Кліч Ктулху  Говард Філіпс Лаўкрафт

Кліч Ктулху

Говард Філіпс Лаўкрафт
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 280с.
Мінск 2017
59.76 МБ
Калі я наблізіўся да трыццацігадовага ўзросту, стары П’ер падаўся на той свет. Я сам пахаваў яго пад каменнем на дзядзінцы, дзе ён любіў гуляць, пакуль быў жывы. Мне засталося толькі думаць пра ўласны лёс — адзінаму жывому чалавеку ў вялізным замку. У поўнай самоце мой розум паціху пераставаў марна бунтаваць супраць наканаванага няшчасця і ўрэшце амаль пагадзіўся з лёсам, які напаткаў многіх маіх продкаў. Значную частку майго часу цяпер займала вывучэнне разбураных і закінутых залаў і вежаў старога замка, якіх у юнацтве страх вымушаў мяне пазбягаць, а ў некаторыя з іх, як сказаў мне аднойчы стары П'ер, болып за чатыры стагоддзі не ступала нага чалавека. Многае з таго, што
я знайшоў было дзіўным і страшным. На вочы траплялася мэбля, пакрытая пылам стагоддзяў і панішчаная гніллю ад пастаяннай вільгаці. Усё было аплеценае павуціннем у такой колькасці, якой я ніколі не бачыў, і толькі вялізныя кажаны пляскалі ў змроку сваімі жахлівымі касцістымі крыламі з усіх бакоў.
Я надзвычай старанна сачыў за сваім узростам аж да дзён і гадзін, бо кожны ўзмах маятніка масіўнага гадзіннікаў бібліятэцы адбіраў істотную частку майго выклятага існавання. Нарэшце наблізіўся час, якога я так доўга і трывожна чакаў. ГІаколькі жыццё большасці маіх продкаў абрывалася незадоўга да дакладнага ўзросту графа Анры, у якім яму прыйшоў канец, я штохвіліны чакаў смерці. Я не ведаў, у якой дзіўнай форме праклён мусіў дагнаць мяне, але пастанавіў, што прынамсі не стану для яго баязлівай і пакорлівай ахвярай. I я з новым імпэтам вярнуўся да даследавання старога замка і таго, што ў ім знаходзілася.
У часе адной з найдаўжэйшых вылазак у закінутую частку замка, менш чым за тыдзень да фатальнай гадзіны, што мусіла пакласці канец майму знаходжанню на зямлі і пасля якой мне болып не давялося б дыхаць паветрам, адбыўся кульмінацыйны момант усяго майго жыцця. Я правёў большую частку раніцы, узбіраючыся і спаўзаючы напаўразваленай лесвіцай у адной з найболып разбураных старажытных вежаў. За дзень я агледзеў ніжнія паверхі і сггусціўся ці то ў сярэднявечную вязніцу, ці то ў выкапаны пазней склад для пораху. Калі я паволі ішоў пакрытым салетрай праходам ля падножжа апошняй лесвіцы, брук зрабіўся вельмі вогкім, і ў мігатлівым святле паходні я ўбачыў, што дарогу мне перагарадзіла пустая, набрынялая вадой сцяна. Я сабраўся вяртацца, і тут мой позірк упаў на маленькі люк з кольцам проста
пад нагой. Я спыніўся і не без цяжкасці адчыніў яго. Вачам адкрылася чорная дзіра, з якой ішлі атрутныя газы. Паходня затрашчала, і ў яе няроўным святле я ўбачыў каменныя прыступкі, што спускаліся долу.
Я апусціў паходню ў агідную яміну і, як толькі агонь разгарэўся, пачаў спускацца. Прыступак было шмат і вялі яны да вузкага, выкладзенага каменнымі плітамі праходу, які, як я ведаў, мусіў знаходзіцца глыбока пад зямлёй. Праход аказаўся надзвычай доўгім і скончыўся масіўнымі дубовымі дзвярыма, пакрытымі вільгаццю. Усе мае спробы адчыніць іх плёну не далі. Я кінуў старацца і пайшоў назад да лесвіцы.
I тут я перажыў адно з найбольшых і здольных давесці да вар’яцтва ўзрушэнняў, на якія толькі здатны чалавечы розум. Цяжкія дзверы за маёй спінай раптам зарыпелі ржавымі петлямі і пачалі адчыняцца. Я не здолею апісаць мае адчуванні ў той момант. Сутыкненне ў абсалютна бязлюдным месцы, якім я лічыў стары замак, са знакам прысутнасці чалавека ці прывіду прывяло мяне ў стан неапісальнага па вастрыні жаху. Калі я ўрэшце павярнуўся і зірнуў, адкуль ішоў гук, мае вочы ледзь не павыляталі з вачніц ад таго, што я ўбачыў.
Там, у праёме старажытных гатычных дзвярэй, стаяла чалавечая фігура. Гэта быў мужчына ў ярмолцы і доўгай цёмнай сярэднявечнай туніцы. Яго валасы і барада былі страшныя, чорныя як смоль і неверагодна густыя. Незвычайна высокі лоб, глыбока запалыя і выразна акрэсленыя зморшчынамі шчокі і доўгія, падобныя да клюшняў сукаватыя рукі былі такой смяротна-мармуровай белізны, якой я не бачыў ні ў кога. Яго фігура, худаватая адносна прапорцый шкілета, была незразумела ссутуленая і амаль гублялася сярод прасторных складак незвычайнага ўбран-
ня. Але больш за ўсё ўражвалі вочы — дзве змрочныя бяздонныя пячоры, у якіх чыталіся мудрасць, разуменне і адначасова нялюдская злосць. У гэты момант яны былі скіраваныя на мяне, халодзячы душу нянавісцю і прыкоўваючы да месца, дзе я стаяў.
Урэшце фігура загаварыла, і мяне працяў холад ад глухога гулу яе грымотнага голасу і затоенай у ім нянавісці. Размова ішла на вульгарнай лаціне, якой карысталіся ў Сярэднявеччы людзі з сякой-такой адукацыяй, а я пазнаёміўся з ёй, калі доўга вывучаў працы старадаўніх алхімікаў і дэманолагаў. Здань казала пра праклён, які вісеў над маім родам, апавядала пра мой хуткі канец, шмат увагі аддаўшы крыўдзе, якую ўчыніў мой продак старому Мішэлю Мавэ, і цешылася помсце Шарля Ле Сарсье. Яна расказала, як малады Шарль знік у ночы і вярнуўся праз шмат гадоў, каб стралой забіць Годфры, спадчынніка графа, калі той наблізіўся да бацькавага ўзросту ў момант забойства, як патаемна вярнуўся да замка і, нікім не пазнаны, уладкаваўся ва ўжо пакінутым тады пакоі, у праходзе якога стаяў цяпер жахлівы апавядальнік, як пасля нагнаў у полі трыццацідвухгадовага Рабэра, сына Годфры, сілай уліў яму ў горла атруту і пакінуў паміраць, выконваючы страшную ўмову свайго крыважэрнага праклёну. Найбольшая загадка — як праклён здзяйсняўся, калі жыццё Шарля Ле Сарсье мусіла так ці іначай абарвацца, — засталася на водкуп маёй фантазіі, бо гэты чалавек пераскочыў да апісання выдатных поспехаў у алхіміі двух чарадзеяў, бацькі і сына. Больш за ўсё ён казаў пра пошукі Шарлем Ле Сарсье эліксіру, які б даў таму, хто яго прыме, вечныя жыццё і маладосць.
У гэты момант здавалася, што захапленне заступіла чорную нянавісць у яго жахлівых вачах, якая
так гняла мяне спачатку, але раптам д'ябальскі бляск вярнуўся, і з дзіўным змяіным сыкам чужаніца выцягнуў шкляную бутэлечку, відавочна хочучы пакласці канец майму жыццю гэтак жа, як Шарль Ле Сарсье шэсцьсот гадоў таму паклаў канец жыццю майго продка. Рэшта пачуцця самазахавання раптам прымусіла мяне скінуць чары, што дагэтуль не давалі мне нават варухнуцца, і я кінуў паходню, якая ўжо згасала, у істоту, што пагражала майму жыццю. Я пачуў, як бутэлечка разбілася аб камень. У той жа момант вопратка незвычайнага чалавека загарэлася і страшным ззяннем асвяціла жудасную сцэну. Mae і без таго напружаныя нервы не вытрымалі крыку, поўнага страху і бездапаможнай злосці, які выпусціў той, хто хацеў мяне забіць. Я знепрытомнеў і ніцма ўпаў на слізкую падлогу.
Калі адчуванні нарэшце вярнуліся да мяне, навокал была непраглядная цемра, і мой розум здрыгануўся ад думкі, што яшчэ я магу ўбачыць. Але цікаўнасць брала сваё. Кім, пытаў я сябе, быў гэты пачварны чалавек і як ён апынуўся ў замкавых сценах? Нашто яму помсціць за смерць Мішэля Мавэ і як праклён пратрываў столькі доўгіх стагоддзяў з часоў Шарля Ле Сарсье? Шматгадовы страх адпусціў маё сэрца: я ведаў, што пагроза праклёну ішла ад таго, каго я збіў з ног. Цяпер я быў вольны і гарэў жаданнем дазнацца больш пра жорсткую істоту, што стагоддзямі пераследавала мой род і ператварыла маю маладосць у няспынны кашмар. Поўны жадання ва ўсім разабрацца, я абмацаў кішэні ў пошуку крэмню і крэсіва і запаліў запасную паходню.
Новае святло адразу ж выхапіла з цемры скрыўленую і счарнелую фігуру таямнічага незнаёмца. Яго жахлівыя вочы цяпер былі заплюшчаныя. Я адвяр-
нуўся ад брыдкага відовішча і зайшоў у залу за гатычнымі дзвярыма. Там было нешта вельмі падобнае да лабараторыі алхіміка. У адным куце ляжала вялізная груда бліскучага жоўтага металу, які чароўна зіхацеў у святле паходні. Гэта магло быць і золата, але я не спыніўся спраўдзіць, бо быў пад дзіўным уражаннем ад таго, што мне давялося перажыць. У дальнім канцы памяшкання зеўраў пралом, які вёў вонкі ў адзін са шматлікіх здзічэлых равоў на лясістым схіле. Моцна здзівіўшыся, але разумеючы цяпер, як гэты чалавек прабіраўся ў замак, я пайшоў назад. Я намерваўся прайсці міма парэшткаў незнаёмца, не гледзячы на яго, але калі я наблізіўся да цела, мне падалося, што ад яго даносяцца слабыя гукі, быццам жыццё яшчэ не канчаткова яго пакінула. Аслупянелы, я павярнуўся, каб агледзець асмаленую і пакарабачаную фігуру на падлозе.
I тут жудасныя вочы, чарнейшыя за апечанае аблічча, шырока раскрыліся ў выразе, які я не здолеў растлумачыць. Патрэсканыя губы сіліліся вымавіць словы, але я не мог іх зразумець. Адзін раз я разабраў імя Шарля Ле Сарсье, і яшчэ мне пачуліся словы «гады» і «праклён», вымаўленыя перакрыўленымі вуснамі. Але я ўсё адно не мог схапіць сутнасці яго бязладнай мовы. Паколькі я відавочна нічога не разумеў, смалістыя вочы зноў успыхнулі нянавісцю, а я тым часам дрыжаў, гледзячы на свайго бездапаможнага ворага.
Раптам бядак, ажыўлены апошнім усплёскам сілы, узняў сваю жалю вартую галаву з мокрага, залітага вадой бруку. Пакуль я быў паралізаваны страхам, да яго вярнуўся голас, і на апошнім дыханні ён пракрычаў словы, якія дагэтуль не даюць мне спакою ні ўдзень, ні ўначы.
— Дурань! — крычаў ён. — Няўжо ты так і не зразумеў маёй таямніцы? Ці ж ты не маеш глуздоў, каб дацяміць, з чыёй волі шэсць доўгіх стагоддзяў страшны праклён трымаецца над тваім домам? Ці не казаў я табе пра эліксір вечнага жыцця? Ці не ведаеш ты, як развязаўся сакрэт алхіміі? Дык кажу табе, гэта я! Я! Я — той, хто шэсць стагоддзяўжыў дзеля помсты, бо я — Шарль Ле Сарсье!
Пераклаў Павел Донаў
СКЛЕП
Гаворачы пра абставіны, праз якія я апынуўся ў гэтым прытулку для вар’ятаў, я ўсведамляю, што мой цяперашні стан непазбежна народзіць сумневы ў праўдзівасці далейшага аповеду. Прыкра, што большая частка чалавецтва занадта абмежаваная ў сваёй здольнасці бачыць схаванае, каб цярпліва і ўдумліва ўзважыць паасобныя з’явы, якія выходзяць за межы банальнага досведу. Іх бачаць і чуюць толькі нямногія псіхалагічна чуллівыя асобы. Людзі найвышэйшага інтэлекту ўсведамляюць, што паміж рэальным і нерэальным няма прынцыповай розніцы, што ўсе рэчы выяўляюцца такімі, якімі мы іх ведаем, толькі з ласкі тых далікатных фізічных і ментальных асяроддзяў, праз якія мы атрымліваем пра іх інфармацыю. Але празаічны матэрыялізм большасці асуджае як вар’яцтва сполахі звышзроку, які пранікае праз грубы вэлюм чыстага эмпірызму.