Казкі  Вільгельм Гаўф

Казкі

Вільгельм Гаўф
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 336с.
Мінск 2015
80.16 МБ
дарунак з рэшты свайго багацця, сказаў Мулей, ён са сваімі рабамі дапаможа мне прыбраць мёртвыя целы. Я паабяцаў шчодра ўзнагародзіць мудраца, і мы з пяццю рабамі, узброенымі піламі і сякерамі, выправіліся да карабля. Па дарозе чараўнік Мулей не стамляўся хваліць нашую ідэю абвязаць ветразі пергаментамі з сурамі Карана. Гэта, сказаў ёп, быў адзіны сродак уратавацца.
Яшчэ стаяў ясны дзень, калі мы дабраліся да карабля. Мы адразу ж прыняліся за працу, і праз гадзіну чацвёра мерцвякоў ужо ляжалі ў чоўне. Рабы мусілі завезці іх на сушу, каб закапаць там. Калі рабы вярнуліся, то расказалі, што мерцвякі спрасцілі ім працу: калі іх паклалі на зямлю, яны рассыпаліся ў пыл. Мы працягвалі адпілоўваць дошкі з трупамі, і да вечара ўсе яны ўжо ляжалі ў зямлі. Нікога пе засталося на борце карабля, апрача таго, што быў прыбіты цвіком да мачты. Дарэмна памагаліся мы выцягнуць цвік з дрэва — ніякая сіла не здольная была яго зварухнуць. Я не ведаў, што рабіць: нельга ж секчы мачту, каб перавезці капітана на бераг. Але тут дапамог Мулей. Ён хуценька паслаў на сушу раба, каб той прывёз гаршчок з зямлёй. Калі раб вярнуўся, чараўнік прамовіў нейкія таямнічыя словы і высыпаў зямлю на галаву мерцвяка. Той адразу ж расплюшчыў вочы, зрабіў глыбокі ўдых — і рана на ягоным ілбе пачала кроватачыць. Цяпер мы лёгка выцягнулі цвік, і паранены паваліўся проста на рукі рабоў.
— Хто прывёў мяне сюды? — запытаўся ён пасля таго як трохі ачуняў. Мулей паказаў на мяне, і я падышоў. — Дзякуй табе, невядомы чужы-
нец, ты ўратаваў мяне ад доўгіх пакутаў. Пяцьдзясят гадоў плавае па гэтых хвалях маё цела, і душа мая была асуджаная кожны дзень вяртацца ў яго. Зямля нарэшце кранулася маёй галавы, і я магу мірна выправіцца да маіх прабацькаў.
Я папрасіў яго расказаць, як ён трапіў у такое жудаснае становішча, і ён загаварыў:
— Пяцьдзясят гадоў таму я быў магутны, паважаны чалавек і жыў у Алжыры. Прага да багацця пагнала мяне купіць і аснасціць карабель, каб выпраўляцца на марскі рабунак. Гэтай справай я займаўся некалькі гадоў, і вось неяк у Зантэ я ўзяў на борт аднаго дэрвіша, які хацеў плыць задарма. Я і мая каманда былі людзі не надта цырымонныя і не зважалі на святасць яго асобы, а я шмат насміхаўся з яго. Аднойчы, пасля таго як ён у сваёй святой апантанасці пачаў дакараць мяне за грэшны лад жыцця — а я тады добра выпіваў са стырнавым у сваёй каюце, — мяне ахапіў гнеў. Ашалеўшы ад словаў дэрвіша, якіх я не стаў бы трываць нават ад султана, я кінуўся на палубу і ўсадзіў кінжал яму проста ў грудзі. Паміраючы, дэрвіш выкляў мяне разам з камандаю: ні я, ні мае матросы не маглі ні памерці, ні жыць, пакуль нашыя галовы не лягуць у зямлю. Дэрвіш аддаў Богу душу, мы кінулі яго труп у мора і пасмяяліся з яго праклёнаў, але ў тую самую ноч ягоныя словы спраўдзіліся. Частка маёй каманды ўзбунтавалася супраць мяне: сварка была шалёная, мае прыхільнікі былі перабітыя, а мяне прыбілі цвіком да мачты. Але і бунтаўнікоў даканалі іхныя раны, і неўзабаве мой карабель ператварыўся ў адну вялікую магілу.
Mae вочы заслаў туман, дых заняло, я падумаў, што памёр. Але тое, што пазбавіла мяне сілаў, было толькі здранцвеннем. Наступнай ноччу, дакладна ў тую самую гадзіну, калі мы выкінулі дэрвіша за борт, я і мая каманда ачунялі, жыццё вярнулася да нас, але мы не маглі ні гаварыць, ні рабіць нічога, апрача таго, што гаварылі і рабілі ў тую ноч. Так мы плавалі пяцьдзясят гадоў, не жывучы і не паміраючы; як мы маглі трапіць на сушу? Са шчырай радасцю накіроўвалі мы наш карабель у самае сэрца буры, бо спадзяваліся нарэшце наляцець на рыф і спакойна скласці галовы на марскім дне. Але ў нас нічога не атрымлівалася. Цяпер жа я нарэшце магу памерці. Яшчэ раз дзякую табе, невядомы збаўца, і калі мае скарбы могуць быць табе ўзнагародай, вазьмі гэты карабель на знак маёй удзячнасці.
Капітан апусціў галаву і развітаўся з жыццём. Як толькі гэта адбылося, ён, як і яго спадарожнікі, ператварыўся ў пыл. Мы сабралі той пыл у скрыначку і пахавалі ў зямлі, а я наняў у горадзе рабочых, якія прывялі карабель у належны выгляд. 3 выгадаю абмяняўшы тавар, што быў на караблі, я знайшоў сабе матросаў, шчодра ўзнагародзіў Мулея і выправіўся на радзіму. Праўда, паплыў я кружной дарогаю, высаджваючыся на розных выспах і ў розных краях ды прапаноўваючы свой тавар на рынках. Прарок блаславіў мой гандаль. ГІраз дзевяць месяцаў я, маючы багацця ўдвая болей, чым пакінуў мне капітан, кінуў якар у Бальсоры. Суайчыннікі вельмі здзівіліся маёй заможнасці і маёй удачы: яны думалі, што мне пашчасціла
адшукаць Дыяментавую даліну знакамітага вандроўніка Сіндбада. Я не стаў іх разупэўніваць, і вось з таго часу маладыя людзі з Бальсоры, якім споўнілася васямнаццаць, выпраўляюцца ў падарожжа, каб, таксама як я, знайсці сваё шчасце. А я жыў сабе спакойна, у міры, і кожныя пяць гадоў ладзіў падарожжы ў Мекку, каб у святых мясцінах узнесці хвалу Уладару за яго ласку да мяне і прасіць за капітана і яго каманду, каб Усёмагутны ўзяў іх у рай.
На наступны дзень караван без перашкодаў рушыў далей, і калі на прывале ўсе як след адпачылі, чужаземец Селім звярнуўся да Мулея, наймалодшага з купцоў:
— Вы, што праўда, наймалодшы сярод нас, але ж заўжды ў гуморы і, пэўне ж, маеце расказаць нам нешта займальнае. Пацешце нас гісторыяй, каб гэта падтрымала ўсіх пасля дзённай спёкі!
— Я ахвотна раскажу вам адну такую гісторыю, — адказаў Мулей. — Думаю, яна прыйдзецца ўсім даспадобы. Аднак жа маладым належыць захоўваць сціпласць у сваіх паводзінах, таму няхай спачатку атрымаюць слова мае старэйшыя спадарожнікі. Цалёйкас заўсёды такі сур’ёзны і замкнёны, чаму б яму не расказаць, што так азмрочвае ягонае жыццё? Можа стацца, што мы здольныя неяк дапамагчы ягонай бядзе, калі яна і праўда яго напаткала: мы заўжды гатовыя служыць свайму брату, нават калі ён іншай веры.
Той, пра каго зайшла гаворка, быў грэцкі купец сярэдняга веку, прыгожы і здаровы, але на-
самрэч вельмі сур’ёзны. I хаця ён сапраўды быў няверны (то бок не мусульманін), спадарожнікі любілі яго, бо асоба Цалёйкаса выклікала ў іх павагу і давер. Трэба сказаць, што ён меў толькі адНУ РУКУ, і некаторыя з таварышаў меркавалі, што гэтая страта і ёсць прычынай ягонага засмучэння.
— Ваш давер — для мяне вялікі гонар, — адказаў Цалёйкас на спагадлівае пытанне Мулея. — Ніякай бяды ў мяне няма — прынамсі, такой, у якой мне можна было б дапамагчы, нават маючы нанлепшыя намеры. Аднак, здаецца, Мулей папракае мяне змрочным выглядам. Таму я раскажу вам нешта, што патлумачыць, чаму я змрачнейшы за іншых людзей. Вы ўсе бачыце, што ў мяне няма левай рукі. Я выглядаю так не з самага нараджэння, гэта здарылася ў найжахлівейшыя дні майго жыцця. Ці нясу я за гэта віну, ці правільна раблю, што выглядаю з таго часу больш змрочным, чым належыць чалавеку ў маім становішчы, можаце меркаваць самі, калі пачуеце гісторыю пра адсечаную руку.
Пераклаў Альгерд Бахарэвіч
АДСЕЧАНАЯ
РУКА
Нарадзіўся я ў Канстанцінопалі. Мой бацька служыў драгаманам у Порце і, акрамя таго, вёў даволі прыбытковы гандаль араматычнымі эсенцыямі і шаўковымі тканінамі. Ён даў мне добрае выхаванне, часткова навучаючы мяне сам, а часткова даручаючы заняткі нашаму святару. Спачатку бацька планаваў перадаць мне сваю справу, аднак я паказаў вялікія здольнасці, і таму, па парадзе аднаго сябра, ён вырашыў вучыць мяне на лекара (тым болып што лекары, калі яны адукаваныя крыху лепш за звычайных махляроў, якія швэндаюцца па рынку, могуць дасягнуць у Канстанцінопалі значнага поспеху). У наш дом прыходзіла шмат франкаў, і вось адзін з іх пераканаў майго бацьку адпусціць мяне на ягоную радзіму, у горад Парыж, дзе гэтай спецыяльнасці навучаюць бясплатна і найлепшым чынам. Да Ta­ro ж ён без усялякай платы ўзяўся суправаджаць мяне туды на зваротным шляху. Бацька мой, які і сам у маладосці вандраваў, даў згоду, і франк сказаў, каб я рыхтаваўся да ад’езду праз тры месяцы. А я проста шалеў ад радасці пабачыць чужыя землі.
Нарэшце франк зрабіў усе справы і пачаў рыхтавацца да падарожжа. Вечарам перад ад’ездам бацька завёў мяне ў сваю спальню. Там убачыў я на стале прыгожае адзенне і зброю. Аднак наймацней прываблівала мой позірк вялікая купа за-
латых, бо яшчэ ніколі не бачыў я адразу столькі грошай. Бацька абняў мяне і сказаў: «Вось, мой сыне, я падрыхтаваў табе ў дарогу адзенне. Гэтая зброя цяпер таксама належыць табе. Яе даў мне твой дзед, калі я выпраўляўся на чужыну. Я ведаю, ты валодаеш зброяй. Ніколі не карыстайся ёю, каб напасці, аднак для абароны бі на поўную моц. Маёмасць мая невялікая. Глядзі, я падзяліў яе на тры часткі: адну аддаю табе, другая застанецца мне на пражыццё і на чорны дзень, трэцяя ж будзе для мяне святой і недатыкальнай, яна паслужыць табе ў цяжкую часіну». Так казаў мой бацька, і ў ягоных вачах блішчалі слёзы: напэўна, ён прадчуваў, што мы ніколі ўжо больш не пабачымся.
Падарожжа прайшло добра, хутка мы прыплылі ў краіну франкаў і яшчэ праз шэсць дзён дабраліся да вялікага горада ГІарыжа. Тут мой франкскі сябар наняў для мяне пакой, а таксама параіў ашчадна выдаткоўваць грошы, якіх было ў мяне дзве тысячы талераў. Я пражыў у Парыжы тры гады, вывучаючы ўсё, што павінны ведаць адукаваны лекар, аднак схлусіў бы, калі б сказаў, што заставаўся там з ахвотаю. Звычаі гэтага народа не падабаліся мне, да таго ж у мяне было там вельмі мала блізкіх сяброў. Што праўда, тыя нямногія былі вельмі годнымі маладымі людзьмі.
Туга па радзіме ўсё болып адольвала мяне, ды і пра бацьку не меў я ўвесь гэты час ніякіх звестак, таму вырашыў пры першай зручнай нагодзе вярнуцца дадому.
3 краіны франкаў у Высокую Порту адпраўлялася дыпламатычнае прадстаўніцтва. Я наняўся
хірургам у суправаджэнне пасла і шчасліва дабраўся да Стамбула. Аднак бацькоўскі дом быў зачынены, і суседзі, пабачыўшы мяне, здзівіліся, бо бацька ўжо два месяцы як памёр. Святар, што калісьці вучыў мяне, прынёс ключы. Самотны і пакінуты сноўдаўся я па асірацелым доме і знаходзіў усё такім жа і на тым самым месцы, як яно было пры бацьку. I толькі грошай, пра якія ён мне казаў, нідзе не было. Я спытаўся пра іх у святара, і той, пакланіўшыся, адказаў: «Ваш бацька памёр святым чалавекам. Усе свае грошы ён перадаў царкве».