Кліч Ктулху
Говард Філіпс Лаўкрафт
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 280с.
Мінск 2017
і выкладчыкі, грунтавалася на вучэнні пра механістычную сутнасць жыцця. 3 яе вынікала, што цела чалавека — штосьці накшталт машыны, якой можна кіраваць з дапамогай хімічных рэагентаў пасля таго, як натуральныя працэсы ў арганізме згаснуць. Эксперыментуючы з размаітымі ажыўляльнымі рэчывамі, Ўэст звёў са свету процьму трусоў, марскіх свінак, катоў, сабак і малпаў, праз што яго ўрэшце зненавідзеў увесь факультэт. Часам паддоследныя жывёлы — меркавалася, што яны мёртвыя — сапраўды пачыналі паказваць прыкметы жыцця, прычым некаторыя экзэмпляры паводзілі сябе даволі буяна. Неўзабаве Ўэст усвядоміў, што вывучэнню і ўдасканаленню гэтага працэсу ён мусіць прысвяціць усё сваё жыццё. Таксама ён зразумеў, што ягоны рэагент неаднолькава дзейнічае на розныя арганізмы, таму дзеля чысціні эксперыменту і далейшага прагрэсу ажыўляльнае рэчыва неабходна выпрабаваць на чалавеку. Менавіта з гэтай прычыны ў яго пачаліся звадкі з кіраўніцтвам факультэта, і справа скончылася тым, што яму сурова забаранілі займацца даследніцкай дзейнасцю. Гэта быў загад дэкана медыцынскага факультэта, доктара Алана Холсі, асвечанага і найдабрэйшага чалавека, чыё самаадданае служэнне хворым і нямоглым аж дагэтуль з падзякай згадваюць аркхэмскія старажылы.
Да вынаходстваў Ўэста я заўсёды ставіўся памяркоўна, і мы з ім часта дыскутавалі пра ягоныя тэорыі з іх безліччу адгалінаванняў і мажлівасцяў. Пагаджаючыся з вучэннем Гекеля пра тое, што жыццё ёсць сукупнасцю хімічных і фізічных працэсаў, а гэтак званая «душа» — міф, мой сябар меркаваў, што штучнае ажыўленне памерлых залежыць толькі ад стану тканак, і калі цела яшчэ не пачало раскладацца і ўсе
ўнутраныя органы на месцы, то, ужыўшы адпаведныя сродкі, яго можна вярнуць да своеасаблівага стану, вядомага пад назвай «жыццё». Натуральна, Уэст усведамляў, што нават нязначнае пашкоджанне далікатных мазгавых клетак у першыя хвіліны смерці можа выклікаць парушэнне псіхікі і інтэлекту паддоследных. Спачатку Уэст хацеў вынайсці рэагент, які вяртаў бы аб’екту жыццёвую энергію яшчэ да надыходу смерці, але пасля шэрагу няўдалых эксперыментаў на жывёлах ён пераканаўся, што натуральныя і штучныя праявы жыцця несумяшчальныя. Затым, зразумеўшы, што для ўдалага эксперыменту аб’ект мусіць быць як мага болып свежым, Уэст пачаў уводзіць рэагент у кроў паддоследных адразу ж пасля іх скону. Менавіта гэтая акалічнасць прымусіла прафесуру так скептычна паставіцца да ягоных даследаванняў: вучоныя мужы палічылі, што аб’екты мёртвымі насамрэч не былі. Як бы там ні было, за дзейнасцю Уэста працягвалі пільна і прыдзірліва назіраць.
Неўзабаве пасля таго як кіраўніцтва факультэта забараніла Уэсту займацца навуковай працай, ён паведаміў мне, што мае намер здабываць свежыя чалавечыя целы, чаго б гэта яму ні каштавала, і працягваць свае даследаванні таемна, калі ўжо яго пазбавілі магчымасці рабіць гэта адкрыта. Слухаючы яго, я пачуваўся ніякавата, бо падчас навучання на факультэце нам ніколі яшчэ не даводзілася набываць анатамічныя прэпараты самастойна. Калі ва ўніверсітэцкім моргу не хапала трупаў, іх дастаўку забяспечвалі два тутэйшыя мурыны, якім не задавалі лішніх пытанняў У тыя часы Уэст быў маленькім і кволым юнаком у акулярах, з тонкімі рысамі твару, жаўтлявымі валасамі, бледна-блакітнымі
вачыма і ціхім голасам, і трохі дзіўна было чуць, як ён параўноўвае вартасці цвінтара каля царквы Збаўцы і могілак для жабракоў. Нарэшце мы вырашылі скарыстацца жабрацкімі могілкамі, таму што амаль усіх наўцоў з царкоўнага цвінтара бальзамавалі, пасля чаго яны рабіліся цалкам непрыдатнымі для даследаванняў Уэста.
У той час я быў гарачым і самаадданым хаўруснікам Уэста, дапамагаючы яму прымаць усе рашэнні: і як здабыць доследныя аб’екты, і дзе знайсці прыдатнае месца для агідных эксперыментаў. Менавіта я прапанаваў яму ўладкавацца ў закінутым доме Чэпмана на Мідаў-Хіл. Першы паверх мы прыстасавалі пад аперацыйную і лабараторыю, шчыльна завесіўшы вокны цёмнымі шторамі, каб схаваць нашыя паўночныя справы ад чужых вачэй. Будынак размяшчаўся далёка ад дарогі, жылых дамоў паблізу не стаяла, аднак меры перасцярогі былі зусім не лішнія, бо агні ў вокнах маглі ўгледзець выпадковыя начныя мінакі, па акрузе папаўзлі б усялякія чуткі, і нашым пачынанням прыйшоў бы канец. На выпадак, калі нас усё ж выкрыюць, мы ўмовіліся назваць усю гэтую гаспадарку «хімічнай лабараторыяй». Паступова мы абсталявалі гэтае страшнаватае логава навукі прыладамі, часткова набытымі ў Бостане, часткова сцягнутымі з універсітэта, і старанна іх замаскіравалі, каб недасведчаны чалавек не здагадаўся пра іх прызначэнне. Таксама мы запасліся рыдлёўкамі і кіркамі, каб закопваць у склепе целы. Ва ўніверсітэце для гэтых мэтаў выкарыстоўвалі спецыяльную печ, але ўсталяваць такі агрэгат у нашай несанкцыянаванай лабараторыі мы не маглі — печы былі дарагія. Пазбаўляцца ад мёртвых цел было самай моташнай справай — гэта тычылася нават ма-
ленькіх трупікаў марскіх свінак, якіх Ўэст употайкі цягаў у сваю студэнцкую кватэрку для падпольных эксперыментаў.
Мы адсочвалі газетныя некралогі з прагнасцю вупыроў, таму што не ўсякі аб’ект мог прыдацца для нашых эксперыментаў. Нас цікавілі мерцвякі, пахаваныя без бальзамавання неўзабаве пасля смерці, пажадана не абязвечаныя хваробамі і, натуральна, з усімі ўнутранымі органамі. Нам ідэальна падыходзілі ахвяры няшчасных выпадкаў. Міналі тыдні, але нічога вартага не траплялася, хаця мы рэгулярна гутарылі з адміністрацыяй морга і шпіталя нібыта ў інтарэсах медыцынскага факультэта. Вядома, мы не маглі звяртацца да іх занадта часта, каб не выклікаць падазрэнняў. Высветліўшы, што права першага выбару ў любым выпадку належыць факультэту, мы вырашылі застацца ў Аркхэме на вакацыі, далучыўшыся да летніх універсітэцкіх курсаў. I ўрэшце лёс нам усміхнуўся. Нябожчык, пахаваны на жабрацкіх могілках, быў амаль ідэальным экзэмплярам: малады і дужы рабочы, які напярэдадні раніцой утапіўся ў сажалцы Самнерз. Пахавалі яго за кошт муніцыпальных уладаў, спехам і, ясная рэч, без усякага бальзамавання. У той жа дзень мы адшукалі яго свежую магілу і вырашылі вярнуцца сюды адразу пасля поўначы.
Змрочная работа, якую мы пачалі пад покрывам ночы, выклікала ў нас агіду, хаця тады мы яшчэ не адчувалі асаблівага жаху перад могілкамі — ён, разам з жудасным досведам. прыйшоў да нас пазней. Мы прынеслі з сабой рыдлёўкі і цьмяныя алейныя свяцільні — электрычныя ліхтарыкі ў тыя часы ўжо выраблялі, але яны былі ненадзейныя ў параўнанні з сучаснымі вальфрамавымі. Працэс эксгумацыі быў
справай марудлівай і бруднай (хаця, мажліва, калі б мы былі мастакамі, а не навукоўцамі, мы ўгледзелі б ваўсім гэтым штосьці злавесна-рамантычнае), і калі нашы рыдлёўкі ўдарыліся аб дрэва, мы з палёгкай уздыхнулі. Мы ачысцілі сасновую скрыню ад глебы, Уэст скочыў у дол, скінуў вечка, падхапіў мерцвяка і прыўзняў яго над труной. Схіліўшыся над краем магілы, я ўзяўся за нябожчыка і вывалак яго наверх. Затым мы старанна закідалі магілу зямлёй, надаўшы ёй першапачатковы выгляд. Мы абодва пачуваліся трохі знерваванымі, асабліва нас бянтэжыла струпянелае цела і пусты твар першага трафея, але ўрэшце нам удалося знішчыць усе сляды нашага візіту. Кінуўшы на магілу апошнюю жменю зямлі і прыпляскаўшы яе рыдлёўкамі, мы паклалі цела ў палатняны мех і скіраваліся да старога асабняка Чэпмана на Мідаў-Хіл.
На імправізаваным аперацыйным стале, у зыркім святле магутнай ацэтыленавай лямпы наш паддоследны экзэмпляр быў зусім не падобны да прывіду. Гэта быў дужы, прастакаватага выгляду дзяцюк, які, відавочна, пры жыцці не меў схільнасці да летуценняў: каржакаваты, шэравокі і русавалосы, гэткая жывёла без псіхалагічных тонкасцяў, чые жыццёвыя працэсы, напэўна, вылучаліся бездакорным здароўем і крайняй прымітыўнасцю. Цяпер, з заплюшчанымі вачыма, ён выглядаў хутчэй заснулым, чым мёртвым, хаця агляд цела, праведзены маім сябрам, не пакідаў сумневаў на гэты конт. Мы нарэшце атрымалі тое, пра што Уэст так доўга марыў, — мерцвяка, ідэальна прыдатнага для выпрабавання рэагенту, створанага на падставе самых дакладных тэорый і разлікаў спецыяльна для чалавека. Мы абодва страшна хваляваліся. Шанцы на поспех былі мізэр-
ныя, а яшчэ нас палохалі мажлівыя наступствы няпоўнага ажыўлення. Больш за ўсё непакоіў псіхічны стан аб’екта, таму што за час, які мінуў з моманту смерці, далікатныя клеткі мозгу маглі сур’ёзна пацярпець. Асабіста я тады яшчэ меў пэўную прыхільнасць да традыцыйных уяўленняў пра неўміручую душу, і думка аб таямніцах, пра якія апавядзе нам той, хто вернецца з цемры нябыту, змушала мяне трапятаць. Што за тагасветныя дзівосы пабачыў гэты чалавек, разважаў я, што ён здолее паведаміць нам, калі абудзіцца да жыцця? Зрэшты, гэтае містычнае пачуццё было не надта моцным, бо ў асноўным я падзяляў матэрыялістычныя погляды майго сябра. Уэст, здавалася, быў узрушаны значна менш, чым я. 3 зайздросным спакоем ён увёў істотную колькасць рэчыва ў вену на руцэ мерцвяка і адразу ж старанна перабінтаваў месца ўколу.
Чаканне было гнятлівым, але Уэста яно не бянтэжыла. Час ад часу ён прыкладваў стэтаскоп да грудзей паддоследнага і з філасофскім выглядам канстатаваў адмоўны вынік. Мінула ўжо тры чвэрці гадзіны, але аб’ект не выяўляў ніякіх прыкмет жыцця, і Уэст з расчараваннем паведаміў, што рэагент не падзейнічаў. Аднак перш чым пазбавіцца ад цела, ён вырашыў скарыстацца шанцам і выпрабаваць новае рэчыва з трохі змененай формулай. Напярэдадні мы выкапалі яміну ў склепе і збіраліся пахаваць цела яшчэ да світання — хаця дзверы дома былі зачыненыя на замок, мы хацелі пазбегнуць нават найменшай рызыкі быць выкрытымі. Апроч таго, наступнай ноччу мярцвяк ужо не будзе дастаткова свежым. Мы прыхапілі адзіную ацэтыленавую лямпу, пакінуўшы нашага маўклівага госця ляжаць у поўнай цемры, адправіліся ў суседні пакой, дзе
Герберт Ўэст, рэанімлтлр была лабараторыя, і прыняліся спешна рыхтаваць новы рэагент, узважваючы і адмерваючы кампаненты пад пільным наглядам Уэста.
Таго, што здарылася потым, мы зусім не чакалі. Я штосьці пераліваў з адной прабіркі ў іншую, Уэст важдаўся са спіртоўкай, якая замяняла нам газавую гарэлку, калі з суседняга апраметна-цёмнага пакоя раптам данесліся такія вусцішныя крыкі, якіх мы не чулі ніколі ў жыцці. Здавалася, усе прорвы пекла раптам раскрыліся, вывергнуўшы са сваіх нетраў лямант грэшнікаў, асуджаных на вечныя пакуты, і ў гэтай неспасціжнай какафоніі злучыліся тагасветны жах і лютая роспач. Крыкі былі не чалавечыя — бо тое, што выдавала такія пякельныя гукі, быць чалавекам ніяк не магло. Забыўшыся на навуковыя доследы, мы з Уэстам кінуліся да найбліжэйшага акна, як падстрэленыя звяры, на хаду перакульваючы прабіркі, лямпы і рэторты, і ашалела зрынуліся ў абдымкі зорнай сельскай ночы. Мяркую, мы таксама крычалі, стрымгалоў бегучы да горада, і толькі апынуўшыся ў прадмесці, крыху апрытомнелі і прымусілі сябе запаволіць крок, удаючы запозненых гуляк, якія вяртаюцца з карчмы.