• Газеты, часопісы і г.д.
  • Кінжал з крыламі  Эдгар Алан По, Артур Конан Дойл, Гілберт Кійт Чэстартан, Рэйманд Торнтан Чандлер, Рой Вікерс, Агата Крысці, Сэмюэл Дэшыл Хэмет, Фрыдрых Глаўзер, Жорж Сімянон, Джон Дзіхсан Кар, Рос Макдоналд, Рычард О. Льюіс, Мірыям Ален Дэ Форд, Джэк Рычы

    Кінжал з крыламі

    Эдгар Алан По, Артур Конан Дойл, Гілберт Кійт Чэстартан, Рэйманд Торнтан Чандлер, Рой Вікерс, Агата Крысці, Сэмюэл Дэшыл Хэмет, Фрыдрых Глаўзер, Жорж Сімянон, Джон Дзіхсан Кар, Рос Макдоналд, Рычард О. Льюіс, Мірыям Ален Дэ Форд, Джэк Рычы

    Выдавец: Полымя
    Памер: 253с.
    Мінск 1994
    54.74 МБ
    — На жаль,— падхапіў Пуаро,— калі вы адкрылі канверт, у ім ляжалі толькі чыстыя аркушы паперы.
    — Адкуль вы ведаеце? — Місіс Самуэльсон паглядзела на яго з захапленнем і жахам...
    Пуаро паціснуў плячыма:
    — Натуральна, chere Madame1, злодзей перш як вярнуць сабаку, падбае пра тое, каб забраць грошы. Потым ён «заменіць» банкноты звычайнай паперай і пакладзе ліст на паліцу, каб яго адсутнасці не заўважылі.
    — Ніколі такая асоба, як капітан Блэклэй, там не спыняўся.
    Пуаро ўсміхнуўся.
    — I, вядома, мой муж быў страшэнна незадаволены ўсёй гэтай справай. Дакладней, ён аж пазелянеў ад злосці, пазелянеў!
    Пуаро далікатна пацікавіўся:
    — Вы не... э... кансультаваліся з ім, перш як паслаць грошы?
    — Барані божа, не,— з рашучасцю адказала місіс Самуэльсон.
    Пуаро пытальна глядзеў на яе.
    — Я не рызыкнула б нават на момант,— вытлумачыла лэдзі.— Мужчыны такія несамавітыя, калі размова ідзе пра грошы. Джэкаб настойваў бы на тым, каб звярнуцца ў паліцыю. Я не пайшла б на гэта. Мой дарагі няшчаснік Нанкі Пу. Што заўгодна магло здарыцца з ім! Вядома, я мусіла паведаміць мужу пасля, бо павінна была растлумачыць, чаму я перавысіла крэдыт у банку.
    — Ага, ага...— прамармытаў Пуаро.
    — I я ніколі не бачыла яго такога раззлаванага. Мужчыны,— сказала місіс Самуэльсон, папраўляючы
    1 Дарагая мадам (франц.).
    свой пекны дыяментавы бранзалет і злёгку падкручваючы пярсцёнкі на пальцах,— думаюць толькі пра грошы.
    5
    Эркюль Пуаро дабраўся ліфтам у офіс сэра Джозэфа Хогіна. Перадаўшы яму сваю візітку, ён пачуў, што сэр Джозэф у гэтую хвіліну заняты, але зараз прыме яго. Ганарыстая бландзінка нарэшце выплыла як пава з пакоя сэра Джозэфа, трымаючы ў руках стос папер. Яна кінула на маленькага дзівакаватага з выгляду чалавека пагардлівы позірк.
    Сэр Джозэф сядзеў за вялізным сталом з чырвонага дрэва. На яго падбародку пунсавеў след памады.
    — Ну, містэр Пуаро? Сядайце. Маеце якія навіны для мяне?
    — Уся гэтая справа да прыемнасці простая,— адказаў Пуаро.— У кожным выпадку грошы дасылаліся ў адзін з тых пансіёнаў ці прыватных атэлікаў, дзе няма ні швейцара, ні прыслугі ў холе і дзе вялікая колькасць гасцей увесь час прыязджае і ад’язджае, і сярод іх даволі значную перавагу складаюць адстаўнікі. Няма нічога лягчэйшага, такім чынам, для любога ўвайсці, узяць ліст з паліцы і ці забраць наогул, ці дастаць грошы з канверта ды замест іх укласці пустыя паперкі. Так што, у любым выпадку след раптоўна абрываецца каля глухой сцяны.
    — Дык вы не ведаеце, хто злачынца?
    — У мяне ёсць пэўныя меркаванні. Спатрэбіцца колькі дзён, каб паставіць кропку.
    — Што ж, няблага.— Сэр Джозэф з цікаўнасцю зірнуў на яго.— Калі вы зможаце што-кольвек паведаміць...
    — Я паведамлю вам у вашым доме.
    — Калі вам удасца разгрызці гэты арэшак,— сказаў сэр Джозэф,— вы пакажаце сябе майстрам сваёй справы.
    — Пра няўдачу не можа быць і гаворкі,— пачуў ён у адказ.— Эркюль Пуаро не памыляецца.
    Сэр Джозэф Хогін глянуў на маленькага чалавечка і ўхмыльнуўся.
    — Вы ўпэўнены ў сабе, ці не так?
    — Цалкам абгрунтавана.
    — О, выдатна...— Сэр Джозэф Хогін адкінуўся на спінку крэсла.
    — Захоча Бог пакараць — гардыню нашле, вы гэта чулі?
    6
    Эркюль Пуаро, седзячы перад хатняй электрычнай батарэяй (і любуючыся яе строгім геаметрычным узорам), даваў інструкцыі камердынеру і фактотуму', што выконваў самыя розныя даручэнні.
    — Ты зразумеў, Джордж?
    — Дасканала, сэр.
    — Верагодна, кватэра або маленькі дом. I гэта без сумлеву будзе ў пэўных межах. На поўдзень ад парку, на ўсход ад Кэнсінгтан Чэрч, на захад ад Найтсбрыдж Бэрэкс і поўнач ад Фульгам Роўд.
    — Я выдатна зразумеў, сэр.
    — Цікавы дробны выпадак. Ён сведчыць пра відавочны талент. I, вядома, уражвае нябачнасць галоўнага выканаўцы — самога Нямейскага льва, так бы мовіць. Але, цікавы дробны выпадак. Добра было б, каб мой кліент больш мне падабаўся — але ён мае прыкрае падабенства да фабрыканта мыла са Льежа, які атруціў жонку, каб ажаніцца з бландзінкай сакратаркай. Адзін з маіх ранніх поспехаў.
    Джордж паківаў галавой. I паважна сказаў:
    — Гэтыя бландзінкі, сэр, пімат у чым вінаватыя.
    7
    Мінула тры дні, і неацэнны Джордж сказаў:
    — Вось гэты адрас, сэр.
    Эркюль Пуаро ўзяў уручаны яму кавалак паперы.
    — Цудоўна, мой слаўны Джордж. I ў які дзень тыдня?
    — Па пятніцах, сэр.
    — Па пятніцах. А сёння,дзякуй Богу, якраз пятніца. Адклад не ідзе ў лад.
    Праз дваццаць хвілін Эркюль Пуаро ўзнімаўся па лесвіцы цёмнага шматкватэрнага дома, што прытуліўся на маленькай вулічцы, якая адгаліноўвалася ад другой, больш фешэнебельнай. Рошалм Мэншанс, 10 было на трэцім і самым высокім паверсе, ліфта камяніца не мела. Пуаро ўзбіраўся ўгору кругамі па вузкіх вітых усходах.
    Ён прыпыніўся на верхняй пляцоўцы, каб перавесці
    ' Давераны слуга.
    дых, і раптам з-за дзвярэй нумар 10 новы гук скалануў цішыню — рэзкі сабачы брэх.
    Эркюль Пуаро злёгку ўсміхнуўся, кіўнуў галавой. Ён націснуў званок кватэры нумар дзесяць.
    Брэх падвоіўся — пачуліся крокі каля дзвярэй — яны адчыніліся.
    Міс Эмі Карнэбі падалася назад, прыціснуўшы руку да сваіх пышных грудзей.
    — Дазвольце зайсці? — спытаўся Эркюль Пуаро і зайшоў, не чакаючы згоды.
    Справа былі адчыненыя дзверы спальні, і ён ступіў туды. За ім, як у сне, ішла міс Карнэбі.
    Пакой быў вельмі маленькі і страшэнна загрувашчаны. Пасярод мэблі Пуаро ўбачыў чалавечую істоту: на канапе, падцягнутай да газавай пліты, ляжала пажылая жанчына. Як толькі Пуаро з’явіўся на парозе, з канапы сарваўся кітайскі мопс і падскочыў да яго, колькі разоў насцярожана гаўкнуўшы.
    — Ага,— вымавіў Пуаро.— Галоўны актор! Вітаю цябе, мой сябручок.
    Ён схіліўся, працягваючы руку. Сабака прынюхаўся да яе, уткнуўшыся разумнымі вочкамі ў твар чалавека.
    — Дык вы ведаеце? — слабым голасам азвалася міс Карнэбі.
    Эркюль Пуаро кіўнуў.
    — Але, я ведаю.— Ён зірнуў на жанчыну на канапе.— Напэўна, ваша сястра?
    — Так. Эмілі, гэта — гэта містэр Пуаро,— механічна адказала міс Карнэбі.
    — 0! — толькі і вымавіла Эмілі Карнэбі ад неспадзеўкі.
    — Аўгустус! — паклікала Эмі Карнэбі.
    Кітайскі мопс глянуў на яе, вільнуўшы хвастом, але потым зноў стаў разглядаць руку Пуаро. Зноў яго хвост злёгку варухнуўся.
    Пуаро асцярожна падняў маленькага сабачку і, усеўшыся з Аўгустусам на калене, сказаў:
    — Такім чынам, я злавіў Нямейскага льва. Мая задача выканана.
    — Дык вы сапраўды ўсё ведаеце? — спыталася Эмі Карнэбі здушаным сухім голасам.
    — Думаю, так,— кіўнуў Пуаро.— Гэта вы ўчынілі з дапамогай Аўгустуса. Вы, як заўсёды, пайшлі выгуляць гаспадынінага сабаку, прывялі яго сюды і падаліся ў парк
    з Аўгустусам. Вартаўнік парку бачыў вас з кітайскім мопсам, як і раней. Дзяўчына-нянька, калі б мы здолелі яе знайсці, таксама пагадзілася б, што вы пад час гутаркі з ёю мелі мопса. Потым, размаўляючы з дзяўчынай, вы перарэзалі павадок, і Аўгустус, вытрэніраваны вамі, выслізнуў і пабег напрасткі дадому. Праз некалькі хвілін вы ўзнялі трывогу, што ўкралі сабаку.
    Пасля пэўнай паўзы міс Карнэбі выпрастала плечы і сказала з выразам халоднай годнасці:
    — Але. Так і было. Я... я не маю чаго сказаць.
    Нямоглая жанчына, што ляжала на канапе, ледзь чутна заплакала.
    — Зусім не маеце чаго сказаць, мадэмуазель? — спытаўся Пуаро.
    — Зусім. Я была зладзейкай... і вось я выкрыта.
    — Вы анічога не маеце сказаць у сваю абарону? — ціха перапытаў Пуаро.
    На белых шчоках Эмі Карнэбі раптам з’явілася чырвоная пляма.	.
    — Я... я не шкадую пра свой учынак,— сказала яна.— Мне здаецца, вы добры чалавек, містэр Пуаро, і, мажліва, змаглі б мяне зразумець. Ведаеце, мне было так страшна.
    — Страшна?
    — Думаю, джэнтльмену гэта цяжка ўявіць. Але справа ў тым, што я зусім не разумная жанчына, і не маю прафесіі, і старэю — і гэтак баюся будучыні. Я не мела магчымасці нічога ашчадзіць — дзе вы бачылі, з Эмілі на руках — і калі састарэю і стануся яшчэ больш нездалетная, ніхто не возьме мяне на працу. Патрабуюцца маладыя і жвавыя. Я... я ведала столькі людзей, такіх, як я: нікому ты не трэба, і ты жывеш у адным пакоі, і не можаш мець каміна ці іншага цяпла, і не можаш удосталь пад’есці, і, нарэшце, не ў стане нават плаціць за свой пакой... Існуюць дабрачынныя ўстановы, вядома, але не надта лёгка туды трапіць без дапамогі ўплывовых сяброў, а я іх не маю. Нас нямала, бедных кампаньёнак, што апынуліся ў такім становішчы, як я: непрыдатных, без усялякай прафесіі жанчын, у якіх няма надзей, а ёсць толькі страх...
    Яе голас задрыжаў.
    — I вось... некалькі такіх... сабраліся і... і я падумала пра гэта. Ды і не дзіва: маючы Аўгустуса. Разумееце, для большасці людзей адзін кітайскі мопс вельмі падобны да другога. (Як для нас усе кітайцы падобныя.) 146
    Вядома, гэта проста смешна. Аніводны, хто кеміць у сабаках, не змог бы зблытаць Аўгустуса з Нанкі Пу ці Шан Чангам або з якім-кольвек іншым кітайскім мопсам. Ен непараўнальна разумнейшы, па-першае, і ён намнога прыгажэйшы, але, як я ўжо сказала, для большасці людзей мопс — усяго толькі мопс... На гэтую думку мяне натыкнуў Аўгустус і тое, што вельмі многа багатых жанчын маюць кітайскіх мопсаў.
    Пуаро злёгку ўсміхнуўся і сказаў:
    — Відаць, ваш рэкет быў прыбытковы! Колькі асоб у... бандзе? Зрэшты, лепей было б спытацца, як часта аперацыі ажыццяўляліся паспяхова?
    — Шан Чанг быў шаснаццаты,— проста адказала міс Карнэбі.
    Бровы Эркюля Пуаро ўзняліся ўгору.
    — Віншую вас. У вас відавочна выдатныя арганізатарскія здольнасці.
    Эмілі Карнэбі паведаміла:
    — Эмі заўсёды была добрая арганізатарка. Наш бацька, ён быў вікарыем у Келінгтане, што ў графстве Эсэкс, заўжды казаў: у Эмі — сапраўдны талент на планаванне. Нязменна яна ўсё падрыхтоўвала для клубных гасцін, дабрачынных базараў і гэтак далей.
    — Я згодны,— сказаў Пуаро з лёгкім паклонам,— як крымінальніца вы, мадэмуазель, у першым шэрагу.
    — Крымінальніца! — усклікнула Эмі Карнэбі.— О Божа, пэўна, і сапраўды. Але яно ніколі так не ўспрымалася.
    — А як яно ўспрымалася?
    — Вядома, вы маеце рацыю. Гэта было парушэнне закону. Але разумееце... як бы растлумачыць? Амаль усе жанчыны, якія наймаюць нас, надзвычай грубыя і непрывабныя. Лэдзі Хогін, напрыклад, ніколі не думае, што мне кажа. Неяк яна казала, што ейны танізуючы напой мае непрыемны смак, і ці не я прыклала да яго руку. Такая вось лухта.— Міс Карнэбі пачырванела.— Проста жахліва, і не магчы ні сказаць, ні адказаць робіць гэта яшчэ больш пакутлівым, калі вы ведаеце, пра што я.