• Газеты, часопісы і г.д.
  • Кінжал з крыламі  Эдгар Алан По, Артур Конан Дойл, Гілберт Кійт Чэстартан, Рэйманд Торнтан Чандлер, Рой Вікерс, Агата Крысці, Сэмюэл Дэшыл Хэмет, Фрыдрых Глаўзер, Жорж Сімянон, Джон Дзіхсан Кар, Рос Макдоналд, Рычард О. Льюіс, Мірыям Ален Дэ Форд, Джэк Рычы

    Кінжал з крыламі

    Эдгар Алан По, Артур Конан Дойл, Гілберт Кійт Чэстартан, Рэйманд Торнтан Чандлер, Рой Вікерс, Агата Крысці, Сэмюэл Дэшыл Хэмет, Фрыдрых Глаўзер, Жорж Сімянон, Джон Дзіхсан Кар, Рос Макдоналд, Рычард О. Льюіс, Мірыям Ален Дэ Форд, Джэк Рычы

    Выдавец: Полымя
    Памер: 253с.
    Мінск 1994
    54.74 МБ
    I вось у мінулы панядзелак увечары прагульваюся я і бачу: выязджае на дарогу пусты фургон, а перад ганкам ляжаць дываны і розныя іншыя рэчы. Я зразумеў, што катэдж нарэшце арэндаваны. Я прайшоў быў міма, а потым спыніўся і, як гэта бывае, пачаў разважаць, што за людзі будуць жыць побач з намі. Гэтак я думаў і нечакана заўважыў у адным з верхніх акон твар чалавека, што сачыў за мною.
    Я не ведаю, што было адметным у гэтым твары, містэр Холмс, але па целе ў мяне прабеглі дрыжыкі. Здалёк я не мог разгледзець як след, але мне падалося, што ў ім нешта ненатуральнае, нечалавечае. Уражаны, я хацеў быў падысці бліжэй, але ў тое самае імгненне твар раптоўна знік, нібыта чалавека адцягнулі назад, у цемру пакоя. Я прастаяў мінут пяць і ўсё намагаўся разабрацца ў сваіх адчуваннях. Але не магу вам сказаць, быў гэта жаночы або мужчынскі твар, бо стаяў занадта далёка. Больш за ўсё мяне ўразіў ягоны нежывы, свінцова-жоўты колер. Застылы і здранцвелы, гэты твар палохаў сваёю ненатуральнасцю. Устрывожаны, я наважыўся даведацца падрабязней пра нашых новых суседзяў. Я падняўся на ганак, пагрукаўся ў дзверы. Мне адразу ж адчыніла худая высокая кабета з непрыемным, проста агідным абліччам.
    «Што вам трэба?» — спыталася яна з рэзкім шатландскім акцэнтам.
    «Я ваш сусед, жыву вунь там,— сказаў я і кіўнуў у бок свайго дома.— Вы, гляджу я, толькі што прыехалі. Ці не магу дапамагчы вам чым-небудзь?»
    «Трэба будзе — паклічам!» — сказала яна і зачыніла дзверы ў мяне перад самым носам.
    Раззлаваны яе няветлівым адказам, я пайшоў дадому. Увесь вечар, хаця і стараўся я думаць пра іншае, думкі мае мімаволі вярталіся да твара, што мільгануў у акне, і да гэтай няветлівай кабеты. Толькі калі клаліся спаць, я сказаў жонцы, што катэдж цяпер заняты. Але яна нічога не адказала.
    Звычайна я сплю вельмі моцна. У нашай сям’і лічыцца, што пабудзіць мяне ноччу немагчыма. Гэта ў нас заўсёдная тэма для жартаў. Але тае ночы, мабыць, крыху ўзбуджаны тым, што ўбачыў, я спаў болын чуйна, чым заўсёды. У паўсне я адчуваў, што поруч штосьці дзеецца. Нарэшце я ўцяміў, што жонка мая паднялася, надзяе накідку і шляпку. Я ўжо хацеў быў скрозь сон выказаць штосьці накшталт пратэсту або здзіўлення, але паўрасплюшчыў вочы. А калі ўбачыў яе твар, асветлены свечкаю, дык так здзівіўся, што літаральна знямеў. Такога выразу я не толькі ніколі не бачыў у яе на твары, але і не ўяўляў, што ён магчымы. Яна была спалатнелая, дыхала парывіста і спотайку пазірала на ложак. Потым, упэўненая, што я сплю, яна паціху выслізнула з пакоя. Праз імгненне я пачуў, як зарыпелі ўваходныя дзверы. Я сеў і рэзнуў па спінцы ложка, каб пераканацца, што я і праўда прачнуўся, а потым выцягнуў з-пад падушкі гадзіннік. Было тры гадзіны раніцы. Што магло спатрэбіцца маёй жонцы на вясковай дарозе ў такі час?
    Я сядзеў мінут дваццаць і ламаў сабе голаў, спрабаваў знайсці якое-небудзь тлумачэнне. Але чым болей я думаў, тым больш загадкавым і невытлумачальным здавалася мне ўсё гэта. Я быў яшчэ цалкам збянтэжаны, калі ўваходныя дзверы ледзь чутна расчыніліся і на лесвіцы зноў пачуліся крокі маёй жонкі.
    «Дзе вы былі, Эфі?» — спытаўся я, калі яна зайшла.
    Яна ўся скаланулася і глуха ўскрыкнула. Гэты крык і гэтая дрыготка ўстрывожылі мяне больш за ўсё: у іх я пачуў штосьці невыказна злачыннае. Мая жонка заўсёды была такая чэсная і шчырая — я ўвесь здрыгануўся, калі ўбачыў, як яна крадзецца ў сваю спальню, як яна
    ўскрыквае і дрыжыць, калі муж загаворвае да яе.
    «Вы не спіце, Джэк! — усклікнула яна і нервова засмяялася.— Я думала, нішто не можа вас пабудзіць».
    «Дзе вы былі?» — зноў спытаўся я.
    «Я разумею, як вы здзіўлены,— сказала жонка. Калі яна расшпільвала накідку, пальцы ў яе дрыжалі.— Ніколі раней я не думала, што са мной можа быць што-небудзь падобнае. Я прачнулася ад таго, што пачала раптам задыхацца. Мне трэба было на свежае паветра, іначай я страціла б прытомнасць. Я пастаяла каля дзвярэй некалькі мінут і ачуняла».
    Покуль Эфі казала гэта, яна ні разу не зірнула ў мой бок, голас у яе гучаў не так, як заўсёды. Я зразумеў, што яна хлусіць, але нічога не адказаў і павярнуўся тварам да сценкі. Што хавала ад мяне жонка? Дзе яна была? Я адчуваў, што не супакоюся, пакуль не даведаюся пра ўсё, але не хацеў распытваць яе пасля таго, як яна схлусіла мне. Рэшту ночы я кідаўся і круціўся, прыдумваў самыя неверагодныя тлумачэнні.
    Раніцою мне трэба было паехаць у горад, але я так расхваляваўся, што не мог займацца справамі. Мая жонка таксама выглядала разгубленай. Па тых запытальных позірках, якія яна кідала, было зразумела: яна адчула, што я не паверыў у яе выдумку, і не ведае, як ёй трымацца са мною. За сняданкам мы амаль што не гаварылі, а потым я пайшоў прагуляцца, каб усё абдумаць на свежым ранішнім паветры.
    Я дайшоў да Крыштальнага палаца, прабыў там каля гадзіны і вярнуўся ў Норберы а першай гадзіне. Калі я праходзіў паўз катэдж, дык прыпыніўся зірнуць на Вокны — ці не ўбачу часам той дзіўны твар, што пазіраў на мяне напярэдадні. Уявіце сабе маё здзіўленне, містэр Холмс, калі раптам дзверы адчыніліся і з катэджа выйшла мая жонка!
    Я проста аслупянеў, але пачуцці мае нельга было і параўнаць з тымі, што адбіліся ў яе на твары, калі нашыя вочы сустрэліся. На імгненне мне падалося, што жонка хоча схавацца ў катэджьт, але потым перадумала і пайшла мнс насустрач. Твар у яе збялеў, а спалоханыя вочы ніяк не пасавалі да ўсмешкі на яе вуснах.
    «Ах, Джэк,— сказала яна,— я толькі што заходзіла даведацца, ці не магу чым-небудзь дапамагчы нашым новым суседзям. Чаму вы на мяне так пазіраеце, Джэк? Вы злуяцеся на мяне?»
    «Так,— сказаў я.— Гэта тут вы былі ноччу?»
    «Што вы хочаце гэтым сказаць?» — ускрыкнула яна.
    «Вы прыходзілі сюды, я ўпэўнены. Што гэта за людзі, якіх вы наведваеце ноччу?»
    «Я тут ніколі не была раней».
    «Як вы наважыліся схлусіць?! — закрычаў я,— У вас нават голас мяняецца, калі вы маніце. Хіба ў мяне калінебудзь былі сакрэты ад вас? Я зайду ў гэты катэдж і пра ўсё даведаюся сам».
    «Не трэба, Джэк! Прашу вас!»
    Яна задыхалася, не магла прыхаваць свайго хвалявання, а калі я падышоў да дзвярэй, схапіла мяне за рукаў і пацягнула прэч з нечаканай сілаю.
    «Прашу вас, не хадзіце, Джэк, інакш будзе бяда! — крычала яна.— Паверце мне, Джэк, і вы ніколі не пашкадуеце! Калі я што і прыхоўвала ад вас, дык толькі дзеля вас самога. Вернемся разам дадому, і ўсё будзе добра! А калі вы супраць маёй волі зойдзеце ў катэдж, паміж намі ўсё будзе скончана!»
    У яе ў голасе быў такі шчыры адчай, што я нерашуча спыніўся.
    «Я паверу вам, але з адной умоваю,— сказаў я нарэшце.— Паабяцайце мне, што не будзеце хадзіць сюды і ўвогуле нічога не будзеце рабіць паціху ад мяне. Я згодны на ўсё забыцца, але паабяцайце, што нічога падобнага больш не будзе!»
    «Я не сумнявалася, што вы мне паверыце! — ускрыкнула яна з палёгкаю.— Усё будзе так, як вы хочаце. Хадзем, ну хадзем дамоў!»
    Усё яшчэ не выпускаючы мой рукаў, яна павяла мяне ад катэджа. На хаду я азірнуўся і ў верхнім акне ўбачыў той самы жоўты, змярцвелы твар чалавека, што сачыў за намі. Якая магла быць сувязь паміж гэтай істотай і маёй жонкай? Або што агульнага ў яе з кабетай, якую я бачыў напярэдадні? Гэта была цяжкая задача, і я ведаў, што не супакоюся, пакуль не знайду адказу.
    Два дні пасля гэтага я быў дома, і мая жонка, здавалася, шчыра выконвае сваё абяцанне — тым болей што яна, наколькі я ведаю, наогул не выходзіла з дома.
    На трэці дзень я паехаў у горад, але вярнуўся цягніком на 2.40 замест 3.35, на якім езджу звычайна. Калі я зайшоў у дом, насустрач мне выбегла спалоханая пакаёўка.
    «Дзе гаспадыня?» — спытаўся я.
    «Здаецца, пайшла пагуляць».
    У мяне адразу ж з’явілася падазрэнне. Я кінуўся наверх пераканацца, што яе і праўда няма дома. Выпадкова зірнуў я ў акно і ўбачыў, што пакаёўка, з якой я толькі што размаўляў, бяжыць праз поле да катэджа. Канечне, я адразу зразумеў, што гэта значыць: мая жонка пайшла туды і загадала пакаёўцы паклікаць яе, калі я вярнуся.
    Я калаціўся ад абурэння, кінуўся ўніз і пайшоў праз поле, бо вырашыў спыніць гэта назаўсёды. Я ўбачыў, як мая жонка з пакаёўкаю бягуць па сцяжынцы дадому, але не спыніўся, каб пагаварыць з імі. У катэджы хаваецца таямніца, якая азмрочвае маё жыццё! Я пакляўся: хай будзе што заўгодна, але я ўведаю гэтую таямніцу. Я нават не пагрукаўся, павярнуў дзвярную ручку і забег у калідор.
    На першым паверсе было ціха і спакойна. На кухні закіпаў чайнік, а вялікі чорны кот скруціўся і ляжаў у кошыку, але не было ніякага следу кабеты, якую я бачыў раней. Я забег у другі пакой, але і ён быў пусты. Тады я кінуўся ўверх па лесвіцы, але нікога не знайшоў і ў двух верхніх пакоях. Па ўсім доме не было ні душы. Мэбля і карціны былі самыя звычайныя і вульгарныя, за выключэннем пакоя, у якім я бачыў дзіўны твар. Пакой гэты быў элегантна абсталяваны, і ўсе мае падазрэнні перайшлі ў дзікае, пякучае шаленства, калі я ўбачыў на каміне фатаграфію маёй жонкі, знятай ва ўвесь рост. Фатаграфію гэтую зрабілі па маёй просьбе ўсяго тры месяцы таму.
    Я быў там столькі часу, колькі спатрэбілася, каб выявіць, што дом абсалютна пусты. Тады я пакінуў яго з такім цяжарам на сэрцы, якога яшчэ ніколі не адчуваў. Калі я вярнуўся дадому, мая жонка выйшла насустрач, але я быў такі засмучоны і раззлаваны, што не стаў размаўляць з ёю і прайшоў у свой кабінет. Тым не менш яна зайшла следам за мною, перш чым я паспеў прычыніць дзверы.
    «Я вельмі шкадую, Джэк, што парушыла сваё абяцанне,— сказала яна,— але калі б всдалі ўсё, я ўпэўнена, вы мне даравалі б».
    «Дык раскажыце мне ўсё».
    «Не магу', Джэк, не магу!»
    «Пакуль вы не скажаце мне, хто жыў у гэтым катэджы і каму вы далі сваю фатаграфію, я не змагу верыць
    вам»,— заявіў я, вырваўся ад яе і сышоў з дому...
    Гэта было ўчора, містэр Холмс. Больш я яе не бачыў і нічога не ведаю пра гэтую дзіўную справу. Дагэтуль паміж намі не было аніякіх непаразуменняў, і яе хлусня так узрушыла мяне, што я не ведаю, што рабіць. Сёння з раніцы я падумаў — вы якраз той чалавек, які можа парадзіць мне. I вось я кінуўся да вас і цалкам давяраю вам свой лёс. Калі вас цікавяць яшчэ якія падрабязнасці, калі ласка, пытайцеся. Але перш за ўсё скажыце, што мне рабіць! Гэтае няшчасце вышэй за мае сілы.