Кліч Ктулху
Говард Філіпс Лаўкрафт
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 280с.
Мінск 2017
джанняў, бо згубіў свой ключ ад замка, калі біўся ў тую жахлівую ноч. Дзівосы мінулага, пра якія я даведаўся падчас начных сустрэч з мёртвымі, бацька лічыць плёнам маёй заўсёднай прагнай цікаўнасці да старажытных фаліянтаў у сямейнай бібліятэцы. Каб не стары слуга Хайрам, мяне б ужо зусім пераканалі, што я звар’яцеў.
Але Хайрам, адданы да апошняга, верыць у мяне і зрабіў нешта, што змусіла мяне падзяліцца са светам прынамсі часткай сваёй гісторыі. Тыдзень таму ён сарваў замок з ланцуга на прачыненых дзвярах склепа і спусціўся з ліхтаром у яго цёмныя глыбіні. На адной пліце ў нішы ён знайшоў старую, але пустую дамавіну, пацямнелая шыльдачка на якой мае адзінае слова — «Джэрвас». У гэтай самай дамавіне і ў гэтай самай грабніцы мяне паабяцалі пахаваць.
Пераклаў Павел Донаў
ПАЛЯРЫС
У паўночнае акно майго пакоя глядзіць Палярная зорка і праменіцца загадкавым святлом. Яна ззяе ў доўгія жудасныя гадзіны суцэльнай цемры. У восеньскую часіну, калі вятры з поўначы енчаць і лаюцца над зямлёй, а дрэвы над багнай, убраныя барвовай лістотай, перашэптваюцца ў зацішныя хвілі перад світаннем пад рагамі месяца на зыходзе, я саджуся ля акна і гляджу на зорку. Неўзабаве з вышынь сыходзіць зіхатлівая Касіяпея, і Вялікая Мядзведзіца паўстае над балотнымі дрэвамі, якія, патанаючы ў смузе, хістаюцца на начным ветры. Перад самым світанкам Арктур мігціць чырванаватай зрэнкай па-над могільнікам на спадзістым грудзе, і Валасы Веранікі таямніча ззяюць далёка на ўсходзе, а Палярная зорка, нерухомая, усё свеціць з чорных скляпенняў, агідна падміргваючы, як вока вар’ята, і, здаецца, хоча паведаміць мне штосьці. Тады я прыгадваю вестку, якую яна прынесла мне аднойчы. I толькі зрэдку, калі неба зацягнутае аблокамі, я магу заснуць.
Я памятаю тую ноч. Вячэрні золак палымнеўу нябёсах, і над багнішчамі, як здані, шугалі водбліскі нябеснага агню. Потым згаслі апошнія прамяні сонца, неба зацягнула хмарамі, і я заснуў.
I ўбачыў я горад, ахінуты месячным ззяннем. Зацішны і сонны, ляжаў ён на пустынным плато паміж двума самотнымі ўцёсамі. Гарадскія муры і вежы, ка-
лоны і купалы былі складзеныя з бледнага мармуру. Над вуліцамі, выбрукаванымі мармуровымі плітамі, узвышаліся мармуровыя стэлы з выразанымі абліччамі доўгабародых старцаў на вяршынях. Паветра было цёплае і нерухомае. А ў вышынях, амаль у самым зеніце, ззяла Палярная зорка, нібы ўсёвідушчае вока. Я доўга стаяў, сузіраючы горад, але світанак так і не надышоў. Калі барвовы Альдэбаран, які зіхацеў нізка над зямлёй, прайшоў чвэрць свайго шляху вакол гарызонту, я ўбачыў, што ў вокнах дамоў пачалі запальвацца агні, і вуліцы горада ажывіліся. Постаці ў дзіўнай адзежы, адначасова недасяжныя і блізкія, рухаліся вуліцамі, ахінутымі месячным ззяннем, і прамаўлялі на мове, якую я разумеў, хаця яна не была падобная ні да адной з вядомых мне. Калі барвовы Альдэбаран прайшоў больш за палову свайго шляху вакол гарызонту, у горадзе зноў запанавалі цішыня і цемра.
Калі я прачнуўся, то зразумеў, што ўжо ніколі не буду ранейшым. Відзежы горада нехта нібыта выгравіяваў у маёй памяці, а ў душы пачыналі абуджацца цьмяныя ўспаміны, чыю прыроду я не мог зразумець. Пазней я часта мроіў наяве пра гэты горад — і хмарнымі начамі, калі не мог заснуць, і нават удзень, калі сонца, усё яшчэ гарачае і яркае, пачынала хіліцца да гарызонту. А яснымі начамі з вышынь пагрозліва, як ніколі раней, глядзела Палярная зорка.
3 цягам часу я пачаў разважаць пра ўласную ролю ў гэтым дзіўным горадзе, што ляжыць на пустынным плато паміж самотных уцёсаў. Спачатку я здавольваўся тым, што проста прысутнічаў там усёвідушчым, але бясплотным назіральнікам, але потым захацеў зразумець сваё месца ў ім і адкрыта звяр-
нуцца да паважных мужоў, якія штодня прамаўлялі на гарадскіх плошчах. I я сказаў сабе: «Гэты горад — не мроя, і хіба ёсць у мяне доказы, што дом з каменю і цэглы на ўсходнім баку маркотнай багны, і могілкі на спадзістым грудзе, і гэтая Палярная зорка, якая штоночы глядзіць у маё паўночнае акно, існуюць у рэчаіснасці?».
Аднойчы, калі я слухаў размовы мужоў на адной з гарадскіх плошчаў — прасторнай і аздобленай мноствам статуй, — я адчуў, што нешта змянілася. Я нарэшце атрымаў цялесную форму. Я не быў чужынцам ў Алатаэ, горадзе, што ляжыць на плато Саркія, паміж уцёсамі Нотан і Кадыфонэк. Таго, хто прамаўляў на плошчы, звалі Алас, ён быў маім сябрам, і яго словы цешылі мне сэрца, бо былі словамі чалавека мужнага і адданага радзіме. Гэтай ноччу прыйшлі весткі аб падзенні Дайкаса і наступленні інутаў — нізкарослых жаўтатварых дэманаў, прыхадняў з нязведаных заходніх пустак, якія пяць гадоў таму пачалі браць у аблогу і рабаваць гарады на памежжы нашага каралеўства. Яны захапілі крэпасці ля падножжа гор, і цяпер дарога на плато для іх адкрытая — калі толькі кожны гараджанін не будзе змагацца як дзесяць ваяроў. Жоўтыя дэманы былі спрактыкаваныя ў мастацтве вайны, яны, у адрозненне ад высокіх і шэравокіх сыноў Ломара, не мелі ні кроплі гонару, і нішто не ўтрымлівала іх ад бессэнсоўнага гвалту і рабавання.
Алас, мой сябар, быў правадыром войска, якое абараняла плато, і ў ім была апошняя надзея нашай дзяржавы. А таму ён прамаўляў пра смяротную пагрозу, якую мусяць з гонарам сустрэць сыны Алатаэ, самыя мужныя з ламарыйцаў, і заклікаў ушанаваць традыцыі продкаў, якія падчас уцёкаў з Зобны, калі
з поўначы рушылі велічэзныя ледавікі (як і нашым нашчадкам некалі давядзецца бегчы з Ломара), напаткалі на сваім шляху гнофкехаў, калматых даўгарукіх канібалаў, і разграмілі іх арду ў пераможнай бітве. Алас не пажадаў браць мяне ў войска, бо я быў занадта слабы і часта траціў прытомнасць ад душэўнага ўзрушэння альбо стомы. Але ў мяне былі самыя вострыя ў горадзе вочы, хоць я штодня бавіў шмат гадзін над кнігамі, вывучаючы пнакоцкія манускрыпты і працы забнарыянскіх айцоў, і мой сябар, не хочучы выракаць мяне на бяздзейнасць, даручыў мне пасаду ледзь не першаснай важнасці. Ён накіраваў мяне на вартавую вежу Тхапнен, каб мая пільнасць паслужыла на карысць войску. Калі інуты памкнуцца пратачыцца да цытадэлі па вузкай сцежцы пад уцёсам Нотан, каб знянацку напасці на гарнізон, я мушу даць агнявы сігнал, які папярэдзіць нашых жаўнераў, і горад будзе ўратаваны ад згубы.
Я падняўся на вежу ў поўнай адзіноце, бо ўсе мужчыны, здольныя трымаць зброю, былі цяпер у войску. Мой розум затуманіўся ад стомы і ўзрушэння, бо я не спаў ужо некалькі дзён, але ўзнёслая мэта надавала мне сілы, бо я любіў краіну Ломар, у якой нарадзіўся, і мармуровы горад Алатаэ, што ляжыць паміж уцёсамі Нотан і Кадыфонэк.
I я ўзышоў на вяршыню вежы, і ўбачыў над сабой рагаты месяц на зыходзе, барвовы і страшны, які калыхаўся ў зыбкай смузе, што ўздымалася над далінай Банаф удалечыні. I скрозь адтуліну ў даху глядзела Палярная зорка, і трымцела, нібыта жывая, і падміргвала мне, як дэман-спакуснік. I здалося мне, быццам нейкі зламысны прывід нашэптвае словы спакусы, закалыхвае, ахінае здрадлівай дрымотай, паўтараючы зноў і зноў манатонны заклён:
Спі, ахоўнік, без турбот — Цераз дваццаць тысяч год Зноў заззяю я, павер, Там, дзе я гару цяпер. Неўзабаве з новых зор З’явіцца на небе ўзор, I спазнаеш ты спакой, Іх падораны рукой, Ды калі я круг прайду — Стрэнеш даўнюю бяду’.
Дарэмна змагаўся я з падступнай аспаласцю, спрабуючы ўвязаць гэтыя дзіўныя словы з нябеснымі паданнямі, якія прачытаў у Пнакоцкіх манускрыптах. Галава мая пацяжэла, нахілілася, упала на грудзі, і наступнае, што я ўбачыў, было ўжо сном, і ў тым сне Палярная зорка глядзела ў маё акно і нібыта хмылілася, ззяючы па-над жудаснымі балотнымі дрэвамі, якія хісталіся на ветры. I я ўсё яшчэ бачу той сон.
У ганьбе сваёй і адчаі я выкрыкваў бязладныя малітвы, і стварэнні з маіх сноў абступалі мяне, і я маліў, каб яны мяне абудзілі, перш чым інуты пройдуць па сцяжыне ля падножжа Нотана і знянацку атакуюць цытадэль, — але стварэнні аказаліся дэманамі і адно смяяліся з мяне, кажучы, што я не сплю. Яны кпяць з мяне, пакуль я сплю, а ў гэты час, магчыма, нізкарослыя жаўтлявыя прыхадні ўпотай падбіраюцца да нашай крэпасці. Я не здолеў выканаць сваю місію, я здрадзіў гораду Алатаэ, здрадзіў Аласу, свайму сябру і правадыру. А здані з маіх сноў здзекліва смяюцца з мяне. Яны кажуць, што краіна
* Пераклала Ганна Янкута.
Ломар існуе толькі ў маіх снах, а там, дзе ў вышынях Палярная зорка свеціць і плыве наўсцяж гарызонту барвовы Альдэбаран, ззяючы нізка над зямлёй, ужо тысячы і тысячы гадоў няма нічога, апроч снегу і льдоў, і нікога, апроч нізкарослых жаўтатварых істот, абязвечаных смяротным холадам.
Я пішу гэта ў цяжкіх згрызотах, прагнучы ўратаваць свой горад ад смяротнай пагрозы, якая набліжаецца з кожнай хвіляй, і дарэмна імкнуся абудзіцца ад дакучлівага сну — сну пра дом з каменю і цэглы на ўсходнім баку маркотнай багны, і могілкі на спадзістым грудзе, і Палярную зорку, жорсткую і жахлівую, якая глядзіць з чорных скляпенняў, агідна падміргваючы, як вока вар’ята, і, здаецца, хоча паведаміць мне штосьці. I тады я прыгадваю вестку, якую яна прынесла мне аднойчы...
Пераклала Уладзіслава Гурыновгч
КАТЫ УЛТАРА
Кажуць, нібыта ў горадзе Ултар, які ляжыць над ракою Скай, закон сурова забараняе забіваць катоў. Я схільны ў гэта верыць, асабліва калі гляджу на свайго ката, што сядзіць ля каміна і вуркоча. Кот — стварэнне таямнічае і набліжанае да дзіўных існасцяў, якіх чалавечыя вочы не здольныя ўбачыць. Ен — душа сівога Егіпта, захавальнік паўзабытых паданняў з мёртвых гарадоў Мероэ і Афіра. Ен родзіч высакародных валадароў джунгляў, спадкаемца сакрэтаў спрадвечнай лютай Афрыкі. Вялікі сфінкс — яго стрыечны брат, яны гавораць на адной мове, але кот старажытнейшы за сфінкса, ён памятае тое, пра што сфінкс даўно забыў.
У горадзе Ултар, яшчэ да таго як гараджане прынялі закон, што забараняе забіваць катоў, жылі стары арандатар з жонкай. Яны лавілі катоў, што вольна гулялі па вуліцах, і з прыемнасцю забівалі іх. Ніхто не ведаў, навошта яны гэта робяць, — магчыма, ім назаляла гучнае мяўканне ўначы, а магчыма, раздражняла каціная звычка шнырыць употайкі па чужых дварах і кветніках пасля заходу сонца. Але якой бы ні была прычына, стары з жонкаю атрымлівалі нечуваную асалоду, ловячы і забіваючы кожнага ката, што з’яўляўся паблізу іхнай хаціны. Пранізлівыя енкі з іх жытла з надыходам ночы сведчылі пра незвычайны спосаб забойства. Жыхары горада не асмельваліся сказаць старому і яго жон-