Кінжал з крыламі
Эдгар Алан По, Артур Конан Дойл, Гілберт Кійт Чэстартан, Рэйманд Торнтан Чандлер, Рой Вікерс, Агата Крысці, Сэмюэл Дэшыл Хэмет, Фрыдрых Глаўзер, Жорж Сімянон, Джон Дзіхсан Кар, Рос Макдоналд, Рычард О. Льюіс, Мірыям Ален Дэ Форд, Джэк Рычы
Выдавец: Полымя
Памер: 253с.
Мінск 1994
— Прабачце, сэр,— сказаў хлопчык-слуга, калі адчыняў нам дзверы.— Прыходзіў адзін джэнтльмен... Ён пытаўся пра вас, сэр.
Холмс паглядзеў на мяне дакорліва.
— Вось да чаго вядуць дзённыя шпацыроўкі! — сказаў ён.— Джэнтльмен пайшоў?
— Пайшоў, сэр.
— А ты прапаноўваў яму зайсці пачакаць?
— Так, сэр, ён заходзіў.
— I доўга ён чакаў?
— Паўгадзіны, сэр. Гэта вельмі неспакойны джэнтльмен, сэр. Увесь час, покуль быў тут, ён хадзіў па пакоі і нават тупаў нагамі. Я быў у перадпакоі, сэр, а таму не чуў, ці казаў ён што-небудзь пры гэтым. Нарэшце ён выбягае на калідор і крычыць: «Дык ці прыйдзе калінебудзь гэты чалавек?» Ён так і сказаў, слова ў слова, сэр. «Пачакайце яшчэ крышачку»,— кажу я. «Добра, пачакаю,— кажа ён,— толькі не тут, а на свежым паветры, бо тут задыхаюся! Неўзабаве я вярнуся». I не слухаецца аніякіх угавораў.
— Добра, добра. Ты зрабіў усё, што мог,— сказаў Холмс, і мы зайшлі ў свой пакой.— Але гэта вельмі прыкра, Уотсан,— працягваў мой сябра.— Я ўжо зану-
© Пераклад з англійскай Яўгена Масарноўскага і Уладзіміра Сіўчыкава.
дзіўся без сапраўднае працы, а калі меркаваць па тым, як нецярпліва мяне чакалі, справа сур’ёзная. О! Гэта не ваша люлька на стале. Напэўна, гэта ён пакінуў яе. Цудоўны стары браер з доўгім муштуком, з тых, што называюцца ў гандляроў табакаю бурштынавымі. Цікава, колькі сапраўдных бурштынавых муштукоў знойдзецца ва ўсім Лондане? Але гэты чалавек, напэўна, быў вельмі засмучоны, калі забыўся на люльку, да якой звыкся і якую вельмі цэніць.
— Адкуль вы можаце ведаць, што ён цэніць яе? — спытаўся я.
— Новая каштуе, па-мойму, сем з паловаю шылінгаў. А гэтую, як бачыце, двойчы рамантавалі: спачатку драўляную частку муштука, і потым бурштынавую. Можна лёгка заўважыць, што двойчы яе змацоўвалі срэбнымі колцамі, якія каштуюць больш за саму люльку. Трэба вельмі шанаваць сваю люльку, каб падпраўляць яе зноў і зноў, замест таго, каб набыць за тыя самыя грошы новую.
— Што-небудзь яшчэ? — спытаўся я, бо Холмс круціў люльку ў руках і ўдумліва разглядаў яе.
Ён падняў люльку і пастукаў па ёй, нібыта па костцы, доўгім, тонкім указальным пальцам, як прафесар анатоміі, што чытае лекцыю. .
— Часам сустракаюцца вельмі цікавыя люлькі,— сказаў ён.— За выключэннем гадзіннікаў і шнуркоў ад чаравікаў, ніякія прадметы не маюць такой яскрава вызначанай індывідуальнасці. Адзнакі, што ёсць на гэтай люльцы, на жаль, не вельмі характэрныя і не вельмі істотныя. Яе гаспадар, відаць, чалавек мускулісты, ляўшун, у яго цудоўныя зубы, ён бесклапотны ў сваіх звычках і даволі заможны.
Усе гэтыя звесткі мой сябра пераказаў як бы між іншым. Але я заўважыў, што ён краем вока сочыць за мною: хоча пераканацца, ці сачу я за ягонымі развагамі.
— Вы лічыце, што ён чалавек пры грашах толькі таму, што ў яго сямішылінгавая люлька? — спытаўся я.
■— Гэта тытунёвая сумесь Гросвенара, што каштуе па восем пенсаў за унцыю,— адказаў Холмс, калі злёгку выкалаціў люльку сабе на далонь.— Ён мог бы курыць цудоўны тытунь, які каштуе ўдвая танней, а таму робіцца зразумела, што яму не трэба эканоміць.
— А астатнія вашыя высновы?
— Ён мае звычку прыкурваць люльку ад лямп або ад
газавых гарэлак. Яна даволі моцна абгарэла з аднаго боку, а запалкай яе так не абпаліш: навошта чалавеку трымаць запалку збоку ад люлькі? Іншая справа, калі прыкурваеш ад лямпы. Тады чашачка люлькі абавязкова абвугліцца, а абвуглілася яна адно толькі з правага боку. Адсюль я раблю выснову, што яе гаспадар — ляўшун. Далей, вось тут ён пракусіў муштук наскрозь. На гэта здольны толькі моцны, энергічны чалавек, у якога цудоўныя зубы... Але, калі не памыляюся, я чую на сходах ягоныя крокі. Зараз у нас будзе штосьці больш цікавае для вывучэння, чым ягоная люлька.
Праз мінуту нашыя дзверы расчыніліся, і ў пакой зайшоў высокі малады чалавек, апрануты ў ладны цёмнашэры гарнітур строгага крою. У руцэ ён трымаў карычневы фетравы шыракаполы капялюш. Я даў бы яму гадоў трыццаць, хаця на самай справе ён, мабыць, быў крыху старэйшы.
— Прашу прабачэння,— сказаў ён і крыху збянтэжыўся.— Я, мабыць, павінен быў пагрукацца. Але справа палягае на тым, што я крыху ўзнерваваны,— усё з-за гэтага! — Ён правёў рукою па лбе, як чалавек, у якога злёгку кружыцца галава, і хутчэй паваліўся, чым сеў на крэсла.
— Я бачу, што вы не спалі ночы са дзве,— добразычліва сказаў Холмс.— Гэта знясільвае нервовую сістэму больш, чым праца, і нават болей, чым забавы. Дазвольце спытацца, ці магу я чым-небудзь дапамагчы вам?
— Мне патрэбна вашая парада, сэр. Я пе ведаю, што рабіць, і мне здаецца, што руйнуецца ўсё маё жыццё.
— Вы хочаце, каб я дапамог вам як кансультантдэтэктыў?
— Гэта — само сабою. Але, акрамя таго, мне хочацца ведаць ваша меркаванне... Вы чалавек разумны, шматвопытны, ведаеце жыццё... і я хацеў бы, каб вы падказалі, што мне рабіць. О, як мне хацелася б, каб вы дапамаглі мне!
Ён казаў кароткімі, рэзкімі, адрывістымі фразамі, і мне здавалася, што наогул казаць яму было пакутліва цяжка і што ён адно толькі з вялікімі высілкамі пераадольвае сваё нежаданне выказвацца.
— Гэта вельмі далікатнае пытанне,— сказаў ён.— Ніхто не любіць расказваць староннім пра свае хатнія справы. Гэта проста жахліва — аб.мяркоўваць жончыны паводзіны з людзьмі, якіх ты ўпершыню бачыш на свае
вочы. Так, гэта жахліва! Але я ўжо дайшоў да апошняй мяжы, і мне проста неабходна добрая парада!
— Дарагі містэр Грант Манро... — пачаў Холмс. Наш наведвальнік ускочыў з крэсла.
— Як! — ускрыкнуў ён.— Вы ведаеце маё імя?
— Калі вы хочаце, каб не ведалі вашага імені,— усміхнуўся Холмс,— я раіў бы вам пе пісаць яго на падшэўцы капелюша або хаця б павярнуць яго так, каб ваш субяседнік не бачыў надпісу. Я хацеў сказаць, што выслухаў з маім сябрам доктарам Уотсанам нямала дзівосных сакрэтаў у гэтым пакоі і меў шчасце супакоіць не адну ўстурбаваную душу. Я ўпэўнены, што таго самага мы дасягнем і сёння. Думаю, што нам трэба спяшацца, а таму прашу вас зараз жа паведаміць мне ўсе факты.
Наш госць зноўку правёў рукою па лбе, і можна было бачыць, як цяжка яму пачаць расказваць: кожны жэст, кожны рух на твары выдавалі ў ім чалавека стрыманага, гордага, схільнага хутчэй прыхаваць свае раны, чым выставіць іх на агляд. Але раптам ён рэзка ўзмахнуў рукою, быццам бы адмёў ўбок сваю стрыманасць, і пачаў.
— А факты вось такія, містэр Холмс,— сказаў ён.— Я жанаты ўжо тры гады. Увесь гэты час мая жонка і я моцна кахалі адно аднаго і былі цалкам шчаслівыя. Мы нічога не хавалі — ні думак, ні ўчынкаў. Але з мінулага панядзелка нібыта нейкая перашкода з’явілася паміж намі. У думках маёй жонкі, у яе жыцці з’явілася штосьці невядомае мне. I цяпер я ведаю пра сваю жонку не больш, чым пра жанчыну, што прайшла поруч і выпадкова штурхнула мяне на вуліцы. Мы зрабіліся чужымі адно аднаму, а я хачу ведаць — чаму... Перш чым расказваць далей, містэр Холмс, я хацеў бы звярнуць вашу ўвагу на адну акалічнасць. Эфі кахае мяне, можаце ў гэтым не сумнявацца. Яна кахае мяне ўсёй душою і ніколі не кахала больш, чым цяпер. Я гэта ведаю. Я гэта адчуваю. Я не хачу пра гэта спрачацца. Бывае ж у мужчыны ўпэўненасць у тым, што жанчына кахае яго! Але паміж намі паўстала таямніца, і калі яна не раскрыецца, нашы ранейшыя адносіны ніколі не адновяцца.
— Будзьце ласкавы паведаміць мне факты, містэр Манро,— сказаў Холмс з пэўным нецярпеннем.
— Я раскажу вам тое, што ведаю пра Эфі... Калі я ўпершыню сустрэўся з ёю, яна была ўдавой, хаця і вельмі маладою. Ёй было ўсяго дваццаць пяць гадоў. Клікалі яе місіс Хібран. Яна паехала ў Амерыку зусім
маладзенькаю і жыла ў горадзе Атланта. Там яна выйшла замуж за гэтага Хібрана, адваката з добрай кліентураю. У іх было дзіця, але пад час эпідэміі трасцы — жоўтай ліхаманкі — і муж і дзіця памерлі. Я бачыў пасведчанне аб смерці Хібрана. 3-за гэтых нягод яна ўзненавідзела Амерыку, вярнулася адтуль і жыла з незамужняй цёткаю ў Пінеры, што ў Мідлсексе. Я мушу згадаць, што пасля мужавай смерці ёй засталася добрая спадчына — каля чатырох з паловаю тысяч фунтаў, а з іх яна мела сем працэнтаў прыбытку. Эфі пражыла ў Пінеры ўсяго паўгода, калі я сустрэў яе. Мы закахаліся і праз некалькі тыдняў пабраліся шлюбам.
Сам я гандлюю хмелем. Прыбыткі мае складаюць семсот — восемсот фунтаў за год, а таму мы някепска забяспечаныя. За восемсот фунтаў за год мы арэндуем добрую дачу ў Норберы. Мястэчка гэтае, хоць і непадалёк ад горада, нічым не адрозніваецца ад вёскі. Крыху вышэй за нашу дачу стаяць два дамы і гасцініца, а непадалёк, на другім баку поля,— катэдж, павернуты да нас фасадам. Акрамя гэтых дамоў, няма ніводнай пабудовы бліжэй, чым на паўдарозе ад станцыі.
Восенню і зімою я часта бываю ў горадзе, але ўлетку заняты справамі менш. У нашым загарадным доміку мы былі шчаслівыя так, як толькі можна сабе пажадаць. I да гэтай праклятай гісторыі нічога не азмрочвала нашага жыцця...
Мушу сказаць вам, што калі мы пажаніліся, жонка перадала мне ўсю сваю маёмасць насуперак маёй волі, таму што мне было б вельмі цяжка карыстацца яе грашыма, калі мае справы пайшлі б кепска. Аднак яна і слухаць не хацела пярэчанняў. Але раптам, каля шасці тыдняў таму, яна звярнулася да мяне з такімі словамі:
«Джэк, калі вы бралі мае грошы, дык казалі, што ў любы момант я змагу ўзяць столькі, колькі мне трэба будзе».
«Зразумела,— адказаў я.— Гэтыя грошы — вашыя».
«Ну дык вось,— сказала яна.— Мне трэба сто фунтаў».
Я крыху здзівіўся, але падумаў, што гаворка ідзе пра новую сукенку або пра штосьці падобнае.
«Навошта?» — спытаўся я.
«Але вы сказалі,— збянтэжана адказала яна,— што будзеце толькі маім банкірам, а банкіры ніколі ні пра што не пытаюцца».
«Калі грошы і праўда патрэбныя вам, вы іх атрымаеце».
«Зразумела, яны мне патрэбныя».
«I вы не скажаце мне — навошта?»
«Калі-небудзь пасля, Джэк, не цяпер».
Такім адказам мне і давялося задаволіцца, хаця да таго часу яна нічога не хавала ад мяне. Я даў ёй чэк і больш не думаў пра нашу размову. Можа, гэты выпадак і не мае дачынення да таго, што здарылася пазней, але мне падалося, што ўсё-такі варта было згадаць пра яго.
Ага, як я толькі што сказаў вам, непадалёк ад нашага дома ёсць катэдж. Каб патрапіць да яго, трэба прайсці палявой дарогаю, а потым павярнуць на сцяжынку. Яловы лясок расце якраз па-за катэджам, і мне было даспадобы гуляць там, бо я наогул люблю дрэвы. На жаль, усе гэтыя восем месяцаў у катэджы ніхто не жыў — такі гэта ладненькі, мілы двухпавярховы дамок, са старасвецкім порцікам, увесь абвіты бружмелем. He раз я спыняўся перад ім і думаў, якая ўтульная маленькая сядзіба выйшла б з яго. /