• Газеты, часопісы і г.д.
  • Касьмічныя праекцыі  Мікола Калядны

    Касьмічныя праекцыі

    Мікола Калядны

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 424с.
    Мінск 2020
    86.14 МБ
    ТАНЯ: Ха-ха-ха! (Зьедліва) Віншую, абраныя! А чаму ж так сьціпла: сетка. Сьмялей: краты! А мыўсе — добраахвотнікі! Мазахісты! Во відовішча! Адзін аднаго, па-садысцку, балюча, зьдзекліва, каб аргазм з усіх шчылінаў сьвістаў! У воргіях, у радасьці трэба канчаць... жыцьцё!..
    МАЦЬВЕЙ: Заткніся, сучка! У цябе адно ў галаве. Піліп не прарок. Усё можа быць зусім па-іншаму. Такія выдатныя ўмовы ствараюцца не для сьмерці, а для жыцьця.
    ПІЛІП: Чыйго?..
    Нечакана ПІЛІП войкнуў, схапіўся за сэрца і павольна ўпаў. Усе кінуліся да яго, замітусіліся.
    АЛЁНА: Таня, лекі!
    МАЦЬВЕЙ: Ён у непрытомнасьці.
    ЦІМОХ: Дыхае?
    АЛЁНА: Пульсу няма.
    ТАНЯ: Памёр?
    Усе сьцішыліся, засумавалі.
    МАЦЬВЕЙ: А чаму не было грому?
    ТАНЯ: Сапраўды.
    АЛЁНА: Дык ён жа яшчэ тут.
    МАЦЬВЕЙ: Гэта ж усяго толькі цела.
    ЦІМОХ: Душа яго пакуль з намі.
    МАЦЬВЕЙ: А калі яна выйдзе?
    ЦІМОХ: Калі захоча.
    АЛЁНА: Яго трэба пахаваць.
    ТАНЯ: Дзе?
    МАЦЬВЕЙ: Я думаю, што ў вежы будзе няправільна.
    ЦІМОХ: Яго неабходна вынесьці.
    ТАНЯ: (у непаразуменьні) Узяць і вось так выкінуць за дзьверы?
    МАЦЬВЕЙ: А што рабіць, халера ясная? Ён хутка пачне сьмярдзець.
    ТАНЯ: Як быццам толькі ён.
    МАЦЬВЕЙ: Гэта ты пра сябе?
    АЛЁНА: Ды хопіць вам! Знайшлі час.
    МАЦЬВЕЙ: Давайце хоць памолімся за нябожчыка.
    Запальваюць зьнічкі і ладзяць штосьці накшталт хаўтураў. Усе разам бяруць цела ПІЛІПА, падносяць яго да дзьвярэй і асьцярожна высоўваюць вонкі. Але грымотаў няма. Усе зьдзіўленыя.
    МАЦЬВЕЙ: Ня можа быць!
    ТАНЯ: Загадкава.
    ЦІМОХ: Ён у вежы!
    АЛЁНА: Дзьверы прымаюць толькі жывых.
    ЦІМОХ: Далей — цяжэй.
    МАЦЬВЕЙ: Прыемнага мала.
    У паветры зазіхацеў надпіс «НЯМА Руху».
    МАЦЬВЕЙ: (злосна ўверх) Досыць распараджацца! Надакучыла! Самі разьбярэмся!
    ТАНЯ: Ужо са зданямі пачынаем ваяваць.
    МАЦЬВЕЙ: Я не гуляю ў хованкі і паважаю бачных герояў.
    АЛЁНА: (глядзіць на вокны, дзьверы) А тут невідзімак нямашака. Зірніце: колькі зацікаўленых і спагадлівых твараў. Яны хочуць нам дапамагчы і клічуць да сябе. А ля дзьвярэй Піліп стаіць! Мы яго выправілі, а ён вярнуўся і ніколькі на нас не сярдуе. Усьміхаецца і таксама махае рукою.
    МАЦЬВЕЙ, ТАНЯ, ЦІМОХ нікога не заўважаюць.
    ТАНЯ: Алёна, акрамя нас тут нікога няма.
    МАЦЬВЕЙ: Вось і яна ня вытрымала, нарэшце здалася.
    АЛЁНА: Вас вежа зусім даканала, і вы асьлеплі. Цімошка, ты сама відушчы, паглядзі ўважлівей: колькі людзей!
    ЦІМОХ: (незадаволена) Я іх ня бачу.
    АЛЁНА: Значыць, гэта тычыцца толькі мяне... Піліп кажа, што яго аднаго за дзьвярамі не прымаюць. Трэба, каб хтонебудзь правёў. Я пайду. Так будзе лепей.
    ТАНЯ: Алёна, спыніся!
    АЛЁНА зьнікае ў чорным праёме дзьвярэй. Двойчы аглушальна ляскае пярун. Нейкі час пануе маўчаньне.
    МАЦЬВЕЙ: Ці зразумелі вы хоць штосьці? Чаго нічога не зьмяняецца? Столькі жыцьцяў аддадзена — і ўсё па-ранейшаму!
    ТАНЯ: Ад пераменаў галава трашчыць, а ён: па-ранейшаму! Няўжо нябачна? А-а, ты, мабыць, чакаеш чагосьці іншага, для сябе?
    МАЦЬВЕЙ: Безумоўна, а зрухаў у гэтым напрамку няма.
    ТАНЯ: (наўмысна загадкава) А ты глядзі ўважлівей.
    МАЦЬВЕЙ: Куды?
    ТАНЯ: На мяне. Зьведаеш жанчыну — авалодаеш сьветам. (Выконвае эратычны танец.)
    МАЦЬВЕЙ: Пайшла прэч, зараза! Ведаю я твае хітрыкі.
    ТАНЯ: Страшна? А ты думаў: быць уладаром проста? Для гэтага трэба мець асаблівы дух і моц. Ты — слабак. Таму ні на што і не разьлічвай.
    МАЦЬВЕЙ: Экспэрт знайшоўся! Вось зараз вазьму за шкірку ды ў дзірку.
    ТАНЯ: А за мяне Цімох заступіцца. Праўда, Цімошка?
    ЦІМОХ: Канешне.
    МАЦЬВЕЙ: Які зь яго абаронца? Ён жа ненармальны: дагэтуль ня цяміць, дзе знаходзіцца.
    ТАНЯ: Затое ён справядлівы.
    МАЦЬВЕЙ: Таму і павінен быў заўважыць, што ты за пташка.
    ТАНЯ: Я нікога не падманваю. Уся як на далоні. А ты прахвост і шэльма.
    МАЦЬВЕЙ: Ужо даўно ня мае значэньня, хто ёсьць хто.
    Цяпер усё вырашае толькі час.
    ЦІМОХ: Мацьвей, ты вельмі сьпяшаесься.
    МАЦЬВЕЙ: Я вас падганяю, a то вы тут затрымаліся.
    ТАНЯ: Для чаго? На што ты спадзяесься?
    МАЦЬВЕЙ: На тое, што адкрыецца нейкі сэнс.
    ТАНЯ: I толькі для цябе аднаго?
    МАЦЬВЕЙ: Я ў гэтым пераконваюся ўсё болын.
    ТАНЯ: А мы замінаем?
    МАЦЬВЕЙ: Якія здагадлівыя! Так, вы лішнія! Няўжо не зразумела? Бяз вас я ўжо ўсё ведаў бы.
    ТАНЯ: А калі ты памыляесься?
    МАЦЬВЕЙ: Hi ў якім разе!
    ЦІМОХ: А можа, наадварот: мы падкажам табе праўду?
    МАЦЬВЕЙ: Прастытутка і вар'ят? Выдатна! Да чаго ж здрабнела жыцьцё, што яго веліч і мудрасьць бярэцца тлумачыць вось такая нікчэмнасьць!
    ТАНЯ: Як я хачу, каб гэта былі твае апошнія словы!
    МАЦЬВЕЙ: Для цябе так можа і стацца, калі ты зараз жа выйдзеш вон.
    ТАНЯ: Цімошка, чалавека паглынае празьмерная ганарыстасьць. Мы павінны яго выратаваць.
    ЦІМОХ: (падтрышіваючы новую гульню) Яго заганы можа выправіць толькі гурт, а нас усяго двое — і ён можа прапасьці. Шкада.
    ТАНЯ: Чаго ж? Гэта добра, што ў такую цяжкую хвіліну ён не адзін, а з намі. Мы яму дапаможам: накіруем за дзьверы, а там яго стрэне сям'я.
    ЦІМОХ: Узапраўды. Мацьвей, мы клапоцімся пра цябе, жадаем, каб ты адчуваў сябе добра, таму прапануем далучыцца да большасьці.
    ТАНЯ: Нам будзе вельмі сумна.
    МАЦЬВЕЙ: (зьдзіўлена і спалохана) Ня можа быць! Нелюдзі! Жудасьць!
    ТАНЯ і ЦІМОХ наступаюць на МАЦЬВЕЯ і цясняць яго да дзьвярэй. Спачатку ён працівіцца, але пад іх напорам нікне і пачынае паволь-
    на рухацца спінаю да выхаду. На парозе перакульваецца і вывальваецца зь вежы. Удар грому.
    Усталёўваецца цішыня. ТАНЯ і ЦІМОХ кідаюць позіркі ўгору, адно на аднаго, адчуваюць няёмкасьць. Празь нейкі момант над сцэнай утвараецца сказ «УСІМ HE ХАПАЕ».
    ТАНЯ: Каму — усім? Мы толькі ўдваёх.
    ЦІМОХ: Можа, нас гэта не датычыць?
    ТАНЯ: He сьмяшы. А каго тады?
    ЦІМОХ: Тых, што не трапілі ў вежу.
    ТАНЯ: Дык яны ж загінулі?!
    ЦІМОХ: А думкамі засталіся тут.
    ТАНЯ: Неверагодна!.. Іх мільёны. Якія ж мы дурні!.. A чаго ім не стае?
    ЦІМОХ: Мабыць, таго, што мы робім.
    ТАНЯ: (трывожна) А што мы робім?
    ЦІМОХ: Зьнішчаем.
    ТАНЯ: (істэрычна) He! Я хачу жыць! He падыходзь да мяне! Я баюся!
    ЦІМОХ: Таня, не хвалюйся. Вялікай бяды ня будзе.
    ТАНЯ: Цімошка, давай сябраваць. Ты добры, шчыры, я ня злая — мы паладзім.
    ЦІМОХ: Я не пярэчу, але боль не адпускае галаву.
    ТАНЯ: Чым табе дапамагчы?
    ЦІМОХ: Ня ведаю. Гэта нешта незразумелае...
    ЦІМОХ стомлена заплюшчвае вочы і, узяўшыся рукамі за галаву, засяроджваецца на чымсьці ўнутраным. Праз хвіліну яго твар нечакана становіцца бадзёрым, натхнёным, рашучым. ТАНЮ гэта насьцярожвае.
    ТАНЯ: Што такое?
    ЦІМОХ: Нарэшце боль зьнік і прыйшла яснасьць.
    ТАНЯ: Слава Богу!
    ЦІМОХ: У вежы шмат чалавечых фантомаў. Мы павінны вытурыць іх адсюль.
    ТАНЯ: Якім чынам?
    ЦІМОХ: Вельмі напужаць іх.
    ТАНЯ: Чым?
    ЦІМОХ: Што жудасьней за ўсё?
    ТАНЯ: (панічна) Забойства... He, Цімох, не!
    ЦІМОХ: Мільёны душаў чакаюць выратаваньня.
    ТАНЯ: А нашыя душы?
    ЦІМОХ: Нам будзе дараваньне.
    ТАНЯ: Ня веру!
    ЦІМОХ бярэ нож, разглядвае яго і накіроўваецца да ТАНІ. Тая крычыць і ўцякае. Абодва ўзьбягаюць па лесьвіцы і празь нейкі час вяртаюцца. ТАНЯ разгублена азіраецца па баках і імгненна кідаецца за дзьверы. Раздаецца гром.
    ЦІМОХ расчараваны. Уверсе літары складваюць «МАЛА СТРАХу». Хлопец ад зьдзіўленьня замірае, апасьля ў задуменьні ходзіць па сцэне, усё кранае, праглядвае кнігі. У паводзінах адчуваецца барацьба матываў.
    У рэшце рэшт ён забівае сябе. Грому няма. Цішыня. Над сцэнаю павісае слова «ШКАДА».
    Зьяўляецца, нарастае і праз хвіліну-другую сьціхае басавіты гул, які суправаджаецца чалавечым шматгалосьсем. Этэр запаўняецца доўгімі грымотамі.
    чэрвень-сьнежань 2002 году, г. Віцебск
    НА ЛЕСЬВІЦЫ ДУХУ
    герархічная праекцыя ў асобах
    Вогненным духалётам імчыць чалавецтва ў Касьмічнай Бязьмежнасьці. 3 Боскага ўлоньня яно рынулася ў сьвет, маючы наказ вярнуцца назад у Запаветны Прытулак мудрым і дасканалым. Адвечная інэрцыя і прага клічуць у невядомую далячынь за тайнай, зьнітоўваючы думкі, словы і чыннасьць у трывалыя вузлы сьвядомасьці й памяці. Ніхто ня можа спасьцігнуць Боскую Задуму і заўчасна зьведаць наканаванае. Рух, творчае гарэньне мацуюць чалавека на гэтым шляху і ўзбагачаюць працэс спазнаньня.
    Дзеяньні адбываюцца ў мітычным замку. Час, на нашае звычайнае ўяўленьне, ня йснуе; мінуўшчына, сучаснасьць і прышласьць зьліваюцца ў агульную шматмерную плынь, якая нясе герояў цераз усе ўвасабленьні да новых выпрабаваньняў і ўзвышэньня духу. Рух свядомасьці да Праўды, памнажэньне справядлівасьці на Зямлі — асноўныя іхныя памкненьні; дзеля гэтага яны змагаюцца, пакутуюць і церпяць страты, не шкадуючы сябе. Вера ў Бога, Любоў, Радзіма, Свабода — галоўныя шляхі ачышчэньня і прасьвятленьня душы, якія кожнаму з іх суджана прайсьці па-свойму.
    Драматургічная форма выбраная, каб паўней, бяз аўтарскага ваджэньня, выразіць істыя галасы касьмічных індывідуальнасьцяў.
    Кожнага героя суправаджае характэрны сьвятлацень, які грае адметнай шматколернасьцю ў моманты асаблівага ўнутранага напружаньня; ён можа быць вялікім і малым.
    Музычны фон зьяўляецца амаль пастаянным, мэлёдыі ліюцца на розны лад у залежнасьці ад выявы.
    Касьцюмы дзейных асобаў незвычайныя, уражлівыя, належаць да розных эпохаў.
    Нашае падабенства з Сусьветам вялізнае. Мы інтуітыўна ўспрымаем магутную неабсяжнасьць зорных сістэмаў. За прывіднай цішынёю радкоў чытач адчувае гарманічныя гукі велічнай сімфоніі Жыцьця.
    АСОБЫ:
    МІКуЛА — Вялікі Князь.
    ГАРЫСЛАВА — Вялікая Княгіня.
    УЛАДАМІР — бацька князя, заснавальнік дынастыі.
    РАГНЕДА — маці князя, пакінула гэты сьвет, яе вобраз прыходзіць да герояў, дапамагае, дае парады, засьцярожвае ад нягодаў.
    ГЕНРЫХ — бацька княгіні, дэманструе іншыя варыянты быцьця.
    ЛЮДВІКА — маці княгіні.
    АГНІЯ — князёўна, яе многія не разумеюць, лічаць дзівачкай, ёй суджана нарадзіць дзіцяня будучыні.
    АЛЬГЕРД — старэйшы княжыч.
    ІЗЯСЛАў — малодшы княжыч.
    НАРЫМОНТ — брат князя.
    КАРАЛІНА — сястра княгіні.
    ВІНЦЭНТ — фаварыт Караліны.
    ЯРЫВЕД — галава суседняй княжацкай дынастыі і іншага пласту касьмічнага быцьця, прыхільнік усеаб'емнага духоўнага будаўніцтва і шырокага супрацоўніцтва зь Бязьмежным Сусьветам.
    АЛЕСЬ — вандроўнік, каханы князёўны.
    БЭНЭДЫКТ, КІРЫЛА, РАСТАН — уплывовыя суседзі.
    ДАНЕЛЬ — касьмічны вястун.
    АПАЛЁН — рэжысэр прыдворнага тэатру.