Кліч Ктулху
Говард Філіпс Лаўкрафт
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 280с.
Мінск 2017
Замест таго каб адправіцца дадому, я накіраваўся да Уэста, і, зашыўшыся ў ягоным пакойчыку, мы шапталіся да самага світання пры святле газавага ражка. Патроху мы супакоіліся, суцешыўшы сябе рацыянальнымі тэорыямі і планамі далейшых даследаванняў, і неўзабаве нас зваліў сон. Мы праспалі ўвесь дзень і прапусцілі заняткі. Але ў той жа вечар два паведамленні ў газеце, ніяк паміж сабой не звязаныя, надоўга пазбавілі нас сну. Занядбаны дом Чэпмана згарэў дашчэнту пры загадкавых абставінах — мы растлумачылі гэта перакуленай лямпай. Апроч таго,
хтосьці паспрабаваў апаганіць свежую магілу на жабрацкіх могілках, прычым выглядала на тое, што зямлю капалі пазногцямі. Растлумачыць апошняе было немагчыма, бо мы вельмі старанна прыпляскалі глебу рыдлёўкамі.
Пасля гэтага Ўэст яшчэ сямнаццаць гадоў pas-nopas знервавана азіраўся цераз плячо і скардзіўся, што яму мрояцца чыесьці крокі за спінай. А цяпер ён знік.
II. Дэман пошасйі
Я ніколі не забудуся на тое жудаснае лета, калі, быццам крыважэрны іфрыт-пасланец з палацаў Эбліса, на Аркхэм абрынуўся тыфус. Шаснаццаць гадоў мінула, але аркхэмцы дагэтуль з жахам згадваюць пякельную навалу, калі дэман пошасці распасціраў свае перапончатыя крылы па-над цвінтаром царквы Збаўцы, загрувашчаным трунамі. Я таксама згадваю тую часіну з жахам, але яго сапраўдныя прычыны — цяпер, калі Герберт Ўэст знік — ведаю толькі я адзін.
Мы з Уэстам займаліся на летніх аспіранцкіх курсах медыцынскага факультэта Міскатоніцкага ўніверсітэта, дзе мой сябар здабыў сумную вядомасць праз свае вычварныя эксперыменты па ажыўленні памерлых. Пасля таго як ён знішчыў процьму дробных жывёл — у навуковых, вядома, мэтах, — яго даследаванні прымусова прыпыніліся на загад нашага дэкана доктара Алана Холсі, які да ідэй Ўэста заўсёды ставіўся скептычна. Нягледзячы на забарону, Ўэст працягваў таемна ладзіць эксперыменты ў сваёй убогай студэнцкай кватэрцы, а аднойчы нават скраў мерцвяка з жабрацкіх могілак і прыцягнуў цела ў закінуты дом на Мідаў-Хіл.
Я быў яго памагатым у гэтай агіднай справе і бачыў, як ён увёў рэагент у вену мерцвяка, спадзеючыся аднавіць хімічныя і фізічныя працэсы ў струпянелым целе. Вынік быў страшны — мы абодва ледзь не звар’яцелі ад жаху, зрэшты, гютым растлумачыўшы свой спалох крайнім нервовым напружаннем. Пасля гэтага выпадку Ўэст так і не здолеў пазбавіцца непрыемнага пачуцця, быццам хтосьці альбо штосьці яго няспынна пераследуе. Цела паддоследнага ўжо пачынала гніць — відавочна, для аднаўлення нармалыіых псіхічных працэсаў экзэмпляр мусіў быць абсалютна свежым, — а пажар у закінутым доме перашкодзіў нам пахаваць мерцвяка. Мы б пачуваліся значна спакайней, калі б ведалі дакладна, што ён ляжыць у зямлі.
Пасля таго няўдалага эксперыменту Ўэст часова кінуў свае даследаванні, але няўрымслівасць прыроджанага навукоўца спакваля ўзяла сваё, і ён зноў пачаў назаляць кіраўніцтву факультэта, просячы дазволу скарыстацца ўніверсітэцкай празектарскай і свежымі анатамічнымі прэпаратамі для працы, якую ён лічыў надзвычай важнай. Яго просьбы, аднак, пачутыя не былі, бо рашэнне доктара Холсі заставалася непахісным і ўся прафесура аднадушна падтрымала гэты прысуд. У радыкальнай тэорыі Ўэста яны не ўгледзелі нічога, апроч блазенства маладога дурнаватага энтузіяста. Кволы на выгляд, з ціхім голасам, жаўтлявымі валасамі і блакітнымі вачыма за шкельцамі акуляраў, ён не рабіўуражання выбітнай асобы, хаця за гэтым нягеглым абліччам хаваўся халодны і магутны, амаль д’ябальскі розум. Я дагэтуль быццам бачу Ўэста такім, якім ён быў тады, — і не магу стрымаць дрыжыкаў. 3 узростам ён зусім не пастарэў, толькі рысы твару зрабіліся
болып жорсткімі. А цяпер у Сэфтанскай вар’ятні здарылася страшнае няшчасце, а Уэст прапаў.
Пры канцы апошняга семестра ў Герберта Уэста пачаліся звадкі з доктарам Холсі, і ў іхных бурных спрэчках перавага заўсёды была на баку добрага і вытрыманага дэкана. Уэст меркаваў, што прафесары ставяць непатрэбныя і бессэнсоўныя перашкоды ягонай грандыёзнай справе. Вядома, нішто не замінала яму заняцца сваімі даследаваннямі пазней, пасля заканчэння вучобы, аднак ён хацеў узяцца за працу неадкладна, маючы пад рукой універсітэцкае абсталяванне. Уэст, малады навуковец з лагічным складам розуму, з агідай і неразуменнем ставіўся да закаснеласці вучоных мужоў якія не хацелі заўважаць унікальных вынікаў яго эксперыментаў і ўпарта адмаўлялі саму мажлівасць ажыўлення чалавека. Толькі з цягам часу ён усвядоміў безнадзейную інтэлектуальную непаўнавартасць гэтых «прафесараў-дактароў», нашчадкаў шчырых пурытан — памяркоўных, добрасумленных, часам занадта далікатных і ласкавых, але заўсёды абмежаваных, прывязаных да традыцый і варожых да ўсяго новага і прагрэсіўнага. Толькі пасталеўшы, ён пачаў спагадлівей ставіцца да гэтых узнёслых душой, але ўбогіх розумам людзей, чыёй найгоршай заганай была баязлівасць і якія ўрэшце зрабіліся ўсеагульным пасмешышчам праз сваю прыхільнасць да інтэлектуальных грашкоў накшталт пталямізму, кальвінізму, антыдарвінізму, антыніцшэанства, сабатарыянства або закону аб саслоўях. Уэст, нягледзячы на свае выбітныя навуковыя набыткі, крыўдаваў на добрага доктара Холсі і яго эрудыяваных калег, і ў яго душы выспявала абурэнне разам з жаданнем даказаць гэтым вучоным цяжкадумам праўдзівасць сваёй тэорыі, прычым да-
казаць нейкім асабліва ўражвальным і шакавальным чынам. Як і большасць маладых людзей, ён выпешчваў планы помсты, якая мусіла скончыцца трыумфам і велікадушным дараваннем ворагам.
А потым з чорных прорваў Тартара паўстаў, як кплівы дэман, згубны тыфус. Здаўшы выпускныя экзамены, мы з Ўэстам засталіся для дадатковых заняткаў на летніх універсітэцкіх курсах, таму эпідэмія, што ўспыхнула з пякельнай лютасцю, заспела нас у Аркхэме. Яшчэ не атрымаўшы дазволу на прыватпую практыку, алеўжо маючы дыпломы медыкаў, мы з імпэтам далучыліся да барацьбы з гэтай навалай, бо колькасць смяротных выпадкаў імкліва павялічвалася. Сітуацыя амаль выйшла з-пад кантролю, і колькасць ахвяраў была такая, што мясцовая пахавальная служба не спраўлялася са сваімі абавязкамі. Памерлых хавалі ў страшнай спешцы і без усякага бальзамавання нават на могілках ля царквы Збаўцы, дзе часовы склеп быў ледзь не даверху застаўлены трунамі. Гэтая акалічнасць не пазбегла ўвагі Уэста, які часта разважаў над дзіўнай іроніяй лёсу: наўкол так многа свежых трупаў, а ён не мае магчымасці праводзіць свае даследаванні! Мы літаральна валіліся з ног ад знямогі, і з прычыны крайняга псіхічнага і нервовага напружання думкі майго сябра набылі хваравіты кірунак.
Аднак памяркоўныя ворагі Уэста былі змораныя не менш за нас. Медыцынскі факультэт прыпыніў сваю дзейнасць, бо ўся прафесура кінулася на барацьбу з пошасцю. Самаадданай працай асабліва вылучаўся доктар Холсі, які ахвяраваў усё сваё майстэрства і бурлівую энергію хворым і браўся за самыя цяжкія выпадкі, ад якіх адмаўляліся іншыя яго калегі, лічачы безнадзейнымі. Праз які месяц бясстрашны дэкан
зрабіўся сапраўдным героем у вачах простых аркхэмцаў, хаця сам ён, здавалася, не заўважаў сваёй славы, проста змагаючыся з фізічнай стомленасцю і нервовым знясіленнем. Уэст таксама захапляўся мужнасцю суперніка і таму цвёрда вырашыў даказаць дэкану слушнасць сваіх мудрагелістых дактрын. Скарыстаўшыся бязладдзем, якое панавала і на факультэце, і ў гарадскіх службах аховы здароўя, ён дзесьці выдабыў свежы труп і, употайкі, пад покрывам ночы прыцягнуўшы яго ва ўніверсітэцкую празектарскую, увёў мерцвяку ў вену новую мадыфікацыю свайго рэагенту. Я прысутнічаў пры гэтым эксперыменце. Аб’ект расплюшчыў вочы, з выглядам бязмежнага жаху ўтаропіўся ў столь і зноў адышоў у нябыт, з якога яго ўжо нішто не магло вярнуць. Уэст сказаў, што экзэмпляр недастаткова свежы, бо летняя спёка не спрыяе захаванню цел. Тады нас ледзь не выкрылі, але, на шчасце, мы паспелі спаліць труп, і Ўэст вырашыў надалей не рызыкаваць, так дзёрзка злоўжываючы ўніверсітэцкай лабараторыяй.
Пік эпідэміі прыпаў на жнівень. Ўэст і я ледзь не памерлі ад стомы, а доктар Холсі і праўда памёр — чатырнаццатага. На пахаванні, якое адбылося на наступны ж дзень, прысутнічалі ўсе студэнты факультэта. Пышны вянок, які яны купілі ў складчыну, выглядаў даволі сціпла ў параўнанні з тымі, што даслалі заможныя жыхары Аркхэма і муніцыпальныя ўлады. Гэта сапраўды была падзея грамадскай важнасці, бо дэкан паспеў зрабіцца дабрадзеем для вельмі многіх гараджан. Пасля пахавання мы былі трохі прыгнечаныя і рэшту дня прабавілі ў бары гандлёвага дома, дзе Уэст, таксама ўражаны смерцю свайго галоўнага апанента, палохаў нас разважаннямі пра радыкальныя метады рэанімацыі.
Неўзабаве большасць студэнтаў разышлася — хто па дамах, а хто па справах, але мяне Уэст пераканаў застацца і «прадоўжыць вечарынку». Каля дзвюх гадзін ночы гаспадыня, у якой Уэст наймаў пакойчык, убачыла, як мы цягнемся дадому, трымаючы пад рукі кагосьці трэцяга, і сказала мужу, што мы, мабыць, добра нажлукціліся.
З’едлівая матрона пэўна мела рацыю, бо каля трох гадзін ночы ўвесь дом быў абуджаны немым лямантам, што даносіўся з пакоя Уэста. Узламаўшы дзверы, суседзі знайшлі нас абодвух у непрытомнасці. Кажуць, мы ляжалі на скрываўленым дыване, жорстка збітыя, падрапаныя і ў пашматанай вопратцы, а наўкол валяліся разбітыя склянкі і паламаныя хірургічныя інструменты. Расчыненае акно сведчыла, што невядомы нападнік уцёк, прычым многія задаваліся пытаннем, як ён прымудрыўся не пакалечыцца, скочыўшы з другога паверха. У пакоі знайшлі падазроныя абрыўкі адзення, але Уэст, апрытомнеўшы, растлумачыў, што яны не належаць уцекачу: гэта проста ўзоры, сабраныя ў інфекцыйных хворых для бактэрыялагічнага аналізу. Ен загадаў неадкладна спаліць іх у ёмістым каміне. Паліцыянтам мы сказалі, што не ведалі нашага госця. Гэта быў, знервавана тлумачыў Уэст, надзвычай ветлы незнаёмец, якога мы сустрэлі ў нейкім бары дзесьці ў горадзе. Беручы пад увагу тое, што ўсе ў нашай кампаніі былі трохі падвясёленыя, паведамілі мы, мы не маем да нашага буянага спадарожніка ніякіх прэтэнзій і не настойваем на ягоным арышце.
У тую ж ноч Аркхэм накрыла новая хваля жаху, у параўнанні з якім нават жахі эпідэміі здаліся мне дробяззю. Вартаўніка могілак ля царквы Збаўцы знайшлі раздзёртым на кавалкі, і неапісальная лю-