Касьмічныя праекцыі
Мікола Калядны
16+
Выдавец: Галіяфы
Памер: 424с.
Мінск 2020
«Паўсюль адна і тая ж крутня-мутня! Няхай на зямлі ім цяжка жыць у целе і яны яго амаль не скарыстоўваюць, а ў астрале ўжо маглі б набыць хоць якое тонкае аблічча... He, і тут важнічаюць, фанабэрацца! Усё пад покрывам, затуленьнем...»
«Нават трапляючы сюды, дзе ўсё празрысьцей і ясьней, і пазнаючы многія сусьветныя тайбы, яны ўсё адно застаюцца ў палоне ранейшых памылкаў і забабонаў, сягаюць помаракамі не туды. Як вось гэтая прастадушная істота, якая не кумекае, што мудрасьць пачынаецца са страху Гасподняга, а не з таго, каб паказаць Нябёсам свае кулачкі».
«Добра, што хоць размаўляюць — у фізычным сьвеце такога няма. Там загадкава і пагражальна маўчаць, не давяраючы людзям і ўспрымаючы іх як ворагаў альбо турзаючы рознымі мукамі як паддосьледных. Пры гэтым самі чакаюць ад іх любові. Дзівакі: скуль ёй узяцца?»
«Яны дайшлі да дзёрзкасьці і сапраўды лічаць, што могуць апрастацца, выслабаніцца, быць з намі нароўні. Пацеха!.. Доўга мы зь імі цацкаемся, усё шкадуем, песьцім, спадзяемся...»
— Лявон! Што з табой?
Шквал эмоцыяў абрынуўся на яго — і нянаджана перад ім узьнікла сястра. Узбуджаная, спалоханая, яна стала літаральна трэсьці брата.
Ён нічога не разумеў і толькі трымцеў.
— Бачыў бы ты сябе збоку! Разьлезлы бясформавы студзень! — працягвала тармасіць Алена.
Хутка Лявон ачомаўся і памкнуўся нешта ўспомніць. Але не атрымлівалася.
— Нядзіўна! Такое можна тварыць толькі ў бесьсьвядомым стане, — супакойвала сястра.
— He, да мяне вяртаецца... Нейкі голас, нібыта этэрны...
Гучыць звонку, здаля, пакрысе набліжаецца і...
Лявон ускрыкнуў і нанава закалаціўся.
Алена торапка абхапіла яго добразычлівымі думкамі, стварыўшы наўкруг своеасаблівы засьцерагальна-гаючы кокан.
— Зараз будзе ня так цяготна, — супакойвала яна, дадаючы гарачых пачуцьцяў. — Я зразумела, штпо цябе напаткала... Ты трапіў пад узьдзеяньне Кіроўцаў.
— А я думаў — багоў.
— Гэта тое ж самае.
— Значыць, тут зь імі можна зносіцца?
— Лепей гэтага пазьбягаць, хоць яны і любяць усялякія цудатворствы з нашым удзелам — толькі ў нас ад іх марока.
— Я чуў чыйсьці голас...
— Але на твой ніхто не рэагаваў.
— Адчаго?.. Хоць пачакай, мне вядомы адказ: я — недасканалы, ніжэйшага ўзроўню і не заслугоўваю іхняе ўвагі.
— Ня толькі з-за гэтага.
— 3-за індывідуальных якасьцяў?
— I гэта не асноўнае.
— Тады што?
— Ты кемлівы і празь нейкі час спасьцігнеш усё сам. Але з улікам таго, што зараз для цябе многае ў навіну, я ўсё ж такі сёе-тое распавяду, каб надалей ты быў асьцярожным. Маё тлумачэньне гэтых працэсаў можа паказацца табе недастатковым, спрошчаным — прабач, бо я ніколі не цікавілася Космасам, мэтафізыкай, а тут вось даводзіцца ўнікаць.
Алена кіўнула-ўсьміхнулася Лявону і прадоўжыла.
— Дык вось, матэрыяльны сьвет, у якім мы існавалі дасюль, наклаў сваё адбіцьцё на нашую сьвядомасьць і ўбіў у галаву, што ўсё ў Космасе тыповае, падобнае. Калі ж трапляем сюды, у астрал, сутыкаемся зь іншымі прынцыпамі існаваньня — уяўленьні зьмяняюцца. Як вынік — псыхічнае ўзрушэньне, замарачэньне. У кожнага гэта адбываецца па-свойму. Агульнае адно: сьведам'е скалынаецца, губляе цэласьць і быццам бы раскідвае нашую істасьць. у такія моманты мы выразна адчуваем прысутнасьць іншасьці, звычайна бліжэйшай, якая добра нас ведае. Яна нічога дрэннага нам ня робіць. Наадварот, дапамагае і нахлашч адчыняе дзьверы ў тонкі сьвет, але яе ўладная моц і жорсткасьць адчувальна б'юць па нашай ганарыстасьці, раняць нас, кавенчаць... Потым мы звыкаемся, пачынаем адэкватна ўспрымаць навакольнае асяродзьдзе, і нас ужо не зьдзіўляюць розныя галасы ды выявы іншасьці. Усё гэта лягчэй пераносіць, калі побач знаходзіцца блізкі, астралец або чалавек.
Алена яшчэ доўга разважала пра асаблівасьці новага сьветаўспрыманьня, свой шлях спазнаньня, шкадавала, што многае прыйшло позна — і гэта запаволіла яе рух...
Лявон спагадліва слухаў, падбадзёрваў Алену, абяцаў дапамагаць, бо ягонае разьвіцьцё на гэтым напрамку было значна шырэй і глыбей, а ў думках ужо даўно быў з «блізкім чалавекам», пра якога, сама таго ня ведаючы, нагадала сястра.
Адчаго на помач першай прыйшла Алена, а ня Вольга?
Няўжо любоў мацней за каханьне?
А мо такое каханьне?
Наогул, што ёсьць любоў і каханьне?
Ніколі гэтыя пытаньні так шчыльна не падступалі да Лявона і не трывожылі яго. Што такое?
Непадалёку як бы ў нерашучасьці калыхаўся вобраз мілосьніцы: ён то набліжаўся, то падаляўся, выяўляючы розныя настроі.
Лявон парываўся насустрач, жадаючы іх распазнаць, прачуць, адгукнуцца, але нешта перашкаджала, спараджаючы рой нявартых думак, якія выклікалі раздражненьне і злосьць.
Ужо ведаючы, да чаго гэта можа прывесьці, ён сілаю волі пераключыўся на іншую хвалю — і ў чыстым сьвятле ўбачыў сваю каханую.
Яна была ў гарадзкім садзе, павольна ішла сьцежкаю.
Веснавое сонца лашчыла маладую зеляніну, песьціла першыя кветкі, узбуджаючы ўва ўсім радасьць і надзею.
Вольга, хоць і ўспрымала гэтае хараство, была сумнай.
Ужо колькі часу яе не пакідала тая трагедыя: яна смугою вісела ўнутры і ўсім думкам, пачуцьцям надавала невыразнае, сутонлівае адценьне. Сьвятлей станавілася, калі захапляў нейкі занятак, клопат, адцягвалі будзённыя справы і займалі шчырай увагай людзі, калі побач шчабятаў сын, які ўжо хадзіў у школу і цешыў посьпехамі, то сьмехам, то паваротам галавы, то зіркам блакітных вачэй усё болын нагадваючы Лявона...
Калі ж здаралася адзінота — насоўвалася памрока, скажаўся сьвет. У гэтых умовах Вольга адчувала толькі горыч ды невыносную тугу. Яе катавалі ўспаміны. Ёй здавалася, што самота існавала менавіта для таго, каб выварочваць нутро і дэманстраваць яго напаказ усяму Сусьвету — маўляў, глядзіце, як і ад чаго пакутуе душа! — то бок была своеасаблівай споведзьдзю перад Нябёсамі, калі атуляў страх Гасподні і ўва ўвесь голас пачынала гаварыць сумленьне.
Дзіўна, але, нягледзячы на ўсе мучэньні, Вольга аднойчы зразумела, што ня можа абыходзіцца без адзіноты, безь яе ўтульнасьці, цеплыні, шчырасьці, а галоўнае — без цудоўных энэргетычных зносінаў зь Лявонам, якія пакрысе выцясьнялі з памяці скруху.
Лагодны ветрык крануў твар, варухнуў валасы — і Вольга адчула знаёмы прыемны подых. Яна падняла вочы і ўсьміхнулася: перад ёю быў невялічкі гушчар, у якім хаваліся, тулячыся адно да аднаго, клён і бярозка. У засені гэтых дрэваў Лявон і Вольга любілі адпачываць, марыць, мілавацца.
Вольга пяшчотна пагладзіла маладую кару — і яе захліснула шчымота. Дрыготкі імпульс пабег па руцэ, усяму целу, абласьціў грудзі, казытнуў сэрца. Ад зачысьці страпянуліся пачуцьці, абудзілася жаданьне. Яна млява ўздыхнула, заплюшчыла вочы — і ўбачыла сябе ў абдымках Лявона.
Ён цалаваў яе, гаварыў п'янлівыя кунежныя словы, ад якіх кружылася галава...
— Вам дрэнна, спадарыня?
Незнаёмы голас абудзіў, вярнуў да рэальнасьці. Вольга схамянулася, адхіснулася ад дрэва, да якога ў замарачэньні тулілася, і павярнула галаву.
Побач стаяў малады мужчына і занепакоена пазіраў на яе.
— He, усё нармальна.
Атросшы мрою, яна сабралася і пайшла.
— Прабачце, але я вас усё-такі правяду, — настойліва прамовіў мужчына і пакрочыў поплеч.
Па-ранейшаму маркотная і ўнураная, Вольга не адказала.
Вецер-свавольнік ірвануў крысо яе паліто.
Адчайным віхарам пранёсься Лявон над сваімі ўладаньнямі, крышачы і зьнявечваючы ўсё, што траплялася на шляху. Многія аб'екты, у тым ліку і тыя, зь якімі ён кармічна разабраўся, набылі выродлівы і агідны выгляд. Беспарадку стала больш. Аднак гаспадар не зьвяртаў на гэта yeari і працягваў глум, тым болып што ні абмежаваньняў, ні забароны на волю не было.
Але ўсё, і свабода таксама, рана ці позна заканчваецца, асабліва калі вычэрпваецца неабходнае шышланьне — можа, такое і адбылося б, толькі да гэтага справа не дайшла, бо Лявон зноўку пачуў этэр:
«Лепш гэта рабіць агнём. Тады наогул нічога не застаецца, акрамя попелу ўспамінаў».
Яго гэта спыніла і разьятрыла, і ён панасердзю кінуў невідзімцы:
«А дзе мне яго ўзяць? У гэтым друзе запалак няма».
«Трэба было перад сьмерцю пакласьці ў кішэнь. Ха-ха-ха!»
«Каб ты спрогся, дарадчык хрэнавы!» — Лявон канчаткова разьюшыўся і ня стрымліваў сябе.
«Які кіпень эмоцыяў! Ды ў цябе ўвесь глузд выпарыўся — і без дадатковых высілкаў! Ну і унікум! Сапраўдны жыхар астралу! Вось што значыць каханьне! Пабольш бы такіх».
Найзыркі пошуг сьвятла неўспадзеўкі асьляпіў Лявона — і ён адчуў, як ліюцца неверагодныя гукі, пахі, жарсьці, як яго працінаюць зьвінячыя промні і ўнутры ўзьнікае дзіўная супярэчнасьць: усё іство, дагэтуль мелае форму і суцэльнасьць, выяўляе сваю ілюзорнасьць ды нетрывульнасьць, дзеліцца-распадаецца на драбнюткія часьцінкі, якія захоплівае і нясе касьмічны вецер. Лявон прысутнічае ў кожным гэтым мікраскапічным аскепку і бачыць сябе ў небывалым мностве.
Зь неверагоднай хуткасьцю мільгацяць-зьмяняюцца знаёмыя і незнаёмыя вобразы, што ўвасабляюць розныя пачуцьці, — яны імгненна растаюць і пакідаюць пасьля сябе рознакаляровыя іскрынкі, якія таксама падпарадкоўвае вецер.
Увесь гэты працэс, хоць і нагадвае роіла, уражвае ўпарадкаванасьцю: кожны суб'ект імчыць толькі яму вызначаным шляхам, шукае-знаходзіць сабе падобных і зьліваецца зь імі — такім чынам фармуюцца эмацыйныя зоркі, галактыкі, якія ў злучве складаюць вялізманны Сусьвет пачуцьцяў.
Палымянае жаданьне патануць і цалкам растварыцца ў гэтым чарадзействе ўсё ўзрастае... Але раптам здалёк даносіцца малітоўны голас — і сьведам'е вяртаецда.
Зіготкай маланкай усё ляціць назад...
«Ня кожнаму выпадае мажлівасьць зьведаць над цудам Цуд — Абсалютны Астрал — і застацца ў Ім. Многія вушлыя ёлупні палічылі б такі шанец за вялікае шчасьце. А гэты...»
Невядомая сіла пляснула яго аб земку — і ён застагнаў ад болю. Адчуваньні былі такія ж, як у дзяцінстве, калі ўпаў з гарышча.
Лявон расплюшчыў вочы і ўбачыў над сабою цёмнае неба.
Думкі ўспырхнулі, як ад сполаху птушкі.
«Што са мной? Дзе я? Чаго так блага?»
Паспрабаваў паварушыцца — не атрымалася: цела было проста ў цісках.
«Нешта вылучнае адбываецца... Зноўку багі... Я расчапляюся... і нанава зьбіраюся... Толькі ў іншай выяве... Няспынны вар'яцкі палёт!.. I вось цяперашні стан...»
Намаганьнем волі ён прыўзьняў галаву — і жахнуўся: замест цела быў шчарбаты валун.