• Газеты, часопісы і г.д.
  • Кліч Ктулху  Говард Філіпс Лаўкрафт

    Кліч Ктулху

    Говард Філіпс Лаўкрафт

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 280с.
    Мінск 2017
    59.76 МБ
    Мінула, мабыць, дзве гадзіны, і я апынуўся ля таго, што, магчыма, было маёй мэтай — пакрытага плюшчом замка ў моцна зарослым парку, да болю знаёмага і адначасова абсалютна чужога. Я ўбачыў, што роў вакол замка поўны вады, а некалькі раней знаёмых
    мне вежаў стаяць разбураныя, затое да асноўнага будынка далучаныя новыя крылы. Але мяне найболып цікавілі адчыненыя вокны: з іх лілося святло і чуліся гукі шумнае вечарыны. Падышоўшы да аднаго, я зазірнуў туды і ўбачыў дзіўна апранутых людзей, якія весяліліся і размаўлялі. Дагэтуль я ніколі не чуў чалавечага голасу, таму амаль не разумеў, пра што ідзе гаворка. Некаторыя твары чамусьці падаліся мне крыху знаёмымі, іншых я зусім не ведаў.
    Я ўвайшоў праз адчыненыя шкляныя дзверы ў ярка асветлены пакой, пераступіўшы тым самым праз сваё адзінае добрае перажыванне, каб абрынуцца ў прадонне найпакутнейшага адчаю. Кашмар пачаўся амаль адразу, бо не паспеў я ўвайсці, як у зале адбылося нешта жахлівае. Усе прысутныя пачалі лямантаваць, твары іх крывіліся грымасамі страху. У паніцы яны пабеглі з пакоя, некалькі чалавек знепрытомнелі, упалі на падлогу, і іх давялося цягнуць да выхаду. Многія закрывалі вочы рукамі, беглі наўслеп, пераварочвалі мэблю, натыкаліся на сцены і з цяжкасцю знаходзілі дзверы.
    Гэта быў агульны шок. Я стаяў у ярка асветленым пакоі адзін, ашаломлены, слухаючы крыкі, што паволі знікалі ўдалечыні, і дрыжаў, спрабуючы здагадацца, што ж такое жахлівае знаходзіцца побач. На першы погляд пакой падаваўся абсалютна пустым, але калі я накіраваўся да аднаго з альковаў, то пачуў, быццам там нехта ёсць — хтосьці рушыў праз залатую арку дзвярэй, што вялі да іншага пакоя, вельмі падобнага да гэтага. Падыходзячы да аркі, я ўсё мацней адчуваў прысутнасць гэтае істоты, а потым, выдаўшы першы і апошні ў маім жыцці гук — пудлівае крактанне, якое напалохала мяне не менш за тое, што яго выклікала, — я ў поўны рост убачыў
    жудасную, неапісальную, страхотную пачвару, якая адным сваім выглядам ператварыла вясёлы натоўп у статак напалоханых уцекачоў.
    Я не ў стане нават расказаць, як яна выглядала, бо гэта была мяшанка з усяго бруднага, жахлівага, непагляднага, ненармальнага ды пачварнага, сумесь гніення, старызны і распаду, агідны прывід непатрэбшчыны, гідкае стварэнне, якое ніколі не мусіла з’явіцца на зямлі. Гэта было нешта не з гэтага свету, аднак я з жахам убачыў у яго згнілых рысах падабенства да чалавечае істоты і разам з тым здзек з чалавека, а ў яго цвілым вобліку — нейкую невымоўную якасць, якая спалохала мяне яшчэ больш.
    Мяне амаль спаралізавала, хаця я нават не вельмі ўдала паспрабаваў біцца з гэтым страхоццем. Але я не здолеў разбіць чорныя чары безгалосага кашмару, што трымалі мяне пры монстры. Mae вочы не маглі адарвацца ад бязбровых шклопадобных шароў, якія неадрыўна глядзелі на мяне не міргаючы. Дзякуй Богу, пасля першага шоку мае зрэнкі заслаў нейкі змрок, і я не мог дакладна бачыць пачвару. Я паспрабаваўузняць руку, каб цалкам засланіць вочы, аднак быў настолькі ўражаны, што рука не слухалася. Праз гэта я страціў раўнавагу і вымушаны быў зрабіць некалькі крокаў наперад, каб не ўпасці. Я адчуў страшную блізкасць монстра, мне нават падалося, што я чую ягонае дыханне. Я амаль звар’яцеў, але здолеў выставіць наперад руку, каб адпіхнуць пачвару, якая была так блізка, — і ў гэты момант, самы жудасны момант майго жыцця, мае пальцы дакрануліся да халоднай лапы монстра, што схаваўся пад залачонай аркай.
    Я не закрычаў, але закрычалі ўсе вурдалакі, якія падарожнічаюць з начным ветрам, і на мяне быццам снегавая лавіна абрынуліся ўспаміны маёй душы.
    Вокамгненна я ўспомніў, што адбывалася за страхалюдным замкам і змрочнымі дрэвамі, згадаў крыху зменены будынак, у якім цяпер знаходзіўся, аднак самым жахлівым было тое, што я пазнаў вусцішны прывід, які стаяў перада мной. Я адхапіў ад яго свае запэцканыя пальцы.
    У сусвеце ёсць лек на ўсе хваробы, і лек гэты — забыццё. У надзвычайным жаху таго імгнення я забыўся, што ж так напалохала мяне, і выбух чорных успамінаў расплыўся ў хаосе самых розных уяўленняў. У сне я паімчаў з гэтага жудаснага месца і бег моўчкі пад святлом месяца. Калі я дасягнуў пакоя, з якога наверх вялі сходы, то аказалася, што каменны люк зрушыць немагчыма, аднак гэта мяне не спалохала, бо я ненавідзеў страхалюдны замак і яго змрочныя дрэвы. Цяпер я лётаю з сябрамі-вурдалакамі на начных вятрах, а днём гуляю ў катакомбах Нефрэн-Ка ў нікому не вядомай даліне Гадота ля Ніла. Я ведаю, што святло не для мяне, хіба што святло месяца над грабніцамі Ментухатэпа, не для мяне і весялосць, хіба толькі святы Нітокрыса пад вялікімі пірамідамі, аднак у маёй новай дзікай свабодзе я амаль рады жорсткасці адчужэння.
    Бо хаця забыццё супакоіла мяне, я заўсёды буду памятаць, што я — чужаніца. Я чужы гэтаму стагоддзю і кожнаму, хто пакуль што чалавек. Я ведаю гэта з таго імгнення, калі выцягнуў руку насустрач жахлівай пачвары ўнутры залачонае аркі — выцягнуў руку і адчуў холад цвёрдае паверхні адпаліраванага люстра\
    Пераклаў Алесь Кудраўцаў
    * Упершыню гэты пераклад быў надрукаваны ў часопісе «Крыніца», № 9 (69), 2001 г.
    МУЗЫКА ЭРЫХА ЦАНА
    Я надзвычай рупліва вывучаў мапы горада, аднак так і не адшукаў на іх вуліцу д’Асэй. Ведаючы, што назвы могуць мяняцца, я даследаваў не толькі сучасныя, але і старажытныя карты. Занурыўшыся ў даўніну, я наведаў кожны стары квартал, незалежна ад ягонай назвы, у спадзяванні выявіць штосьці хаця б аддалена падобнае да вуліцы д’Асэй. Але нягледзячы на ўсе высілкі, не без сораму мушу прызнаць, што так і не здолеў знайсці ні дом, ні вуліцу, ні нават мясцовасць, дзе апошнія месяцы бяздольнага свайго жыцця я, студэнт факультэта метафізікі, слухаў музыку Эрыха Цана.
    Гэткі разлад памяці мяне зусім не здзіўляе, бо за час, што я пражыў на вуліцы д’Асэй, маё здароўе, як фізічнае, так і душэўнае, было сур’ёзна падарванае, і цяпер я не ў стане ўспомніць амаль нікога са сваіх нешматлікіх знаёмых, якія ў мяне там з’явіліся. Значна болып мяне бянтэжыць тое, што я не магу знайсці саму вуліцу, хаця была яна ўсяго за паўгадзіны хады ад універсітэта і вылучалася шэрагам асаблівасцяў, якія, аднойчы пабачыўшы, наўрад ці забудзеш. I ўсё ж, здаецца, пра яе не ведае ніводная жывая душа.
    Вуліца д’Асэй размяшчалася па той бок масіўнага, складзенага з чорнага каменю моста, што ўзвышаўся па-над цёмнай ракой, акаймаванай складскімі будынкамі са стромымі цаглянымі сценамі і памутнелымі вокнамі. Набярэжная ўвесь час была аху-
    таная змрокам, быццам дым прылеглых фабрык назаўсёды зрабіў яе недасягальнай для сонечнага святла. Ад самой ракі ішоў асаблівы, ні на што не падобны смурод, які, дарэчы, таксама мог бы зрабіцца падказкай у маіх пошуках, бо гэты пах я пазнаў бы імгненна. За мостам ляжалі вузкія брукаваныя вулачкі з агароджамі, а над імі падымаўся ўзгорак — спадзісты ў пачатку, ён паступова ператвараўся ў стромую скалу, ля вяршыні якой месцілася вуліца д’Асэй.
    Мне ніколі яшчэ не страчалася такая вузкая і стромкая вуліца. Гэта быў сапраўдны ўцёс, недасягальны для ўсіх відаў транспарту: ходнікі на ёй час ад часу ператвараліся ў стромыя лесвіцы, а ў самым канцы ўздымалася велічэзная сцяна, аплеценая плюшчом. Дарожнае пакрыццё тут было даволі няроўным — то каменныя пліты, то брук, а часам проста голая зямля, дзе там-сям прабівалася зелянява-шэрая расліннасць. Высокія, са спічастымі дахамі дамы былі неймаверна старыя і небяспечна касіліся назад, наперад ці ўбок. Дзе-нідзе будынкі, што стаялі на супрацьлеглых баках вуліцы, ледзь не валіліся адзін на адзін, амаль сутыкаючыся сценамі і ўтвараючы нешта падобнае да арак, пад якімі панавалі вечныя прыцемкі. Некаторыя дамы злучаліся паміж сабой масткамі, перакінутымі па-над вуліцай.
    Аднак найболып мяне ўражвалі жыхары д’Асэй. Спачатку я думаў, што такія адчуванні ўва мне выклікала іх надзвычайная маўклівасць і стрыманасць, але пазней прыйшоў да іншай высновы: рэч у тым, што ўсе яны былі вельмі старыя. He магу растлумачыць, чаму я вырашвіў пасяліцца менавіта на гэтай вуліцы, але здаецца, я быў крыху не ў сабе, калі пераехаў сюды. Праз недахоп грошай мне давялося змяніць безліч пакойчыкаў у жабрацкіх кварталах,
    пакуль нарэшце я не натрапіў на хісткі, струхлелы дом на вуліцы д’Асэй, якім валодаў разбіты паралюшам стары на імя Бландо. Дом гэты быў трэцім з канца вуліцы і самым высокім з тутэйшых будынкаў.
    Я пасяліўся ў пакоі на пятым паверсе, дзе болып ніхто не жыў, дый ва ўсім доме пастаяльцаў было вельмі няшмат. У перпгую ж ноч пасля пераезду я пачуў дзівосную музыку, якая даносілася з высокай мансарды ў мяне над галавой. Назаўтра я распытаў старога Бландо, і той растлумачыў, што гэта музыка Эрыха Цана — прынамсі, такім імем той падпісаўся. Гэты стары музыка родам з Нямеччыны, нямы і дзівакаваты, працуе ў аркестры аднаго таннага тэатрыка і штоночы, вярнуўшыся дадому, грае на сваёй віёле, сказаў мне Бландо. Менавіта таму ён выбраў гэты ізаляваны пакой у мансардзе з дахавым акенцам — адзінае месца, адкуль можна любавацца краявідам па той бок высачэзнай сцяны, у якую ўпіралася вуліца.
    Цяпер я чуў музыку Цана кожную ноч, і хаця яе гукі часам не давалі заснуць, я быў проста зачараваны іх дзіўнаватай прыгажосцю. Даволі слаба цямячы ў мастацтве, я тым не менш гатовы быў прысягнуць, што ніколі раней мне не даводзілася чуць нічога падобнага, і ўрэшце прыйшоў да высновы, што па суседстве са мною жыве выбітны кампазітар, геній вельмі арыгінальнага складу. Чым даўжэй я слухаў яго мелодыі, тым больш зачароўваўся, і праз тыдзень вырашыў пагутарыць са старым музыкам.
    Аднойчы ўвечары, калі Эрых Цан вяртаўся з тэатра, я спыніў яго ў калідоры і сказаў, што даўно хачу пазнаёміцца з ім і буду вельмі ўдзячны, калі ён дазволіць мне завітаць да яго і паслухаць музыку. 3 выгляду гэта быў маленькі, худы, сутулаваты чалавек у патрапанай вопратцы, з блакітнымі вачыма, трохі
    гратэскавым, як у сатыра, абліччам і амаль лысай галавой. Спачатку ён паставіўся да мяне з яўнай варожасцю і асцярогай, але потым, бачачы маю добразычлівасць, крыху памякчэў. Ен неахвотна махнуў рукой, даючы знак ісці за ім, і мы разам рушылі па цёмнай і хісткай лесвіцы з рыплівымі прыступкамі, што вяла на мансарду. На гарышчы размяшчаліся два пакоі з вастракутнай столлю — стары музыка займаў той, што знаходзіўся з заходняга боку і выходзіў акурат да сцяны, якой завяршалася вуліца. Памяшканне было даволі прасторным і здавалася нават большым праз надзвычайную беднасць і занядбанасць. 3 мэблі тут стаялі толькі вузкі жалезны ложак, бруднаваты рукамыйнік, маленькі столік, важкая кніжная шафа, металічны пюпітр і тры старасвецкія крэслы. Нотныя сшыткі бязладна валяліся па падлозе. Сцены былі абшытыя голымі дошкамі, якія, пэўна, ніколі не ведалі тынкоўкі, а паўсюдныя пыл і павуцінне прымушалі сумнявацца, што ў гэтым пакоі хтосьці жыве. Пэўна, эстэтычныя пачуцці Эрыха Цана ляжалі далёка за межамі традыцыйных уяўленняў на гэты конт.