Кінжал з крыламі
Эдгар Алан По, Артур Конан Дойл, Гілберт Кійт Чэстартан, Рэйманд Торнтан Чандлер, Рой Вікерс, Агата Крысці, Сэмюэл Дэшыл Хэмет, Фрыдрых Глаўзер, Жорж Сімянон, Джон Дзіхсан Кар, Рос Макдоналд, Рычард О. Льюіс, Мірыям Ален Дэ Форд, Джэк Рычы
Выдавец: Полымя
Памер: 253с.
Мінск 1994
— Менавіта так,— задаволена згадзіўся доктар.— Гэта не мог быць высокі і хударлявы містэр Хэндэрсан.
I, безумоўна, гэта не магла быць слабая і зграбная дзяўчына, як вы.
Ёсць толькі адзін чалавек, які падыходзіць па росце і камплекцыі і хто мог апрануць містэра Ханта ў свой «касцюм». Гэта той чалавек, які хаця і перавязаў рану на грудзях, увесь час мацае яе, каб праверыць бінт. Як містэр Ролф зараз.
Артур Ролф сядзеў вельмі ціха, яго правая рука была пад пінжаком. Твар быў потны, вочы глядзелі проста і не міргалі. Ледзь варушачы вуснамі, ён сказаў:
— Лепей бы я паслухаўся маладога чалавека. Ён жа сказаў мне ўчора, што я надта многа рызыкую.
РОС МАКДОНАЛД
САБАКА, ЯКІ СПІЦЬ'
Адразу ж пасля таго, як знік яе сабака, Фэй Хупер патэлефанавала мне. Звычайна яе голас нагадваў гукі скрыпкі, але цяпер скрыпка была разладжаная. Яна амаль плакала.
— Ота знік.
Ота быў яе аднагадовы нямецкі сабака.
— Учора днём пераскочыў цераз агароджу і збег. А можа, яго выкралі.
— Чаму вы так думаеце?
— Вы ж ведаеце Ота, містэр Арчэр. Ён быў такі адданы. Ён бы ніколі не пакінуў мяне. Гэта мусяць быць злодзеі,— яна цяжка ўздыхнула.— Я разумею, пошукі зніклага сабакі не вашая спецыяльнасць. Але вы дэтэктыў, і я палічыла, што, калі мы ведаем адзін аднаго...
Яе голас прапаноўваў, хаця і не вельмі адкрыта, што мы маглі б пазнаёміцца бліжэй.
Мне падабаліся гэтая жанчына і яе сабака. Я вадзіў маё шчанё на трэніроўкі, дзе і пазнаёміўся з Фэй Хупер. Яны з Ота былі самымі прыгожымі і самымі дарагімі ў клубе.
— Як мне знайсці вас?
Яна жыве на поўнач ад Малібу, на самым канцы вясковай шашы. Калі яе не будзе дома, мяне сустрэне муж.
Па дарозе я спыніўся каля школы сабак на Пасіфік Пэлісэйдс, каб пагаварыць з Фернанда Рэмба, трэнерам. У клетках за домам узняўся вэрхал, калі я пастукаў у дзверы. Рэмба не толькі трэніраваў сабак, ён яшчэ браў іх у інтэрнат.
1 Англійскі фразеалагізм «Не будзі сабаку, які спіць» адпавядае беларускаму «Не будзі ліха...».
© Пераклад з англійскай Алеся Кудраўцава.
Дзяўчына з цёмнымі валасамі сказала мне, што муж корміць сабак.
— Можа, я дапамагу вам? — дадала яна няўпэўнена і ўпусціла мяне ў невялікі пакой.
Я расказаў ёй пра зніклага сабаку.
— Я лічу, што будзе добра, калі вы патэлефануеце ветэрынарам, усім трэнерам і дасцё ім апісанне,— сказаў я.
— Мы ўжо пачалі рабіць гэта. Місіс Хупер патэлефанавала Фернанда ўчора ноччу,— яна трошкі вагалася.— Лепей я паклікаю яго.
Яна пайшла на двор. Прыйшла з мужам, які выціраў рукі анучкай. Гэта быў канадзец з шырокімі плячыма і кучараваю барадой, якая не магла схаваць яго маладосці. Ягоныя цёмныя вочы насцярожана глядзелі на мяне. Ён нагадваў сабаку, які адчуваў небяспеку.
Рэмба абыходзіўся з сабакамі, як з любімымі істотамі. Да людзей ён так не ставіўся. Ён быў проста запоўнены ўзрыўчаткай, якую цяпер можна было лёгка ўбачыць.
— Мне шкада місіс Хупер і яе сабаку. Яны былі маімі лепшымі вучнямі. Прынамсі, ён быў. Але я не магу кінуць усё і тыдзень шукаць яго.
— Ніхто гэтага не патрабуе. Я разумею, што ў вас не вельмі добрыя сувязі.
— У мяне іх амаль няма. Я і Мары толькі летась прыехалі сюды з Брытанскай Калумбіі'.
— Гэта было памылкаю,— сказала ягоная жонка.
Рэмба зрабіў выгляд, што не пачуў яе.
— Прынамсі, пра злодзеяў, што крадуць сабак, я не ведаю,— ён абедзвюма рукамі адштурхнуў такую магчымасць.— Калі я нешта пачую пра сабаку, я, безумоўна, паведамлю вам. Супраць місіс Хупер я нічога не маю.
Жонка хутка глянула на яго. Гэта быў погляд, які гаварыў, што яна кахала яго, але не была ўпэўненая, ці кахае ён, і гэта яе непакоіла. Яна заўважыла, што я гляджу на яе, і апусціла вочы. Раптам выбухнула:
— Вы лічыце, што нехта забіў сабаку?
— У мяне няма для гэтага падстаў.
— Але некаторыя людзі страляюць сабак.
— He тут,— сказаў Рэмба,— можа, недзе ў лясах.
Ён павярнуўся да мяне і пачаў тлумачыць:
1 Брытанская Калумбія — правінцыя ў Канадзе.
— Такія рэчы нервуюць яе, і ў яе з’яўляюцца дзікія ідэі. Ведаеце, Мары — вясковая дзяўчына...
— Зусім не. Я нарадзілася ў Чыліваку.
Яна кінула на яго злы позірк і выйшла з пакоя.
— Што, Ота застрэлілі? — спытаўся я ў Рэмба.
— He ведаю, містэр Арчэр. Вы добры кліент, але я не магу гаманіць тут з вамі ўвесь дзень. Мне трэба накарміць дваццаць сабак.
Яны ўсё яшчэ брахалі, калі я ехаў па ўзбярэжнай ніашы. Да паштовай скрыні Хупера было сорак міль', а потым яшчэ міля па вузкай дарозе, якая паўзла ўверх па каньёне. На вялізнай жалезнай браме вісеў новы кабмінацыйны замок. Агароджа была вышынёй у восем футаў, з калючым дротам наверсе. Ота мусіў цудоўна скакаць, каб пераскочыць цераз яе.
Дом за брамай быў нізкі і масіўны, з грубага камення, жалеза і шкла. Я пасігналіў і пачакаў. 3 дома выйшаў мужчына ў блакітных плаўках і з дубальтоўкай. Сонца зіхацела на руках, лысіне і жываце мужчыны. Ён ішоў павольна. Нізкі, моцны, гадоў пад шэсцьдзесят.
Калі ён падышоў да брамы, я ўбачыў шэрую бледнасць пад загарам, як каменне пад лакам. Ен быў ці хворы, ці перапалоханы, а можа, і тое, і іншае.
— Чаго вам трэба? — груба спытаўся ён.
— Місіс Хупер папрасіла мяне дапамагчы знайсці яе сабаку. Мяне завуць Лью Арчэр.
Гэта на яго не падзейнічала.
— Жонкі цяпер няма, а я заняты. Я вяду разлікі на ўраджай соі.
— Паслухайце, я праехаў такі шлях, каб дапамагчы. Я ведаю місіс Хупер па школе для сабак і...
Ён злосна засмяяўся.
— Гэтага недастаткова для знаёмства. Лепей валі адсюль.
— Я пачакаю вашую жонку.
— He думаю,— ён узняў дубальтоўку так, каб я глянуў у яе пустыя круглыя вочы.— Гэта мая маёмасць, і ты парушаеш мой спакой. Такім чынам, я магу застрэліць цябе.
— Ну і што вам гэта дасць? Я прыехаў, каб дапамагчы.
1 У ЗША паштовыя скрыні знаходзяцца не побач з домам, а бліжэй да дарогі.
— Мне ты не дапаможаш,— ён глянуў на мяне праз дрот брамы, як леў, які вырас у няволі.— Выбірайся.
Я пад’ехаў да паштовай скрыні і стаў чакаць там Фэй Хупер. Сонца ўжо было высока. Салон маёй машыны нагадваў духоўку. Я выйшаў і пайшоў уздоўж каньёна. Пад нагамі шамацела вераснёўская трава. Недзе далёка працаваў экскаватар, які выдаваў на звар’яцелае чырвонае насякомае.
Чорная машына імпэтна праскочыла каньён і спынілася побач са мной. 3 яе выйшаў сухарлявы мужчын* ў пакамечаным карычневым гарнітуры. Руку ён трымаў на кабуры. Ён сказаў, што завуць яго шэрыфам Карлсанам, і спытаўся, што я тут раблю. Я расказаў.
Ён ссунуў свой шыракаполы капялюш і пачухаў патыліцу. Бледныя вочы на загарэлым твары нагадвалі каламутнае шкло ў цагельнай сцяне.
— Дзіўна, што містэр Хупер так паводзіць сябе. Ягоная жонка толькі што была ў мяне. Але ў дом я вас правесці не магу, калі містэр Хупер адмовіў вам.
— Чаму не?
— Ён валодае большай часткаю графства, а на астатнюю мае акцыі. Да таго ж,— дадаў ён з цудоўнай лагічнасцю,— ён мой сябар.
— Тады знайдзіце яму вартаўніка.
Шэрыф спалохана аглядзеўся, быццам у паштовай скрыні Хупераў мог быць мікрафон.
— Дзіўна, што ў яго ёсць дубальтоўка, не гаворачы ўжо пра тое, што ён пагражаў вам. Пэўна, засмуціўся з-за сабакі.
— На сабаку яму напляваць.
— He, не. Калі яна засмуцілася, дык ён таксама,— сказаў Карлсан.
— Што яна сказала вам?
— Можаце спытаць у яе. Яна будзе тут праз колыл хвілін. Сказала, што паедзе адразу ж за мною.
Ён паехаў да брамы. Праз пару хвілін Фэй Хупер спыніла свой «Мерседэс» каля паштовай скрыні. Пэўна, яна ўбачыла раздражненне ў мяне на твары. Яна выйшла і падбегла да мяне.
Фэй было гадоў сорак, і яна трошкі сівела, быццам лёгкі мароз крануў яе бледна-залатую галаву, але яна ўсё яшчэ была вельмі прыгожай жанчынаю.
— Даруйце, калі ласка,— мякка сказала яна.— Я прымусіла вас чакаць.
— He вы. Ваш муж. Ён выгнаў мяне, пагражаючы стрэльбай.— Яе рука ў пальчатцы кранула маю і засталася там. Нават праз матэрыю можна было адчуваць электрычнасць, што сыходзіла ад яе.
— Гэта жахліва. Я не ведала, што ў Элана ўсё яшчэ ёсць стрэльба.
Вусны яе пад памадай былі блакітныя, быццам навіны моцна ўразілі яе. Яна павезла мяне ў «Мерседэсе». Брама была адчыненая, але яна заехала не адразу.
— Я хачу быць чэснай,— сказала яна, не гледзячы на мяне.— Як толькі Ота знік, я ўвесь час думала пра адно. Тое, што вы расказалі мне, зноў прымушае мяне падумаць пра гэта. Учора я ўвесь дзень была ў горадзе, а Ота заставаўся з Эланам, калі... калі гэта здарылася.
Імёны ў яе гучалі так, што Элана можна было ўзяць за сабаку, а Ота за мужа. Яна перайшла на шэпт.
— Я падазраю, што Элан застрэліў яго. Ён ніколі не любіў маіх сабак. Ён любіць толькі паляўнічых, а да Ота ён ставіўся асабліва жорстка. Да таго ж, калі я прыехала з горада, Элан капаў зямлю, каб пасадзіць ружы. Ён ніколі не любіў займацца кветкамі, асабліва ў спякоту. У нас для гэтага ёсць садоўнік. I гэта не лепшая пара года, каб садзіць ружы.
— Вы лічыце, ваш муж закопваў сабаку? — спытаўся я.
— Калі гэта так, я мушу ведаць,— яна павярнулася да мяне, і скураное сядзенне рыпнула.— Выявіце гэта для мяне, містэр Арчэр. Калі Элан забіў майго сабаку, я не змагу жыць з ім.
— Тое, што вы сказалі, прадугледжвае, што ў Элана была стрэльба ці стрэльбы, але ён усё выкінуў. Так?
— Калі я выйшла за яго, у яго быў маленькі арсенал. У вайну ён служыў у пяхоце, а ў мірны час любіў паляванне. Але колькі гадоў таму кінуў паляваць.
— Чаму?
— He ведаю. Аднойчы мы прыехалі з палявання ў Брытанскай Калумбіі, і Элан прадаў усе стрэльбы. Мне ён нічога не сказаў, але гэта было адразу ж пасля вайны, і я заўсёды думала, што гэта звязана з ёй.
— Ці доўга вы ў шлюбе?
— Дзякуй за гэтае пытанне,— яна тужліва ўсміхнулася.— Я сустрэла Элана ў час вайны і адразу зразумела, што сустрэла свой лёс. Ён быў вельмі ўплывовым чалавекам.
— I вельмі багатым.
Яна ганарыста глянула на мяне і так моцна націснула на педаль, што ледзь не стукнула машыну шэрыфа, якая стаяла побач з домам. Мы абышлі яго і міма пустога басейна прайшлі ў агароджаны сад. Колькі грэчаскіх статуй стаялі ў элегантным бязладдзі. Як далёкія бамбардзіроўшчыкі, вакол кветак гулі пчолы.
Кветнік, які зрабіў Элан Хупер, быў пяць футаў на тры і нагадваў магілу.
— Прынясіце рыдлёўку,— сказаў я.
— Вы хочаце выкапаць яго?
— Вы ж упэўнены, што ён тут. Праўда, місіс Хупер?