Касьмічныя праекцыі  Мікола Калядны

Касьмічныя праекцыі

Мікола Калядны

16+
Выдавец: Галіяфы
Памер: 424с.
Мінск 2020
86.14 МБ
А пачыналася яна, як і ўва ўсіх, — ад Нараджэньня.
Яно кожнаму даецца аднолькава: па БОСКАМУ Прызваленьню-Пажаданьню і адзін раз. Апасьля Існаваньне ахінаецца неабходнасьцю, гульнёй-барацьбой, выбарам, сьцьвярджаецца ў Творчасьці ды прымае мноства формаў, вобразаў і кірункаў рэалізацыі.
О! Колькі варыянтаў, варункаў і мэтамарфозаў я прайшоў! Недзе ў касьмічным летапісе, на табліцах сусьветнае кронікі ўсе яны пазначаныя і адцененыя маёй адметнасьцю, характарам, норавам.
Калісьці, выбіраючы цярністы шлях, не жадаючы простых, бясхібных і лагодных лініяў, я апынуўся ў Стане: ня ў тым,
які большасьць ведае як вітунічнападобную скупнасьць яркіх сузор'яў, а ў тым, што існуе наспадобу суквецьцю шматлікіх вымярэньняў, перакрыжаваньняў, ростаняў, завулкаў, тупікоў, узвышшаў, упадзінаў, выгінаньняў, выпукласьцяў, пукатасьцяў, увагнутасьцяў, угнутасьцяў Прасторы, Часу і мае пераважна абсалютную, наўмянальную, сапраўдную, самаістую зьмест-форму. Вандраваць, перамяшчацца, пераўтварацца ў такой зьменчывай зьлітнасьці, злучы выяваў, зьведваць-адчуваць усемагчымыя рэакцыі — найцікавейшы занятак. I я паспрабаваў шмат чаго з гэтага, многа ўзяў, можа, крыху болей, чым іншыя. Здавалася б, упівайся дасягненьнямі, ганарыся нажыткам, спачывай, жыві ў розвалі і чакай БОЖАЕ мілаты.
Але, няўрымсьлівы, я разважыў іначай і пайшоў на ахвяру: вырашыў зрабіць крывічэсьлівы паступак і ўпасьці, то бок спусьціцца ў ніжэйшую слань матэрыі, каб разблытаць блуднікі і прасьвятліць дарогу, дапамагчы аблудным. У ліку іншых канашоў я сьвядома абраў выпрабаваньні і магчымую пагібель. Калі хто ніколі ня бачыў у вачах выратаванай істоты агню радасьці, той не зразумее такога ўчынку. Потым недасьведчаныя і проста прайдзісьветы, перакручваючы, выпачаючы сэнс, усё патлумачаць інакш, назавуць наш атрад дабрамысцаў выгнанцамі, палымі, адрынутымі, аддадуць іх асудзе — гэта значыць, пераважыць лухта.
Нічога ня зробіш: у Космасе бясконца, без спачынупрадышкі валадарыць аскрайнасьць. Яна настолькі аб'ёмістая, усемагчымая, шматварыянтная, пгго нават мне ўявіць яе цалкам неверагодна. Што ўжо казаць пра такіх ніжэйшых стварэньняў, як людзі! Для іх разам са звычайнымі і зручнымі шырока ўжываюцца дзьве процілеглыя формы аскрайнасьці — праўднасьць і ашуканства. Удатна і ўмейна скарыстоўваць-камбінаваць іх — познатка майстэрства.
Кожны стварае-будуе свой сьвет адпаведна талані і спрамогі. Нашай камандзе — усемагутным Абстракцыям — уласьцівыя свае адметныя подступы ў асьвечанасьці і станаўленьні чалавека, і яны, я ўпэўнены, зьяўляюцца ўзорнымі для падобных варункаў.
Азначаны выпадак з Адамам — не вынятковы, стандартны, шырока распаўсюджаны і адначасна своеасаблівы, арыгінальны, як непаўторная і самабытная кожная людзіна. Тым болып што справа тычыцца індывідуальнасьці, якая для нас, творцаў і апекуноў, мае важнае значэньне».
Сьвятар ненатуральна мітусіўся і няўтомна гаварыў, завіхаючыся над сталом, дзе ў безладзі грувасьціліся нейкія паперы, інкунабулы, старадрукі, кнігі і шмат якое царкоўнае начыньне. Раз-пораз ён выхопліваў з гэтага груду нейкую рэч і, махаючы ёю, нястотна пераконваў:
— Вось яшчэ адзін доказ таго, што сабор належыць мускай крываслаўнай царкве і мае менавіта такі архітэктурны выгляд... А зірні сюды: на старазлавянскай мове падрабязна апісваюцца ўнутранае ўбраньне і вонкавыя асаблівасьці ўсіх памяшканьняў. Ніякіх спамінаньняў аб іншых канфесіях ня знойдзеш, таму што іх не было і няма.
— Нашыя гісторыкі сыдьвярджаюць, што царква (а дакладней: сьвятыня — так яна называлася ад пачатку) на гэтай гары пабудаваная вуніятамі задоўга да мускай навалы і адабраная ў іх супраць іхняе волі, а сапраўдныя, ліцьвінскія дакуманты масейцы адны зьнішчылі, другія вывезьлі ў метраполію, — пярэчыў Адам.
— Хлусьня! Фальсыфікацыя! Нацыяналістычныя выбрыкі! Нічога такога не было. Усё рабілася добраахвотна, па жаданьні бальшыні вернікаў. Гэта пацьвярджаюць і паперы. Вось яны! Дарэчы, усе людзі скарыстоўваюць больш канкрэтныя назвы — «сабор» і «храм».
— Даўны аблуд. Зь іншых крыніцаў вядома, што многія з такіх матэрыялаў сфабрыкаваныя.
— Табе, самавітаму спадару, сорамна разважаць бяздоказна і спасылацца на чыесьці сумніўныя меркаваньні. А можа, ты нам наогул ня верыш?
— Пра гэта і размовы няма, але ж я — даражбіт і дасканалае, дакладнае адраджэньне менавіта гістарычнае сьвятыні для мяне дый для ўсіх устурбаваных — прынцыповая і важная справа. He на дзень-два гэта робім. Навечна! Схібіць тут нельга. Разумееце?
— Безумоўна. Ад таго, якой будзе тут царква, залежыць наш духоўны стан.
Сьвятаслужнік глядзеў на дойліда натхнёна, з надзеяй, усьведамляючы, што мэты ў кожнага розныя. Калі Адам казаў шчыра, то ён — хітраваў, перайначваў сэнс.
I ўсё гэта было відочна. Толькі ня ў гэтай, фізычнай, выяве. А ў той, якая атуляла-працінала ўвесь матэрыяльны сьвет нябачным сэнсам і рухам, дзе ўладарылі Абстракцыі, адчуваньні і мысьлі, адкуль распасьцілалася ўладная і кіраўнічая сіла. Яе яшчэ найменілі шырока — тагасьветная, замагільная, звышнатуральная, непазнавальная, нябачная, паралельная, інакшая, і вузка — інфэрнальная, нябёсная, астральная, мэнтальная, вогненная, духоўная. у ёй існавала ўсё і куды больш таго, чаго чалавек ня ведаў.
Мана-лжа са сваімі прыяцелямі гамузам кантралявалі сітуацыю, ініцыявалі патрэбныя павароты, узьдзейнічалі на сумоўцаў. Служка культу з-за асабовай прыроды
і дастойніцтва зьяўляўся ледзь ня змалку сталым іхнім аб'ектам, сваёй двудушнасьцю-аблуднасьцю заўсёды наталяў, замілоўваў іх, даваў ім прастор для творчасьці. Яны глыбока шанавалі пароха яшчэ і за тое, што яго — а значыць, і Ману з кампаніяй — часта запатрабавалі для вырашэньня многіх сур'ёзных пытаньняў, якімі кіраваў сам Вадар. Быць навідавоку павадыроў — важная справа.
А вось да Адама брыгада тагасьветных ашуканцаў вялікіх дачыненьняў ня мела: тыя дробныя шабунькі-закабунькі ды бытавуха, якіх хапала ў кожнага, не лічыліся. Хлопец быў мастак валодаць досьціпам, мудрагеліста шкеліць-выдумляць зь лёгкім, незласьлівым падвохам-найгрышам — толькі такога досьведу, каб запрэгчы яго, круцялям было мала. Неабходна было шукаць-ствараць іншыя, значныя і важкія, траплі-камбінацыі.
I вось адная такая надарылася якраз. Нібыта трапна. Але ўсе выдатна разумелі, што нічога выпадковага не бывае: за кожным здарэньнем абавязкова стаяла тонкая, майстэрская работа ўсёй арміі карэлянтаў.
Калі адыёзная ідэалагічная сістэма, на чале якой стаяла нахрапная Масея, ляснулася і атэістычны дурман выпарыўся, людзі зноў зьвярнуліся да БОГА і да сапраўдных каштоўнасьцяў. Дзеля гэтага ўважна і непрадузята зірнулі на гісторыю і знайшлі, што нічога асаблівага выдумляць ня варта, там ужо ўсё ёсьць: толькі тое трэба ўмейна адаптаваць да сучаснасьці.
Сярод шчыракаў і ахвочых да адраджэньня быў і Адам. Ён ведаў, што на высокай гарадзкой гары некалі стаяў вялізманы дом БОЖЫ — і сюды для маленьняў сьцякалася мноства паспалітага люду. Сьвятыня існавала на працягу стагодзьдзяў, зносіла розныя перабудовы і ў выніку была разбураная масейскімі барварамі. Вярнуць ёй першародны выгляд і бажаў Адам
як архітэктар. Ён пачаў зьбіраць неабходныя зьвесткі і, на дзіва, сутыкнуўся зь цяжкасьцямі, якія ўзьнікалі нават там, дзе, па яго разуменьню, іх не павінна было быць.
Ох, і блытанай, выкручастай зьяўлялася гісторыя, дакладней — гістарычная навука! Асабліва ў розных тлумачэньнях, аповесьцях, крыніцах! Ці ведаем мы, як насамрэч яна занатоўвалася і хто такія былі гэтыя летапісцы? А галоўнае — колькі праўды ў тым, што яны пісалі? Вось сядзіць такі ціхмянамудры старац у сваёй келятцы, пазірае нібыта ўдалеч, а рэальна — у цёмны кут, старанна-акуратна рыпае пяром, час ад часу калупаецца-сьвідруе пальцам у носе і, знайшоўшы дакладны выраз-азначэньне, натхнёна заўражвае для нашчадкаў чарговае стацьцё. Яшчэ ня йшло, калі ён у добрых стасунках з князем, ваяводам ці іншым панам, — тады і гісторыя атрымаецца лепшай. А калі не? Раптам пісаку грызе крыўда на нейкага ўдзельніка падзеі ці на тое, што ніхто і талеру дадатковага не дае за ягоную важную, нястомную працу? Верагодней за ўсё, пісьмо будзе такое, якое замовілі альбо купілі. Дзе ўжо тут чакаць ахайнага і яснага выкладу, пунктоўных тэрмінаў і вынікаў нейкай прыгоды! Які настрой — такая і гісторыя!
А хіба інакш адбываецца ў нашыя часы? Подступы адныя і тыя ж! Толькі робіцца ўсё ў кабінетах.
I ўсё ж да стараветных працавікоў больш паважныя стаўленьні, чым да тых, хто ўжо зафіксаваную гісторыю карэктуе, перапісвае, фальсіфікуе — а гэта рабілі і робяць многія, асабліва кады ў нейкага «дзеяча», палітычнага, дзяржаўнага, грамадзкага, прыватнага, высьпела неабходнасьць нешта падладзіць пад сябе. Апэтыты ў падобных «творцаў» могуць сягаць у старажытнасьць аж да мамантаў і нават далей. Мала таго: яны, абмежаваныя, яшчэ і будучыню сілуюцца змадэляваць. Асаблівыя думчыны заўсёды выклікае
масавае памяшаньне, калі цэлыя народы лічаць, што варыянт гісторыі, прапанаваны ім уладамі і, як правіла, хлусьліва-прыхарошаны, — выключна правільны і нікім не павінен пераглядацца ў бок праўдзівасьці. А калі такое адбываецца, тады смельчакі-дасьледчыкі трапляюць у разьдзел ворагаў, як тое ня раз здаралася ў Масеі. Насільле і дзікунства для гэтай краіны — звычайная справа ня толькі ў чалавечым, але і ў шматмерным касьмічным сьвеце.
Так, апошнім часам масейскім шавіністым зайшло ў галаву, што наогул уся гісторыя — несправядлівая і напісаная благім Захадам выключна для таго, каб узьвялічыць сябе і зьняважыць мусаў. Маўляў, большасьць крыніцаў, падзеяў, асобаў была выдуманая, падтасаваная, пераробленая, ссунутая ў часе і не адпавядала гістарычным рэаліям, асабліва калі зьвесткі датычылі масейскіх тэрыторыяў. 3 раздражненьнем і злосьцю яны заўсёды каментавалі мапу Эўропы Олаўса Магнуса 1539 году, дзе было адлюстравана, што далей на ўсход ад Ліцьвініі ніякай дзяржавы няма і толькі мядзьведзі ходзяць ды лазяць па дрэвах за дзікімі пчоламі. А пра тое, што нават масейскія крыніцы сьведчылі аб неразумнасьці мусаў і неаднаразовых запрашэньнях замежнікаў на кіраўніцтва-дапамогу, самі стараліся ня згадваць. Увогуле з нагоды і без яны сьцьвярджалі: тольма летапісцы, гісторыкі Масеі аб'ектыўна асьвятлялі мінулае і давалі правільныя веды. Каб даказаць гэтую мітургу, пачалі, як здурнелыя, гойсаць, гарцаваць па ўсім сьвеце ды шукаць адпаведных сілаў, сродкаў, часоў, настрояў. Мана-лжа, як дападная і актыўная Абстракцыя, ад задавальненьня весялілася, старанна клапатала і зьбірала дужа багаты ўраджай.