Казкі
Вільгельм Гаўф
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 336с.
Мінск 2015
— Ну ўсё, я хачу паглядзець, ці здолею я вярнуць сабе цёплае сэрца! Каменнае робіць маё жыццё пустэльным і сумным!
Ён адзеў сваю нядзельную вопратку, сеў на каня і паехаў да яловага гушчару.
У гушчары, дзе дрэвы стаялі так шчыльна, ён злез з каня, прывязаў яго і пайшоў хуткім крокам да вяршыні ўзгорка, а калі знайшоў тоўстую яліну, прамовіў:
Вялікіх скарбаў уладар,
Табе належыць ўвесь гушчар,
Жывеш тут тысячу гадоў, Цябе пабачыць я прыйшоў.
З’явіўся Шкляны Чалавечак, але твар у яго быў зусім не добразычлівы і шчыры, як раней, а змрочны і маркотны. На ім была чорпая куртка з чорнага шкла, а на капелюшы такая самая жалобная стужка, і Петэр ведаў, па кім ён смуткуе.
— Што ты хочаш ад мяне, Петэр Мунк? — спытаў чалавечак глухім голасам.
— Я маю яшчэ адно жаданне, спадар Скарбнік, — адказаў Петэр, апусціўшы вочы.
— Каменныя сэрцы могуць хацець яшчэ чагосьці? — спытаў Шкляны Чалавечак. — Ты маеш
усё, што трэба тваёй сапсаванай душы, і наўрад ці я магу выканаць тваё жаданне.
— Але ж вы абяцалі мне тры жаданні, і адно засталося!
— I я магу яго скасаваць, калі яно дурное, — сказаў Шкляны Чалавечак. — Але добра, скажы, што ты хочаш.
— Дастаньце з мяне каменнае сэрца і вярніце маё жывое, — сказаў Петэр.
— Хіба я заключаў з табой дамову? — спытаў Шкляны Чалавечак. — Хіба я Галандзец Міхель, які раздае багацці і сэрцы? Ідзі да яго, там і шукай.
— Ах, ён ніколі не аддасць яго мне, — сказаў Петэр.
— Мпе шкада, што ў цябе ўсё так дрэнна, — прамовіў Чалавечак пасля роздуму. — Але тваё жаданне зусім не бязглуздае, і я не супраць табе трохі дапамагчы. Слухай. Сілай ты сваё сэрца не вернеш, але хітрасцю можаш, і гэта не так ужо й цяжка. Бо Міхель — гэта ўсяго толькі дурны Міхель, якога б разумніка ён з сябе ні строіў. Ідзі зараз жа да яго і рабі тое, што я табе скажу.
I Чалавечак сказаў яму, што трэба рабіць, і даў крыжык з чыстага шкла.
— Міхель не забярэ твайго жыцця і адпусціць цябе, калі ты будзеш трымаць крыжык перад ім і маліцца. А калі атрымаеш што хочаш, прыходзь да мяне на гэтае самае месца.
Петэр Мунк узяў крыжык, пастараўся запомніць усе запаветы Чалавечка і пайшоў туды, дзе жыў Галандзец. Ён тройчы пракрычаў імя асілка, і той умомант вырас перад Петэрам.
— Ты прыбіў сваю бабу? — спытаў Галандзец са смехам. Я б таксама гэта зрабіў, яна ж марнавала твае грошы на розны зброд. Але ты хочаш на пэўны час знікнуць з краіны, бо падымецца шум, тваю жонку будуць шукаць, — і ты прыйшоў папрасіць у мяне грошай?
— Ты ўгадаў, — сказаў Петэр. — I гэтым разам прасіць буду шмат, бо Амерыка далёка.
Міхель павёў яго да свайго жытла. Там ён адчыніў куфар, дзе ляжала яго багацце, і дастаў адтуль некалькі вялікіх скруткаў з манетамі. Пакуль Галандзец лічыў іх, расклаўшы на стале, Петэр нібы незнарок сказаў:
— А ты вялікі махляр, Міхель! Спрытна ты мяне падмануў: сказаў, што ў мяне ў грудзях каменнае сэрца, а маё цяпер у цябе!
— Хіба гэта не так? — спытаў Міхель здзіўлена. — Ты што, адчуваеш сваё сэрца? Хіба яно не халоднае як лёд? Адчуваеш страх або смутак, раскайваешся у чымсьці?
— Ты толькі спыніў яго, але яно ўсё яшчэ ў грудзях, маё сэрца, і з Эцэхілем тое самае. Ён сказаў мне, што ты падмануў нас. Ты ж не той чалавек, які можа так вось непрыкметна і без усялякай пагрозы для здароўя дастаць з чалавечага цела сэрца. Каб быць здолыіым на такое, трэба быць чараўніком.
— Але я хачу цябе запэўніць, — усклікнуў Міхель незадаволена, — што і ты, і Эцэхіль, і ўсе заможныя людзі, якія заключылі са мной дамову, маюць такія самыя халодныя сэрцы, як і ты, а вашыя сапраўдныя сэрцы я захоўваю тут, у маёй каморцы.
— Што за маііа! — засмяяўся Петэр. — Раскажы гэта каму іншаму. Думаеш, я не бачыў тузіны такіх штукарстваў падчас сваіх падарожжаў? Сэрцы, якія ты трымаеш у каморы, — ты ж проста вылепіў іх з воску! Ты багаты хлопец, гэта я гатовы прызнаць, але чараваць ты не ўмееш.
I тады асілак раззлаваўся і адчыніў дзверы каморы.
— Зайдзі і зірні на цэтлікі: вось сэрца Петэра Мунка, глядзі, як яно б’ецца. Такое, па-твойму, можна зрабіць з воску?
— I ўсё ж яно з воску, — адказаў Петэр. — Сапраўднае сэрца так не б’ецца. Маё ў мяне ў грудзях. He, чараваць ты не ўмееш!
— Але я табе дакажу! — крыкнуў Міхель злосна. — Ты сам адчуеш, што гэта тваё сэрца!
Ён узяў сэрца Петэра, сарваў з вугляра камзол, дастаў камень з яго грудзей і паказаў яму. Потым зноў схапіў Петэрава сэрца, падзьмуў на яго — і як толькі Галандзец асцярожна вярнуў яго на месца, Петэр адчуў, як яно грукае, і мог зноў гэтаму радавацца.
— Ну як? — спытаў Міхель з усмешкай.
— Сапраўды, ты меў рацыю, — адказаў Петэр, непрыкметна дастаючы з кішэні крыжык. — Ніколі б не паверыў, што такое магчыма!
— Ці не праўда? Цяпер ты бачыш, я ўмею чараваць. Але хадзі сюды, я зноў устаўлю табе камень...
— Спакойна, спадар Міхель! — крыкнуў Петэр, адступіўшы на крок назад і выставіўшы перад сабой крыжык. — На сала ловяць мышэй, вось і цябе абдурылі! — і ён пачаў маліцца.
Міхель рабіўся ўсё меншы і меншы, упаў, закруціўся, як чарвяк. Ён крактаў і стагнаў, і ўсе сэрцы вакол пачалі грукаць і біцца, быццам усё адбывалася ў гадзіннікавай майстэрні. Петэр спалохаўся, выскачыў з каморы, адчыніў дзверы і пабег. Гнаны страхам, ён пачаў караскацца па скале. Ён чуў, як Міхель спахапіўся і рушыў за ім, як ён цяжка ступае і ў шаленстве выкрыквае страшныя праклёны. Калі Петэр апынуўся наверсе, ён памчаўся да яловага гушчару. Надвор’е стала проста жахлівым, маланкі білі ў зямлю то справа, то злева ад Петэра і разбівалі ў ашмоцце дрэвы, але Петэр шчасліва абмінуў іх і дабраўся да ўладанняў Шклянога Чалавечка.
Яго сэрца радасна грукала і рабіла гэта толькі з адной прычыны — бо зноў грукала. Петэр з жахам азірнуўся на сваё жыццё — як на буру, якая толькі што ламала дрэвы. Ён падумаў пра сваю жонку, прыгажуню Лізбэт, якую ён забіў са сквапнасці, і падаўся сам сабе нейкім чалавечым адкідам. Калі ён прыйшоў на ўзгорак Шклянога Чалавечка, то горка плакаў.
Скарбнік ужо сядзеў пад ялінай і курыў маленькую піпку. Выглядаў ён весялейшым, чым тады, калі Петэр бачыў яго апошні раз.
— Чаму ты плачаш, вугляр Петэр? — спытаў ён. — Ты не атрымаў назад сваё сэрца? У тваіх грудзях усё яшчэ тое, халоднае?
— Ах, спадару Скарбнік! — уздыхнуў lieTap. — Калі б я ўсё яшчэ насіў у грудзях камень, я б не плакаў і вочы мае былі б сухія, як зямля ў ліпені. Але цяпер мне разбівае сэрца тое, што я нарабіў! Маіх даўжнікоў я давёў да жабрацтва,
спускаў сабакаў на бедных людзей, і... Ну, ды вы самі ведаеце, што зрабіў я сваёй пугай!
— Петэр! Ты быў вялікім грэшнікам! — сказаў Шкляны Чалавечак. — Грошы і марнатраўства сапсавалі цябе настолькі, што тваё сэрца ператварылася ў камень і не ведала больш ні радасці, ні пакуты, ні раскаяння, ні спачування. Але раскаянне ачышчае, і калі б я толькі ведаў, што ты і праўда адчуваеш згрызоты сумлення за тое, што зрабіў, то мог бы табе ў нечым дапамагчы.
— He хачу болып нічога, — адказаў Петэр і схіліў галаву. — Са мной усё скончана, як я Mary жыць і цешыцца пражытым дням, што я буду рабіць зусім адзін на свеце? Мая маці ніколі не даруе мне таго, што я ёй зрабіў, — мажліва, я давёў яе да труны, я мярзотнік! А Лізбэт, мая жонка! Лепш забіце мяне, спадар Скарбнік, тады маё праклятае жыццё скончыцца.
— Добра, — сказаў Шкляны Чалавечак. — Калі ты больш нічога не хочаш, то можаш атрымаць тое, пра што папрасіў. Я якраз прыхапіў сякеру.
Ён дастаў з рота піпку, выбіў яе і зноў набіў. Затым паволі падняўся і сышоў за яліны. Петэр жа сядзеў, плачучы, у траве, жыццё страціла для яго сэнс, і ён цярпліва чакаў смяротнага ўдару. Праз нейкі час ён пачуў ззаду ціхія крокі і падумаў: «Ну вось і ўсё».
— Азірніся, Петэр Мунк! — крыкнуў Шкляны Чалавечак.
Петэр выцер слёзы з вачэй, азірнуўся — і пабачыў сваю маці і з ёй Лізбэт: яны ласкава глядзелі на яго. Ён ускочыў на ногі:
— Ты жывая, Лізбэт? I вы тут, мама, і даравалі мне?
— Яны даравалі табе, — сказаў Шкляны Чалавечак. — Таму што ты адчуваеш сапраўднае раскаянне, і ўсё мусіць быць забытае. Ідзі ў хаціну твайго бацькі і стань зноў вугляром, як раней. Ты добры і сумленны хлопец, дбай старанна пра сваю гаспадарку, і суседзі будуць любіць і паважаць цябе больш, чым калі б ты меў тоны золата!
Так сказаў Шкляны Чалавечак і развітаўся з імі.
Усе трое падзякавалі яму і пайшлі дадому.
Шыкоўнага дома багача Петэра болып не было: маланка трапіла ў яго і спаліла разам з усімі багаццямі, але да бацькоўскай хаты было недалёка. Туды яны і скіраваліся і не засмучаліся з гэтай нагоды.
Але як яны здзівіліся, калі прыйшлі да сваёй хаты! Яна стала прыгожым сялянскім домам, і ўсё ўнутры было простае, але добрае і чыстае.
— Гэта зрабіў Шкляны Чалавечак! — усклікнуў Петэр.
— Як прыгожа, — сказала фраў Лізбэт. — I тут я адчуваю сябе дома — не тое што ў вялікім доме, поўным граху.
3 таго часу Петэр зрабіўся руплівым і старанным чалавекам. Ён быў задаволены тым, што меў, нястомна дбаў пра сваю гаспадарку, і так і сталася, што дзякуючы сваёй стараннай працы ён стаў паважаным чалавекам у лесе. Ён ніколі не сварыўся з жонкаю, шанаваў маці і заўжды падаваў бедным, калі яны грукаліся ў дзверы. Калі праз год і адзін
дзень фраў Лізбэт нарадзіла прыгожага хлопчыка, Петэр пайшоў у яловы гушчар і прачытаў той самы вершык. Аднак Шкляны Чалавечак не паказваўся.
— Спадар Скарбнік, — крыкнуў Петэр. — Я не хачу ні пра што прасіць вас — толькі пра тое, каб вы сталі хросным бацькам майго сына!
Але адказу не было. Толькі павеў ветру прайшоў па ялінах, і некаторыя галінкі ўпалі ў траву.
— Вазьму гэта на памяць пра вас, калі вы не хочаце выходзіць, — сказаў Петэр, схаваў лапкі ў кішэню і пайшоў дамоў. Але калі дома ён зняў святочны камзол і яго маці вывернула ў ім кішэні, каб пакласці ў куфар, то знайшла там шмат навюткіх бадэнскіх талераў і сярод іх ніводнага фальшывага. Гэта быў падарунак ад Шклянога Чалавечка малому Петэрхену на хрост.
Так яны і жылі далей спакойна, нястомна працавалі, Петэр Мунк дажыў да сівых валасоў і ніколі не забываў паўтараць:
— Быў я ў сваім жыцці бедны, быў і багаты. I калі быў бедны, то не разумеў, што насамрэч маю багацце, а калі быў багаты — то не ведаў, што я сапраўдны жабрак. Лепш задавольвацца малым, чым мець шмат золата і халоднае сэрца.