Катэхізіс Помнік беларускай Рэфармацыі XVI стагодзьдзя

Катэхізіс

Помнік беларускай Рэфармацыі XVI стагодзьдзя
Выдавец: Юніпак
Памер: 312с.
Мінск 2005
84.26 МБ
Потым праз колькі тыдняў прэсьвітэр спытаўся ў таго згаданага служыцеля, калі той зьбіраеца ахрысьціць свайго знайдзенца (гэтак ён зваў тых хлопцаў), бо, маўляў, і ён загадае тады прынесьці свайго да Хросту. Служыцель адказаў, што ня ведае, як хрысьціць дзяцей, пра бацькоў якіх нічога ня ведама.
Выглядае, аднак, што тыя бацькі няверучыя, бо кінулі сваіх дзя­цей. Таму што вернік, нават калі б быў наймацнейшы голад, ня кінуў бы свайго дзіцяці. Адказаў на гэта прэсьвітэр: “Свайго ты можаш хрысьціць або не хрысьціць, але майго мусіш”. На гэта сказаў служы­цель: “Ня мушу, і ня буду хрысьціць ня толькі гэтых дзяцей, але і ўвогуле ўсіх дзяцей ад няверуючых бацькоў. Таму і ня ведаю, паводле якога мейсца са Сьвятога Пісьма мусім хрысьціць вашага”.
Прэсьвітэр палічыў гэта благім і, разгневаўшыся, паведаміў гэтую навіну некаторым братам. Служыцель таксама не ставіўся легкадумна да сказанага і рыхтаваўся абараняць сваё меркаваньне. Бо напэўна чакаў, што прэсьвітэр абвінаваціць яго перад братамі, і не памыліўся.
Назаўтра пасьля казані прэсьвітэры, запрасіўшы служыцеля, прыгадалі ягоныя словы, што не жадаў хрысьціць тое знойдзенае дзіцятка. Але ён трапна ім адказаў, узгадаўшы адно мейсца зь Пятра Вірэта: “Калі дзіця прынесена ад няверучых бацькоў, лёгка дапусьціцца несапраўднага хрышчэньня”.
Былі ў той час у грамадзе некаторыя французы, напрыклад, Пэтрус Гарньерус ды іншыя, згодныя зь Вірэтам, таму і іншыя браты доб­ра паставіліся да выказваньняў служыцеля. Тады пастанавілі ад гэтага часу не дапускаць да хрышчэньня дзяцей ад няверучых бацькоў. Во да гэтага часу нават папежнікі, асабліва бедныя, былі рады хрысьціць сваіх дзетак у нас, каб нічога за гэта не плаціць, як яны мусяць плаціць у сваіх плябанаў. Катэрля, ня ведаючы, як ахрысьціць свайго знайдзенца, прыняў яго за сваё дзіця, пасьля чаго служыцель мусіў дзіця ах­рысьціць.
Так справа і скончылася, а ўсё ж сумленьне таго служыцеля не магло супакоіцца. Во ён пачаў думаць ня толькі пра дзяцей ад няверуючых бацькаў, але і пра ўсіх немаўлятак: ці іх можна хрысьціць, ці не. I калі ён пільна гэтым заняўся, выявіў шмат сьведчаньняў, што адмаўлялі хрышчэньне дзяцей.
Перш за ўсё, выразны загад Сына Божага: “Ідзіце і навучыце ўсе народы, хрысьцячы іх”. Таксама ўчынкі сьвятога Яна Хрысьціцеля, які хрысьціў тых, што выходзілі і вызнавалі свае грахі. Таксама ўзоры або прыклады сьвятых апосталаў ды іхніх вучняў. Акрамя таго, меркаваньні даўнейшых тэолягаў: Юстына, Тэртуліяна ды іншых. Нарэшце, абрады: грэцкі, лацінскі, армянскі, славянскі. Усе гэтыя сьведчаньні ставілі пад сумнеў хрышчэньне дзяцей, і тэты служыцель дайшоў да таго, што быў бы рады (калі б толькі гэта было магчыма) пазбыцца свайго служэньня.
Падчас гэтых падзеяў нарадзіўся ў таго служыцеля (тамсама ў Вільні) першародны сын, і стаў ён трывожыцца, што яму трэба рабіць. Ён быў бы рады пакінуць дзіця нехрышчоным, але ў такім вялікім горадзе і ў такой царкве гэта было немагчыма: тое нехрышчонае дзіцятка два тыдні і тое ледзьве сьцярпелі.
Бо вышэйзгаданы прэсьвітэр гэта заўважыў і зноў абвінаваціў слу­жыцеля перад братамі, кажучы, што той адкладае хрышчэньне ня толькі дзяцей ад няверучых бацькоў, але і хрышчэньне свайго сына. Браты, сабраўшыся, паклікалі служыцеля і вельмі яго дакаралі, так што ён мусіў дазволіць хрысьціць свайго сына. Бо хоць сам разумеў, што хрышчэньне дзяцей ёсьць адна брыдота Антыхрыстава, але, гледзячы на такі вялікі шэраг знакамітых людзей, хацеў сумнявацца хутчэй у самім сабе, чым амаль ва ўсім сьвеце.
У той час нейкі Петра з Ганёндзу, чалавек вучоны і бывалы ў далёкіх краінах, наведаўшы цэрквы ў Маравіі, прыйшоў у Літву і напісаў кнігі супраць хрышчэньня дзяцей. Некаторыя служыцелі, чытаючы тыя кнігі, прыйшлі ў гэтай справе да спазнаньня праўды і хуткім часам пачалі адмаўляцца ад хрышчэньня дзяцей.
Тады ж і Марцін Чаховіч, малады вучоны, які пэўны час кіраваў школай пры Віленскай царкве, быў абраны на служэньне да Вэндрагоўскага і езьдзіў наконт гэтай справы ад князя алыцкага Мікалая Радзівіла ў Жэнэву (што ў Савойскай дзяржаве).
Быў нейкі мэдык, родам зь Італіі, Георгі Бляндрата, які ўперад дзеля рэлігіі выехаў зь Італіі, але, жывучы ў Жэнэве, прасякнуўся навукай Мігеля Сэрвэта, таму мусіў і адтуль выехаць і прыехаў у Літву ды быў у вялікай пашане ў князя Радзівіла. Даведаўшыся пра гэта, Кальвін і там не захацеў Бляндрата цярпець, бо, выдаўшы свой камэнтар да Дзеяў Апостальскіх, ахвяраваў яго князю Радзівілу і там жа, у лісьце, абвінаваціў Бляндрата.
Радзівіл моцна любіў царкву Божую, таму, каб пазьбегнуць нязгоды між такімі вялікімі асобамі, паслаў да Кальвіна у пасольстве Марціна Чаховіча, служыцеля Віленскае царквы, каб той пагадзіў і замірыў Бляндрата з Кальвінам. Марцін, хаця і не замірыў, як хацеў, тых двух мужоў, але, бываючы ў людзей вучоных, такіх, як Охін ды іншыя, даведаўся ад іх нямала пра найпершую праўду — пра Бога і Ягонага Сына. Чаховіч езьдзіў туды тройчы і ў Літву вярнуўся сэрвэцыянінам. Таксама зразумеў шмат добрых пачаткаў пра Сьвяты Хрост і, прыехаўшы, пачаў іх распаўсюджваць.
Другі ягоны сябра, віленскі служыцель Мікалай Вэндрагоўскі (бо тады ўжо Буднага паслалі да слуцкага князя працаваць у кірылічнай друкарні), падобна, чытаючы кніжкі Пятра з Ганёндза, зразумеў праўду пра хрышчэньне, і яўна адмаўляў хрышчэньне дзяцей ды голасна нагадваў братам, каб не сьпяшаліся хрысьціць дзяцей. Але ягоны калега Марцін пайшоў яшчэ далей, і калі яму давялося хрысьціць дзяцей, не захацеў гэта рабіць, кажучы, што яму не дазваляе сумленьне. Быў у той час і трэці служыцель у Віленскай царкве, Войцех Касьценскі, які таксама ганіў хрышчэньне дзяцей.
Вось так Марцін не хацеў хрысьціць дзяцей, Касьценскі таксама да гэтага заклікаў, а Вэндрагоўскі яўна выказваўся супраць хрышчэньня дзяцей. Тады падштурхнуў шатан некаторых прэсьвітэраў тае царквы, якія, баючыся перасьледу, зьвялі Вэндрагоўскага — чалавека палахлівага — ад праўдзівага погляду. Таксама і Марціна адгаварыць хацелі, але моцна памыліліся, бо той не хацеў ім саступаць і моцна ўплываў на Вэндрагоўскага.
Дзеля гэтага было тады немалое рознагалосьсе ня толькі паміж служыцелямі, але і паміж усёю царквою, і віленскія браты захацелі, каб усе літоўскія служыцелі сабраліся на зьезд у Вільні і разгледзелі гэтае пытаньне. I гэтак у 1564 годзе, у студзені месяцы, зьехаліся 26 служыцеляў і некаторыя шляхцічы. Там спачатку віленскі прэсьвітэр Якуб Курніцкі задаў такое пытаньне: “Ці ёсьць грахом хрысьціць немаўлятка, ці не?”
Па гэтым пытаньні было вырашана галасаваць, і спачатку нейкі Адам Вірхоўскі падаў голас, сьцьвярджаючы, што дзяцей хрысьціць —
рэч слушная. Гэтак жа казалі і іншыя 12 служыцеляў. Але другія, якіх таксама было шмат, сьцьвярджалі супрацьлеглае, і асабліва Марцін Чаховіч, Войцех Касьценскі, Лаўрэн Крышкоўскі ды іншыя.
Тады, калі прыйшла чарга галасаваць Вэндрагоўскаму, той папрасіў, каб яму далі дазвол падаць голас пісьмова, што яму дазволілі. I назаўтра падаў ён свой голас на пісьме, нязгодны са сваёй ранейшай пазыцыяй, супраць чаго потым пісаў Марцін, паказваючы яму і выгаворваючы, што ён пайшоў супраць праўды. Тым часам, зважаючы, што галасы абодвух бакоў разьмеркаваліся па роўну, зьезд пастанавіў, каб справа была адкладзена да большага звезду, а да гэтага каб кожнаму вольна было хрысьціць або не хрысьціць і каб з гэтай прычыны адзін адным не пагарджалі.
Але калі ўсё гэта дайшло да князя Радзівіла, які ў той час быў найпершым апекуном усіх літоўскіх цэркваў, ён успрыняў гэта непрыхільна і напісаў вельмі строгі ліст да Мікалая Вэндрагоўскага, ганячы яго за частыя зьмены ў царкве, таксама згадваў і сваіх прапаведнікаў Крышкоўскага і Буднага ды пагражаў ім выгнаньнем. Зьвярнуўся князь Радзівіл і да сваіх нясьвіскага і клецкага старостаў, каб нагадвалі служыцелям тых цэркваў ды каб пад пагрозай строгага пакараньне спынялі навізну.
У той час Марцін Чаховіч напісаў “Трохдзённыя размовы” пра хрышчэньне і даслаў іх князю Радзівілу, які жыў тады ў Барысаве, бо ў Вільні быў жудасны мор. Князь, прачытаўшы “Размовы”, стаў трохі ласкавейшы да сваіх прапаведнікаў і канчаткова надумаў сабраць вялікі зьезд з вучоных людзей абодвух бакоў, якія б разьвязалі гэтую спрэчку Словам Божым. Але хуткая сьмерць не дала яму гэтага выканаць, бо ён памёр у траўні 1565 году.
У той час быў зьезд у Бжэзінах на Памрожу, на які езьдзілі некаторыя літоўскія служыцелі: Марцін Чаховіч, Вэндрагоўскі, Крышкоўскі, Сымон Будны ды іншыя ды паведамілі пра гэтую справу польскім братам. Але тады зрабілі мала, бо польскія браты былі яшчэ мала знаёмыя з тым пытаньнем, апрача Станіслава Паклепкі, люблінскага служыцеля, і Ежы Шомана. Такім чынам прызначылі на конт той жа самай справы зьезд у Вэнграве на 27 сьнежня. Тады Паклепка памёр падчас пошасьці ў Любліне, пакінуўшы адмысловы тэстамэнт, бо быў мужам вучоным і пабожным.
Калі прыйшоў час, прызначаны для зьезду, зьехалася ў Вэнграў нямала польскіх служыцеляў, але віленскія служыцелі, якія мелі пільную патрэбу, даслалі толькі ліст з прабачэньнямі, што палічылася ім за кепскі тон. На гэтым зьезьдзе выдатны муж Станіслаў Лютамірскі спачатку моцна настойваў на хрышчэньні дзяцей, але потым саступіў праўдзе, пераможаны сьведчаньнямі Пісьма Сьвятога і даўнейшых тэолягаў.
На тым зьезьдзе ўсе служыцелі згодна пастанавілі не хрысьціць немаўлятак ды таксама забаранілі ўдзел у другой таямніцы значыць,
Вячэры Сына Божага тым, хто не прыняў першую таямніцу Сьвятога Хросту. Гэта было пасьля пацьверджана ў 1567 годзе на другім зьезьдзе ў Скшыне.
Але за год перад гэтым падчас вялікай пошасьці памёр, напісаўшы тэстамэнт, віленскі служыцель Мікалай Вэндрагоўскі. У тэстамэнце ён ухваляў праўдзівае хрышчэньне дарослых людзей ды ганіў хры-шчэньне дзяцей. Але ягоныя слухачы аніяк пра гэта ня дбалі і да гэтага часу аніводнай памылкі ня выправілі. Ды чым далей, тым болей іх трымаюцца, апроч Войцеха Касьценскага: ён прызнаў памылковым хрыш­чэньне дзяцей, але пасьля зноў да свайго цьвержданьня вярнуўся. Пась­ля, напалоханы настаўленьнем Вэндрагоўскага, якое той, паміраючы, зрабіў, Касьценскі зноў адмовіў хрышчэньне дзяцей і, пакінуўшы віленскую пасаду, зьехаў у Польшчу. А Марцін Чаховіч яшчэ за год перад сьмерцю Вэндрагоўскага выехаў зь Вільні на Куявы, і ягонымі намаганьнямі Куяўская царква хутка прыйшла да разуменьня патрэбы ў Сьвятым Хросьце.