Кінжал з крыламі
Эдгар Алан По, Артур Конан Дойл, Гілберт Кійт Чэстартан, Рэйманд Торнтан Чандлер, Рой Вікерс, Агата Крысці, Сэмюэл Дэшыл Хэмет, Фрыдрых Глаўзер, Жорж Сімянон, Джон Дзіхсан Кар, Рос Макдоналд, Рычард О. Льюіс, Мірыям Ален Дэ Форд, Джэк Рычы
Выдавец: Полымя
Памер: 253с.
Мінск 1994
Я ўважліьа паглядзеў на Мадлен.
— Вы брудная шантажыстка, і я мушу выклікаць паліцыю. Але я не зраблю гэтага, таму што я добры, шчодры і ўседаравальны. Я не хацеў бы ўбачыць вас у астрозе.
— Як прыемна. Але я лічу, што вы не зробіце гэтага па іншай прычыне.
— Мадлен,— сказаў я,— вы цудоўна запомнілі лічбы, але вам трэба было звярнуць большую ўвагу на літару Р.
— Няўжо? Чаму?
— У гэтым штате літары A і В азначаюць, што нумар быў выдадзены ў студзені і праз год будзе заменены. С і D адпавядаюць лютаму, і гэтак далей. А вось літара Р зарэзервавана на жнівень.
Яна ўсё яшчэ не разумела.
— У красавіку вы ўбачылі машыну з нумарам Р 31416. А ў жніўні ваш забойца змяніў нумар. А мне дастаўся ягоны. 245
Я дапіў віскі.
— Калі вы ўсміхаліся клерку, Мадлен, вы павінны былі спытацца пра тое, у каго быў гэты нумар у красавіку, а не ў каго ён цяпер. Вы чалавек педантычны, а педанты так не робяць.
— Дык гэта была не вашая машына? I вы не забівалі місіс Лінтан?
— Вядома, не забіваў.
Яна задумалася.
— Мадлен,— сказаў я,— я лічу, вам трэба зноў пайсці да таго самага клерка і паставіць яму больш дакладнае пытанне. Але можа здарыцца, што ваш забойца бедны. Якая вам будзе карысць?
— He забывайце, што машына была вялікая і вельмі каштоўная.
— Гэта дае вам пэўную надзею, Мадлен. Між іншым, дарожная служба сёння ўжо не працуе, а на вуліцы дождж. Можаце не спяшацца.
Я наліў яшчэ віскі. Яна глянула на мяне.
— Шкада. Я разлічвала на больш удалы вечар. Вы Брэнан, які валодае пякарнямі «Брэнан»?
— Але,— я сеў побач,— а перад тым, як вы выйдзеце на сапраўднага забойцу, Мадлен, зрабіце мне маленькую паслугу. Змяніце прозвішча ў тым лісце.
— А, гэта,— сказала яна.— Няма ніякага ліста. Я практычная жанчына, і помста з магілы мне не патрэбна.
Я моўчкі выпіў за нумар Р 31416.
Усё пачалося з майго бацькі, і дарожная служба нам ніколі не адмаўляла. Гэты нумар належаў нам ужо пятнаццаць гадоў запар. Пякарні «Брэнан» славіліся сваімі пірагамі.
Я глянуў на качаргу.
«Не, не цяпер,— падумаў я.— Пазней».
Я пасунуўся бліжэй да Мадлен і ўсміхнуўся.
КАРОТКІЯ ЗВЕСТКІ ПРА АЎТАРАЎ
ВІКЕРС Рой (1888—1965) —англійскі пісьменнік. Дэбютаваў у 1921 годзе, надрукаваўшы раман «Таямніца надушанай смерці». Лепшым з ягоных раманаў лічыцца «Чатыры мінуты на пятую». Але сапраўдную вядомасць прынеслі яму апавяданні з серыі «Аддзел тупіковых спраў», якія пісаліся на працягу трыццаці гадоў. У гэтых апавяданнях з надзвычайнай, ледзь не дакументальнай дакладнасцю апісваюцца злачынствы, якія завялі паліцыю ў тупік, але былі раскрытыя ў аддзеле тупіковых спраў.
ГЛАЎЗЕР Фрыдрых (1896—1938) доўгі час не ўпісваўся ў «дабрабытную» карціну швейцарскага прыгожага пісьменства. У нямецкамоўнай літаратуры Глаўзер быў першым, хто перавёў дэтэктыў у традыцыю сацыяльнапсіхалагічнага рамана. У другой палове 30-х гадоў ён напісаў 6 дэтэктыўных раманаў. Пяць з іх аб’яднаныя вобразам вахмістра бернскай кантанальнай паліцыі Якаба Штудзера.
Глаўзера лічаць заснавальнікам швейцарскага дэтэктыва, непасрэдным папярэднікам Фрыдрыха Дзюрэнмата.
ДОЙЛ Артур Конан (1859—1930) —англійскі пісьменнік. Доктар паводле адукацыі, з 1882 па 1890 год займаўся медыцынскай практыкай. Дэтэктыўны жанр, які нарадзіўся на пачатку 1840-х гадоў у «лагічных навелах» Эдгара По, перажыў сваё другое нараджэнне ў 1887 годзе, калі малады лонданскі ўрач Конан Дойл у надзеі палепшыць свае справы літаратурнымі заробкамі надрукаваў аповесць «Эцюд у барвовых танах» і атрымаў за яе сціплы нават па тых часах ганарар у 25 фунтаў.
Ягоны герой Шэрлак Холмс — фігура рамантычная і існуе нібыта па-за будзённасцю. Чытачам ён здаваўся ўвасабленнем «гарманічнага чалавека», бо быў не з ліку кабінетных герояў: ягоная мускульная сіла не саступала сіле інтэлектуальнай. Сярод найбольш вядомых кніг A. К.
Дойла — зборнікі навел «Прыгоды Шэрлака Холмса», «Запіскі пра Шэрлака Холмса», ’аповесць «Сабака Баскервіляў».
Амерыканку ДЭ ФОРД Мірыям Ален больш ведаюць як пісьменніцу фантастычнага жанру. Пісала яна і псіхалагічна-дакументальныя рэчы пра сапраўдных крымінальнікаў («Забойцы: нармальныя і вар’яты»). Яе апавяданні нярэдка маюць элементы фантастыкі, але сюжэты раскручваюцца вельмі лагічна і натуральна, з амаль дакуменгальнай дакладнасцю.
КАР Джон Дзіксан (1905—1977) доўгі час лічыўся англійскім пісьменнікам. I праўда, дзеянне ў большасці з ягоных раманаў адбываецца ў Англіі, дый стыль у яго хутчэй класічна англійскі, чым «круты», амерыканскі. Так, жыў ён у Англіі, але нарадзіўся ў Амерыцы і сам сябе лічыў чыста амерыканскім пісьменнікам. У 1935 годзе Кар вывеў на сцэну дэтэктыва-аматара доктара Гідэана Фела, што і зрабіла яго знакамітым. Але пісаў Кар не толькі дэтэктывы. Ягонаму пяру належаць гумарыстычны раман «Сляпы цырульнік», а таксама грунтоўнае даследванне «Сэр Артур Конан Дойл».
КРЫСЦІ Агата (1890—1976) нарадзілася ў маленькім горадзе-курорце Торкі ў сям’і англа-амерыканскага паходжання. Пісаць Агата Мэры Кларыса Мілер — гэта поўнае імя і дзявочае прозвішча пісьменніцы — пачала выпадкова: пайшла ў заклад з сястрою, і ў 1915 годзе з’явіўся яе раман «Таямнічае здарэнне ў Стайлз». Хаця надрукаваны ён быў толькі праз пяць гадоў, вядомасць прыйшла хутка і назаўсёды. У рамане ўпершыню з’явіўся Эркюль Пуаро, які больш чым на пяцьдзесят гадоў зрабіўся любімым героем «каралевы дэтэктываў».
У 1914 годзе яна пабралася шлюбам з палкоўнікам Арчыбальдам Крысці, і хаця яны рассталіся ў 1928 годзе, пісаць яна працягвала пад прозвішчам, якое цяпер ведае ўвесь свет. У 1930 годзе пісьменніца выйшла замуж за археолага Макса Мэлаўна, і шлюб гэты аказаўся шчаслівым.
У 1947 годзе каралева Марыя, вялікая прыхільніца таленту Крысці, прапанавала пісьменніцы стварыць п’есу для радыё. Заказ гэты быў выкананы і ўхвалены. Але
сама Агата Крысці старанна дапрацоўвала п’есу. Тэатральная прэм’ера п’есы «Мышалоўка» адбылася ў 1952 годзе і дагэтуль ідзе з поўным аншлагам.
За сваю доўгую літаратурную кар’еру Агата Крысці выдала 77 дэтэктыўных раманаў і зборнікаў апавяданняў. Найбольшым поспехам карысталіся і карыстаюцца раманы «Забойства Роджэра Акрайда», «Забойства ва Усходнім экспрэсе, «Дзесяць негрыцянят», «Гатэль «Бертрам». Пяру пісьменніцы таксама належаць шэсць рамантычных любоўных гісторый, якія яна апублікавала пад псеўданімам Мэры Уэстмакат. Двойчы яна атрымлівала найвышэйшую ўзнагароду Вялікабрытаніі — Ордэн Брытанскай Імперыі.
МАКДОНАЛД Рос (1915—1983) —гэта літаратурны псеўданім доктара філасофіі К. Мілара. Нарадзіўся ён у Канадзе, скончыў Мічыганскі універсітэт. Ягоная спроба напісаць «круты» дэтэктыў аказалася вельмі ўдалаю. Рос Макдоналд — адзін з найбольш папулярных амерыканскіх пісьменнікаў у жанры вострасюжэтнага рамана, а ягоны герой — прыватны дэтэктыў Лью Арчар — стаіць на адной прыступцы з героямі Хэмета і Чандлера. Кнігі Макдоналда адзначаны літаратурнымі прэміямі «Залаты кінжал», «Срэбны кінжал» і іншымі.
ПО Эдгар Алан (1809—1849) — амерыканскі паэт, крытык і навеліст, з імем якога звязваюць пачатак дэтэктыўнай літаратуры. У навеле «Забойствы на вуліцы Морг» Э. По ўпершыню вывеў вобраз дэтэктыва-аматара, якому ўласцівыя надзвычайныя здольнасці да лагічнага аналізу.
РЫЧЫ Джэк — амерыканскі пісьменнік, які лічыцца адным з лепшых майстроў дэтэктыва ў форме кароткага апавядання. Крытыкі лічаць, што некаторыя ягоныя апавяданні эквівалентныя цэлым раманам. Ім уласцівы гумар і нечаканыя павароты сюжэта.
СІМЯНОН Жорж (1903—1989) — адзін з класікаў не толькі французскага, але і сусветнага дэтэктыва. Нарадзіўся ў бельгійскім горадзе Льежы. У юнацтве займаўся журналістыкай, а ў 1922 годзе перасяліўся ў Парыж, дзе і засяродзіўся на літаратурнай дзейнасці. Сусветную славу прынёс Сімянону цыкл раманаў пра
камісара Мегрэ, які нетаропка, але грунтоўна даследуе справы, ужываючыся ў псіхалогію злачынцы. Крыху больш чым за сорак гадоў (з перапынкам з 1933-га па 1945 год, калі аўтар спрабаваў развітацца са сваім героем) Сімянон апублікаваў каля 70 кніг пра Мегрэ.
СТАЎТ Рэкс (1886—1975) пачаў пісаць у 10-я гады нашага стагоддзя. Ягоныя першыя дэтэктыўныя раманы поспеху не мелі. I толькі ў 1934 годзе, калі ён пазнаёміў свет з прыватным дэтэктывам Ніра Вульфам і ягоным памочнікам Арчы Гудвінам, Стаўт зрабіўся папулярным. Ніра Вульф — не «круты» хлопец, ён увесь — мозг. Усе крымінальныя таямніцы ён раскрывае, седзячы ў сваім офісе, а факты для яго здабывае Арчы. Яны цудоўна дапаўняюць адзін аднаго, і ніводная, нават самая безнадзейная справа не застаецца нераскрытаю. Стаўт напісаў больш за восемдзесят дэтэктыўных раманаў, і палова з іх — пра Вулфа і Гудвіна.
Амерыканскі пісьменнік СУІТ Джэф надрукаваў сваё першае апавяданне ў 1971 годзе і з таго часу плённа працуе ў дэтэктыўным жанры. Пачынаючы з 1974 года ягоныя творы стала з’яўляюцца ў зборніках «Лепшае дэтэктыўнае апавяданне года».
ХОК Эдвард (нарадзіўся ў 1930 годзе) — адзін з вядомых амерыканскіх аўтараў і ўкладальнікаў дэтэктываў. Пісаць пачаў у шасцідзесятыя гады і адразу ж заваяваў сімпатыі чытачоў. Любімы сюжэт у Хока — «забойства ў замкнёнай прасторы», што дае яму цудоўную магчымасць распрацоўваць псіхалагічны бок дэтэктыва.
ХЭМЕТ Сэмюэл Дэшыл (1894—1961) — амерыканскі пісьменнік. Змяніў шмат заняткаў, а ў 1915 годзе паступіў на службу ў прыватнае дэтэктыўнае агенцтва — кантору Пінкертона. Уражанні тых часоў адыгралі важную ролю ў пісьменніцкай дзейнасці Хэмета, які, паводле меркаванняў многіх крытыкаў, падняў «нізкі» жанр да ўзроўню сапраўднага мастацтва.
Як дэтэктывіст Хэмет дэбютаваў у 1923 годзе апавяданнямі ў амерыканскай перыёдыцы, галоўным чынам у часопісе «Блэк маск». Але сагфаўдны поспех прыйшоў, калі пісьменнік звярнуўся да раманнай формы. Усе пяць Хэметавых раманаў («Чырвонае жніво», «Пракляцце
Дэйнаў», «Мальтыйскі сокал», «Шкляны ключ» і «Худы чалавек») экранізаваныя.
ЧАНДЛЕР Рэйманд Торнтан (1888—1957) —амерыканскі пісьменнік і сцэнарыст, аўтар дэтэктыўных навел і раманаў. Нарадзіўся ў Злучаных Штатах, але дзяцілства, юнацтва і маладосць правёў пераважна ў Англіі. Скончыў коледж у Лондане, а з 1905-га па 1907 год вучыўся ў Германіі і Францыі. Працаваў клеркам у Адміралцействе, потым газетным рэпарцёрам. У 1912 годзе вяртаецца ў ЗША, дзе працаваў ад сельскагаспадарчага рабочага да віцэ-прэзідэнта нафтавай кампаніі і сцэнарыста ў Галівудзе.