Кінжал з крыламі
Эдгар Алан По, Артур Конан Дойл, Гілберт Кійт Чэстартан, Рэйманд Торнтан Чандлер, Рой Вікерс, Агата Крысці, Сэмюэл Дэшыл Хэмет, Фрыдрых Глаўзер, Жорж Сімянон, Джон Дзіхсан Кар, Рос Макдоналд, Рычард О. Льюіс, Мірыям Ален Дэ Форд, Джэк Рычы
Выдавец: Полымя
Памер: 253с.
Мінск 1994
Але, на жаль, ён быў цікаўны...
Так, ён быў цікаўны...
Ён павысіў свой голас так, каб міс Леман пачула яго праз сваё друкаванне.
— Пазваніце гэтаму сэру Джозэфу Хогіну,— загадаў ён,— і прызначце сустрэчу з ім у яго офісе, як ён і прапануе.
Як звычайна, міс Леман мела рацыю.
— Я просты чалавек, месье Пуаро,— сказаў сэр Джозэф Хогін.
Эркюль Пуаро зрабіў няпэўны жэст правай рукой, які выказваў (калі вы жадаеце так лічыць) захапленне саліднай кар’ерай, дасягнутай сэрам Джозэфам, і пашану за сціпласць, з якою той ацэньваў сам сябе. Жэст мог таксама азначаць і лагодны пратэст супраць такой заявы. Ва ўсялякім выпадку, ён ні на цалю не адкідаў думкі, што тады валодала Пуаро. А думка была такая: сэр Джозэф безумоўна (ужываючы слова ў яго болып гутарковым сэнсе) вельмі просты чалавек. Эркюль Пуаро крытычна аглядаў апухлы падбародак, маленькія свінячыя вочкі, нос, падобны на нейкую цыбуліну, шчыльна сціснутыя губы. Увесь яго выгляд нагадваў пра некага ці нешта — але адразу Пуаро не мог успомніць, хто альбо што гэта было... Урэшце ў памяці цмяна варухнулася: даўно... у Бельгіі... нешта, бясспрэчна, звязанае з мылам...
Сэр Джозэф гаварыў далей:
— He люблю хадзіць кругом і навокал. Адразу бяру быка за рогі. Большасць людзей, месье Пуаро, махнулі б рукой на гэтае здарэнне. Спісалі б яго як безнадзейны доўг і забыліся на яго. Але Джозэф Хогін не такі. Я багаты чалавек — і, шчыра кажу, дзве сотні фунтаў — ёсць яны ці няма... ]Ч1
Пуаро хутка ўмяшаўся:
— Я віншую вас.
— Што? ’
Сэр Джозэф на хвіліну змоўк. Яго маленькія вочкі яшчэ больш звузіліся. Ён рэзка сказаў:
— Гэта не значыць, што я прывык раскідвацца грашыма. За тое, што мне трэба, я плачу. Але плачу рыначную цану — не болей.
— Вы, вядома, разумееце, што мае ганарары высокія? — сказаў Эркюль Пуаро.
— Так, так. Але ж гэта,— сэр Джозэф кінуў на яго хітры позірк,— вельмі дробная справа.
Эркюль Пуаро паціснуў плячыма:
— Я не таргуюся. Я эксперт. За паслугі эксперта вы мусіце плаціць.
Сэр Джозэф шчыра сказаў:
— Я ведаю, што вы прафесіянал вышэйшага класа ў гэтых рэчах. Я навёў даведкі, і мяне ўпэўнілі, што лепшага за вас не знайсці. Я маюся раскапаць гэтую справу, не зважаючы на выдаткі. Вось чаму я запрасіў вас прыйсці сюды.
— Вам пашанцавала,— сказаў Эркюль Пуаро.
— Што? — зноў спытаўся сэр Джозэф.
— Надзвычай пашанцавала,— сказаў Эркюль Пуаро.— He буду празмерна сціплы, зараз я перажываю пік сваёй кар’еры. У вельмі хуткім часе я намерваюся пайсці на спачын — жыць на вёсцы, час ад часу падарожнічаць па свеце і, мажліва, займацца сваім гародам: з асаблівым націскам на паляпшэнне гатунку кабачкоў. Выдатная гародніна, але ёй бракуе водару. Зрэшты гаворка не пра гэта. Проста я хацеў растлумачыць, што перад сваім адыходам я паставіў перад сабой пэўную задачу. Я вырашыў раскрыць дванаццаць спраў — ні больш, ні менш. Здзейсніць дванаццаць, так бы мовіць, «Гераклавых подзвігаў»1, самохаць ускладзеных на сябе. Ваша справа, сэр Джозэф, першая з іх. Яна прывабіла мяне,— ён уздыхнуў,— сваёй рэдкаснай нязначнасцю.
— Значнасцю? — спытаўся сэр Джозэф.
1 Паводле старажытнагрэчаскіх міфаў Геракл па загаду цара Яўрысфея павінен быў ажыццявіць дванаццаць подзвігаў. Геракл задушыў лютую пачвару—Нямейскага льва. Гэта быў першы асілкаў подзвіг. Імя Пуаро Эркюль (Hercule) паходзіць ад грэчаскага Hercules (Геракл).
— Я сказаў — нязначнасцю. Да мяне звярталіся з розным: расследаваць забойствы, выпадкі раптоўнай смерці, абрабаванні, крадзяжы ювелірных вырабаў. I ўпершыню просяць праліць святло на выкраданне кітайскага мопса.
Сэр Джозэф штосьці прамармытаў. Потым вымавіў:
— Вы здзіўляеце мяне! Я ледзь не сказаў, што вам, пэўна, ад раніцы да вечара назаляюць жанчыны наконт іхніх улюбёных сабачкаў.
— Гэта, вядома, так. Але ўпершыню мяне выклікае муж, а не жонка.
Вочы сэра Джозэфа з ухвалой звузіліся. Ён сказаў:
— Пачынаю разумець, чаму мне рэкамендавалі вас. Вы праніклівы чалавек, містэр Пуаро.
— Ці не пазнаёміце вы мяне з акалічнасцямі справы... — нягучна перапыніў яго Пуаро.— Сабака знік калі?
— Дакладна тыдзень назад.
— I ваша жонка дагэтуль як звар’яцелая, ці не так?
Сэр Джозэф утаропіўся ў яго. Потым сказаў:
— Вы не разумееце мяне. Сабаку вярнулі.
— Вярнулі? Дык дазвольце спытацца, якая патрэба ўва мне?
Твар сэра Джозэфа густа пачырванеў.
— Бо я не жадаю заставацца ў дурнях! А зараз, містэр Пуаро, пяройдзем да справы. Сабаку ўкралі тыдзень назад— знеслі з Кенсінгтана Гардэна, дзе ён быў з жончынай кампаньёнкай. Наступнага дня жонка атрымала запатрабаванне выкласці дзвесце фунтаў. Чуеце: дзвесце фунтаў! За агідную брахлівую малую жывёліну, якая да таго ж заўсёды лезе табе пад ногі.
— Вы, натуральна, не ўхвалялі выдаткавання такой сумы?
— Вядома, не, і не выдаткаваў бы, калі б што-кольвек пра тое ведаў! Мілі (мая жонка) дасканала гэта разумела. Яна не сказала мне ні слова. Проста даслала грошы — у аднафунтавых купюрах, як было абумоўлена — па дадзеным адрасе.
— I сабаку вярнулі?
— Але. Таго ж вечара званок зазвінеў, і малая жывёліна сядзела на прыступцы ганка. I ні душы вакол.
— Выдатна. Працягвайце.
— Потым, вядома, Мілі прызналася ў тым, што яна зрабіла, і я трохі пазлаваўся. Аднак хутка супакоіўся —
урэшце, справа зроблена, і нельга спадзявацца, каб у жанчыны быў здаровы сэнс,— і я думаю, што махнуў бы рукой на гэтае здарэнне, калі б не сустрэў у клубе старога Самуэльсона.
— Так?..
— Ліха на яго, гэты фокус, сапраўдны рэкет! Дакладна тое ж здарылася з ім. Тры сотні фунтаў выцягнулі яны ў ягонай жонкі! He, гэта было ўжо крыху занадта. Я вырашыў спыніць шантаж. I паслаў па вас.
— Але ж, сэр Джозэф, лагічна і куды танней было б звярнуцца ў паліцыю?
Сэр Джозэф пацёр нос і спытаўся:
— А вы жанаты, містэр Пуаро?
— Дзе там,— адказаў Пуаро,— я не маю такога шчасця.
— Гм,— вымавіў сэр Джозэф.— He ведаю, як наконт шчасця, але калі б вы былі жанаты, то ведалі б, што кабеты — дзіўныя стварэнні, Мая жонка закаціла істэрыку, як толькі я згадаў пра паліцыю — ёй уроілася ў галаву, што з ейным дарагім Шан Чангам нешта здарыцца, калі я туды пайду. Яна і слухаць пра гэта не хацела, і мушу сказаць, ёй не надта прыйшлася даспадобы і прапанова звязацца з вамд Але я стаяў на сваім, і ўрэшце яна паддалася. Але майце на ўвазе: ёй не падабаецца гэта.
— Бачу, сітуацыя далікатная,— прамармытаў Эркюль Пуаро.— Відаць, высвятляючы ў гутарцы з вашай мадам далейшыя акалічнасці, варта адначасна запэўніваць яе, што ейнаму сабаку нічога не будзе пагражаць?
Сэр Джозэф кіўнуў і ўстаў.
— Я завязу вас на сваёй машыне зараз жа,— сказаў ён.
2
У вялікай безгустоўна застаўленай гасцінай сядзелі дзве жанчыны.
Калі туды зайшлі сэр Джозэф і Эркюль Пуаро, маленькі кітайскі мопс, шалёна забрахаўшы, кінуўся да іх і закруціўся каля шчыкалатак Пуаро.
— Шан! Шан, хадзі сюды. Хадзі сюды да матулі, мая любоў. Вазьміце яго, міс Карнэбі.
Другая жанчына паспяшалася гэта зрабіць, а Эркюль Пуаро прамармытаў:
— Праўдзівы леў.
Задыханая ўтаймавальніца Шан Чанга згадзілася.
— Але, так і ёсць, ён гэткі добры вартаўнік. He баіцца нічога і нікога. Цудоўны, сапраўды.
Пасля належнага сціслага ўступу сэр Джозэф сказаў:
— Дык што, містэр Пуаро, я пакідаю вас, працуйце.— Злёгку кіўнуў і выйшаў з пакоя.
Лэдзі Хогін была мажная, зласлівая з твару кабета з пафарбаванымі хной валасамі. Яе мітуслівая кампаньёнка міс Карнэбі — пухлявая, зычлівая з выгляду істота паміж сарака і пяццюдзесяццю — ставілася да лэдзі Хогін з найвялікшай пашанай і відавочна страшэнна яе баялася.
— А зараз, лэдзі Хогін, выкладзіце мне ўсе акалічнасці агіднага злачынства,— прапанаваў Пуаро.
— Я вельмі радая, што вы гэтак выказаліся, містэр Пуаро.— Твар лэдзі Хогін успыхнуў чырванню.— Бо гэта злачынства і было. Кітайскія мопсы надзвычай чуллівыя — якраз такія, як дзеці. Небарака Шанх Чанг мог памерці калі не ад чаго іншага, дык ад страху.
Міс Карнэбі задыхана пацвердзіла:
— Але, гэта было жудасна — жудасна!
— Калі ласка, паведаміце мне факты.
— Так, было вось як. Шан Чанг быў на шпацыры ў парку з міс Карнэбі...
— О Божа, вядома, я ва ўсім вінаватая,— зноў падала голас кампаньёнка.— Як я магла быць такая тупая, такая бестурботная...
Лэдзі Хогін злосна сказала:
— Я не хачу вас упікаць, міс Карнэбі, але я думаю, вы б маглі быць больш пільная.
Пуаро перавёў свой позірк на кампаньёнку.
— Дык што адбылося?
Злёгку ўзбуджаная міс Карнэбі пачала сыпаць гаворкай:
— Так, гэта было дзіва, дый годзе! Якраз на дарожцы з кветкамі абапал, Шан Чанг быў на павадку, вядома — цешыўся прабежкай па траве, а я ўжо збіралася павярнуцца ды ісці дадому, як маю ўвагу прыцягнула дзіця ў калясцы, такое мілае дзіцятка, яно ўсміхалася мне, мілыя ружовыя шчочкі і такія кудзеркі! Я проста не змагла не загаварыць з нянькай і не спытацца, колькі яму. Семнаццаць месяцаў, сказала яна, і я ўпэўненая, што размаўляла з ёю адну-дзве хвіліны, а потым раптам зірнула і не ўбачыла Шана. Павадок быў перашчыкнуты...
— Калі б вы з належнай пільнасцю ставіліся да сваіх абавязкаў,— сказала лэдзі Хогін,— ніхто не змог бы падкрасціся і перарэзаць гэты павадок.
Міс Карнэбі, здавалася, вось-вось заплача. Пуаро таропка спытаўся:
— I што здарылася потым?
— Ну, зразумела, я глядзела ўсюды. I клікала! I пыталася ў служачага парку, ці не бачыў ён чалавека, які нёс кітайскага мопса, але ён не заўважыў нічога падобнага на гэта, і я не ведала, што рабіць, і ўсё шукала, але нарэшце, вядома, мусіла пайсці дадому...
Міс Карнэбі змоўкла. Пуаро мог уявіць тую наступную сцэну дастаткова выразна.
— I пасля вам прыйшоў ліст? — спытаўся ён.
— 3 першай поштай на другі ж дзень,— узяла слова лэдзі Хогін.— У ім паведамлялася, што калі я хачу пабачыць Шан Чанга жывога, то павінна даслаць дзвесце фунтаў у банкнотах па адным фунце простай бандэроллю капітану Кэрцісу, пляц Блумсбэры Роўд, 38. Яшчэ гаварылася, што калі грошы пазначаны або паліцыя паінфармавана, тады... тады... Шан Чангу адрэжуць вушы і хвост!
Міс Карнэбі зашморгала носам.
— Як жахліва! — нягучна сказала яна.— Як людзі могуць быць такія д’яблы!
— Там паведамлялася,— працягвала лэдзі Хогін,— што, калі я пашлю грошы адразу. Шан Чанга вернуць у той жа вечар, жывога і здаровага, але калі б... калі б потым я звярнулася ў паліцыю, то адпакутаваў бы за гэта Шан Чанг...