Казкі
Вільгельм Гаўф
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 336с.
Мінск 2015
— Тваё глупства пазбавіла мяне ўцехі ў старасці і радасці маіх вачэй. Прэч! Я навечна пра-
ганяю цябе, праклінаю цябе і тваіх нашчадкаў, і толькі калі ты вернеш Фаціму, з тваёй галавы будзе зняты бацькаў праклён.
Такога мой бедны брат не чакаў: ён і сам вырашыў адшукаць Фаціму і яе сяброўку і збіраўся папрасіць на гэта бацькоўскага блаславення. А цяпер той выпраўляў яго з праклёнам у свет. I калі раней гора прыгнятала яго, то цяпер усёабдымнае няшчасце, якога ён не заслугоўваў, загартавала ягоную мужнасць.
Ен пайшоў да палоннага марскога пірата, распытаў, куды накіроўваецца карабель, і даведаўся, што яны займаюцца гандлем рабамі і звычайна ездзяць на вялікі рынак у Бальсоры.
Калі ён вярнуўся дадому, каб сабрацца ў падарожжа, гнеў бацькі, здаецца, трошкі сцішыўся, і ён перадаў Мустафу ў дарогу кашалёк золата. Мой брат з плачам развітаўся з бацькамі Зараіды (так звалі ягоную каханую нявесту) і выправіўся ў Бальсору.
Мустафа паехаў сушай, бо з нашага маленькага гарадка ў той час туды не ішоў ніводны карабель. Ён мусіў рабіць вельмі доўгія дзённыя пераходы, каб не нашмат пазней за піратаў прыйсці ў Бальсору. У яго быў добры скакун і не было гйякай паклажы, таму ён спадзяваўся дабрацца туды да канца шостага дня. Але вечарам чацвертага дня, калі ён у поўнай самоце ехаў сваёй дарогай, на яго раптоўна напалі тры незнаёмцы. Калі ён заўважыў, што яны добра ўзброеныя і моцныя і што квапяцца хутчэй на ягонае жыццё, чым на золата і каня, ён крыкнуў ім, што хоча здацца.
Яны сышлі з коней і звязалі яму ногі пад жыватом ягонага скакуна. Яго самога паставілі ў сярэдзіну кавалькады (адзін з нападнікаў трымаў павады ягонага каня) і імкліва паскакалі адтуль, не кажучы ні слова.
Мустафу ахапіў задушлівы адчай: здавалася, праклён бацькі пачаў здзяйсняцца. I як ён мог спадзявацца выратаваць сваю сястру і Зараіду, калі, пазбаўлены ўсяго, мог аддаць дзеля іх выратавання толькі сваё вартае жалю жыццё?
Мустафа і ягоныя маўклівыя канваіры праехалі, можа, не больш за гадзіну і збочылі ў невялікую даліну, аточаную высокімі дрэвамі. Мяккая цёмна-зялёная трава і ручай, які цёк праз даліну, запрашалі да адпачынку. I сапраўды, Мустафа ўбачыў пятнаццаць-дваццаць шатроў, да калкоў якіх былі прывязаныя вярблюды і прыгожыя коні. 3 аднаго шатра даносілася вясёлая мелодыя цытры і спеў двух прыгожых мужчынскіх галасоў. Майму брату здалося, што людзі, якія абралі для свайго лагера такое мілае месцейка, не могуць задумваць супраць яго нядобрае, і таму на загад сваіх праваднікоў без боязі сышоў з каня, калі яго развязалі. Яго завялі ў самы вялікі шацёр, які ўнутры быў годна, амаль вытанчана ўпрыгожаны. Раскошныя вышытыя золатам падушкі, тканыя дываны, залачоныя курыльніцы маглі б недзе ў іншым месцы сведчыць пра багацце і заможнасць, тут жа яны сведчылі толькі пра смелы рабунак. На адной з падушак сядзеў стары маленькі чалавек з брыдкім тварам і цёмна-карычневай бліскучай скурай, і агідны выраз падступнай
хітрасці ў яго вачах і лініі рота выклікаў нянавісць да ягонага аблічча. Хаця ён намагаўся неяк надаць сабе важнасці, хутка Мустафа зразумеў, што не для гэтага чалавека шацёр так багата ўпрыгожаны. Словы ягоных праваднікоў пацвердзілі яго думку.
— Дзе важак? — спыталі яны недаросліка.
— Ён выправіўся на невялікае паляванне, — адказаў той, — але даручыў мне замяніць яго.
— Гэта ён не вельмі разумна зрабіў, — вымавіў у адказ адзін з разбойнікаў, — бо хутка трэба будзе вырашаць, павінны гэты сабака памерці ці заплаціць, а гэта важак ведае лепш за цябе.
Маленькі чалавек годна ўзняўся і выпрастаўся, каб дацягнуцца да вуха праціўніка. Ён відавочна збіраўся ўдарыць крыўдзіцеля. Але зразумеўшы, што намаганні дарэмныя, пачаў лаяцца. Праўда, іншыя таксама не засталіся ў даўгу, і шацёр затросся ад спрэчкі. Тут раптоўна полаг шатра адкінуўся, і ўвайшоў высокі, статны чалавек, малады і прыгожы, як персідскі прынц. Ягоныя вопратка і зброя, за выключэннем багата аздобленага кінжала і бліскучай шаблі, былі сціплыя і простыя. Аднак сур’ёзны позірк і ўся ягоная постаць выклікалі павагу, не наганяючы страху.
— Хто гэта наважыўся распачаць спрэчку ў маім шатры? — кінуў ён спалоханым разбойнікам.
Пэўны час панавала глыбокая цішыня, і нарэшце адзін з тых, хто прывёў Мустафу, расказаў, як усё адбылося. Твар важака, як яны яго называлі, пачырвапеў ад гневу.
— Калі гэта я паставіў цябе на сваё месца, Гасан? — закрычаў ён на недаросліка страшным голасам.
Той сціснуўся ад жаху, зрабіўшыся яшчэ меншым, і слізгануў да полагу шатра. Аднаго штурхаля хагііла, каб ён забаўным скачком вылецеў вонкі.
Калі недарослік знік, разбойнікі падвялі Мустафу да гаспадара шатра, які між тым лёг на падушкі.
— Мы прывялі табе таго, каго ты загадаў злавіць.
Той акінуў палоннага доўгім позіркам і прамовіў:
— Зулейкійскі паша! Тваё сумленне мусіць падказаць табе, чаму ты стаіш перад Арбазанам.
Пачуўшы гэта, мой брат кінуўся ніцма і адказаў:
— О гаспадару! Ты памыляешся. Я бедны гаротнік, а не паша, якога ты шукаеш!
Усе ў шатры здзівіліся, але гаспадар сказаў:
— Тваё прытворства мала табе дапаможа, бо я паклічу людзей, якія цябе напэўна ведаюць.
Ён загадаў прывесці Зулейму. У шацёр увялі старую жанчыну, якая на пытанне, ці пазнае яна ў маім браце зулейкійскага пашу, адказала:
— Безумоўна! — і паклялася магілай Прарока, што гэта паша і ніхто іншы.
— Бачыш, нікчэмны, твая хітрасць пайшла з дымам! — злавесна пачаў важак. — Ты занадта паскудны, каб пэцкаць мой добры кінжал тваёй крывёй. Але заўтра, калі ўзыдзе сонца, я прывяжу цябе да хваста майго скакуна і буду скакаць з Ta6011 па лясах, пакуль яно не схаваецца за пагоркамі Зулейкі!
Мой бедны брат зусім упаў духам.
— Гэта праклён майго суровага бацькі, як прывядзе мяне да ганебнай смерці, — выклікнуў ён з плачам, — і ты таксама прапала, мая мілая сястра, і ты таксама, Зараіда!
— Тваё прытворства табе не дапаможа, — сказаў адзін з разбойнікаў, звязваючы яму рукі за спінай, — выходзь з шатра! Важак ужо кусае вусны і паглядае на свой кінжал. Хадзем, калі хочаш пражыць яшчэ адну ноч!
Калі разбойнікі выводзілі майго брата з шатра, яны сутыкнуліся з трыма іншымі, што заходзілі з новым палонным.
— Вось, мы злавілі пашу, як ты нам загадаў, — сказалі яны і падвялі палоннага да важака, які ляжаў на падушках.
На ўваходзе ў шацёр мой брат змог разгледзець палоннага і заўважыў, што той да яго вельмі падобны. Гэты няшчасны быў усяго толькі цямнейшы тварам і меў чарнейшую бараду.
Важак быў вельмі здзіўлены з’яўленнем другога палоннага.
— Хто з вас сагіраўдны? — прамовіў ён, па чарзе аглядаючы абодвух.
— Калі ты маеш на ўвазе зулейкійскага пашу, — ганарліва адказаў палонны, — то гэта я!
Важак паглядзеў на яго страшным і жорсткім позіркам, а потым моўчкі даў знак вывесці пашу.
Пасля гэтага ён падышоў да майго брата, кінжалам разрэзаў вяроўкі і даў яму знак сесці no634 з ім.
— Мне шкада, незнаёмец, — сказаў ён, — што я прыняў цябе за тую пачвару. Але прыпішы гэта
волі нябёсаў, якія прывялі цябе ў рукі маіх братоў якраз тады, калі той нракляты быў асуджаны на смерць.
Мой брат папрасіў толькі пра адну міласць: зараз жа адпусціць яго ў падарожжа, бо кожная затрымка можа стаць для яго згубнай. Важак пацікавіўся ягонымі неадкладнымі справамі, і калі Мустафа яму ўсё расказаў, той пераканаў яго застацца нанач у шатры. Ён і ягоны конь патрабуюць адпачынку, а на наступны дзень Мустафу пакажуць дарогу, якой ён даедзе да Бальсоры за паўтара дня. Мой брат пагадзіўся, яго выдатна пачаставалі, і ён да раніцы спакойна заснуў у шатры разбойніка.
Ён прачнуўся зусім адзін, пачуўшы за полагам некалькі галасоў, якія гаварылі адначасова. Падобна, яны належалі гаспадару шатра і маленькаму цёмна-карычневаму чалавечку. Ён трошкі прыслухаўся і, да свайго жаху, пачуў, што недарослік заклікаў неадкладна забіць чужака, бо калі яго адпусціць, той можа ўсіх выдаць.
Мустафа адразу прыкмеціў, што недарослік злуецца на яго, бо гэта праз Мустафу з ім учора так кепска абышліся. Важак, напэўна, некалькі імгненняў разважаў.
— He, — сказаў ён, — гэта мой госць, а закон гасціннасці для мяне непарушны. Непадобна, што ён хоча нас выдаць.
Сказаўшы гэта, ён адкінуў полаг і ўвайшоў.
— Мір табе, Мустафа! — сказаў ён. — Вып’ем ранішняга напою — і рыхтуйся да ад’езду!
Ён падаў майму брату кубак шарбету. Пасля яны зацуглялі коней, і Мустафа з палёгкай у сэр-
цы ўскочыў на каня. Неўзабаве шатры засталіся ззаду, і вершнікі збочылі на шырокую сцяжыну, якая вяла ў лес. Важак расказаў майму брату, што той паша, якога яны схапілі на палявашй, паабяцаў ім не чапаць іх і цярпець у сваёй мясцовасці, аднак некалькі тыдняў таму схапіў ці не самага смелага з ягоных людзей і пасля найжахлівейшых катаванняў загадаў павесіць. Важак доўга падпільноўваў пашу, і яшчэ сёння той мусіць памерці. Мустафа не наважваўся гэтаму пярэчыць, бо сам быў рады выйсці сухім з вады.
У канцы лесу важак спыніў каня, апісаў майму брату дарогу, падаў руку і сказаў:
— Мустафа, ты выпадкова стаў госцем разбойніка Арбазана. Я не буду прасіць не расказваць пра тое, што ты бачыў і чуў. Ты несправядліва перажыў страх смерці, і я мушу цябе ўзнагародзіць. Вазьмі на памяць гэты кінжал, і калі табе будзе патрэбная дапамога, дашлі яго мне, і я паспяшаюся да цябе. А гэты кашалёк табе, магчыма, спатрэбіцца ў падарожжы.
Мой брат падзякаваў яму за велікадушнасць, узяў кінжал, але ад кашалька адмовіўся. Тады Арбазан яшчэ раз паціснуў яму руку, кінуў кашалёк на зямлю і з хуткасцю ветру паскакаў у лес. Убачыўшы, што яго ўжо не нагнаць, Мустафа злез з каня, каб падняць кашалёк, і напалохаўся шчодрасці гаспадара, бо ў кашальку было шмат золата. Ён падзякаваў Алаху за выратаванне, даручыў ягонай міласці высакароднага гаспадара і ў бадзёрым настроі працягнуў свой шлях у Бальсору.
Леза змоўк і запытальна паглядзеў на Ахмета, старога купца.
— He, калі гэта так, — вымавіў той, — я ахвотна змяню сваё меркаванне пра Арбазана, бо ён добра абышоўся з тваім братам.
— Ён зрабіў як сапраўдны мусульманін, — усклікнуў Мулей, — аднак, я спадзяюся, на гэтым гісторыя не скончылася, бо мы ўсе прагнем пачуць, што здарылася з тваім братам і ці вызваліў ён Фаціму, тваю сястру, і чароўную Зараіду.