Кліч Ктулху
Говард Філіпс Лаўкрафт
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 280с.
Мінск 2017
Уэст расказаў мне, якім чынам яму дастаўся экзэмпляр. На цягніку ў Болтан прыбыў энергічны, добра апрануты незнаёмец — тут у яго былі нейкія спра-
вы на мясцовай камвольнай фабрыцы. Стомлены доўгай дарогай, падарожнік спыніўся каля нашага катэджа, каб удакладніць месцазнаходжанне фабрыкі, і тут у яго раптоўна здарыўся сардэчны прыступ. Ён адмовіўся прыняць стымулятар і літаральна праз імгненне ўпаў мёртвы. Як і варта было чакаць, Уэст палічыў гэта падарункам нябёс. Падчас кароткай гутаркі незнаёмец даў зразумець, што ў Болтане яго ніхто не ведае, а дакументы, знойдзеныя ў ягоных кішэнях, паведамлялі, што імя памерлага — Роберт Левіт, што ён жыў у Сэнт-Луісе і, відавочна, не меў сям’і, то бок найбліжэйшым часам расшукваць яго не будуць. Калі мы не здолеем вярнуць гэтага чалавека да жыцця, пра наш эксперымент ніхто не даведаецца. У гэтым выпадку мы зробім тое, што звычайна рабілі са сваімі доследнымі аб’ектамі: закапаем у гушчары каля могілак. А калі эксперымент будзе ўдалым, нас, несумненна, чакаюць слава і прызнанне. Таму Уэст не марудзячы ўвёў памерламу бальзамавальнае рэчыва, якое мусіла захаваць цела свежым да майго прыезду. Мяне трохі бянтэжыла, што паддоследны пры жыцці меў праблемы з сэрцам — на маю думку, гэта магло нашкодзіць чысціні эксперыменту, але Уэст, здавалася, не надаваў гэтаму значэння. Ен спадзяваўся нарэшце дамагчыся таго, што дагэтуль яму ніяк не ўдавалася — распаліць згаслую іскру розуму ў мерцвяку, які гэтым разам абудзіцца да жыцця нармальным чалавекам.
Такім чынам, у ноч на васямнаццатага ліпеня 1910 году мы з Гербертам Уэстам стаялі ў нашай сакрэтнай лабараторыі і глядзелі на белую маўклівую фігуру, залітую асляпляльным святлом дугавой лямпы. Бальзамавальнае рэчыва спрацавала надзіва добра — я зачаравана ўглядаўся ў гэтае моцнае, здаровае
цела, на якім не было ніякіх слядоў разлажэння, хаця яно праляжала ў склепе ажно два тыдні, і ўрэшце засумняваўся, ці напраўду экзэмпляр нежывы. Аднак Уэст з гатоўнасцю развеяў мае сумневы, нагадаўшы, што ён ніколі не выкарыстоўвае ажыўляльны рэагент без папярэдняга агляду аб’екта, які мусіць быць па ўсіх прыкметах мёртвым, інакш рэагент проста не падзейнічае. Калі Уэст прыступіў да падрыхтоўчага этапу, мяне ўразіла надзвычайная складанасць працэсу — пэўна, тут патрабавалася цвёрдая рука, бо сябар забараніў мне нават дакранацца да цела. Спачатку ён упырснуў нейкі прэпарат у вену на запясці мерцвяка, дзе ўсё яшчэ віднеўся след ад ін’екцыі бальзамавальнага рэчыва. Уэст растлумачыў, што гэта неабходна для таго, каб нейтралізаваць кансервант і расслабіць цягліцы аб’екта, інакш ажыўляльны рэагент не падзейнічае належным чынам. Праз пэўны час з целам пачалі адбывацца відочныя змены: яго канцавіны дробна задрыжэлі, і Уэст, схапіўшы прадмет, падобны да звычайнай падушкі, з сілай прыціснуў яго да твару мерцвяка, які неяк дзіўна сказіўся. Неўзабаве аб’ект зноў знерухомеў, і можна было прыступаць непасрэдна да рэанімацыі.
Мой няўрымслівы сябар, увесь збялелы ад хвалявання, спехам агледзеў паддоследнага і, задаволена канстатаваўшы, што той не выяўляе ніякіх прыкмет жыцця, увёў у яго левую руку ажыўляльны рэагент, загадзя падрыхтаваны і адмераны са значна большай скрупулёзнасцю, чым калісьці ў часы студэнцтва, калі мы толькі-толькі пачыналі свае доследы і дзейнічалі ледзь не навобмацак. Цяжка перадаць словамі, у якім страшным напружанні, стаіўшы дыханне, мы чакалі вынікаў эксперыменту, што ўпершыню праводзіўся на бездакорна свежым
целе. Гэтым разам мы мелі ўсе падставы чакаць ад ажыўленага аб’екта асэнсаваных дзеянняў — мажліва, ён нават здолее паведаміць, што ўбачыў па той бок неспасціжнай бездані. Уэст быў матэрыялістам, ён не верыўу існаванне душы і ўсе праявы свядомасці лічыў чыста фізіялагічнай з’явай. Натуральна, ён не чакаў ніякіх адкрыццяў ад уваскрэслага мерцвяка, і вусцішныя таямніцы змрочных і нязведаных абшараў смерці яго не цікавілі. Тэарэтычна я падтрымліваў гэты пункт гледжання, аднак у глыбіні душы ўсё яшчэ захоўваў рэшткі прымітыўных вераванняў сваіх продкаў і таму, гледзячы на памерлага, мімаволі адчуваў трапяткую боязь. Апроч таго, я ніяк не мог выкінуць з галавы ўспаміны пра жудасны нялюдскі крык, які мы пачулі ў занядбаным доме ў Аркхэме, дзе правялі першы ў нашым жыцці эксперымент.
Неўзабаве я зразумеў, што нашая спроба як мінімум не будзе поўным правалам. Белыя нібы крэйда шчокі мерцвяка паружавелі, і гэтае адценне паступова распаўсюдзілася па ўсім твары, пакрытым надзіва густой русай шчацінай. Уэст, які трымаў руку на пульсе аб’екта, раптам шматзначна кіўнуў, і амаль у той жа момант люстэрка, паднесенае да вуснаў мерцвяка, затуманілася. Па целе прабегла сутарга, аб’ект зрабіў глыбокі ўздых, і яго грудная клетка пачала падымацца і апускацца. Нарэшце шчыльна закрытыя павекі затрапяталі, раскрыліся, і я ўбачыў ягоныя вочы — шэрыя, спакойныя, безумоўна жывыя, хаця пакуль што пазбаўленыя ўсякай думкі і нават цікаўнасці.
Ахоплены нейкім ірацыянальным імпэтам, я схіліўся да ягонага вуха, якое патроху ружавела, і пачаў шэптам выпытваць пра тагасветныя абшары,
вобразы якіх, магчыма, усё яшчэ захоўваліся ў памяці нашага паддоследнага. Жах, які я неўзабаве адчуў, прымусіў мяне начыста забыцца, пра што канкрэтна я пытаўся ва ўваскрэслага, і запомніў толькі, што пры канцы некалькі разоў паўтарыў: «Дзе вы былі?». He ўпэўнены, ці атрымаў я адказ: прынамсі, з яго прыгожа акрэсленага рота не данеслася ні гуку, хаця ў тую хвіліну мне здалося, што па вуснах аб’екта, якія бязгучна варушыліся, я выразна прачытаў: «Толькі цяпер». Зрэшты, сэнс і значэнне гэтай фразы засталіся для мяне незразумелымі. Як я ўжо сказаў, у той момант мяне апанавала радаснае ўзрушэнне, бо я быў перакананы, што нашая ўзнёслая мэта нарэшце дасягнутая і ўпершыню ў нашай практыцы рэанімаваны труп вымавіў выразныя і цалкам асэнсаваныя словы. Тады я думаў, што гэта перамога: ажыўляльны рэагент падзейнічаў як мае быць, і ў мёртвае цела вярнуліся, няхай нават часова, дыханне і розум. Але ўслед за радасцю прыйшоў люты жах, і тое быў жах не перад мерцвяком, які раптам загаварыў, але перад тым, што ўчыніў чалавек, з якім мяне так доўга звязвала сяброўства і прафесійныя інтарэсы.
Наш бездакорна свежы экзэмпляр канчаткова апрытомнеў, і вочы яго пашырыліся, пэўна, ад жудасных успамінаў пра тое, што ён убачыў у апошнія імгненні свайго жыцця. Паддоследны ўскінуў рукі і пачаў ашалела калаціць імі ў паветры, нібыта змагаючыся з кімсьці не на жыццё, а на смерць. I перад тым як зноў — і ўжо канчаткова — адысці ў нябыт, уваскрэслы мярцвяк залямантаваў, і гэты лямант аж дагэтуль гучыць у маім запаленым мозгу: «Дапамажыце! Ратуйце! Адыдзі ад мяне, бялявая поскудзь! Прыбяры свой пракляты шпрыц!».
V. Жаху прыцемку
На франтах сусветнай вайны чыніліся агідныя і жудасныя рэчы, пра якія маўчыць афіцыйная прэса. Некаторыя гісторыі, якія расказваюць відавочцы, здольныя давесці мяне да непрытомнасці, ад некаторых да горла падступае млоснасць, а іншыя прымушаюць трымцець і нервова азірацца ў цемры. Але ўсе гэтыя жахі непараўнальныя з тым, з чым давялося сутыкнуцца мне, — з пачварнай, застрашлівай і безназоўнай жудасцю, што таілася ў прыцемку.
У 1915 годзе я ў званні старшага лейтэнанта служыў у канадскім палку ў Фландрыі, дзе выконваў абавязкі ваеннага доктара, зрабіўшыся, такім чынам, адным са шматлікіх амерыканцаў, якія далучыліся да гэтай сусветнай бойні, не чакаючы рашэння ўраду. Я аказаўся на фронце не зусім з уласнай ахвоты — гэта хутчэй быў вынік таго, што ў шэрагі войска ўступіў чалавек, чыім незаменным памочнікам я быў, — вядомы бостанскі хірург, доктар Герберт Уэст. Доктар Уэст даўно ўжо імкнуўся трапіць на Вялікую вайну, і калі яму выпаў такі шанец, ён ледзь не сілком пацягнуў мяне за сабой. Я быў бы рады, калі б вайна раз’яднала нас назаўсёды, і на гэта былі важкія прычыны: стасункі з Уэстам і нашая сумесная медыцынская практыка ўсё больш мяне прыгняталі. Аднак калі Уэст, скіраваўшыся ў Атаву і па рэкамендацыі калегі атрымаўшы званне маёра, запатрабаваў, каб я суправаджаў яго ў якасці асістэнта, я не наважыўся яму пярэчыць.
Калі я кажу, што доктар Уэст марыў аказацца на полі бітвы, я не маю на ўвазе, што ён меў ваяўнічы нораў альбо трывожыўся за лёс чалавецтва. Ен заўсёды быў безэмацыйнай інтэлектуальнай машынай — маленькі блакітнавокі бландын у аку-
лярах, які, здаецца мне, употайкі пасмейваўся з маіх рэдкіх усплёскаў ваеннага энтузіязму ці абурэння з нагоды нейтралітэту. У яго былі свае інтарэсы ў ахопленай вайной Фландрыі, і каб атрымаць жаданае, ён змушаны быў надзець вайсковую ўніформу. Ад вайны Уэст чакаў зусім не таго, чаго чакае большасць людзей. Яго інтарэсы былі непасрэдна звязаныя са своеасаблівай галіной медыцынскай навукі, якой ён таемна займаўся і ў якой дасягнуў выбітных, але ў той жа час страшных вынікаў. Карацей кажучы, яму было патрэбнае не што іншае, як сталы доступ да неабмежаванай колькасці трупаў, свежых і ў той ці іншай ступені знявечаных.
Герберту Уэсту былі неабходныя свежыя целы, бо справай яго жыцця было ўваскрашэнне памерлых. Пра гэтае захапленне не ведала яго фешэнэбельная бостанская кліентура, затое надта добра ведаў я, бо быў яго найбліжэйшым сябрам і паплечнікам яшчэ з часоў навучання на медыцынскім факультэце Міскатоніцкага ўніверсітэта ў Аркхэме. Ужо тады, у гады студэнцтва, Уэст пачаў ладзіць свае жудасныя эксперыменты, спачатку на дробных жывёлах, а затым на чалавечых целах, якія здабываў самым агідным спосабам. Ен уводзіў у вены мерцвякоў ажыўляльнае рэчыва, на якое паддоследныя, калі толькі яны былі дастаткова свежымі, рэагавалі надзвычай бурна. Найбольш складаным у гэтай справе было знайсці слушную формулу, таму што для кожнага біялагічнага віду патрабаваўся свой склад рэчыва. Ўэст адчуваў неадчэпны страх, разважаючы над няўдалымі эксперыментамі, калі ў выніку памылкі ў формуле альбо маніпуляцый з недастаткова свежымі экзэмплярамі на свет з’яўляліся агідныя пачвары. Некаторыя з гэтых пачвар усё яшчэ жылі: адна сядзела ў вар’ятні,
другая знікла невядома куды, і хаця магчымасць сутыкнуцца з імі была мізэрная, думка пра гэта часам прымушала яго ўнутрана скаланацца, нягледзячы на вонкавую абыякавасць.