Касьмічныя праекцыі
Мікола Калядны
16+
Выдавец: Галіяфы
Памер: 424с.
Мінск 2020
Але тут ён знаходзіўся нядоўга. Зь небыцьця выявіўся сярэднявечны замак і баль у ім. Прыгажуня-прынцэса (як потым зразумеў Лявон — Вальціся) прыдзірліва выбірала сабе пару. На Лявона і незнаёмца яна паглядзела толькі мімаходзь, а вочы спыніла на нейкім панадным герцагу, зь якім пасьля танцу выйшла з залы.
Наступнае відовішча таксама ўразіла Лявона. Яно было з будучага. Лявон мілаваўся з тою, ад якой зьбег напярэдадні вясельля да каханай Волькі, а гэтая ў дадзеным нараджэньні доўга і нудна прыглядалася да жаніхоў, ды толькі нікога не знайшла і засталася адна.
Усе прыклады зямнога жыцьця нагадвалі маляўнічае аб'ёмнае відэа і давалі дастатковае ўяўленьне аб рэінкарнацыі, але нічога новага Лявону не адкрывалі: ягоны сьвет мог прадэманстраваць і не такое. Ён дзёрзка выпаліў:
— Ну, і што?
«Атрымліваецца, табе, воталапень, гэтага мала. Колькі ж тысячаў зямных гадоў ты будзеш корпацца ў сваім друхле, пакуль да цябе дойдзе сэнс!? Ты гэта шалопаеш?»
— He твая справа, — працягваў грубіяніць Лявон. — Пакінь мяне.
«Не, проста так я не адчаплюся. Я — твой Кіроўца і буду выхоўваць-прасьвятляць цябе далей. Гэта — астрал, і ты, ялдон, павінен па-сапраўднаму зьведаць яго хараство. У гэтым дапамогуць і тваё поле, і касьмічная памяць, да якой ты не зьвяртаесься з-за свайго каханьня. Ха-ха-ха! Ну, нічога, зараз мы гэта выправім».
У галаве нешта клацнула, і шматлікія ўвасабленьні Лявона паплылі чарадою. Спачатку было нават цікава бачыць, кім тольма ён ня быў, у каго толькі не пераўтвараўся на доўгім шляху жыцьця. Цяжка было вызначыць, па якіх законах адбываецца трансфармацыя і хто кіруе гэтым працэсам. Здавалася, усё здараецца неяк само сабой і часам выпадкова.
«Во, хаўбень! У Космасе ўсё ўпарадкавана і вынікае адно з аднаго. Нават я, калі ты і надалей будзеш такім глумным, з-за цябе атрымаю кармічную пстрычку. Так што май на ўвазе: мы з табой злучаныя. Якім чынам? Спадзяюся, да цябе гэта дойдзе».
Потым успаміны надакучылі. Чамусьці не спадабаліся гаротныя жаночыя ролі, двухполыя інкарнацыі. Лявону зрабілася непрыемна і моташна, калі ён убачыў, што вельмі часта жыў без каханьня, любаблуднічаў, быў жо-
рсткім, несправядлівым, хлусьлівым і з-за гэтага атрымліваў у якасьці пакараньня ніжэйшы ўзровень разьвіцьця, горшы лёс. Тады пакуты ўзмацняліся і сьведам'е перакручвалася — гэта было балюча. Адзін раз нават кіраваў нейкай краінай і наламаў столькі дроў, што наступнае зыходжаньне ў пласт адбываў як вар'ят.
— Досыць! — крыкнуў ён. — Калі скончацца гэтыя зьдзекі? «Як толькі ты паразумнееш».
— Няўжо я такі дурны?
«Цябе не пакідае чалавек. Зямная істота зь цябе так і прэ. Можна праісначацца сотні разоў, але калі ня ўцеець, што Верд — тольма частка Космасу, да таго ж не сама лепшая для станаўленьня, то душа рызыкуе апынуцца ў вечным палоне прымітыўных ілюзій».
— Ты мяне зьдзіўляеш. На Зямлі амаль усе лічаць сваю плянэту абранай і сама ўдалай для жыцьця. Нават многія геніі, а яны пацалаваныя Богам і валодаюць ключамі ад Праўды, — прыхільнікі такое думкі.
«Гэта — вялікая аблуднасьць. На фізычнай Зямлі пануе мноства памылковасьцяў, заблудзяў наконт ролі плянэты ў Сусьвеце, значэньня некаторых паняткаў. Дамінантная ілюзія — трымайся, інакш ты гэтага можаш ня вынесьці — кахачьне, у шырокім сэнсе — любоў».
Лявона страсянула і стала быццам расчапляць на кавалачкі, ад эмоцыяў этэр закалыхаўся і запярэсьціўся. Толькі думка пра магчымы зман вярнула яго ў звычайны стан.
— Мне казалі, што будуць вадзіць за нос, пасыпаць глупствамі, каб спакусіць і адвесьці ад правільнага шляху, але на такую недарэчнасьць я не разьлічваў.
«А я на іншую рэакцыю. Дзякуй Богу, ты здолеў падумаць — гэта дае нам шанц».
— Для чаго?
«Тое, што ты мысьлюеш у крытычных абставінах, спрыяе табе шпарчэй ісьці па лесьвіцы духу».
— Зноў нейкая бязглузьдзіца і, мабыць, пастка.
«Так, адразу цябе не адукуеш: могуць быць эксцэсы. Трэба спакваля. Уважліва слухай. Тое, што я распавяду, не даецца нават вашым геніям».
Пакуль ішла навука, у Вердзе прайшло шмат часу. Кіровец, каб не перарываць сваю справу, гасіў некаторыя сігналы, якія ішлі адтуль, адтаго Лявон ня ведаў, што адбываецца з Вольгай.
Але ў нейкі момант апеклы ўсё адно адчуў гаротную жаночую хвалю, якую Кіровец, не жадаючы канчатковага разладу ўлюбёных і ўлічваючы далёкія мэты, спэцыяльна прапусьціў і паўбіраў ад яе перашкоды.
Лявон махнуў рукой на павучальную прамову Настаўніка і паімчаў да сваёй суджанкі.
Яна была дома, у роспачы кідалася ў розныя бакі, ненатуральна заломліваючы рукі. Тут жа знаходзіўся незнаёмец, які прызнаваўся ёй у каханьні, угаворваў паняцца, абяцаў вялікае шчасьце ад сумеснага жыцьця. На канапе сядзеў сын, панура апусьціўшы галаву. Толькі цяпер Лявон заўважыў, як ён падрос, памужнеў дый наогул, як зьмянілася Вольця і якім зроччам выглядаў незнаёмец. Сапраўды, на зямлі прайшло некалькі гадоў, пакуль яны зь Кіроўцам прымяраліся адзін да аднаго і перабіралі касьмічны лёс Лявона, а яму здавалася, што праляцела некалькі імгненьняў. Між іншым ён падумаў: вось што значыць Час — магутны ўладар Сусьвету.
Вакол кружлялі розныя астральныя сутнасьці, і кожная настойліва навязвала сябе, імкнучыся астатніх адпіхнуць ды зганіць, адтаго ў хаце панавала атмасфэра ўсхваляванасьці, супярэчнасьці, незразумеласьці. Ніякай згодай тут і ня тхнула.
Людзі, як звычайна, не заўважалі іх і былі ўпэўненыя, што выказваюць свае ўласныя думкі і адчуваньні. Лявон ужо добра ведаў гэтыя міжпластавыя стасункі і дужа злаваў, калі ўсялякае нябачнае паскудзьдзе ўмешвалася ў справы людзей і шкодзіла ім. Як мог, ён стаў разганяць гэтую набрыдзь, якой такі падыход не спадабаўся. Але яна ўсё-такі стала расьсейвацца. Нейкае суцяшэньне Лявону гэта прынесла. Ён назіраў, як Воля, нягледзячы на тое, што незнаёмец усё ж неяк займае яе, выказала яму сваю поўную адмову, япічэ раз у голас заявіла пра каханьне да Лявона і абняла ўзрадаванага сына. 3 астралу было бачна, зь якім цудоўным настроем трапеча пры гэтым яе душа, і Лявона таксама закалаціла ад шчасьця.
Вярнуўшыся ў свой сьвет, ён адчуў, што той зьмяніўся. Якім чынам? Разьбірацца ня стаў, бо яго апаноўвала зачысьць, а думкі былі лёгкімі, сьветлымі, чыстымі, свабоднымі. Душа прагла палёту. Але не ляцела, і этэрныя галасы адсутнічалі. Значыць, так трэба. Ягонае іство павінна заняцца чымсьці іншым. Чым? Адразу за пытаньнем зьявілася неабходнасьць даведацца пра далейшы лёс Вольгі. Ці магчыма гэта? Безумоўна. Яна злучана зь ім такімі трывалымі ніткамі, што паўстае як ягоная істасьць. Пры жаданьні ён можа зьведаць яе ўсю. He, хапіў залішне. Лявон пра сябе ня ўсё знае, а тут іншая істота... I ўсё-такі яна бліжэй да яго, чым хтосьці. Трэба паспрабаваць.
Ён уключыў усе свае думкі пра Вольку. Адразу зьявіліся адпаведныя пачуцьці, за якімі паплылі адзін за адным яе сьветлыя вобразы. Яму было прыемна іх назіраць і любавацца імі. Мінулае, сапраўднае, прышлае стужкай круцілася перад вачыма і адпавядала сама лепшым марам пра любку. Неверагодная поцяга авалодала Лявонам, ён узьюрыўся і пажадаў яе, як некалі ў матэрыяльным сьвеце.
Нечакана кадры сталі смутнець, аж пакуль не пацямнелі зусім, і на іх нічога нельга было разглядзець. Потым відовішча наогул прапала. Гэта магло азначаць толькі тое, што зямны плян сьцёрся, а чалавек пасьля працяглай хваробы памёр. Лявона адразу торгнула: што адбылося з Вольгай і калі? Ці стрэнуцца яны ў астрале?
Ен перапыніў сваё падарожжа па касьмічных абшарах і ўсхацеў дазнацца, што будзе далей. Толькі, як ні стараўся, веды не паступалі і ніякіх сігналаў наконт лёсу не было. Гэтак адбывалася заўсёды, калі чалавекам, у дадзеным выпадку — астральцам, ушчыльную займаўся нехта зь іншага вымярэньня. На Зямлі звыкла лічаць, што «чалавек — каваль свайго шчасьця». Дудкі! Чарговая прывіднасьць. Як вырашаць звыш, так і будзе.
Раптоўна зьявілася невядомая сіла і літаральна яго пацягнула, затым падкінула і птушма кудысьці накіравала. Лявон дзіваваў сваёй гатовасьці падпарадкоўвацца, ды менавіта так, як таго патрабуюць. Адчуваючы прыемны палёт, ён нават паіранізаваў:
— Ну, вось, кавалі пагналі па шчасьце.
Наперадзе намаляваўся прыгожы квяцісты луг — Нулявая Сфэра. Яе Лявон зьведваў неаднойчы, але ніколі гэтага ня помніў. He таму, што быў няпамятлівы (тут у яго ўсё ішло на выдатна), а з-за таго, што сенажаць адымала памяць у наведвальнікаў дзеля захаваньня касьмічнае тайны. Якой? Яна была дужа шчасьлівай, неверагодна ўзбагачала касьмічную радасьць — і такую яе асаблівасьць стваральнікі не жадалі раскідваць па галовах недасканалых, якія з прычыны сваёй заганнай уроды маглі ёй нашкодзіць. А гэтых хапала — увесь матэрыяльны сьвет.
Так, кожнае разумнае фізычнае стварэньне, незалежна ад пласту, праходзіла цераз луг, то бок атрымлівала нараджэньне
і крочыла далей па інкарнацыі. Яно, як толькі наступала пара, наведвала гэты запаветны поплаў і знаходзіла бацькоў. A іх тут было відзьма-нявідзьма, ці тое астральных праекцыяў тых, хто ў розных вымярэньнях займаўся сэксам. Душа, каб увасобіцца, трапляла ў гэты жужалож, прыглядалася да юрліўцаў, выбірала — і адбываўся засьнітак.
Лявон усё гэта зразумеў адразу, але лучыцца да абраньнікаў ня меў поцягі. Яму сьмешна стала ад зямнога ўстойлівага выразу — «бацькоў не выбіраюць». Глупства! Выбіраюць! Ды яшчэ як! Праўда, адбываецца ўсё гэта па законах. На каго хоця душа ня можа прэтэндаваць. Дастаецца толькі тое кола мілосьнікаў, якія ўнутрана адпавядаюць ёй і да якіх сама яна пасьпела. Ёсьць такія высокадухоўныя асобы, што ім дазволена карыстацца ўсімі на лузе, і тыя, каму даецца толькі адна жадлівая пара.
Лявон стаў сьведкам таго, як адны астральцы былі задаволеныя выбарам, весяліліся, а другія маркоціліся, плакалі і прасілі ў Бога іншай долі. Але ніякія літаньні не дапамагалі.
«Ну, вось надышоў і твой час».
— Я пакуль не жадаю нараджацца. Буду чакаць Вольгу.
«Дурасьць. Табе трэба зьведаць тое, пра што я пачаў гаварыць. У выяўлены сьвет ты пойдзеш зараз. На жаль, выбар у цябе невялікі. Так трэба, хоць ты заслугоўваеш і большага».
Жыцьцё трымаецца на пытаньнях. Чым больш на іх адказаў атрымлівае істота, тым вышэй яе духоўнае ўзыходжаньне. Дзеля гэтага адбываецца рэінкарнацыя, нараджэньне. Колькі б ні працягваўся касьмічны рух, апошняе слова за Богам.