Касьмічныя праекцыі  Мікола Калядны

Касьмічныя праекцыі

Мікола Калядны

16+
Выдавец: Галіяфы
Памер: 424с.
Мінск 2020
86.14 МБ
КІРЫЛА: (з фанабэрыяй) Караліна, цябе захапіў мужчынскі задор рэзанёра: ніяк ты зьбіраесься ўвасобіцца вучоным? Гэта так на цябе не падобна.
КАРАЛІНА: А скуль табе вядома, хто на што здатны?
ВІНЦЭНТ: Ён, мабыць, узгадвае тваё амурнае амплуа, якое так яскрава раскрылася, калі ты была імпэратрыцай у ягоных уладаньнях.
КАРАЛІНА: Брыдка ўспамінаць. Я ледзь не захлынулася ад тамтэйшага бруду. Такая атмасфэра разлажэньня, якая існуе на тваіх тэрыторыях, Кірыла, мне яшчэ не сустракалася. Там сама лепшыя намеры так пэцкаюць, што тыя выяўляюцца як гразь.
КІРЫЛА: (з намёкам) Асабліва калі хто гэтага жадае.
КАРАЛІНА: Закаранелы ганарлівец, табе здаецца, што ты — галоўны прынцып тварэньня, а астатнія — гэта памылка разьвіцьця. Цемрашальства! Адчаго твой народ ні з кім ня ладзіць на плянэце, заўсёды лезе на ражон і ўсім шкодзіць?
КІРЫЛА: Усе ведаюць, што ёсьць праўда, але ніхто ня хоча прызнаваць, што яна са мной. А адтаго, Караліна, што наш дух мацнейшы і ўсепераможны. Каб гэта зразумець, трэба быць як я. А такое немагчыма, бо Касьмічны Парадак не прадугледжвае копіяў. Ха-ха-ха!
НАРЫМОНТ: Яго нішто ня пройме. Тая злыбяда, якая распаўзлася па ўсёй Зямлі, у яго ўладаньнях сама густой канцэнтрацыі. Яе назоў — тыранія. Гэта калі розум закабаліў душу, глыбока кінуў яе ў турму чалавечага цела, зрабіўшы ахоўнікамі разбэшчаныя жарсьці, а сам звар'яцеў ад бязьмежжа атрыманай улады. У такіх умовах адбываецца замена паняцьцяў на процілеглыя, жыцьцё запаўняюць сурагатныя каштоўнасьці і пакрысе ўсталёўваецца антысьвет.
Хлусьня падаецца праўдай, цемра — сьвятлом, зло — дабром, сатана — Богам. У стасунках узрастаюць агрэсія і захопніцкія апэтыты.
КАРАЛІНА: Я была сьведкай і ахвярай іхнага жыцьцяладу: яны думаюць адно, гавораць другое, а робяць трэцяе.
КІРЫЛА: I гэтыя сьпеліся! Дзіўна: мая тэма яднае ўсіх калекаў. Каб не зьніякавець, вы лепей мяне ўшаноўвайце, а не ўшчувайце. Ха-ха-ха! Трымайся, Кірыла, супраць цябе толькі той, хто рухаецца назад і не ўспрымае эвалюцыю, альбо, проста кажучы, — касьмічнае сьмецьце.
Сябры Караліны нэрвуюцца і гатовыя даць Кірылу кухталёў.
КАРАЛІНА: Ня трэба. Ён зусім хворы.
КІРЫЛА: Я на вас не крыўдую, хоць вы, няўдзячныя, плявузгаеце пра мяне шмат. Мне імпануе вашая шчырасьць і адчыненасьць. Дзякуй. Вось толькі ў госьці я вас болей запрашаць ня буду. А тое, што вы натварылі ў маім доме пад час сваіх вандровак, будзе вынішчанае да кроплі, бо не адпавядае маёй мэце.
НАРЫМОНТ: Значыць, свабоды стане яшчэ менш. Твае, Кірыла, сатрапы зьдзічэюць зусім.
КАРАЛІНА: А людзей канчаткова скуюць хлусьня ды варожасьць і ўжо нельга будзе эфэктыўна запабегчы іх разлажэньню. У выніку раўнавага на Зямлі, якая падтрымліваецца чалавечай свабодай, моцна парушыцца.
КІРЫЛА: He, памыляецеся: проста зьнікнуць умовы для вашага ўплыву на мой кантынгент — і вы зьбяднееце. А для прагрэсу гэта лепшы напрамак.
НАРЫМОНТ: Напачатку я загарэўся ад прапановы пазнаёміцца з тваім досьведам псыхажыцьця, каб апасьля рас-
паўсюдзіць яго сярод іншых нацыяў. Але рэальнасьць мяне агаломшыла. У цябе Бога адарвалі ад душы і ўвагналі ў зямлю. На шляху веры, як апраўданьне рэнэгацтва, паставілі рэлігію, у якой Бог — гандляр і зухаваты спэц па задавальненьню чалавечых амбіцыяў. А духоўнасьцю сталі называць здольнасьці чытаць ды пісаць і ўспрымаць сьвет трохі цямлівей, чым жывёлы.
КІРЫЛА: Твой збуцьвелы ідэалізм дапякае многіх. Нездарма цябе лічаць дзіваком — канчаткова гэта да мяне дайшло толькі цяпер. Я прыгадваю, як ты ў вобразе прарока мітусіўся па кантынэнце майго візаві Бэнэдыкта. Столькі сакрамэнту напусьціў на ўсіх, так зашыфраваў сэнс у сваіх цэнтурыях, што ніхто зь зямлянаў да канца сьвету так і не дазнаецца, аб чым ты хацеў распавесьці. Каму патрэбныя такія сачыненьні? Якая ад іх карысьць?
НАРЫМОНТ: Боскія катэгорыі існуюць па-за часам і прасторай. Аб іх вяшчаюць толькі раз і ў сама адказны момант. Калі яны дадзеныя, людзі павінныя шпарчэй імчаць у Духу, каб дасягнуць іх разуменьня.
КІРЫЛА: (ягоны сьвятлацень зьмяншаецца і цямнее) у сваіх межах я надаю зямному існаваньню неабходны рытм і насычанасьць. I я вызначаю актуальнасьць і важнасьць сітуацыі. у мяне ўсё канкрэтнае, рэальнае і своечасовае. Ніякага дыму і двухсэнсоўнасьцяў. За ўсё адказваю я, адтаго пабочнага ўзьдзеяньня не цярплю. Ты ўзрушыў мой народ, пачаў злаваць яго — ён і вытурыў цябе за межы, скажы дзякуй, што не пасадзіў пажыцьцёва за краты альбо ня зьнішчыў, як некалі Растан; яму непатрэбныя разважаньні аб свабодзе, правах, асьвеце — гэта парушае парадак і стамляе. У яго ёсьць усё, а як і што рабіць — лепей мне вядома. Ты б лацьвей склаў оду ў мой гонар — стаў бы нацыянальным героем.
НАРЫМОНТ: Для такога натхненьня энэргіі ў мяне няма.
КАРАЛІНА: (Вінцэнту і сябрам абыякава) Сумна зь імі: благі й дарагі галаве для тугі. Я стамілася ад несканчонага напружаньня і безупынных спрэчак. Вярэдзім сябе — куёўдзім плянэту і памнажаем гора. Калі ўжо ў нас будзе лад ды згода? Пакіньце мяне, я хачу пабыць адна.
Караліна ідзе да Чары, каб у роздуме папоўніць і падбадзёрыць сябе энэргіяй адзіноты. Яе атачэньне пакідае прастору.
КІРЫЛА: Глядзі, вяшчун, не спазьніся. Калі мой плян разьвіцьця ўзмацнее і дух майго народу ўзбагаціцца — адкрыецца тайна аб яго асаблівай місіі. Мая постаць у велічы ўздымецца на недасягальную вышыню. Тады ўсё княства прыйдзе да мяне на паклон.
НАРЫМОНТ: (зь цікавасьцю пазірае на сьвятлацень Кірылы) I зайграюць гусьлі ў маркоце.
КІРЫЛА: (ня чуе Нарымонта, захоплеші) Зямля скаланецца ад урачыстых і ўзьнёслых гукаў, рытмы праведнасьці ахопяць усе душы. Ачоліць новую чыстую грамаду мой богаабраны люд. Так будзе! (Выходзіць.')
НАРЫМОНТ: Царыца выяўленага сьвету Майя апранутая ў такую мантыю, што нават мы, творцы рэальных пластоў быцьця, можам папасьці ў палон ілюзіяў і ня ўбачыць Праўду.
У шумнай і вясёлай кампаніі зьяўляецца Альгерд з Бэнэдыктам. Апошні некалькі стрыманы і сур'ёзны.
АЛЬГЕРД: Як ты ад нас ні хаваўся, Бэнэдыкт, мы цябе ўсё адно вылічыпі.
БЭНЭДЫКТ: Я не гуляю ў хованкі, Альгерд. На новыя тэрыторыі мяне паклікалі абставіны.
АЛЬГЕРД: У старым сьвеце цябе абняславілі альбо ты спракудзіў?
БЭНЭДЫКТ: Hi тое, ні другое. Людзі губляюць розум: надакучыла звыклае жытло, пацягнула ў бязьмежжа — вось яны і рынуліся за моры-акіяны.
АЛЬГЕРД: Ну і правільна: сумнавата стала на старым кантынэнце, усё знаёма дый месца мала, няма дзе разгуляцца.
БЭНЭДЫКТ: Зьнікае жаданьне ствараць — зьяўляецца прага рабаваць. Гэта аксыёма чалавечае псыхалёгіі. Ты ня горш за мяне ведаеш нашых гадаванцаў: без прыгляду звар'яцеюць. Я змушаны быў імчаць у новы сьвет, каб прадухіліць бяду.
АЛЬГЕРД: Затое нам зрабіў пагана. Мы кінуліся за табой, але паспыталі мізэр стыхіі; толькі на бадзёрасьць яе і хапіла. Можна ўявіць, як там цудоўна было раней! Іншы раз сам вякамі зьбіраеш усе зямныя эманацыі ў адно цэлае, каб сфармаваць які-небудзь катаклізм, а тут бяз нашага ўдзелу ўтварыўся такі агромністы згустак хаатычных энэргіяў!
СЯБРЬЕ — Каланісты дурэюць ад золата і крыві!
— Туземцы ад страху на ўцёкі!
— Жах, насільле, лямант поўняць усе абшары!
— Прырода хістаецца ад бедзтваў!
АЛЬГЕРД: Зразумей, не скарыстаць гэтага мы проста не Ma­mi. Дзякуючы нам, псыхічныя пырскі не раскідаліся па прасторы абы-як, а зьліліся ў адзіны адмысловы ручаёк. Яго мы накіруем у патрэбнае рэчышча.
БЭНЭДЫКТ: Бас гэта радуе, а мяне засмучае і непакоіць. Лёс наканаваў мне будаўніцтва расы будучыні. Яна будзе лепшай за ўсе, што былі дагэтуль. Каб усталяваць новае, трэба ачысьціцца ад старога — ахвяры тут непазьбежныя.
Але гэта ня гора ў касьмічным уяўленьні, а заканамерны ход разьвіцьця — як не зьмясьціць гэтую праўду ў сьвядомасьці маіх людзей? Там і клетачкі ня знойдзеш для такога разумовага зруху.
НАРЫМОНТ: Там хапае месца, вось толькі яно заваленае ўсялякім брудам і злачынствамі. Трэба чысьціць жываносныя каналы, а вам усё некалі, сьпяшаецеся. Думаеце, што мэтад балючага пакараньня больш рацыянальны пры ўзьвядзеньні чалавека? Памыляецеся. Гэта антыкасьмічна. Трэба настроіцца на цярплівы й разважлівы рытм, асьветай і дабром уздымаць сваіх дзяцей.
АЛЬГЕРД: Дзядзька, ідэалізм — здатны сродак, але на Зямлі ім нават пячору не агораеш.
БЭНЭДЫКТ: Я ведаю аб магчымасьцях Сусьвету, нашых умовах і на гарачку не хварэю. Мяне хвалююць пытаньні расшырэньня і захаваньня жыцьця. Зразумей, Нарымонт: мне вельмі рана імчаць у эмпірэі са сваімі гадаванцамі. Яны яшчэ немаўляты ў духу. Мой плян прадугледжвае іх паступовае ўдасканаленьне. Сакрэты я раскрываць ня буду, скажу толькі, што свабода асобы і яе росквіт — галоўнае ў маёй задуме.
НАРЫМОНТ: Сьмела і без фанабэрыі — ужо добра. Прабач, мне нязручна рабіць табе заўвагі, бо я з табой заўсёды супрацоўнічаю з задавальненьнем і найбольш вынікова. Але я не выношу такія творчыя прыёмы нашага княства, як хлусьня і гвалт, якое б апраўданьне ім ні давалі. Усе лічаць мяне дзіваком пасьля таго, як мой бацька Уладамір выказаў прынцыповую нязгоду са мной. Аднойчы я сказаў, што мы пацерпім паразу, калі, даўшы людзям розум, не надзелім іх ясначутнасьцю, ня зробім працэс іх мысьляваньня адкрытым і відавочным: можна будзе ведаць, хто аб чым думае. Ніхто мяне не паслухаў — і што мы цяпер маем?
БЭНЭДЫКТ: Магчыма, тады чалавечы шлях на неба быў бы намнога карацейшым.
НАРЫМОНТ: Безумоўна. Менш стала б нэгатыву, сканала б агрэсія. На пачатку Югі ажыцьцявіць гэта было зручней, цяпер жа можа прывесьці да зьнішчэньня чалавецтва і ўсяго жывога на Зямлі.
АЛЬГЕРД: (з задорам) Во, якраз тое і трэба! Дзядзька, кіруй да нас і навучы сваёй мэтодыцы. Хопіць важдацца з гэтымі малпамі, іх трэба добра агрэць. Які важкі псыхазбор будзе — нават цяжка ўявіць!
НАРЫМОНТ: Хопіць блюзьнерыць. Більёны манадаў чакаюць нашае дапамогі. Наш абавязак — супольна знайсьці абсалютны і дзейсны спосаб, каб не дапусьціць іх згубы і вывесьці зь цемры.
БЭНЭДЫКТ: На жаль, лучнасьці ў нас для гэтага не хапае. Кожны творыць па-свойму і часам на шкоду іншым.
АЛЬГЕРД: Цікаўныя вы! Вашыя надзеі даўно парасьлі мохам. Паглядзіце на сваю чэлядзь — нахабней стварэньняў я не страчаў. Вы ўжо даўно ў іх палоне. Яны зьневажаюць і карыстаюць вас і на зьмест, і на форму, сьмярдзяць ад поскудзі і брыдотаў, а вы ўсё зносіце, як бацькі ад няўдзячных дзяцей. Зямля ня вытрывала такога грэху і схілілася ў скрусе. Ці выпрастае яна свой хрыбет? Толькі тады, калі цяжар зваліцца зь яе плячэй. Я буду гэтаму садзейнічаць. Вашыя пачвары павінныя атрымліваць па заслугах, і ніякага ім дараваньня. Ад кармічных законаў яшчэ ніхто ня ўцёк. Хопіць зьдзеквацца з касьмічных сэнсаў і засьмечваць Прастору! Яны не жадаюць вучыцца! Я не зьбіраюся, і вам ня раю, браць на сябе іхныя грахі. Досыць! Кожны абавязаны плаціць па рахунках.