Кліч Ктулху
Говард Філіпс Лаўкрафт
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 280с.
Мінск 2017
Маё імя — Джэрвас Дадлі, і з самага ранняга дзяцінства я быў летуценнікам і візіянерам. Маё багацце было большым, чым можа спатрэбіцца ў штодзённым жыцці, а праз тэмперамент я не мог ні сістэматычна вучыцца, ні адпачываць у кампаніі знаёмых. Жыццё праходзіла ў мясцовасці, адасобленай ад свету, дзе мае юнацтва і маладосць мінулі між старажытных і малавядомых кніг і дзе я блукаў сярод палёў ды садоў у наваколлі нашага родавага маёнтка. Наўрад ці тое, што я чытаў у тых
кнігах і бачыў сярод тых палёў ды садоў, чытаюць і бачаць іншыя хлопчыкі. Пра гэта я, праўда, шмат не скажу, бо калі расказваць падрабязна, гэта толькі пацвердзіць жорсткія плёткі пра мой розум, якія я часам чую ад патаемных гасцей, калі яны шэпчуцца вакол мяне. Даволі і таго, што я, не разважаючы пра прычыны, проста апавяду пра падзеі.
Я сказаў, што жыў адасоблена ад свету, але не сцвярджаў, што жыў адзін. На гэта не здольная ніводная чалавечая істота, бо без таварыства жывых чалавек непазбежна цягнецца да сяброўства са стварэннямі, жыццё якіх ужо прамінула — або і не пачыналася. Побач з маім домам разлёгся дрыгвяністы лог, у сутонні глыбінь якога я бавіў амаль увесь свой час у чытанні, думках і мроях. Яго замшэлымі схіламі я рабіў свае першыя дзіцячыя крокі, і вакол яго гратэскава сукаватых скрыўленых дубоў віліся мае першыя хлапечыя фантазіі. Я блізка пазнаёміўся з вярхоўнымі дрыядамі, што жывуць у тых дрэвах, і часта назіраў за іхнымі дзікімі танцамі ў натужлівых промнях старога месяца — але пра гэта цяпер казаць не варта. Раскажу толькі пра самотны пакінуты склеп Хайдаў у самай цёмнай частцы гушчару на схіле. Ен належаў старому і паважанаму сямейству, чый апошні прамы нашчадак лёг у чорную нішу склепа за шмат дзесяцігоддзяў да майго нараджэння.
Грабніца, пра якую я расказваю, зробленая са старажытнага граніту, абветранага і агрубелага ад туманаў і сырасці многіх гадоў. Выкапаную ў схіле пагорка канструкцыю можна ўбачыць толькі ад уваходу. Дзверы — грувасткая і агідная каменная пліта — вісяць на ржавых жалезных завесах, неяк злавесна прачыненыя пад некалькімі замкамі на цяжкіх жа-
лезных ланцугах паводле вусцішнай моды паўвекавой даўніны. Жытло роду, атожылкі якога тут ляжаць, некалі вянчала схіл пагорка, у якім знаходзіцца склеп, але яно ўжо даўно стала ахвярай полымя, што ўсхапілася ад жудаснага ўдару маланкі. Старыя насельнікі гэтай мясцовасці часам цішком і з трывогай у голасе расказваюць пра паўночную буру, якая знішчыла той пануры палац, і намякаюць на тое, што яны называюць «гневам божым». I апошнімі гадамі іх манера быццам павялічыла ўва мне і без таго моцнае захапленне грабніцай у засені лесу. У тым пажары загінуў толькі адзін чалавек. Калі ў гэтым прыстанку змроку і цішы хавалі апошняга з Хайдаў, тую жалю вартую урну з попелам даставілі з далечыні, куды сямейства перабралася, калі палац згарэў. He засталося нікога, хто ўскладаў бы кветкі перад гранітным парталам, дый нямногія маюць ахвоту сустракацца з гнятлівымі ценямі, што нібыта дзівосна затрымліваюцца над паточаным вадой каменнем.
Ніколі не забуду дня, калі я ўпершыню напаткаў гэты напаўсхаваны дом смерці. Была сярэдзіна лета, калі прыродная алхімія ператварае лясны ландшафт у адзіную яркую і амаль аднародную зялёную масу, калі пачуцці ледзь не п’яныя ад наплыву вільготнай зеляніны і загадкава-невытлумачальных водараў глебы і расліннасці. У такім наваколлі розум губляе пачуццё перспектывы, час і прастора робяцца нязначнымі і нерэальнымі, а рэха забытага дагістарычнага мінулага настойліва ўдарае па зачараванай свядомасці. У той дзень я з самай раніцы вандраваў містычнымі садамі ў лагчыне, заглыблены ў думкі, пра якія не буду казаць, і вёў размовы з істотамі, якіх не буду называць. У дзесяцігадовым
узросце я бачыў і чуў шмат цудаў, невядомых натоўпу, і ў пэўным сэнсе быў незвычайна дарослым. Калі я праціснуўся паміж двума дзікімі калючымі кустамі і раптам выйшаў да ўваходу ў грабніцу, то не меў ніякага ўяўлення пра тое, што адкрыў. Цёмныя глыбы граніту, так цікава прачыненыя дзверы і змрочная разьба над аркай не нарадзілі ўва мне ні жалобных, ні страшных успамінаў. Я меў багатыя веды і ўяўленні пра магілы ды склепы, але праз мой своеасаблівы тэмперамент мяне ўтрымлівалі ад асабістых кантактаў з цвінтарамі і могілкамі. У дзіўным каменным будынку на лясістым схіле я ўбачыў толькі аб’ект для інтарэсу і нагоду паразважаць, а яго халодны, вогкі інтэр’ер, у які я марна ўглядаўся праз так спакусліва пакінутую шчыліну, не меў, на маю думку, ніякіх прыкмет смерці або заняпаду. Але ў тое імгненне зацікаўленасці ўва мне нарадзілася шалёнае беспадстаўнае жаданне, якое і прывяло ў цяперашняе пекла зняволення. Падбадзёраны голасам, які з’явіўся, напэўна, проста з жахлівай лясной душы, я вырашыў увайсці ў ваблівы змрок, нягледзячы на масіўныя ланцугі, што перакрывалі мне дарогу. Ва ўсё горшым святле дня я напераменку то бразгаў іржавай перашкодай з надзеяй расчыніць насцеж каменныя дзверы, то спрабаваў праціснуць сваё шчуплае цела праз той праём, які ўжо быў, але ніводзін план не даў плёну. Спачатку проста цікаўны, цяпер я амаль страціў розум. I калі ў змроку які не пераставаў гусцець, я вярнуўся дадому, то прысягнуў сотні садовых багоў, што любой цаной узламлю дзверы, якія вядуць у чорныя, халодныя глыбіні, што быццам клічуць мяне. Лекар з жалезна-шэрай барадой, які штодзень бывае ў маім пакоі, сказаў раз аднаму з наведнікаў, што ад гэтага рашэння трэба весці адлік маёй жалю
вартай манаманіі, але хай апошні вердыкт вынесуць чытачы, калі самі пра ўсё даведаюцца.
Наступныя пасля майго адкрыцця месяцы я правёў у марных спробах узламаць складаны замок прачыненай грабніцы, а таксама ў старанна замаскаваных роспытах пра прыроду і гісторыю гэтага збудавання. Як і большасць хлопчыкаў, я меў добры слых і таму шмат пра што дазнаўся, але звычка скрытнасці прымусіла мяне нікому не расказваць ні пра мае веды, ні пра рашэнне. Варта, бадай, згадаць, што прырода гэтай грабніцы мяне ні здзівіла, ні напалохала. Я меў даволі незвычайныя ўяўленні пра жыццё і смерць, і халодная гліна ў мяне асацыявалася з жывым целам няпэўнай формы. Я адчуваў, што вялікае злавеснае сямейства са згарэлага палаца нейкім чынам прысутнічала ў прасторы сярод каменных сцен, якую я імкнуўся даследаваць. Няўцямныя расказы пра таемныя рытуалы і бязбожныя оргіі мінулых гадоў у той старажытнай зале распалілі ўва мне новую моцную цікавасць да склепа, перад дзвярыма якога я праседжваў гадзіны ў любую пару сутак. Аднойчы я прасунуў свечку ў амаль зачынены праход, але не ўбачыў нічога, апрача пралёта вільготных каменных сходаў, што спускаліся долу. Пах гэтага месца выклікаў у мяне агіду і адначасова зачароўваў. Мне здавалася, што я знаў яго даўней за самыя раннія ўспаміны, да таго нават, як атрымаў сваё цяперашняе цела.
Праз год пасля таго як я ўпершыню ўбачыў склеп, на перапоўненым кнігамі гарышчы дома мне трапіўся паточаны чарвякамі пераклад Плутархавых «Жыццяпісаў». Чытаючы пра жыццё Тэсея, я быў моцна ўражаны ўрыўкам пра вялікі камень, пад якім юны герой мусіў знайсці знакі свайго лёсу,
калі пасталее дастаткова, каб падняць яго гіганцкую вагу. Легенда развеяла маю прагу як мага хутчэй увайсці ў грабніцу, бо з’явілася адчуванне, што час для гэтага яшчэ не прыспеў. Пазней, казаў я сабе, у мяне з’явіцца дастаткова сілы і вынаходлівасці, каб лёгка разамкнуць цяжкія ланцугі на дзвярах, але пакуль лепш падпарадкавацца таму, што здавалася мне воляй Лёсу.
Цяпер я пільнаваў сыры партал не так неадступна, а значную частку часу прысвяціў іншаму, хоць і не менш дзіўнаму занятку. Раз-пораз я ціха ўставаў уначы і крадком выбіраўся з дому, каб прайсціся тымі цвінтарамі ды пагостамі, ад якіх мяне аберагалі бацькі. He магу казаць, што я рабіў там, бо цяпер не надта ўпэўнены, ці адбываліся некаторыя рэчы ў сапраўднасці. Але ведаю, што ў дзень па начным шпацыры я часцяком здзіўляў навакольных ведамі пра тое, пра што ўжо амаль забыліся многія пакаленні. Пасля адной з такіх начэй я ўразіў мясцовую грамадскасць незвычайным выказваннем пра пахаванне багатага і славутага сквайра Брустэра, аўтара тутэйшай гісторыі, які памёр у 1711 годзе і чыя сланцавая магільная пліта з выгравіяваным чэрапам і скрыжаванымі косткамі паволі ператваралася ў пыл. У парыве дзіцячай фантазіі я пакляўся не толькі ў тым, што прадпрымальнік Гудмэн Сімпсан скраў туфлі з срэбнымі спражкамі, шаўковую панчоху і атласныя падштанікі нябожчыка, але і ў тым, што сам сквайр заставаўся жывым і ў дзень пасля пахавання яшчэ двойчы перавярнуўся ў сваёй труне пад насыпам.
Але ідэя зайсці ў склеп не пакідала маіх думак. Яе па-сапраўднаму ўзбудзіла нечаканае генеалагічнае адкрыццё: мой уласны радавод па мацярынскай
лініі меў прынамсі слабую сувязь з быццам бы вымерлым сямействам Хайдаў. Як апошні нашчадак нашага роду я, падобна, аказаўся апошнім і ў гэтым, яшчэ старэйшым і больш загадкавым радаводзе. Я пачаў адчуваць, што склеп — мой, і з гарачым запалам чакаў часу, калі ўвайду ў тыя каменныя дзверы і спушчуся слізкімі каменнымі сходамі ў яго цемру. Цяпер у мяне сфармавалася звычка вельмі напружана прыслухоўвацгіа да таго, што адбываецца за прачыненым парталам, прысвячаючы гэтай незвычайнай вахце свае любімыя гадзіны паўночнага спакою. Да таго часу як я пасталеў, я зрабіў маленькую прагаліну ў гушчары перад забраснявелым фасадам у схіле так, каб навакольныя расліны акружалі і звешваліся над гэтым месцам, як сцены і дах лясной альтанкі. Гэтая альтанка была маім храмам, а зачыненыя дзверы — святыняй, тут я ляжаў, выцягнуўшыся на замшэлай зямлі, занураны ў дзіўныя думкі і дзіўныя сны.
Ноч, калі прыйшло першае адкрыццё, была душнай. Я, мусіць, заснуў ад зморы, бо, пачуўшы галасы, вельмі выразна зразумеў, што абудзіўся. Пра іх тон ці акцэнт я не наважваюся, а пра іх характар — не збіраюся гаварыць, але магу сказаць, што яны мелі пэўныя вусцішныя асаблівасці ў падборы словаў, вымове і спосабе маўлення. Усе адценні новаангельскага дыялекту, ад нязграбных гукаў пурытанскіх каланістаў да педантычнай рыторыкі пяцідзесяцігадовай даўніны, здавалася, прысутнічалі ў гэтай няяснай гутарцы, хоць заўважыў я гэта пазней. I тут жа маю ўвагу адцягнула іншая з’ява, вельмі мімалётная — я б не прысягнуў, што мне не здалося. Прачнуўшыся, я цьмяна заўважыў, што ў падземным склепе паспешліва загасілі агонь. He думаю, што я моцна здзівіўся ці запанікаваў, ведаю толькі, што