• Часопісы
  • Касьмічныя праекцыі  Мікола Калядны

    Касьмічныя праекцыі

    Мікола Калядны

    16+
    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 424с.
    Мінск 2020
    86.14 МБ
    Сярод усялякага астральнага рызьзя і рухавых, пярэста-празрыстых калматых круглячкоў, што выражалі дзіцячыя настроі-капрызы і лёгка паддаваліся апрацоўцы, трапілася дрыготкае, цёмнага колеру, плазмападобнае стварэньне, якое перапаўнялі жах і боль. Вызначыцца зь ім, суаднесьці яго з чымсьці знаёмым адразу не атрымалася. Гаспадар затрымаўся і паглыбіўся ў гэты вобраз. Адразу паўстала жудасная карціна: немаўля выпускаюць з рук на дол — і яно зазнае балючасьць, вялікае ўнутранае страсеньне. Гэты выпадак залягаў недзе ў падсьвядомасьці і на працягу ўсяго зямнога жыцьця пасылаў сігналы, уплываючы на паводзіны Лявона: боязь усялякіх падзеньняў і скачкоў праследавала яго пастаянна.
    Ён уважліва паглядзеў на стварэньне і, глыбока асэнсоўваючы жудасьць здарэньня і перажытых наступстваў, клапатліва прыцягнуў яго да сябе, даў яму надзейны прытулак у сваіх памарках. Гэтым Лявон запачаткаваў свае доўгае
    вызваленьне ад страху, якое мусіць скончыцца толькі ў апошняй інкарнацыі.
    Такое рашэньне ўсьцешыла нутро, палегчыла пошукі.
    Дадалі ўзьнёслага настрою і наступныя крокі, асабліва тыя, што прыйшліся на вехі жыцьця: першыя ўражаньні ад сьвятла; твары маці і бацькі, якія радасна схіліліся над дзіцём; тлумны і часам надакучлівы гуд атачэньня; хатні лямант і задушлівая трывога; знадворны шум, брэх сабакі, крыкі і смурод жывёлаў; ванітны пах і надакучлівае вуркатаньне машынаў, тэхнікі; суседзі, вяскоўцы, аднагодкі; хвалюючая школа і чароўны лемантар; настаўніца-фея; прыгожы твар суседкі па парце; нянавісьць равесьнікаў і бойка зь імі; хлапечыя адчуваньні і дзіўны эратычны сон; новыя веды і думкі пра сусьвет; дзяўчаты і нясьмелыя заляцаньні; выпускны баль і першы сэксуальны вопыт; унівэрсытэт, навука, свабода і неабдымны акіян пазнаньня; сустрэчы, сябры, краіны, інтэнсіўны тэмп розуму і пачуцьцяў; навуковае асяродзьдзе, загадкі і таямніцы гісторыі, Космасу, адкрыцьці; зайздрасьць і жорсткасьць людзей; роздумы; роспач і перамогі; імкненьне ўвысь і пашырэньне сьвядомасьці; адчуваньне моцы і велічы праўды; вера ў гармонію і дасканаласьць сьвету... — гэтае і многае іншае было перад вачыма ў астральных, знаёма-незнаёмых, звыкла-нязвыклых, варыяцых, стукалася ў душу, сэрца, галаву, патрабавала і знаходзіла разуменьне, прымірэньне.
    I над усім лунаў дух каханьня.
    Лявон глядзеў на свой сьвет і зьдзіўляўся, як яно паўплывала на многія працэсы, перайначыла іх. Сама прыкметнымі былі сьветлавыя эфекты, якія кранулі-зьмянілі навакольле, надалі яму больш фарбаў, адценьняў, яркасьці, глыбей паказалі яго сэнс. Крыху пазьней, назіраючы сьветы іншых астральцаў, Лявон
    убачыў, як аднастайна і змрочна выглядалі некаторыя зь іх без каханьня.
    Зноўку патануўшы ў ім і адчуўшы яго жывільную моц, ён не заўважыў, як узьняўся над сваім хаморным і захламленым краявідам. Зразумеў гэта, толькі калі бязрадна закуляўся ў паветры — і адразу збаяўся вышыні. Але падзеньня не адбылося: нейкая сіла трымала і дапамагала.
    Хвалюючыся і дрыжучы, Лявон стаў ліхаманкава балянсаваць, выбіраць зручны стан. Неўзабаве тое атрымалася — і ён, задаволены, у вертыкальным становішчы, упэўненым глядам акінуў навакольле.
    Верхняя пазіцыя давала поўнае ўяўленьне пра ягоны сьвет, але нічога новага не адкрывала, калі не лічыць вузкай сьветлай аблямоўкі небасхілу, якая зьнізу не была бачная.
    «Што там?» — мільганула думка.
    Нечакана для сябе Лявон страсянуўся і, выгінаючыся ад нязвыклага руху, паляцеў. Інтуітыўна спрабуючы розныя падыходы, ён абраў латвую для палёту форму і натхнёна панёсься.
    Незвычайныя адчуваньні зьведваў нэафіт: яму здавалася, што сьвет пашырэў, адчыніў новыя тайны, узмацніў ягонае іство.
    «Калі лунаеш — спазнаеш і можаш болып», — радасна абагуліў ён першыя ўражаньні і пасьмялеў думкамі.
    Заманулася ўзьняцца вышэй — і ён узьляцеў. Паспрабаваў яшчэ — і атрымалася. Праз колькі разоў ягоны край з вышыні стаў выглядаць ледзь ня выспай сярод змрочна-шэрае бясконцасьці. Выразнасьць страцілася. Зьнікла і аблямоўка — гэта Лявона азадачыла, але толькі на імгненьне: пераважыла імкненьне ўгору. Калі ён распачаў чарговы ўздым — стукнуўся аб нябачную перапону. Спробы абляцець яе нічога не далі: зьверху была нібыта столь.
    Расчараваны экспэрымэнтатар паступова пачаў зьніжацца, хоць гэтага й не жадаў.
    Нанова намалявалася сьветлая палоска — і ён завіс, разгублена пазіраючы наўкола.
    «Калі ўвышыню шляху няма — паляцім ушырыню. Толькі ў які бок?»
    Без ваганьняў паімчаў, куды кінуў першы зірк.
    Колькі ні ляцеў — прынаднае краймо не набліжалася.
    «Калі і тут небасхіл такі ж падманны, як на зямлі, тады няма чаго і спакушацца».
    За гэтай думкай яго торгнула і кінула ўніз.
    Зноўку Лявон апынуўся сярод сваіх завалаў, якія адразу страсянуліся, убачыўшы бацьку.
    «Узрадаваліся новай сустрэчы? Усё спадзеяцеся на ратаваньне? Канешне, гэта — вашае права і мой абавязак. Мы адно без аднаго нікуды...»
    Ад уяўленьня далейшага ачамярэлага мутару яму стала блага.
    «А ці ня рана прыйшла стома?» — аднекуль вынікла незнаёмая інтанацыя.
    «Хто тут?» — насьцярожыўся Лявон.
    «Твая праўда.»
    «Яшчэ адна!» — яхідна заўважыў ён.
    « Я — адзіная!»
    «Ха! Няўжо? А гэта тады што?»
    Лявон нервова паказаў на свой абсяг і пачуў:
    «Гэта — дробная і нікчэмная патуга твайго апошняга ўвасабленьня. Яна — усяго толькі кропля ў тваім касьмічным акіяне, дый тая хутка выпарыцца».
    Такія азначэньні пакрыўдзілі і разьюшылі.
    «Досыць! Нахаба! Ты што — акіян?»— злосна выгукнуў ён.
    «Не. Я тое, што ад яго застаецца», — спакойна і загадкава прагучаў адказ.
    Лявон нічога не разумеў і няўцямна пазіраў навокал, шукаючы сумоўцы. Нікога не было. Унутранае напружаньне нарастала і шукала выйсьця.
    «Мабыць, мяне аблытаў бязум», — трывожыўся ён.
    «Дарма нэрвуесься, — суцяшаў голас, які ішоў зьвіхроў. — 3 глуздам у цябе парадак. А ня ўбачыш ты мяне яшчэ вельмі доўга. Я ня тая праўда, пра якую так шырока і легкадумна плявузгаюць на зямлі, абвалакваючы яе недарэчнымі тлумачэньнямі і найменьнямі, — гэтая бліжэй да мрояў, зману. Я — тая праўда, што залягае на сподзе тваёй, існасьці: як ветрыцца-выпараецца ад павеваў часу і сонечных промняў акіян, адкладваючы на дне каштоўную соль, так вытыхаецца з душы ўсё прайдучае-мінучае, пакідаючы ў ёй крышталікі мудрасьці, дасканаласьці і прыгажосьці, зь якіх утвараецца бясцэнны богадагодны скарб».
    «I што застанецца пасьля майго апошняга жыцьця? Можа, наогул усе мае цяперашнія высілкі марныя і выскваркі ня вартыя?»
    «У сьвеце нішто не дарэмна: усё мае сэнс, які ня кожнаму адкрываецца цалкам. Менавіта адтаго я не адказваю на такія пытаньні. Mary толькі адцеміць, што каханьне, якое ты напаткаў, паспрыяе табе. Працуй — і жаданы плён заўсёды будзе».
    Вось так і на зямлі: жывеш усялякімі думкамі, эмоцыямі, справамі і ня ведаеш — навошта? Па праўдзе, не зусім і мазгуеш над гэтым. Але калі выпадае хвіля-другая для летуценьняў, дык абавязкова вынікае пытаньне пра сэнс жыцьця, пасьля якога звычайна застаецца сум. I ня важна, каго напаткаў роздум — сьлесара, аратага, вучонага, маладога ці старога, — усе блукаюць-блытаюцца і ня маюць пэўнага адказу.
    Канешне, кожны прапануе-абгрунтоўвае свой пункт гледжаньня.
    Колькі іх было за ўсю гісторыю існаваньня чалавецтва?! Безьліч! Беспамылкова можна сказаць, што ўсе яны насілі прызямлёны, прыватны характар, бо ніводзін зь іх не авалодаў галовамі людзей назаўжды і ня вызначыў магістральнага шляху разьвіцьця ад пачатку і да скону сьвету. Інакш гісторыя мела б зусім іншы выгляд, не была б такой выкручастай, выбоістай, жорсткай, а пра белыя плямы ды лакуны і гаворкі не існавала б. Паэтапныя ідэі.
    якімі засланая дарога многіх пакаленьняў і якія то нараджаюцца, то паміраюць, толькі пацьвярджаюць выснаў пра іх зямное паходжаньне і абмежаваныя, дастасоўныя мажлівасьці.
    Лявон прытармазіў і крыху збочыў у разважаньнях, прыцягнуўшы іншыя акалічнасьці.
    Складнасьць гэтага меркаваньня губляецца, калі ўлічыць уплыў пазазямных і тагасьветных сілаў. Яны, безумоўна, разумней за людзей, можа, нават стварылі і вядуць-апякуюць іх, маюць нейкія далёкія мэты і, каб не зьнявечыць ды не пашкодзіць свой твор, час ад часу робяць карэктывы-зьмяненьні, парцыённа падтрымліваюць ідэямі, пашыраюць сьвядомасьць... Але пры гэтым адчагосьці — Лявон ня мог без свайго канька! — хітруюць-падманваюць, маскуючы альбо зусім хаваючы галоўны сэнс, замест таго каб расчыніцца, прасьвятліць і ўзбагаціць дух чалавека.
    Асабліва гэта бачна адсюль, з астральнага сьвету.
    Сьлепата, глухата і невуцтва чалавецтва ўражваюць. Вельмі рэдка яно зьвярае-ўзгадняе свае крокі з Космасам. А калі робіць гэта, то з падазронасьцю, страхам і нават — нянавісьцю. Дзіўна, але такое становішча задавальняе гэтыя сілы — і яны працягваюць свае жорсткія досьледы (а як яшчэ назваць іх таемную дзейнасьць?), не зважаючы на зямныя пакуты — як можна пераканацца, абавязковую ўмову ўсіх мінулых і будучых экспэрымэнтаў над людзьмі.
    Лявон задаволіўся, што знайшоў у астрале дадатковыя доказы слушнасьці ды трапнасці сваіх колішніх высноваў, і дадаў важкіх аргументаў да цяперашніх абагульненьняў: вонкавыя сілы маюць немалы інтарэс да Зямлі і, перакананыя ў недасканаласьці чалавека, нагарадзілі шмат бар'ераў на яго шляху ў Сусьвет; асаблівае значэньне, зусім не дасьледава-
    нае, таксама маюць нябачныя цывілізацыі зь іншых вымярэньняў, якіх на зямной апуцы шмат. Увогуле лёс плянэты залежыць ня толькі ад homo sapiens — і гэта трэба засвоіць кожнаму сьвядомаму.
    «Новы Ёў7 зьявіўся!»
    Лявон зноўку скалануўся: незвычайны голас прагучаў зьнянацку, нібыта з усіх бакоў адразу, а можа, нават і ў галаве.
    «Яшчэ нехта прычапіўся! — мільганула думка, і ён хвацкі крутнуўся, але, як і раней, нікога не знайшоў. — Так, тут галасы жывуць самі па сабе, бяз формы і выгляду».
    «Колькі іх было! А колькі будзе!.. Канца і меры няма!»
    «Хто вы ўсе такія?» маючы сумнеў наконт няпрошаных гасьцей, Лявон усё хацеў дазнацца праўды.
    «Вось што значыць даць нядбалым розум, — працягваў нябачнік, не зважаючы на яго паводзіны, — замест працы яны разважаюць над сэнсам жыцьця, прымітыўна мудруюць і ніяк ня могуць даўмецца, што ён вынікае менавіта з працы».
    7 Кніга Ёва.
    «Мяне ня чуюць. Грэбуюць. Затое як рэзанёрнічаюць!» «Кожны зь іх упэўнены: іменна ён валодае ключамі ад праўды і асобным каналам сувязі з Богам, а Той толькі тое і робіць, што клапоціцца выключна пра яго. Сьмешная заблудзь і недарэчнасьць! Сонца ходзіць па нябесным коле, сьвеціць усім аднолькава і пра нейкую там травінку зусім ня ведае. Гэтаксама і Бог. Затое сістэма, створаная Ім, пільна сочыць за кожным і нікога не пакідае без увагі. Вось да яе і трэба зьвяртацца-апеляваць усялякаму стварэньню — колькі прыкметаў, азнакаў, сымболяў, падказкаў, тлумачэньняў давалася і зараз параскідана вакол пра гэта! Бяры і карыстайся! А няўклюды, хоць і глядзяць на іх, ня бачаць ды выдумляюць глупствы».