Кінжал з крыламі
Эдгар Алан По, Артур Конан Дойл, Гілберт Кійт Чэстартан, Рэйманд Торнтан Чандлер, Рой Вікерс, Агата Крысці, Сэмюэл Дэшыл Хэмет, Фрыдрых Глаўзер, Жорж Сімянон, Джон Дзіхсан Кар, Рос Макдоналд, Рычард О. Льюіс, Мірыям Ален Дэ Форд, Джэк Рычы
Выдавец: Полымя
Памер: 253с.
Мінск 1994
— Я абсалютна абыякавы да ўсіх гэтых манет,— прызнаўся ён, калі Твіфард, з якім ён быў крыху знаёмы,
пачаў быў ставіць прафесійныя пытанні,— але я нашу каралеўскі мундзір, і мне не да жартаў, калі дзядзька караля пакідае тут манету пад маю асабістую адказнасць. Сам я на ўсе гэтыя святыя мошчы і рэліквіі гляджу павальтэр’янску, так сказаць, скептычна.
— He разумею, чаму скептыку лягчэй верыць у каралеўскае сямейства, чым у Святое Сямейства,— адказаў Твіфард.— Але кішэні я, канечне, выверну, каб вы пераканаліся, што ў іх няма бомбы.
Невялічкая горка кішэнных дробязей, што пакінуў на стале святар, складалася галоўным чынам з папер, люлькі з кісетам, некалькіх рымскіх і старажытнасаксонскіх манет, букіністычных каталогаў і царкоўных брашур.
Тое, што было ў кішэнях у пляменніка, натуральна, утварыла куды большую горку. Тут былі шкляныя шарыкі, скрутак вяроўкі, электрычны ліхтарык, магніт, рагатка і, канечне, вялікі сцізорык. Гэты складаны агрэгат хлопчык захацеў прадэманстраваць дэталёва. Пачаў паказваць клешчы-кусачкі, калаўрот, каб свідраваць дрэва, і нават прыстасаванне, каб выцягваць каменьчыкі з конскіх падкоў.
Калі чарга дайшла да чалавека ў чорным, ён не стаў выварочваць кішэні, а адно толькі падняў рукі дагары далонямі і сказаў:
—• У мяне нічога няма.
— Баюся, што вам усё-такі давядзецца павыварочваць кішэні, каб я мог пераканацца ў гэтым,— даволі рэзка адказаў палкоўнік.
— У мяне няма кішэняў,— сказаў незнаёмец.
Містэр Твіфард кінуў пільны позірк на яго адзенне і, крыху збянтэжаны, спытаўся:
— Вы манах?
— Я маг,— адказаў незнаёмец.— Вы чулі, спадзяюся, пра магію? Я — чараўнік.
— Ды ну?! — вырачыў вочы Самерс Малодшы.
— Раней я быў манахам,— працягваў незнаёмец.— Але цяпер я, як бы вы сказалі, манах-уцякач. Так, я ўцёк у вечнасць. У мяне няма кішэнных грошай і няма кішэняў, але ўсе зоры на небе маё.
— Вам іх не дастаць,— зазначыў палкоўнік і парадаваўся за зоры.— Я ведаў нямала магаў у Індыі, бачыў фокусы з манга і розныя іншыя хітрыкі. Усе яны там прайдзісветы, вы ўжо мне паверце! Я сам іх нярэдка выкрываў, і гэта было даволі займальна. Прынамсі, веся-
лей, чым тырчаць тут... А вось ідзе містэр Сайман. Ён правядзе вас у наш стары склеп.
Містэр Сайман, афіцыйны захавальнік і гід, быў маладым чалавекам з заўчаснаю сівізною. Да ягонага вялікага рота зусім не пасавалі смешныя цёмныя вусікі, што, здавалася, выпадкова прыляпіліся да верхняй губы. Ён гаварыў вельмі правільна, як гавораць чыноўнікі, што скончылі Оксфард1, і вельмі занудліва, як усе наёмныя гіды.
Экскурсанты спусціліся па каменных сходах. Унізе містэр Сайман націснуў нейкую кнопку, і адчыніліся дзверы ў цёмнае памяшканне, дакладней, у памяшканне, дзе толькі што было цёмна. Як толькі цяжкія жалезныя дзверы адчыніліся, успыхнула зыркае святло, што прывяло Фізіка ў захапленне, і ён адразу спытаўся, ці ёсць сувязь паміж дзвярыма і электрычнасцю.
— Гэта адзіная сістэма,— адказаў Сайман.— Яе зманціравалі ў той дзень, калі яго вялікасць паклаў сюды рэліквію. Бачыце, манета зачынена ў шкляной вітрыне і ляжыць так, як ён яе тут пакінуў.
Сапраўды, аднаго позірку было дастаткова, каб пераканацца ў тым, што сховішча рэліквіі настолькі ж трывалае, наколькі і простае. Вялікае шкло ў жалезнай раме аддзяляла кут у пакоі, дзе сценкі былі ранейшыя, каменныя, а столь драўлянаю. He было аніякай мажлівасці адчыніць вітрыну, калі не ведаеш сакрэту,— хіба што пабіць шкло. Але гэта, несумненна, пабудзіла б — калі нават ён заснуў бы — начнога вартаўніка, што заўсёды знаходзіўся непадалёк... А калі паглядзець уважлівей, можна было б выявіць яшчэ больш мудрагелістыя прыстасаванні, але позірк прападобнага Томаса Твіфарда быў прыкаваны да таго, што цікавіла яго непараўнальна болей — да цьмянага срэбнага дыска, што выразна вымалёўваўся на чорным аксаміце.
— Манета святога Паўла, выбітая паводле падання, у гонар наведвання Брытаніі апосталам Паўлам, захоўвалася ў гэтай капліцы да восьмага стагоддзя,— казаў Сайман бясколерным голасам.— У дзевятым стагоддзі, мяркуецца, яе захапілі варвары, і яна вярнулася сюды ў якасці скарбу гоцкіх каралёў пасля таго, як паўночныя готы прынялі хрысціянства. Яго каралеўская вялікасць
1 Оксфардскі універсітэт — арыстакратычная навучальная ўстанова.
герцаг Готландскі захоўваў яе сам, а калі вырашыў выставіць яе на ўсеагульны агляд, паклаў сюды. Манету адразу і навечна замуравалі пад шкло...
У гэты момант Самерсу Малодшаму, чые думкі, па аднаму яму зразумелых прычынах, блукалі далёка ад рэлігійных войнаў дзевятага стагоддзя, трапіўся на вочы маленькі дроцік, што тырчаў на месцы, дзе сцяна крыху аблушчылася, і ён з недарэчным воклічам кінуўся да яго.
— Oro! А з чым ён злучаецца?..
Вядома ж, з нечым ён злучаўся, бо не паспеў Фізік схапіцца за яго, як увесь склеп патануў у цемры, быццам бы ўсе, хто былі там, адначасова аслеплі. У наступнае імгненне пачуўся грукат дзвярэй, што шчыльна зачыніліся.
— He хвалюйцеся, усё будзе ў парадку,— сказаў гід сваім роўным голасам і неўзабаве дадаў: — Я думаю, што наверсе хутка спахопяцца і пастараюцца адчыніць дзверы. Давядзецца крыху пачакаць.
Усе памаўчалі, а потым зноў пачуўся голас няўрымслівага Фізіка:
— Вось трапілі ў пастку! А я, як на злосць, ліхтарык наверсе пакінуў...
— Здаецца, мы ўжо пераканаліся ў тваёй любові да электрычнасці...— вымавіў містэр Твіфард з уласцівай яму стрыманасцю, а пасля кароткай паўзы дадаў больш міралюбна: — А я вось шкадую, што пакінуў люльку. Хаця, трэба прызнацца, курыць тут не надта весела. У цемры ўсё не так, як у святле.
— Сапраўды, у цемры ўсё не так,— пачуўся трэці голас — чалавека, што назваўся магам. Голас быў надзвычай музычны і зусім не пасаваў да змрочнага аблічча ягонага ўладальніка, цяпер нябачнага.— Вы, мабыць, і не ўяўляеце, наколькі жахлівая гэтая ісціна. Усё, што вы бачыце наяве,— толькі адлюстраванні, створаныя сонцам,— і твары, і постаці, і кветкі, і дрэвы. А саміх рэчаў, можа быць, і не ведаеце. Можа, там, дзе вы толькі што бачылі стол або крэсла, цяпер стаіць нешта іншае. Твар вашага сябра можа аказацца ў цемры зусім іншым.
Кароткі незразумелы шум раптоўна парушыў цішыню ў скляпенні. Твіфард на імгненне спалохаўся, а потым рэзка сказаў:
— Вы не думаеце, што цяпер не час палохаць дзіця?
— Гэта хто дзіця?! — абурана ўскрыкнуў Самерс Малодшы дрыготкім голасам маладзенькага пеўніка.— I хто гэта спалохаўся? Толькі не я!
— Што ж, я буду маўчаць,— прагучаў трэці голас.— Маўчанне і стварае, і разбурае.
Цішыня ўсталявалася на даволі працяглы час, пакуль нарэшце святар не спытаўся жартам у гіда:
— Містэр Сайман, я спадзяюся, што з вентыляцыяй тут усё добра?
— Зразумела,— гучна адказаў той,— каля дзвярэй ёсць камін, вонкі ідзе дымаход.
Грукат перакуленага крэсла з усёю пэўнасцю давёў, што нецярплівы прадстаўнік падрастаючага пакалення зноў некуды кінуўся. Пачуўся вокліч:
— Дымаход! Дык што ж я раней...— I яшчэ нейкія радасныя, няпэўныя ўскрыкі.
Прападобны Твіфард не раз гукаў у пустату і цямрэчу, навобмацак пракладваў сабе ійлях да каміна, а калі ўбачыў мігатлівую пляму дзённага святла, зразумеў, што ўцякач не загінуў. Потым, калі вяртаўся да людзей, што стаялі каля вітрыны, ён спатыкнуўся аб паваленае крэсла, амаль адразу акрыяў і адкрыў быў рот, каб загаварыць з Сайманам, але так і застыў, бо ў тое самае імгненне яго асляпіла зыркае святло. Ён зірнуў праз нечае плячо ў бок выхада і ўбачыў, што дзверы на вуліцу адчыненыя.
— Нарэшце яны спахапіліся,— сказаў ён Сайману.
Чалавек у чорным стаяў каля сцяны і ўсміхаўся застылаю ўсмешкаю.
— Вось палкоўнік Морыс,— працягваў Твіфард, паранейшаму звяртаючыся да Саймана.— Хто-небудзь павінен сказаць яму, як згасла святло. Вы скажаце?
Аднак Сайман маўчаў. Ён стаяў, нібыта статуя, утаропіўшыся ў чорны аксаміт па-за шклом. Ён глядзеў на аксаміт, бо глядзець больш не было на што. Манета святога Паўла знікла.
Поруч з палкоўнікам Морысам былі два новыя наведвальнікі, якіх ён, мабыць, хацеў далучыць да экскурсіі. Паперадзе няспешна ішоў высокі лысы чалавек, а за ім — малады кучаравы бландзін з яснымі, амаль што дзіцячымі вачыма. Сайман наўрад ці ўсведамляў, што пры святле ягоная здранцвелая постаць выглядае даволі дзіўна, але хутка схамянуўся, вінавата зірнуў на тых, што зайшлі, пазнаў старэйшага і яшчэ больш збялеў.
— Дык гэта ж Хорн Фішар! — ускрыкнуў ён і ціха дадаў: — У мяне бяда, Фішар.
— Тут, здаецца, і праўда пахне таямніцай, якую
добра было б разгадаць,— азваўся той, каго назвалі Фішарам.
— Яе нікому не разгадаць,— сказаў Сайман.— Гэта хіба што вам па сіле. I нікому больш.
— Чаму ж... Я мог бы паспрабаваць,— пачуўся голас поруч з імі, а калі павярнуліся, яны са здзіўленнем убачылі чалавека ў чорным.
— Вы?! — ускрыкнуў палкоўнік.— Калі ж вы мяркуеце пачаць шукаць?
— А я і не збіраюся нічога шукаць,— адказаў незнаёмец звонкім голасам.— Я не дэтэктыў, а маг — адзін з тых, каго вы, палкоўнік, выкрывалі ў Індыі.
Наступіла маўчанне, але Хорн Фішар да агульнага здзіўлення сказаў:
— Добра. Падымаемся наверх, хай паспрабуе.— Хорн Фішар спыніў Саймана, які хацеў націснуць на выключальнік: — He трэба, хай святло гарыць — дзеля поўнай бяспекі.
— Цяпер адсюль няма чаго выносіць,— цяжка ўздыхнуў Сайман.
— Выносіць няма чаго,— запярэчыў яму Фішар,— а прынесці можна.
Тым часам Твіфард ужо падняўся па лесвіцы. Ён спадзяваўся даведацца што-небудзь пра пляменніка і сапраўды атрымаў ад яго вестку, праўда, даволі незвычайным шляхам. Вестка тая ўсцешыла і ўстурбавала святара. На верхняй пляцоўцы ляжаў папяровы дроцік, якімі школьнікі кідаюцца, калі ў класе няма настаўніка. Гэты заляцеў, відавочна, праз акно і аказаўся пасланнем, накрэсленым вучнёўскімі каракулямі: «Дарагі дзядзя, я ў парадку. Сустрэнемся ў гатэлі. Самерс».
Містэр Твіфард крыху супакоіўся і зноў падумаў пра неацэнную рэліквію, якая аспрэчвала ў ягоным сэрцы першынства ў любімага пляменніка. Неўзабаве ён апынуўся сярод людзей, што горача абмяркоўвалі знікненне манеты, і хутка паддаўся агульнаму ўзбуджэнню. Аднак думкі пра хлопчыка не пакідалі яго, і ён зноў і зноў задумваўся, дзе ж Самерс і што ён меў на ўвазе, калі пісаў «я ў парадку».