• Газеты, часопісы і г.д.
  • Кінжал з крыламі  Эдгар Алан По, Артур Конан Дойл, Гілберт Кійт Чэстартан, Рэйманд Торнтан Чандлер, Рой Вікерс, Агата Крысці, Сэмюэл Дэшыл Хэмет, Фрыдрых Глаўзер, Жорж Сімянон, Джон Дзіхсан Кар, Рос Макдоналд, Рычард О. Льюіс, Мірыям Ален Дэ Форд, Джэк Рычы

    Кінжал з крыламі

    Эдгар Алан По, Артур Конан Дойл, Гілберт Кійт Чэстартан, Рэйманд Торнтан Чандлер, Рой Вікерс, Агата Крысці, Сэмюэл Дэшыл Хэмет, Фрыдрых Глаўзер, Жорж Сімянон, Джон Дзіхсан Кар, Рос Макдоналд, Рычард О. Льюіс, Мірыям Ален Дэ Форд, Джэк Рычы

    Выдавец: Полымя
    Памер: 253с.
    Мінск 1994
    54.74 МБ
    Праз паўгадзіны мы былі ўжо на Піт-стрыт — у вузкім завулку, што цягнуўся паралельна адной з самых ажыўленых лонданскіх магістралей. Дом № 131 аказаўся прадстаўнічай пласкагрудай пабудоваю, у якой не было нічога рамантычнага. Калі мы пад’ехалі, перад ягонай садовай агароджаю стаяў натоўп разявак. Холмс свіснуў:
    — Чорт пабірай, ды тут не менш як забойства!
    У Лестрэйда, ціто выйшаў нам насустрач, быў вельмі заклапочаны твар. Ён правёў нас у гасцёўню, па якой бегаў надзвычай ускудлачаны пажылы чалавек у фланелевым халаце. Нам назвалі яго. Гэта быў гаспадар дома, містэр Хорэс Харкер, супрацоўнік Цэнтральнага сіндыката друку.
    — Гісторыя з Напалеонамі працягваецца,— сказаў Лестрэйд.— Учора ўвечары яна зацікавіла вас, містэр Холмс, і я падумаў, што вам будзе прыемна прымаць удзел у яе расследаванні, асабліва цяпер, калі яна прывяла да такой змрочнай падзеі.
    — Да якой падзеі?
    — Да забойства. Містэр Харкер, раскажыце, калі ласка, гэтым джэнтльменам усё, што адбылося.
    Чалавек у халаце павярнуў да нас свой заклапочаны твар.
    — Дзіўная рэч,— сказаў ён.— Усё жыццё я апісваў у газетах падзеі, што здараліся з іншымі людзьмі. А вось калі ўрэшце ў мяне самога адбылася такая значная падзея, я настолькі разгубіўся, што двух слоў не магу напісаць. Прынамсі, вашае імя, містэр Шэрлак Холмс, я чуў, і калі вам удасца раскрыць гэтую загадкавую справу, я буду ўзнагароджаны за прыкрую неабходнасць пераказваць усё яшчэ раз.
    Холмс сеў і падрыхтаваўся ўважліва слухаць.
    — Гэтае забойства звязана з бюстам Напалеона, што купіў я месяцы чатыры таму. Ён абышоўся мне вельмі танна ў краме «Браты Хардзінг», што каля Хай-стрытскага вакзала. Звычайна я пішу свае артыкулы па начах і нярэдка сяджу за працаю да світанку. Так было і сёння. Я сядзеў у сваёй нары ў самым канцы верхняга паверха. Раптам каля трох гадзін да мяне даляцеў нейкі шум. Я прыслухаўся, але гук не паўтарыўся, і я падумаў, што шумелі на вуліцы. Але мінут праз пяць я раптоўна пачуў жахлівы крык — ніколі яшчэ, містэр Холмс, не даводзілася мне чуць гэткіх страшных гукаў. Крык гэты будзе стаяць у мяне ўвушшу да самае смерці. Мінуту або дзве я праседзеў нерухома, бо здранцвеў ад страху, а потым узяў качаргу і пайшоў уніз. Калі я зайшоў у гэты пакой, дык убачыў, што акно расчынена, а бюст, што стаяў на каміне, знік. Я ніяк не магу даўмецца, чаму злодзей спакусіўся на яго. Самы звычайны, нічога не варты гіпсавы злепак. Як вы самі бачыце, чалавек, які надумаецца скочыць з гэтага акна, трапіць на прыступкі параднага хода. Злодзей, несумненна, уцёк менавіта гэтым шляхам, а таму я мінуў перадпакой і адчыніў уваходныя дзверы. Я ступіў у цемру, але спатыкнуўся і ледзь не паваліўся на нябожчыка, што ляжаў на ганку. Я пайшоў і прынёс лямпу. У небаракі на горле зеўрала рана. Усе верхнія прыступкі былі залітыя крывёю. Ен ляжаў на спіне, калені былі паднятыя, рот — адтулены. Гэта было жахліва. Я свіснуў у свой паліцэйскі свісток і адразу ж страціў прытомнасць. Больш я нічога не помню. Ачуняў я ў перадпакоі. Поруч стаяў палісмэн.
    — Хто быў забіты? — спытаўся Холмс.
    — Даведацца пра гэта пакуль што не ўдалося,— адказаў Лестрэйд.— Можаце самі агледзець яго ў трупярні. Высокі, загарэлы, вельмі моцны мужчына, але яму, відаць, не было яшчэ трыццаці. Апрануты бедна, аднак на рабочага не падобны. Поруч з ім у лужыне крыві ляжаў нож з рогавымі тронкамі. Невядома, належаў ён забітаму або забойцы. На адзенні ў забітага не было метак, па якіх можна было б даведацца, як яго клікаць. У кішэнях мы знайшлі яблык, вяроўчыну, карту Ловдана і фотакартку. Вось яна.
    Гэта быў імгненны здымак, зроблены маленькім апаратам. На ім быў малады чалавек з выразнымі рысамі твару, з густымі бровамі, з моцна развітымі сківіцамі, што
    выдаваліся ўперад, як у павіяна. Наогул было ў ім нешта ад малпы.
    — А што сталася з бюстам? — спытаўся Холмс, калі ўважліва разгледзеў здымак.
    — Бюст удалося выявіць толькі перад тым, як вы прыйшлі. Яго знайшлі ў садзе перад пустым домам на Кэмпдан-Хаўз-род. Ён раструшчаны на драбнюткія кавалкі. Я якраз іду туды, каб агледзець яго. Хочаце пайсці са мною?
    Месца, дзе знайшлі рэшткі бюста, было за некалькі ярдаў ад дома. Упершыню нам удалося ўбачыць тое, што засталося ад выявы вялікага імператара, што выклікала такую шалёную і разбуральную нянавісць у сэрцы нейкага незнаёмца. Холмс падняў некалькі асколкаў і пільна даследаваў іх. Па ягоным заклапочаным твары я зразумеў, што ён натрапіў на след.
    — Ну што? — спытаўся Лестрэйд.
    Холмс паціснуў плячыма.
    — Яшчэ нямала давядзецца нам павалтузіцца з гэтаю справаю,— сказаў ён.— I ўсё-такі... усё-такі... на пачатак у нас ёсць сёе-тое. Гэты танны бюст у вачах таго дзіўнага злачынцы каштаваў даражэй за чалавечае жыццё. Вось першы факт, які мы выявілі, Ёсць і другі факт, не менш дзіўны. Калі адзіная мэта злачынцы была ў тым, каб раструшчыць бюст, дык чаму ён не зрабіў гэтага ў доме або каля яго?
    — Злачынцу надзвычай уразіла сустрэча з чалавекам, якога яму давялося забіць. Ён сам не ўсведамляў, што робіць.
    — Што ж, гэта падобна на праўду. Але я хачу звярнуць вашу ўвагу на дом, што стаіць у садзе і дзе раструшчылі бюст.
    Лестрэйд агледзеўся навокал.
    — Дом гэты пусты,— сказаў ён,— і злачынца ведаў, што ніхто яго тут не патрывожыць.
    — Але,— запярэчыў Холмс,— на гэтай вуліцы ёсць і другі пусты дом, і яму трэба было прайсці паўз яго, каб дайсці да гэтага. Чаму ён не раструшчыў бюст каля першага пустога дома? Ён жа разумеў, што з кожным лішнім крокам павялічваецца небяспека сустрэцца з кімнебудзь.
    — На гэта я не звярнуў увагі,— сказаў Лсстрэйд.
    Холмс паказаў на вулічны ліхтар, што гарэў у нас панад галовамі.
    — Тут гэты чалавек мог бачыць тое, што робіць, а там не мог. Вось што прывяло яго сюды.
    — Чорт пабірай, ваша праўда! — сказаў сышчык.— Цяпер я прыгадваю, што бюст, які належаў доктару Барнікоту, раструшчылі непадалёк ад ягонай чырвонай лямпы. Але што вынікае з гэтага факту, містэр Холмс?
    — Трэба яго запомніць. Пазней мы можам натрапіць на абставіны, якія прымусяць нас вярнуцца да яго. Што вы збіраецеся рабіць зараз, Лестрэйд?
    — Па-мойму, зараз лепш за ўсё пастарацца выявіць асобу забітага. Гэта не надта складана. Калі мы будзем ведаць, хто ён такі і хто ягоныя таварышы, нам удасца выявіць, што рабіў ён уначы на Піт-стрыт, каго ён тут сустрэў і хто забіў яго на ганку ў містэра Хорэса Харкера. Ці вы не згодны з гэтым?
    — Згодны. Але я падышоў бы да гэтай загадкі з іншага боку.
    — 3 якога?
    — О, я не хацеў бы ўплываць на вас. Вы рабіце пасвойму, а я буду рабіць па-свойму. Потым мы параўнаем вынікі нашых пошукаў і тым самым дапаможам адзін аднаму.
    — Выдатна,— сказаў Лестрэйд.
    — Зараз вы вяртаецеся на Піт-стрыт і, вядома ж, убачыце містэра Хораса Харкера. Перадайце яму, калі ласка, ад майго імені, што, па-мойму, мінулай ноччу ў ягоны дом наведаўся крыважэрны вар’ят, ахоплены маніяй напалеонаненавісніцтва. Гэта спатрэбіцца яму для артыкула.
    Лестрэйд здзіўлена зірнуў на Холмса:
    — Няўжо вы і праўда так думаеце?
    Холмс усміхнуўся:
    — Ці так я думаю? Можа, і не так. Але такая версія падасца вельмі цікавай містэру Харкеру і падпісчыкам Цэнтральнага сіндыката друку... Ну, Уотсан, сёння ў нас будзе нямала клопату. Я буду шчаслівы, Лестрэйд, калі ўвечары, гадзін у шэсць, вы зойдзеце да нас на Бейкер-стрыт. А покуль што я пакіну ў сябе фотаздымак.
    Мы з Шэрлакам Холмсам пехатою пайшлі на Хайстрыт і зазірнулі ў краму «Браты Хардзінг», дзе быў набыты бюст. Малады прыказчык сказаў нам, што містэр Хардзінг будзе ў краме адно толькі пад канец дня, а сам ён аніякіх звестак даць нам не можа, бо служыць тут
    усяго некалькі дзён. На твары ў Холмса з’явіліся незадаволенасць і расчараванне.
    — Нічым не парадзіш, Уотсан,— сказаў ён урэшце.— Нельга ўвесь час разлічваць на ўдачу. Давядзенца зайсці сюды пад канец дня. Як вы, напэўна, здагадаліся, я збіраюся прасачыць гісторыю гэтых бюстаў ад самага пачатку, каб выявіць, ці не было пры іх стварэнні якіхнебудзь незвычайных абставін, што зараней вызначылі іх дзіўны лёс. Пойдзем покуль што да містэра Морза Хэдсана на Кенінгтон-род і паглядзім, ці не прал’е ён хоць трохі святла на гэтую загадку.
    Цэлую гадзіну мы ехалі да крамы гандляра карцінамі. Гэта быў маленькі тоўсты чалавечак з чырвоным носам і з’едлівым характарам.
    — Так, сэр. Раструшчыў на маім прылаўку, сэр,— абураўся ён.— Навошта мы плацім падаткі, калі любы нягоднік можа ўварвацца да нас і папсаваць тавар?! Так, сэр, гэта я прадаў доктару Барнікоту абодва бюсты. Ганьба, сэр! Анархісцкая змова, вось што гэта такое. Памойму, толькі анархіст здольны знішчыць статую. Адкуль у мяне гэтыя бюсты? He разумею, якія адносіны гэта можа мець да справы. Ну што ж, сэр, калі вам і праўда трэба ведаць, я скажу. Я набыў іх у «Гельдэра і кампаніі», у Стэпні, на Чэрч-стрыт. Гэта вядомая фірма — існуе болын за дваццаць гадоў. Колькі я іх купіў? Тры. Два прадаў доктару Барнікоту, а адзін раструшчылі сярод белага дня ў мяне на прылаўку. Ці ведаю я чалавека, што на гэтай фатаграфіі? He, не ведаю. Хаця не, ведаю. Гэта Бепа, італьянец-рамеснік. Час ад часу ён робіць што-нішто ў мяне ў краме. Можа рэзаць па дрэве, можа залаціць рамы — усяго пакрысе. Ён сышоў ад мяне тыдзень таму, і з таго часу я пра яго нічога не чуў. He, я не ведаю, адкуль ён. Дзе ён цяпер, таксама не ведаю. Супраць яго я нічога не маю. Працаваў ён някепска. Ён сышоў за два дні да таго, як у мяне знішчылі бюст...
    — Што ж, Морз Хэдсан расказаў нам болей, чым можна было чакаць,— сказаў Холмс, калі мы выйшлі з крамы.— Значыць, гэты Бепа прымаў удзел і ў тых падзеях, што адбываліся ў Кенінгтоне, і ў тых, што адбыліся ў Кенсінгтоне. Дзеля гэтага факта не шкада праехаць дзесяць міль. А цяпер, Уотсан, едзем у Стэпні, да «Гельдэра і кампаніі», на радзіму бюстаў. He сумняваюся, што пачуем там шмат цікавага.
    Мы прасхалі праз фешэнебельны Лондан, праз Лон-
    дан атэляў, праз Лондан тэатральны, праз Лондан літаратурны, праз Лондан камерцыйны, праз Лондан марскі і, нарэшце, патрапілі ў прыбярэжны раён, забудаваны прыбытковымі дамамі. Тут пераважала бедната, што трапіла сюды з усіх канцоў Еўропы. На шырокай вуліцы мы знайшлі патрэбную скульптурную майстэрню. Яна размяшчалася на вялікім двары, застаўленым надмагільнымі помнікамі, і ўяўляла сабою прасторны пакой, у якім чалавек пяцьдзесят рабочых займаліся разьбой і фармоўкаю.