• Газеты, часопісы і г.д.
  • Казкі  Вільгельм Гаўф

    Казкі

    Вільгельм Гаўф

    Выдавец: Кнігазбор
    Памер: 336с.
    Мінск 2015
    80.16 МБ
    —	Калі вам не надакучыла, я ахвотна працягну, — адказаў Леза, — бо гісторыя майго брата сапраўды поўная прыгодаў і цудаў.
    У сярэдзіне наступнага дня Мустафа ўвайшоў у браму Бальсоры. Спыніўшыся ў караван-сараі, ён спытаўся, калі адкрываецца штогадовы рынак рабоў, але атрымаў жахлівы адказ: ён спазніўся на два дні. Яму паспачувалі і расказалі, што ён шмат страціў, бо ў апошні рыначны дзень прыбылі рабыні такой прыгажосці, што прыцягнулі позіркі ўсіх пакупнікоў. За іх змагаліся не на жарт, і яны, зразумела, былі набытыя за такі высокі кошт, які не напалохаў толькі іх новага гаспадара. Мустафа падрабязней распытаў пра абедзвюх, і ў яго не засталося сумневу, што гэта былі тыя няшчасныя, якіх ён шукаў. Таксама ён даведаўся, піто чалавек, які іх купіў, жыве за сорак гадзін ад Бальсоры і завецца Ціўлі-Кос. Гэта знатны, багаты і ўжо немалады чалавек, які раней быў капудан-пашой у султана. Цяпер ён, назапасіўшы багацця, пайшоў на адпачынак.
    Мустафа хацеў адразу сесці на каня, каб нагнаць Ціўлі-Коса, які апярэджваў яго менш чым на
    дзень. Але разважыўшы, што ён сам-адзін дакладна нічога супраць магутнага падарожніка не зможа зрабіць і не адбярэ ягоную пакупку, ён пачаў шукаць іншае выйсце і хутка яго знайшоў. Падабенства да зулейкійскага пашы, якое ледзь не каштавала яму жыцця, навяло яго на думку ўвайсці ў дом Ціўлі-Коса пад гэтым імем і паспрабаваць выратаваць абедзвюх няшчасных дзяўчат. Таму ён наняў служак і коней, для чаго яму прыдаліся грошы Арбазана, справіў сабе і служкам раскошную вопратку і пусціўся ў дарогу да палаца ЦіўліКоса. Праз пяць дзён ён наблізіўся да палаца, што знаходзіўся ў прыгожай даліне і быў абкружаны высокім мурам, з-за якога ледзь выглядвалі будынкі. Прыбыўшы туды, Мустафа пафарбаваў валасы і бараду ў чорны колер, а твар намазаў сокам расліны, якая надала яму карычняватае адценне, дакладна як у таго пашы. Пасля гэтага ён паслаў свайго слугу ў палац і ад імя зулейкійскага пашы папрасіў начлегу. Слуга хутка вярнуўся з чатырма прыгожа апранутымі рабамі, якія ўзялі каня Мустафы за аброць і павялі ў двор палаца. Там яны дапамаглі яму злезці з каня, а чатыры іншыя рабы суправадзілі яго па мармуровай лесвіцы да Ціўлі.
    Стары весялун пачціва прыняў майго брата і загадаў падаць на стол найлепшае, што мог прыгатаваць ягоны кухар. Пасля ежы Мустафа паступова перавёў гутарку на новых нявольніц, і Ціўлі пачаў выхваляцца іх прыгажосцю, паскардзіўшыся толькі, што яны ўвесь час сумныя. Але ён, маўляў, перакананы, што гэта хутка пройдзе. Мой брат
    застаўся вельмі задаволены прыёмам і лёг адпачываць з найлепшымі спадзяваннямі.
    Прыкладна праз гадзіну яго пабудзіла святло лямпы, асляпіўшы вочы. Узняўшыся, ён падумаў, што бачыць сон, бо перад ім стаяў маленькі цёмнакарычневы нягоднік з шатра Арбазана. У ягонай руцэ была лямпа, а шырокая пыса расцягнулася ў агіднай усмешцы. Мустафа ўшчыкнуў сябе за руку і пацягнуў за нос, каб упэўніцца, ці сапраўды ён не спіць, але здань засталася як была.
    — Што табе трэба каля майго ложка? — закрычаў Мустафа, апамятаўшыся ад здзіўлення.
    — He трэба так турбавацца, пане! — вымавіў недарослік. — Я здагадаўся, чаго вы тут з’явіліся. Я ваш годны твар добра памятаю, і калі б я сваёй рукой не дапамагаў вешаць пашу, вы, магчыма, і ўвялі б мяне ў зман. Цяпер жа я тут, каб вырашыць адно пытанне.
    — Спачатку скажы, як ты сюды трапіў! — закрычаў Мустафа, раззлаваны, што яго выкрылі.
    — Гэта я і хачу вам расказаць, — адказаў той. — Я не змог больш ладзіць са важаком і ўцёк. I гэта ты, Мустафа, быў нрычынай нашай сваркі, за што мусіш аддаць мне сваю сястру за жонку, а я дапамагу вам ва ўцёках. Калі ты мне яе не аддасі, я пайду да майго новага гаспадара і раскажу яму нешта пра так званага пашу.
    Мустафа не помніў сябе ад жаху і гневу: калі ён быў упэўнены, што наблізіўся да жаданай мэты, з’явіўся гэты нягоднік і ўсё знішчыў. Існаваў толькі адзін сродак, які мог выратаваць ягоны план: ён павінны забіць маленькага монстра. Таму ён ад-
    ным скачком з ложка накінуўся на недаросліка. Але той, напэўна, нешта такое падазраваў. Ён кінуў лямпу, так што яна згасла, і ў цемры адскочыў убок, страшэнным голасам гарлаючы аб дапамозе.
    Цяпер Мустафа мусіў адмовіцца ад ратавання дзяўчат і думаць пра сябе, а таму падышоў да акна, каб паглядзець, ці можна праз яго ўцячы. Да зямлі было далёка, а на тым баку ўзвышаўся мур, цераз які трэба было пералезці. У роздуме ён стаяў перад акном і раптам пачуў шматлікія галасы, якія набліжаліся да ягонага пакоя. Яны ўжо былі чуваць каля дзвярэй, і тады ён у адчаі схапіў свой кінжал і вопратку ды выскачыў з акна. Падзенне было жорсткім, але ён адчуў, што не зламаў ніводнай косткі, а таму ўскочыў на ногі і пабег да мура, які атачаў двор, на здзіўленне пераследнікаў, ускараскаўся на яго і хутка апынуўся на волі. Потым бег, пакуль не дасягнуў маленькага лесу, дзе знясілена ўпаў на зямлю і пачаў разважаць, што рабіць далей.
    Каня і слуг давялося пакінуць на волю лёсу, але грошы, якія Мустафа насіў у поясе, ён выратаваў.
    Вынаходлівы розум падказаў яму новы спосаб выратавання. Мустафа пайшоў далей па лесе, пакуль не дайшоў да вёскі, дзе за невялікія грошы набыў каня, які імкліва данёс яго да горада. Там Мустафа спытаўся пра лекара, і яму параілі аднаго старога дасведчанага чалавека. За некалькі залатых манет той падказаў яму настой, што выклікае падобны да смерці сон, які ў імгненне вока можна перапыніць іншым зеллем. Займеўшы гэты на-
    стой, ён купіў сабе доўгую фальшывую бараду, чорную мантыю і ўсялякіх бутэлечак і колбачак, каб належным чынам удаваць вандроўнага лекара. Ён пагрузіў рэчы на асла і зноў накіраваўся ў палац Ціўлі-Коса. Ён мог быць упэўнены, што гэтым разам яго не выкрыюць, бо барада так яго змяніла, што ён сам сябе не пазнаваў. Прыйшоўшы да Ціўлі, ён загадаў прадставіць сябе як лекара Хакаманкабудзібабу, і атрымалася так, як ён задумаў: мудрагелістае імя надзвычай зацікавіла старога дурня, і той адразу запрасіў Мустафу да абедзеннага стала.
    Хакаманкабудзібаба з’явіўся перад вачыма Ціўлі, і паразмаўляўшы з ім менш за гадзіну, стары вырашыў, што мудры доктар будзе лячыць усіх ягоных рабыняў. Той з цяжкасцю схаваў сваю радасць, што зараз убачыць любімую сястру, і з трымценнем у сэрцы пайшоў за Ціўлі ў сераль. Яны зайшлі ў прыгожа прыбраны пакой, у якім, аднак, нікога не было.
    — Хамбаба, ці як цябе там, дарагі лекар, — сказаў Ціўлі-Кос, — бачыш тую адтуліну ў сцяне? У яе кожная з маіх рабынь будзе прасоўваць руку, і ты зможаш пераканацца, хворы ці здаровы пульс.
    Мустафа запярэчыў, але ўбачыць рабынь яму не дазволілі. Тым не менш Ціўлі пагадзіўся расказваць яму пра ўсіх нявольніц і пра тое, як яны звычайна сябе адчуваюць. Ціўлі выцягнуў з-за пояса доўгі спіс і пачаў гучным голасам выклікаць рабынь па імені, пасля чаго ў сцяне з’яўлялася рука, і лекар правяраў пульс. Былі зачытаныя ўжо шэсць імёнаў, і ўсе нявольніцы былі абвешчаныя
    здаровымі. Нарэшце сёмай Ціўлі назваў Фаціму, і маленькая белая ручка праслізнула ў адтуліну. Дрыжучы ад радасці, Мустафа схапіў гэтую руку і з важнай мінай сказаў, што гэтая рабыня сур’ёзна хворая. Ціўлі вельмі ўсхваляваўся і загадаў свайму мудраму Хакаманкабудзібабу неадкладна прыгатаваць лякарства. Лекар выйшаў і напісаў на маленькай цыдулцы: «Фаціма! Я хачу цябе выратаваць, калі ты наважышся прыняць лякарства, якое на два дні зробіць цябе мёртвай. Але я маю сродак, які зноў верне цябе да жыцця. Калі ты згодная, то толькі скажы, што напой табе не дапамог, і гэта будзе для мяне знакам, што ты згадзілася».
    Затым ён вярнуўся ў пакой, дзе яго нецярпліва чакаў Ціўлі. Мустафа ўзяў з сабой бясшкодны напой, яшчэ раз праверыў у хворай Фацімы пульс і адначасова падсунуў цыдулку ёй пад бранзалет, а напой перадаў праз адтуліну ў сцяне. Ціўлі здаваўся вельмі занепакоеным праз Фаціму і адклаў агляд астатніх рабынь да зручнейшага часу. Пакінуўшы разам з лекарам пакой, Ціўлі сумна спытаў:
    — Хадзібаба, скажы шчыра, што ты думаеш пра хваробу Фацімы?
    Хакаманкабудзібаба цяжка ўздыхнуў:
    — Ах, гаспадару, няхай Прарок суцешыць цябе! У яе цяжкая ліхаманка, якая можа яе даканаць.
    Гэта выклікала ў Ціўлі гнеў:
    — Што ты такое вярзеш? Шалудзівы ты сабака, а не лекар! Я аддаў за яе дзве тысячы залатых, а яна памрэ, як карова? Ведай: калі ты яе не выратуеш, застанешся без галавы!
    Мой брат зразумеў, што сказаў глупства, і зноў абнадзеіў Ціўлі. Падчас іх размовы з сераля прыйшоў чорны раб, каб паведаміць лекару, што напой не дапамог.
    — Скарыстай усё сваё майстэрства, Хакамдабабельба, ці як ты там падпісваешся, я заплачу табе колькі захочаш! — усклікнуў Ціўлі-Кос, ледзь не выючы ад страху страціць столькі золата.
    — Я дам ёй настой, які вызваліць яе ад любога ліха, — адказаў лекар.
    — Так! Так! Дай ёй настой, — усхліпнуў стары Ціўлі.
    У добрым настроі Мустафа пайшоў па свой сонны напой. Перадаўшы яго чорнаму рабу і паказаўшы, колькі трэба прыняць, ён вярнуўся да Ціўлі і, сказаўшы, што яму трэба сабраць на возеры нейкія лекавыя травы, паспяшаўся за браму. На возеры непадалёк ад палаца ён зняў фальшывую вопратку, кінуў яе ў ваду, і яна забаўна паплыла паблізу. Сам жа Мустафа схаваўся ў хмызняку і, дачакаўіяыся ночы, прабраўся ў пахавальны склеп побач з палацам Ціўлі.
    He прайшло і гадзіны пасля сыходу Мустафы з замка, як Ціўлі паведамілі жахлівую навіну: ягоная рабыня Фаціма памірае. Ён паслаў людзей да возера, каб тыя як найхутчэй прывялі лекара, аднак пасланцы вярнуліся адны і расказалі, што бедны лекар зваліўся ў ваду і ўтапіўся: ягоная чорная мантыя плавае ў возеры, а ў хвалях час ад часу бачная санавітая барада. Зразумеўшы, што ратунку няма, Ціўлі пракляў сябе і ўвесь свет, пачаў драць бараду і біцца галавой аб сцяну. Але ўсё
    гэта не магло дапамагчы: Фаціма неўзабаве адышла на руках іншых жанчын. Пачуўшы навіну пра яе смерць, Ціўлі загадаў адразу зрабіць труну, бо не цярпеў мёртвых у сваім доме, і аднесці цела ў пахавальны склеп. Насільшчыкі перацягнулі туды труну, паставілі яе і збеглі, бо пачулі стогны і ўздыхі з іншых трунаў.
    Мустафа, што схаваўся за трунамі і адтуль прымусіў насільшчыкаў кінуцца наўцёкі, выйшаў і запаліў лямпу, прыпесеную з сабой. Затым ён дастаў шклянку з абуджальным сродкам і падняў вечка труны Фацімы. Які жах ахапіў яго, калі ў святле лямпы праступіла чужое аблічча! Hi маёй сястры, ні Зараіды ў труне не было. Яму спатрэбілася шмат часу, каб апамятацца пасля новага ўдару лёсу. Урэшце літасць перамагла ягоную злосць: ён адкрыў шклянку і заліў у вусны дзяўчыны лякарства. Тая ўздыхнула, расплюшчыла вочы і доўга спрабавала зразумець, дзе яна. Нарэшце, успомніўшы ўсё, што адбылося, яна ўстала з труны і кінулася ў ногі Мустафу.