• Часопісы
  • Касьмічныя праекцыі  Мікола Калядны

    Касьмічныя праекцыі

    Мікола Калядны

    16+
    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 424с.
    Мінск 2020
    86.14 МБ
    — Я ня ведаю адказу на тваё пытаньне, дый пэўна ніхто, — уздыхнула Сюзана. — Мне часам здаецца, што ты, я, нашыя аднамысцы — стварэньні зь іншых ці то зорных сістэмаў, ці то вымярэньняў і пасланыя сюды, каб дапамагаць нягеглым, узвышаць іх і астатні жывёльны сьвет. Усё гэта больш падобна на містыку, але інакшай абасновы я не знаходжу, бо дужа розныя па сваёй прыродзе істоты насяляюць гэтую плянэту.
    — Значыць, мы — бацькі, апекуны?
    — Так, накшталт таго.
    — А ці ня шмат мы на сябе бярэма? Самі недалужныя, а туды ж — у настаўнікі.
    — He, жыцьцё на тым і базуецца, што заўсёды нехта кагосьці вучыць. Над намі таксама павадыры ёсьць.
    —	Калі глядзець на нашую рэальнасьць, дык можна вывесьці, што яны — бяздарныя, — злосна крутнуў галавою Адам.
    Абстракцыі ўспрынялі гэта за абразу і, не змаўляючыся, моцным энэргетычным штуршком гнеўна тузанулі Адама, ад чаго ў таго пацямнела ўваччу і ён, калі б не абапёрся на Сюзану, страціў бы прытомнасьць. Жанчына адчула нелады і асьцярожна пасадзіла яго на лаўку. Праз хвіліну гарапяка аджартаваўся:
    —	Вось і атрымаў па заслугах: нельга мяньціць языком, калі чаго ня ведаеш.
    Касьмічная панарама аб'ектыўна адлюстроўвала ролю кожнага ў такіх гульнях ды паказвала вагу слова і ўсялякага, нават нязначнага хваляваньня розуму. Адам і Сюзана адчувалі толькі сваё, зямное, і ня бачылі, як строга пакараў Вадар тых сваіх падначаленых, што дазволілі сабе расслабіцца і супраць правілаў рэзка адказаць фізычнаму ўвасабленцу на безаблічную і порсткую крыўду, якая наогул зьяўлялася нонсэнсам, бо ў мэтафізычных стасунках настаўнік павінен пераканаць, упэўніць вучня іменна ў пэрсаналізацыі і бязжарснасьці ўсяго, што адбываецца ў Космасе: за кожнай падзеяй, явай, турбацыяй і на Зямлі, і ў Сусьвеце абавязкова стаіць канкрэтны незапальчывы ініцыянт, аўтар; умець знайсьці, вылічыць яго — здольнасьці, якія сьведчаць аб узроўні чалавека і адрозьніваюць людзей між сабой; калі нехта зь іх пырснуў і робіць увогуле — значыць, яшчэ не навучаны і мае патрэбу ў паблажлівасьці.
    Некалькі хвілінаў супакою, адпачынку зьнялі напружаньне абодвух і вярнулі ранейшую лагоднасьць ды пяшчоту. А такі ўнутраны стан найбольш успрымальны да новых ведаў, блізкі да спасьціжэньня іншасьці.
    Спаверху адразу паплылі адпаведныя ініцыяцыі-зычэньні-настроі-вобразы-відзежы.
    Тое, што гэта не трызьненьне, Адам зь Сюзанай зразумелі ад пачатку, бо назіралі зьявы адныя і тыя ж разам.
    Паветра над будаўнічымі рыштаваньнямі нечакана задрыжала і зрабілася марывам, празь якое патроху праступіла царква. У хісткай выяве можна было добра разглядзець абрысы апошняга збудаваньня, зробленага масейцамі. Дзьверы былі адчыненыя, і туды ішлі людзі. Побач узвышаўся помнік мускаму патрыярху Афанасію. Крыху воддаль, на высокім узьбярэжжы, гурна стаяў крыж Ефрасіньні Полацкай, ад якога прыкметна бруілася гаючая, прасьвядная энэргія.
    Нечакана мроіва асьляпляльна азарылася і ад усходу на сабор ашаламляльна хутка павалілі слупы з пылу, попелу, сьмецьця, гольляў, шмацьця, розных прадметаў, пачалася сумяціца і паніка сярод людзей. Храм стаў імгненна бурыцца, раскідваючы вялізныя аскепкі і друз ува ўсе бакі, у тым ліку і на людзей, якія спрабавалі разьбягацца, але моцная хваля агню і ветру хапала-кідала-паліла іх ды несла жудасным роілам з гары. Хутка негавіль
    скончылася і засталіся крушня, бязладзіца, цёмна-шэрае навакольле. Толькі адзін велічны крыж Ефрасіньні Полацкай стаяў непарушна і крэпка.
    Прастора ізноў завагалася — і зь неверагоднай імклівасьцю, нібы кінакадры, замітусіліся новыя падзеі, асноўным аб'ектам якіх заставаўся храм. Найперш зьніклі руіны, хмыз, каламеса. Затым пасьвятлела, зьявіліся людзі незвычайнай аздабы і ў дзіўнай вопратцы. Адны проста рухаліся, другія зьнекуль прыляталі, трэція казачна вынікалі з паветра. Заўважнай была шматнацыянальнасьць вернікаў. Адзетак у кожнага быў розны, адпаведна месца ўжытку, але, як толькі нехта набліжаўся да сабору, ён дзівачным, магічным чынам зьмяняў яго на аднолькавы для ўсіх сьвяточны ўбор і па прыступках уваходзіў унутр.
    Сьвятыня была велізарная і велягурная.
    Адам нават ахнуў і схапіў Сюзану за руку:
    — Такая, як у першатворным выглядзе, толькі куды прыгажэйшая!
    Матэрыяльную абалонку пабудовы зрозь атачала блакітна-празрыстая навалока, якая выглядам уяўляла сабой сьлічную і вабную ружу, што хупава цягнулася ў неба разам зь лісьцем і ўсёй порасьцю.
    Атмасфэра пракудна мільгацела пярэстымі бліскаўкамі, гучала касьмічным хваласьпевам БОГу.
    Люд лавіцаю выцякаў з храма і запаўняў усю акругу. Сярод іх Адам і Сюзана прыкмецілі дваіх закаханых, і нешта ім падказала, што гэта — яны самі, толькі будучага інкарнацыйнага кшталту. А яшчэ ім здалося, што ў працяглай і заблытанай гісторыі сьвятыні заўсёды прысутнічалі іхныя душы, якія альбо фізычна, альбо нейкім іншым чынам уплывалі на яго мэтамарфозы ў вызначаныя перыяды.
    Такое творцы не зусім уцямілі, моцна жахнуліся і яшчэ больш узерыліся ў зьявішча. А яно працягвала разгортвацца далей, зьмяняючыся і ў часе, і ў прасторы. Падзеі ж на сучаснай Зямлі для іх непрыкметна прытармазіліся.
    Нябёсы цешыліся ад дагоднага стану падапечных і, карыстаючыся максімальнай адкрытасьцю іхных мазгоў, нагрувашчвалі сэнсу як мага больш ды валілі да аднае кучы праўду з крыўдаю ад розных вякоў, пластоў, індывідаў, ідэяў. Многае тыя адразу не ўспрымалі, было лішніцай, затое адпавядала цудоўнаму мэтаду — узбуджаны розум можа прыняць усё, нават немагчымае ў нейкі пэрыяд, і затым, у стане рацыянальнасьці, перапрацаваць яго спакваля, далучыць-прыстасаваць да сябе, да свайго ўзроўню, колькі б часу гэта ні займала.
    Менавіта таму відовішча набыло яшчэ больш загадкавы і містычны характар.
    Перад вачыма ўзрушаных Адама і Сюзаны раскручваўся клубок падзеяў, што адбываліся невядома дзе, калі, з кім. Увагу прыцягнулі, запомніліся толькі некаторыя.
    ... Ад усяе істае Зямлі, ад шматлікіх часоў і прастораў, ад сапраўдных і ўяўных падзеяў, радок за радком, бачына за бачынай зьбіралася ў сьвятыя кнігі праўда...
    ...Сьвятар ад амбону патрабаваў пакараньня адступнікаў, інакадумцаў, заклікаў да зьнішчэньня іншасьці, збройнага паходу ў суседнія краіны, супраць няверных...
    .. .Несамавіты і заганны кіраўнік апошняе імпэрыі, злосны і агрэсіўны шавініст, заскарузлы розумам і целам, шалеў ад нянавісьці, істэрыі і націскаў прысьцібкі...
    .. .Над прыгожым і ўрбанізаваным горадам паднімаўся ядзерны грыб...
    .. .у іншых ракурсах той жа зьверхнік-злыдзень ніякавеў і зьнікаў, адчуўшы незвычайны энэргетычны пошуг у Космасе. За ім, як аднолькава хворыя і заразныя, увачавідкі раставалі многія, нат не пасьпеўшы штосьці ўцяміць...
    .. .Разбураліся культавыя збудаваньні, стоды дзе ад нападу, дзе ад стыхіі, дзе ад слабасьці, дзе ад нявер'я...
    ... Атуга, гмур навісалі над гаротным і бядотным краем...
    ...Сонца прабівалася праз хмары, цемру, немарасьць і асьвятляла гару...
    ...Дзіўныя людзі мітусіліся перад сьвятыняй, загадкава маніпулявалі рукамі, часта паказваючы ўгору, і, мажліва, бескантактна кіравалі працэсам будаўніцтва, якое адбывалася назвочна безь якогасьці фізычнага ўдзелу...
    ... Асамісты і прыстойны герафант натхнёна кіраваў містэрыяй на Сьвятой гары, ужываючы аўтапсію і псыхатэхніку адзінай усеагульнай рэлігіі на Зямлі.
    Нечакана ляснуў пярун, і ўлеўны дождж пагнаў сьпякоту ды мроі прэч.
    Адам зь Сюзанай схаваліся ў альтанцы і шчасьліва назіралі, як пераістачалася навакольле — імгненьні, але такія цікавыя, у гэтым вечным і няспынным руху.
    Нешта абмяркоўваць і рабіць не было аніякай ахвоты.
    Колькі яшчэ будзе часу для гэтага!
    красавік-жнівень 2015 году, г. Віцебск.
    КАХАНЬНЕ
    псыхічная праекцыя
    Зноў яго прыцягнуў гэты шабас асудавішча. Ён ужо змучыўся ад шматлікіх паўтораў такога знушчэньня. Калі яно скончыцца?
    Звычайна ўсё адбывалася па адным сцэнары зь некаторымі карэктоўкамі абставінаў.
    У нейкі момант слых пачынаў запаўняць прыкры манатонны гуд, за якім вынікала зьява, поўная нянавісьці і нечысьці. Яна шчыгульна акаляла яго і не адпускала.
    Ён, да драбніцаў ведаючы працэс па ранейшых выявах, адразу канцэнтраваўся і спасобіўся да вытрымкі і адпору.
    Зьнекуль нальлем зьбіраліся-зьляталіся бязжаласныя душы, фантомы жывых людзей і іхныя думкаформы. Поўныя гневу і злосьці, яны распачыналі свае кляцьбы, зьдзекі са спадзевай канчаткова зглуміць яго, кінуць у сама горшае месца астралу.
    — Каб ты спруціўся, гад!
    — Хай цябе трасца возьме, паганец!
    — Здраднік шалудзівы!
    — Распусьнік!
    — Гэтак зганьбіць дзяўчыну: перад самым вясельлем уцячы да іншай!
    — Як цябе зямля насіла столькі гадоў жыцьця?
    — Ты думаў, што расплаты ня будзе і пакараньне абміне?
    — He, паскуда! Калі там, ва ўвасобленым сьвеце, ты трымаўся дзякуючы недасканаламу ладу і заганнай сістэме ўтоенасьці, дык тут не здабруеш: счэзьнеш і канеш безагаворачна.
    — Пра аталек забудзься. Мы паклапоцімся, каб табе было як мага горай і каб твае мучэньні працягваліся даўжэй.
    — Во будзе вартая бава!
    — Заслужана!
    — А пакуль будзем усё выразьней паказваць тваю віну, гусьцей і праніклівей насычаць прастору, што цябе атачае, помстай і зьнішчальнымі настроямі.
    Уся гэтая благата вырыгвала брыдоту наўзахапкі, ашалела, і часам зьвяга так распаляла ўдзельнікаў, што яны сашчупляліся між сабой, сьпіраліся і рэзаліся да тамаваньня, забываючыся на яго.
    Ён такія выпадкі скарыстоўваў, засьцерагальнымі думкамі хуценька ствараў вакол сябе абарончы вопрадзень, апрастваўся і ўвобміг выдаляўся. Гэтым разам нічога падобнага не адбывалася.
    Злосьнікі не адхіляліся, не давалі яму збыту і сабе спачыну, узмацняючы свой наступ і лаянку. Клёнкі сыпаліся градам. Сама дападныя нагняталі акропнасьць, бязьлітасна доргалі і каёчылі яго.
    Момантамі ім авалодвалі роспач і жуд, але ён ня быў баязьлівым і ўляклівым. У яго, выцяглага і мужнага, уся гэтая ліхатня ўзбуджала моцны супраціў.
    Ён ніколі ня здраджваў праўдзе, заўсёды імкнуўся жыць пасьціва, з дабром у сэрцы. А калі няўзнак каго і крыўдзіў, дык шчыра выбачаўся, дапамагаў, ужо ня кажучы пра згрызоты сумленьня і каяньне.
    Менавіта з-за такога ягонага іства і адбывалася-паўтаралася гэтая мітрэнга.
    Так, пад час апошняга ўцелаішчаньня, Лявон сапраўды зьбіраўся ўзяць шлюб зь пекнай, зычлівай дзяўчынай, але не да канца разабраўся ў сваіх пачуцьцях да яе. Перад самым вясельлем стрэў Больгу — і ў яго душы ўсё перавярнулася. Ён зразумеў наканаванасьць: лёс доўга вадзіў абодвух па выбоінах жыцьця, кідаў у агонь і ваду, выпрабоўваў, каб нарэшце падараваць ім такое вялікае шчасьце — быць заўсёды разам.