Казкі  Вільгельм Гаўф

Казкі

Вільгельм Гаўф
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 336с.
Мінск 2015
80.16 МБ
Гэта было і ёсць для мяне загадкай. Аднак што я мог зрабіць? Супраць святара ў мяне не было сведак, таму заставалася толькі суцяшацца тым, што ён не забраў разам з грашыма бацькаў дом і тавары.
Гэта было першае няшчасце, якое напаткала мяне. Потым яны пасыпаліся адно за адным. Я не займеў шырокай вядомасці як лекар, таму што саромеўся карыстацца прыёмамі, якімі так плённа паслугоўваюцца рыначныя махляры, і мне паўсюль не ставала бацькавай падтрымкі, бо ён мог бы ўвесці мяне ў кола багатых і магутных людзей. Да таго ж бацькавы пакупнікі пасля ягонай смерці рассеяліся, а новыя набываюцца марудна. I вось аднойчы, калі я зноў у роспачы разважаў пра сваё становішча, мне прыйшло на памяць, што калі я жыў у замежжы, то часта бачыў там сваіх суайчыннікаў. Яны вандравалі па краіне і прапаноўвалі на рынках і кірмашах розныя тавары. Я згадаў таксама, што іхныя заморскія тавары заўсёды ахвотна куплялі і што такі гандаль можа
прынесці вялікае багацце. Так я і прыняў рашэнне. Я прадаў бацькоўскі дом, частку грошай аддаў на захаванне надзейнаму сябру, а на астатнія купіў тавараў, якія за морам лічыліся рэдкімі: шалі, шаўковыя тканіны, пахошчы і алей, — арандаваў месца на караблі і выправіўся ў другое падарожжа ў краіну франкаў.
Ледзь толькі ўмацаванні Дарданэлаў засталіся за спінаіо, лёс, здавалася, зноў пачаў мне спрыяць. Паездка нашая была кароткай і прыемнай. Я хадзіў па мястэчках і гарадах і паўсюль знаходзіў удзячных пакупнікоў. Сябар перасылаў мне са Стамбула ўсё новыя і новыя запасы, і маё багацце расло з кожным днём. I вось аднойчы, калі грошай было ўжо дастаткова для вялікага прадпрыемства, я сабраўся і пайшоў у Італію. Дзе-нідзе па дарозе я спыняўся, каб выкарыстаць сваё лекарскае майстэрства, і гэта таксама давала неблагі прыбытак. Прыходзячы ў чарговы горад альбо мястэчка, я абвяшчаў, што тут знаходзіцца грэцкі лекар, які ацаліў мноства хворых. I сапраўды, мае бальзамы і лекі прыносілі мне колькі цэхінаў.
Так вандруючы, нарэшце дабраўся я да італьянскай Фларэнцыі. Я меркаваў прабыць там доўга, часткова таму, што гэты горад спадабаўся мне, а часткова таму, што хацеў адпачыць ад цяжкасцяў валацужнага жыцця. Я арандаваў лаўку ў гарадскім квартале Санта Крочэ, а ў карчме, што стаяла недалёка адтуль, наняў два цудоўныя пакоі з балконам. Потым я распаўсюдзіў абвесткі, дзе гаварылася, што я лекар і купец. Ледзь толькі паспеў я адчыніць маю лаўку, як туды валам
павалілі пакупнікі. I хоць цэны ў мяне былі крыху вышэйшымі, чым у суседзяў, прадаваў я больш, бо заўжды быў ветлівым і добразычлівым. Так я пражыў у Фларэнцыі чатыры цудоўныя дні і аднойчы вечарам, зачыніўшы лаўку і папаўняючы, паводле старой завядзёнкі, слоікі з мазямі, заўважыў у адным з іх паперку, якую, наколькі мне помнілася, туды не клаў. Я разгарнуў цыдулку і знайшоў там запрашэнне прыйсці сёння ноччу роўна ў дванаццаць гадзін на Понтэ Вэк’ё. Я доўга гадаў, хто ж мог запрасіць мяне туды, і падумаў — бо не ведаў у Фларэнцыі аніводнай душы, — што мяне хутчэй за ўсё хочуць правесці да нейкага хворага. Я пастанавіў ісці, але ўзяць з сабою дзеля ўласнае бяспекі падараваную мне бацькам шаблю.
Бліжэй да поўначы я выправіўся ў дарогу і хутка прыйшоў на Понтэ Вэк’ё. На мосце было пуста і бязлюдна, але я вырашыў чакаць, пакуль не высветліцца, хто ж мяне сюды клікаў. Ноч была халодная, ярка свяціў месяц. Я стаяў і пазіраў з моста ўніз, дзе пераліваліся ў месяцавым святле хвалі Арна. У гарадскіх касцёлах прабілі поўнач. Я выпрастаўся і ўбачыў перад сабою высокага чалавека. Постаць ягоная хавалася пад доўгім чырвоным плашчом, крысом якога ён захінаў сабе твар.
Спачатку мяне працяў лёгкі страх ад такога раптоўнага з’яўлення гэтага чалавека ў мяне за спінаю, аднак я хутка авалодаў сабою і сказаў:
— Калі гэта вы загадалі мне прыйсці сюды, то ласкава прашу патлумачыць сваю волю.
Чырвоны плашч павярнуўся і павольна вымавіў:
— Ідзі за мной!
Але мне стала неяк вусцішна ісці сам-насам з гэтым незнаёмцам, таму я не зрушыўся з месца і сказаў:
— He, спадар. Прашу вас спачатку растлумачыць мне, куды мы ідзем, а таксама адкрыць на хвілінку свой твар, каб я мог пераканацца, што вы не задумалі супраць мяне злога.
Аднак чырвоны, падобна, застаўся абыякавым да маіх словаў:
— Калі не хочаш, Цалёйкас, то заставайся, — сказаў ён і пайшоў далей.
Тут я ўспыхнуў:
— Вы мяркуеце, што такі чалавек, як я, дазволіць глуміцца з сябе кожнаму дурню і будзе халоднай ноччу дарэмна чакаць на мосце?!
Трыма скачкамі дагнаў я незнаёмца, схапіў яго за крысо плашча і, трымаючы другой рукой шаблю, закрычаў яшчэ гучней. Аднак плашч застаўся ў маёй руцэ, а незнаёмец знік за першым жа рогам. Мой гнеў пакрысе сціх, тым болып што я меў у руках плашч, які мог быць ключом да разгадкі гэтай незвычайнай начной прыгоды.
Я захутаўся ў плашч і рушыў дадому, аднак не зрабіў і сотні крокаў, як нехта ўшчыльную наблізіўся да мяне і прашаптаў на франкскай мове: «Прыміце да ведама, граф, што сёння ноччу нічога не атрымаецца». He паспеў я азірнуцца, як незнаёмец ужо знік, і я зноў пабачыў толькі мільганне ценю на сценах дамоў. Тое, што словы
гэтыя адрасаваліся плашчу, а не мне, не выклікала сумневу, аднак ніяк не тлумачыла маіх прыгодаў. Раніцай наступнага дня я вырашыў, як буду дзейнічаць. Спачатку я хацеў даць аб’яву, нібыта знайшоў плашч. Аднак тут была магчымасць, што яго забярэ нейкая трэцяя асоба, і я застануся ні з чым. Разважаючы так, я болын уважліва разгледзеў плашч. Ён быў зроблены з цяжкога генуэзскага аксаміту, падбіты каракулем і багата аздоблены золатам. Цудоўны выгляд плашча падштурхнуў мяне да іншага рашэння, якое я і паспяшаўся выканаць.
Я прынёс плашч у лаўку і выставіў яго на продаж. Цану, аднак жа, прызначыў такую высокую, што — у гэтым я быў упэўнены — ніхто не захацеў бы яго купіць. Сэнс маёй задумы быў у тым, каб уважліва разгледзець кожнага, хто ім зацікавіцца. Бо хоць я і бачыў незнаёмца, які згубіў праз мяне свой плашч, толькі мімаходзь, не было сумневу, што я пазнаў бы ягоную постаць сярод тысячы іншых. Траплялася шмат ахвочых купіць плашч, выключная прыгажосць якога прыцягвала позіркі, аднак ніводзін з іх нават аддалена не нагадваў майго незнаёмца, ніводзін не захацеў заплаціць высокую цану ў дзвесце цэхінаў. Таксама звярнуў я ўвагу на тое, што калі пытаўся ў таго ці іншага, ці не бачыў ён у Фларэнцыі яшчэ аднаго такога плашча, кожны адказваў, што не, не бачыў, і спяшаўся запэўніць мяне, нібыта ўпершыню сустракае такую дарагую і густоўную рэч.
Ужо вечарэла, калі ў лаўку прыйіпоў адзін малады чалавек, які часта бываў у мяне і сёлня
таксама шмат заглядаўся на плашч. Ён кінуў на стол кашалёк з цэхінамі і крыкнуў:
— Богам клянуся, Цалёйкас, я мушу мець гэты плашч, нават калі аддам за яго апошнія грошы!
3 гэтымі словамі ён пачаў пералічваць свае залатыя. Я быў моцна збянтэжаны: плашч вывешваўся толькі дзеля таго, каб прывабіць позірк майго незнаёмца, а тут прыходзіць нейкі малады вар’ят і хоча заплаціць вялізныя грошы. Што мне яшчэ заставалася? Я саступіў яму, бо, паглядзеўшы на ўсё з іншага боку, вырашыў узнагародзіць сябе за начныя прыгоды такім вось цудоўным чынам. Юнак захутаўся ў плашч і пайшоў, але неўзабаве вярнуўся, трымаючы ў руках паперку, якую знайшоў у плашчы.
— Цалёйкас, — прамовіў ён, — гэта да плашча дачынення не мае.
Абыякава ўзяў я цыдулку, але потым убачыў, што там было напісана: «Прынясі плашч сёння ў вядомы час на Понтэ Вэк’ё, і чатырыста цэхінаў — твае».
А каб на мяне пярун! Я сам так па-дурному аддаў сваё шчасце і звёў на нішто ўвесь сэнс маёй задумы! Доўга не разважаючы, схапіў я дзвесце цэхінаў, дагнаў юнака, які купіў плашч, і сказаў:
— Дарагі дружа, вазьмі назад свае цэхіны і аддай мне мой плашч — на жаль, я ніяк не магу прадаць яго.
Такія словы пасля шчаслівага завяршэння гандлю — а ён жа сапраўды лічыў, што яму пашэнціла, — раззлавалі хлопца, ён пачаў абзываць мяне дурнем, і справа дайшла да бойкі.
Мне ўдалося ў гэтым гармідары выхапіць плашч, і я ўжо хацеў кінуцца наўцёкі, але юнак паклікаў на дапамогу паліцыю, і нас з ім пацягнулі ў суд. Суддзя быў вельмі здзіўлены нашым выпадкам і прысудзіў плашч майму супраціўніку. Аднак я прапаноўваў юнаку дваццаць, пяцьдзясят, восемдзесят, нават сто цэхінаў звыш ягоных двухсот, калі ён верне мне плашч. Чаго не змаглі просьбы, зрабіла золата. Ён узяў мае сумленна заробленыя цэхіны, а я трыюмфальна забраў сабе плашч, не дбаючы пра тое, што цяпер уся Фларэнцыя будзе лічыць мяне вар’ятам. Я быў абыякавы да меркавання іншых, бо ведаў лепш за іх, што яшчэ выйграю ў гэтым гандлі.
3 нецярплівасцю чакаў я ночы. У той жа час, што і ўчора, я скіраваўся, трымаючы пад пахаю плашч, на Понтэ Вэк’ё. 3 апошнімі ўдарамі звона з цемры вынырнула постаць і рушыла да мяне. Несумненна, гэта быў учарашні незнаёмец.
— Плашч пры табе? — спытаўся ён.
— Так, сіньёр, — адказаў я. — Але ён каштаваў мне сотні цэхінаў. —
— Ведаю, — адказаў незнаёмец. — Зірні сюды. Тут чатырыста.
Мы падышлі да шырокіх парэнчаў моста і пералічылі залатыя. Іх было чатырыста. Як звабна блішчэлі яны ў месяцавым святле, як радавалася маё сэрца іх бляску! Ах, не адчувала яно, што гэта была ягоная апошняя радасць! Я засунуў грошы ў торбу і ўжо хацеў лепш разгледзець прыязнага незнаёмца, аднак на твары ягоным была маска, з якой на мяне страшна пазіралі цёмныя вочы.
— Спадар, я вельмі ўдзячны вам за вашую дабрыню, — сказаў я. — Што загадаеце рабіць далей? Аднак скажу адразу: я не згодны ні на што супрацьзаконнае.
— Дарэмна турбуецеся, — адказаў ён, накідваючы на плечы плашч. — Мне патрэбная вашая лекарская дапамога. Аднак не для жывога, а для памерлага.
— Як гэта?! — ускрыкнуў я, не ў змозе схаваць здзіўленне.
— Я прыехаў на чужыну разам з сястрою, — пачаў ён і зрабіў мне знак ісці за ім. — Тут я жыў у аднаго сябра нашага дому. Мая сястра раптоўна памерла ўчора ад хваробы, і сваякі хочуць заўтра пахаваць яе. Аднак паводле старажытнага звычаю, ўсіх памерлых з нашай сям’і належыць хаваць у фамільным склепе. Многія з тых, хто паміраў на чужыне, былі забальзамаваныя і прывезеныя дадому. Сваякам я аддам толькі цела, а бацьку завязу галаву, каб ён мог апошні раз зірнуць на сваю дачку.