Кінжал з крыламі
Эдгар Алан По, Артур Конан Дойл, Гілберт Кійт Чэстартан, Рэйманд Торнтан Чандлер, Рой Вікерс, Агата Крысці, Сэмюэл Дэшыл Хэмет, Фрыдрых Глаўзер, Жорж Сімянон, Джон Дзіхсан Кар, Рос Макдоналд, Рычард О. Льюіс, Мірыям Ален Дэ Форд, Джэк Рычы
Выдавец: Полымя
Памер: 253с.
Мінск 1994
У такія мінуты я не мог не захапляцца Дзюпэнавым бліскучым аналітычным розумам, хаця і бачыў у ім адно толькі пацвярджэнне ягоных надзвычайных разумовых здольнасцей. Дый яму, відаць, падабалася забаўляцца гэтым дарам — калі ўжо не вызначацца ім,— і ён шчыра прызнаваўся мне, колькі радасці гэта яму прыносіць. Дзюпэн неаднойчы з задаволенай усмешкаю хваліўся мне, што людзі для яго — разгорнутая кніга, і адразу прыводзіў ашаламляльныя доказы таго, як ясна ён чытае ў маёй душы. У такіх выпадках мне бачылася ў ім нейкая
1 Дзівацтва (франц.).
халоднасць і адасобленасць. Ягоныя вочы глядзелі некуды ўдалечыню, а сакавіты тэнар зрываўся на фальцэт і гучаў амаль што капрызліва, калі б не выразная дыкцыя і спакойны тон. Калі я глядзеў на яго ў такія мінуты, дык часта ўспамінаў старадаўняе вучэнне пра падвоенасць душы і цешыўся думкаю пра дзвюх Дзюпэнаў: стваральніка і аналітыка.
Зразумейце мяне, аднак, правільна: я не маю намеру распавесці вам нейкую таямніцу, я не збіраюся таксама зрабіць з Дзюпэна героя фантастычнага рамана. Апісаныя тут рысы майго сябра-француза былі адно толькі вынікам пераўзбуджанага — калі не хваравітага — розуму. Аднак пра характар ягоных заўваг вам лепш за ўсё раскажа прыклад.
Неяк увечары мы шпацыравалі па вельмі доўгай і гразкай вуліцы, непадалёк ад Пале-Раяля. Мы думалі кожны пра сваё, і на працягу чвэрці гадзіны ніхто з нас не вымавіў ні слова, як раптам Дзюпэн, нібыта ненаўмысна, сказаў мне:
— Ды куды яму, гэткаму заморку! Лепш бы ён паспрабаваў шчасця ў тэатры «Вар’етэ».
— Канечне,— адказаў я машынальна.
Я так задумаўся, што не адразу ўсвядоміў, як удала Дзюпэнавы словы супалі з маімі думкамі. Але я адразу схамянуўся і бязмежна здзівіўся.
— Дзюпэн,— сказаў я сур’ёзна,— гэта вышэй за маё разуменне. Скажу вам шчыра: я ўражаны, я проста вушам сваім не веру. Як вы маглі здагадацца, што я думаў пра...— Тут я спыніўся, каб праверыць, ці праўда, што ён ведае, пра каго я думаў.
— Пра Шанцільі,— скончыў ён.— Чаму вы спыніліся? Вы казалі сабе, што пры ягоным кволым складзе няма чаго лезці ў трагічныя акцёры.
Так, пра гэта я і разважаў. Шанцільі, колішні шавец з вуліцы Сен-Дзяні, крануты на тэатры, нядаўна дэбютаваў у ролі Ксеркса ў аднайменнай трагедыі Крабіёна' і быў жорстка абсвістаны за ўсе свае намаганні.
— Растлумачце мне, дзеля Бога, ваш метад,— настойваў я,— калі ён у вас ёсць і калі вы з яго дапамогай беспамылкова прачыталі мае думкі.— Прызнацца, я нават стараўся прыхаваць, наколькі быў здзіўлены.
1 «Ксеркс» (1714) — трагедыя французскага драматурга Праспера Жаліё Крабіёна-старэйшага (1674—1762).
— Зяленіўшчык,— адказаў мой сябар,— навёў вас на думку, што наш лекар падэшваў не дарос да Ксеркса et id genum omne1,
— Зяленіўпічык? Ды што вы кажаце? He ведаю я аніякага зяленіўшчыка.
— Ну, той цяльпук, што наляцеў на вас, калі мы чвэрць гадзіны таму павярнулі на гэтую вуліцу.
Тут я ўспомніў, што нейкі зяленіўшчык з вялікім кошыкам яблыкаў на галаве і праўда ледзь не збіў мяне з ног, як толькі мы выйшлі з завулка на людную вуліцу. Але як гэта стасуецца з Шанцілы, я так і не мог даўмецца.
Але ў Дзюпэне ні на кроплю не было таго, што французы называюць chaflatanerie2.
— Калі ласка, я растлумачу вам,— сказаў ён.— А каб вы лепш усё зразумелі, давайце адновім увесь ланцужок вашых думак з той мінуты, як я загаварыў з вамі, да той, як вы сутыкнуліся з зяленіўшчыкам. Асноўныя вехі — Шанцільі, Арыён, доктар Нікальс3, Эпікур’, стэрэатомія, крушня і зяленіўшчык.
Наўрад ці знойдзецца чалавек, якому хоць раз не прыйшло б у голаў прасачыць дзеля забавы крок за крокам усё, што прывяло яго да пэўнай высновы. Гэта вельмі займальны занятак. Той, хто ўпершыню возьмецца за яго, здзівіцца, якая вялікая адлегласць паміж зыходным пунктам і канчатковай высноваю і якая паміж імі неадпаведнасць. Са здзіўленнем выслухаў я Дзюпэна і пры гэтым не мог не прызнаць усяе слушнасці таго, што пачуў.
Мой сябра між тым працягваў:
— Перш чым павярнуць на рагу, мы, памятаю, гаварылі пра коней. На гэтым размова наша і абарвалася. Калі мы перайшлі дарогу і выйшлі сюды, на гэтую вуліцу, немаведама адкуль выскачыў зяленіўшчык з вялікім кошыкам яблыкаў на галаве, прабег поруч і штурхнуў вас на крушню, якраз там, дзе каменшчыкі рамантавалі брукаванку. Вы спатыкнуліся аб камень, паслізнуліся, злёгку пацягнулі звязку, засердавалі, ва ўсялякім выпадку насу-
1 I да яго падобных (лац.).
2 Жаданне дурыць (франц.).
' Нікальс — сям’я друкароў і антыквараў, якая супрацоўнічала
з амерыканскім часопісам «Бэртанс джэнтлмэнс мэгэзін».
* Эпікур (341—270 да н. э.) —старажытнагрэчаскі філосафматэрыяліст.
піліся, прамармыталі штосьці, яшчэ раз азірнуліся на крушню і моўчкі пайшлі далей. Я не тое каб сачыў за вамі: проста назіральнасць стала апошнім часам маёй другой натураю.
Вы ўпарта не падымалі вачэй і адно толькі скоса пазіралі на калдобіны і расколіны (а таму я прыйшоў да высновы, што вы ўсё яшчэ думаеце пра каменне), покуль мы не параўняліся з завулкам, які носіць імя Ламарціна1 і забрукаваны на новы лад — ушчытную прыгнанымі і пакладзенымі ў шахматным парадку пліткамі. Вы прыкметна павесялелі, а па тым, як варушыліся вашы вусны, я адгадаў слова «стэрэатомія» — тэрмін, якім вы для большай важнасці ахрысцілі такі брук. Я разумеў, што слова «стэрэатомія» мусіць навесці вас на думку пра атамы і пра вучэнне Эпікура. А паколькі гэта было тэмаю нашай нядаўняй размовы — я яшчэ расказваў вам, як незвычайна цьмяныя здагадкі высакароднага грэка пацвярджаюцца высновамі сучаснай касмагоніі ў галіне нябесных туманнасцей, у чым ніхто яшчэ не аддаў яму належнага,— дык я і чакаў, што вы падымеце вочы і зірнеце на вялізную туманнасць у сузор’і Арыёна. I праўда, вы зірнулі ўгору, чым і пацвердзілі, што я беспамылкова іду па вашых слядах. Дарэчы, у злосным выпадзе супраць Шанцільі ва ўчарашняй «Musee» нейкі заіл даволі жорстка прайшоўся наконт таго, што шавец, які ўздзябурыўся на катурны, пастараўся змяніць нават сваё ўласнае імя. Крытык нават працытаваў радок лацінскага аўтара, да якога і мы неаднойчы звярталіся ў нашых гутарках. Я маю на ўвазе верш:
Perdidit antiquum litera prima sonum2.
Я неяк расказваў вам, што тут маецца на ўвазе Арыён — калісьці ён пісаўся Урыён,— мы з вамі яшчэ пажартавалі наконт гэтага, таму выпадак, можна сказаць, памятны. Я разумеў, што Арыён навядзе вас на думку пра Шанцільі, і ваша ўсмешка пацвердзіла гэта. Вы ўздыхнулі па няшчаснай ахвяры, аддадзенай на пагібель. Увесь час вы сутуліліся, а тут раптам выпрасталіся ва ўвесь рост, я і падумаў, што вы згадалі пра кволага шаўца. Тады я і перапыніў вашыя развагі: сказаў, што і праўда не ўдаўся ростам наш Шанцільі, што лепш яму было б паспрабаваць шчасця ў тэатры «Вар’етэ».
1 Ламарцін Альфонс (1791 — 1869) — французскі паэт, гісторык і палітычны дзеяч.
2 Страціла былое гучанне першая літара (лац.).
У хуткім часе, гартаючы вечаровы выпуск «Gazette des Tribunaux»1, мы натрапілі на такую нататку:
«НЕЧУВАНАЕ ЗЛАЧЫНСТВА
Сёння, каля трох гадзін раніцы, мірны сон жыхароў квартала Сен-Рок быў парушаны жахлівымі крыкамі. Яны чуліся адзін за адным, без перапынку, мабыць, з чацвёртага паверха дома на вуліцы Морг, дзе, як ведалі жыхары квартала, жылі толькі мадам Л’Эспанэ з незамужняй дачкою Камілаю. Давялося скарыстаць лом, і з дзесятак суседзяў з двума жандарамі патрапілі ў пад’езд. Крыкі ўжо сціхлі, аднак як толькі людзі падняліся па першым маршы, зверху пачулася сварка двух, а магчыма, і трох галасоў, што гучалі адрывіста і злосна. Покуль дапялі трэцяга паверха, сціхлі і гэтыя гукі, і запанавала гнятлівая цішыня. Людзі рассыпаліся па ўсім доме, перабягалі з аднаго пакоя ў другі. Калі чарга дайшла да вялікай спачывальні, што на чацвёртым паверсе, вокнамі ў двор (дзверы, зачыненыя з сярэдзіны, таксама зламалі),— натоўп, ахоплены жахам і здзіўленнем, адстуггіў перад відовішчам, што адкрылася яму.
Тут усё было дагары нагамі, паўсюдна была раскідана паламаная мэбля. У пакоі стаяў адзін ложак, але бялізна і падушка з коўдраю ляжалі на падлозе. На крэсле блішчала брытва з акрываўленым лязом. Два-тры шматкі доўгіх сівых валасоў, выдраных з коранем, зліпліся ад крыві і прысталі да камінных кратаў. На падлозе былі знойдзены чатыры напалеандоры, адна завушніца з тапазам, тры сталовыя срэбныя і тры чайныя мельхіёравыя лыжкі, а таксама дзве торбачкі з залатымі манетамі — амаль што чатыры тысячы франкаў. Скрыні камода, што стаяў на покуці, былі высунутыя, рабаўнікі, відаць, шукалі здабычу, хаця ўсяго не здолелі знесці, не паспелі. Жалезны куфэрак знайшлі пад бялізнай, а не пад ложкам. Ен быў адчынены, ключ яшчэ тырчаў у замку, але ўсярэдзіне анічога не засталося, акрамя зжаўцелых лістоў ды пакамечаных паперак.
I ніякіх слядоў мадам Л’Эспанэ! Нехта заўважыў у каміне вялікі груд прысаку, сталі аглядаць комін і — о, жах! — выцягнулі за галаву труп дачкі: мабыць, яго дагары нагамі, і даволі глыбока, упхнулі ў вузкі комін. Цела было яшчэ цёплае. Скура, як выявілася, паздзіраная
1 «Судовая газета» (франц.).
ў многіх месцах — дакладнае сведчанне тых высілкаў, з якімі труп запіхвалі ў комін, а потым выцягвалі адтуль. Твар страшэнна падрапаны, на шыі сіне-барвяныя плямы і глыбокія сляды пазногцяў, нібыта чалавека душылі.
Пасля таго як зверху данізу абшукалі ўвесь дом і не выявілі анічога новага, усе кінуліся ўніз, на брукаваны дворык, і там натрапілі на нежывую старую — па шыі ёй так паласнулі брытваю, што пры першай жа спробе падняць труп галава адвалілася. I цела, і твар былі страшэнна знявечаныя — асабліва цела: у ім не захавалася нічога чалавечага.
Гэтая жахлівае злачынства покуль што ахутанае глыбокай таямніцаю».
Назаўтра газета прынесла наступныя звесткі:
«ТРАГЕДЫЯ НА ВУЛІЦЫ МОРГ
Нечуванае па сваёй лютасці забойства выклікала шмат чутак, вядзецца следства, дапыталі шэраг сведак, але нічога новага, што вытлумачвала б таямніцу, не выяўлена. Ніжэй прыведзены ў скарачэнні найбольш істотныя сведчанні:
Паліна Дзюбур, прачка, кажа, што ведала нябожчыц апошнія тры гады, мыла ім бялізну. Старая дама з дачкою, відаць, жылі дружна. Яны ніколі не скупіліся і плацілі акуратна. Наконт ладу іхняга жыцця і сродкаў нічога сказаць не можа. Лічыць, што мадам Л’Эспанэ была варажбіткаю, гэтым яны і карміліся. Казалі, што яна мае грошы. Сведка нікога не сустракала ў доме, калі прыходзіла па бялізну або калі прыносіла яе. Напэўна ведае, што пакаёўкі ў іх не было. Наколькі яна ведае, мэбляю абстаўлены ў гэтым доме толькі чацвёрты паверх.