стакгольме ў 1889 годзе на шведскай мове пад тытулам “3 расейскага жыцця. Сёстры Раеўскія”. Праз год у перакладзе на расейскую мову яе надрукаваў часопіс “Вестннк Европы”.
Другі вялікі паводле аб’ёму твор — аповесць Нігілістка”. С.Кавалеўская лічыла сваім абавязкам захаваць для будучых пакаленняў памяць пра тых, хто шчыра верыў у ідэі народніцтва. Аповесць выйшла з друку ў 1892 годзе ў Стакгольме на шведскай мове. У 1893 годзе ў Швецыі выйшаў другі варыянт гэтага твора ў зборніку пад агульным назовам “Вера Варанцова”. У царскай Расеі “Нігілістка” доўгі час была забароненая цэнзураю. У 1906 годзе твор быў выдадзены ў Маскве на чэшскай мове, і толькі ў 1928 годзе — на расейскай.
У 1889 годзе Кавалеўская напісала вялікі нарыс, прысвечаны выдатнаму расейскаму сатырыку М.СалтыковуШчадрыну. У крыху змененым выглядзе нарыс выйшаў у Швецыі — у Расеі з прычыны жорсткай цэнзуры такой магчымасці не было****.
Сярод нарысаў, якія сведчаць пра шырыню і разнастайнасць яе інтарэсаў, варта адзначыць “Тры дні ў
*Ковалевская С.В. Воспомйнанйя о Джорже Эллйоте // Русская мысль. 1886. № 6. С.93—108.
**Kowalewsky S., Leffler А.С. Катреп fur Lyckan. Stockholm, 1887. У перакладзе на расейскую мову п’еса была выдадзеная $ Кіеве і) 1892 годзе.
***ШепкйнаКупернйк Т.Л. О первом представленйй драмы С.Ковалевской й А.Ш.Леффлер "Борьба за счастье // Памятй С.В.Ковалевской: Сб. статей. М„ 1951. С. 133 143.
****У Pace! твор быў апублікаваны толькі у 1934 годзе у серыі "Лйтературное наследйе".
61
сялянскім універсітэце ў Швецыі”, надрукаваны ў 1890 годзе ў “Северном вестннке”. Гэта ўражанні пра падарожжа ў 1886 годзе па Швецыі. У гэтым нарысе відаць вялікая цікавасць славутага матэматыка да пытанняў народнай асветы. Публіцыстычныя здольнасці С.Кавалеўскай напоўніцу праявіліся ў двух крытычных артыкулах, надрукаваных у 1888 годзе ў газеце “Русскне ведомостн” пад псеўданімам Соф’я Нірон.
Асаблівае месца ў творчасці Соф’і Кавалеўскай займаюць вершы, у якіх — яе настрой, яе пачуцці і перажыванні. Іх яна пісала з дзіцячых гадоў і да апошніх дзён жыцця, аднак ніколі не друкавала. Некаторыя яе задумы так і не былі ажыццёўленыя і захаваліся толькі ў кароткіх нататках. Незавершанымі засталіся два творы — раман “Vae victis” (“Гора пераможаным”) і аповесць “Урывак з рамана, які адбываецца на Рыўеры” з цікавымі біяграфічнымі звесткамі. Уступ да рамана і фрагмент першага раздзела быў надрукаваны ў 1890 годзе у шведскім часопісе “Norden”, а ў 1893 годзе у Расеі ў кнізе “Літаратурныя творы С.В.Кавалеўскай”. Захавалася таксама сем накідаў, верагодна прызначаных для вялікіх твораў*. Сярод іх — “Шведскія ўражанні”, “Драма шведскай сялянскай сям’і” і “Івар Мансон”.