Кліч Ктулху
Говард Філіпс Лаўкрафт
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 280с.
Мінск 2017
цы нават слова, бо зморшчаныя абліччы тых былі злосныя, а іхная хацінка, схаваная ў цёмным занядбаным дворыку пад разгалістымі дубамі, выглядала вельмі змрочнай. Усе гараджане, што мелі катоў, люта ненавідзелі і яшчэ больш баяліся гэтых дзіўнаватых старых, а таму, замест таго каб пакараць забойцаў, пільна сачылі за сваімі ўлюбёнцамі, каб тыя не набліжаліся да схаванай пад шатамі дрэваў хаціны. Калі ж праз недагляд кот знікаў, а потым уначы чуліся жахлівыя крыкі, гаспадару заставалася адно плакаць над стратай альбо суцяшацца тым, што, дзякуй багам, такі жудасны лёс напаткаў усяго толькі ката, а не кагосьці з дзяцей. Бо жыхары горада Ултар былі людзьмі простымі і не ведалі, з якіх абшараў прыйшлі каты ў наш свет.
Аднойчы на вузкія брукаваныя вулачкі Ултара з поўдня прыйшоў дзіўны караван. Цемнатварыя вандроўцы не былі падобныя да іншых качэўнікаў, якія двойчы на год праязджалі праз горад. Размясціўшыся на рынкавай плошчы, вандроўнікі заняліся варажбой. Яны за срэбныя манеты прадказвалі гараджанам лёс і куплялі пярэстыя каралі ў мясцовых гандляроў. 3 якой краіны прыйшлі вандроўнікі, ніхто не ведаў, але месцічы бачылі, як яны ладзяць дзіўныя богаслужэнні і малююць на баках сваіх павозак незвычайных істот з целамі людзей і галовамі катоў, сокалаў, бараноў і львоў. Іх галоўны насіў на галаве вычварны ўбор, упрыгожаны двума рагамі, паміж якімі размяшчаўся дыск.
Сярод таямнічых вандроўнікаў быў хлопчык, у якога не было ні маці, ні бацькі, адно толькі маленечкае чорнае кацяня. Усе яго родзічы памерлі ад чумы, і ніхто не мог суцешыць яго ў горы, апроч гэтага маленькага пухнатага стварэння: самотнае
дзіця радавалася і забывала пра сваю скруху, назіраючы свавольства гарэзлівага чорнага звярка. Хлопчык, якога цемнатварыя вандроўнікі звалі Менес, часам плакаў, але часцей усміхаўся, гуляючы з кацянём на прыступках маляванай павозкі.
Тры дні прабылі вандроўнікі ў горадзе Ултар, і на трэці дзень чорнае кацяня знікла — Менес шукаў яго ўсю раніцу, але так і не змог знайсці. Чуллівыя гараджане падышлі да хлопчыка, які плакаў на рынкавай плошчы, і расказалі яму пра старога і ягоную жонку, а таксама пра жахлівыя крыкі, якія чуліся гэтай ноччу. Тады хлопчык перастаў плакаць і занурыўся ў думкі, а потым пачаў маліцца. Ен узняў рукі да сонца, прамаўляючы словы малітвы на невядомай мове, якую ніводзін гараджанін не мог зразумець. Зрэшты, яны не надта і імкнуліся, бо ўсю іх увагу забралі неба і аблокі, якія пачалі дзівосна пераўтварацца. Нібыта ў адказ на малітвы хлопчыка, аблокі ў небе змянялі форму, і ў вышынях паўставалі прывідныя, туманныя абрысы загадкавых істот — напалову людзей, напалову звяроў, — увянчаных каронамі ў выглядзе дыскаў з двума рагамі з бакоў. Прырода багатая на невытлумачальныя з’явы, здольныя ўразіць чуллівую душу.
Уначы вандроўнікі з’ехалі з Ултара, і болып іх там ніколі не бачылі. А гараджане занепакоіліся, бо ў тую ж ноч усе каты і коткі зніклі з горада. Вялікія і маленькія, чорныя, шэрыя, паласатыя, рудыя і белыя — усе яны пакінулі сваіх гаспадароў і сышлі невядома куды. Стары Крэнан, бурмістр, сцвярджаў, што цемнатварыя чужынцы забралі ўсіх катоў, каб адпомсціць за забойства кацяняці Менеса, і кляў апошнімі словамі і вандроўнікаў, і хлопчыка. А Ніт, хударлявы натарыус, меркаваў, што гэта хут-
чэй за ўсё справа рук старога арандатара і ягонай жонкі, чыя нянавісць да катоў была ўсім вядомая і не мела межаў. Аднак ніхто так і не асмеліўся пайсці да жахлівых старых і запатрабаваць ад іх тлумачэнняў, хаця маленькі Атал, сын карчмара, казаў, што напярэдадні вечарам ён бачыў усіх катоў Ултара ў тым праклятым двары пад дрэвамі. Каты акружылі хаціну і павольна набліжаліся да яе, ідучы ўрачыста, па двое ў шэрагу, нібыта падчас нейкай нечуванай цырымоніі. Дарослыя не ведалі, ці многа праўды ў словах маленькага хлопчыка, і хаця зласлівыя старыя цалкам маглі зачараваць катоў, завабіўшы іх у смяротную пастку, гараджане вырашылі ні ў чым іх не абвінавачваць, прынамсі пакуль яны не выйдуць са свайго цёмнага і агіднага жытла.
У тую ноч жыхары Ултара адышлі да сну ў гневе і непакоі, а калі на досвітку прачнуліся, то ўбачылі, што — о цуд! — іх каты і коткі вярнуліся. Вялікія і маленькія, чорныя, шэрыя, паласатыя, рудыя і белыя — усе былі на месцы. Каты зрабіліся надзвычай гладкімі і тлустымі і гучна і задаволена вуркаталі. Гараджане ажыўлена абмяркоўвалі незвычайнае здарэнне. Бурмістр Крэнан упарта паўтараў, што катоў забіралі з сабой цемнатварыя прыхадні, бо ніводзін кот не вярнуўся б з хаціны старога арандатара і ягонай жонкі жывым. Але ўсе сышліся на адным: каты незразумела чаму адмовіліся ад мяса і нават не зірнулі на сподачкі з малаком. Цэлыя два дні тлустыя лянівыя каты Ултара не дакраналіся да ежы, а толькі драмалі каля агню і грэліся на сонцы.
Мінуў тыдзень, перш чым гараджане заўважылі, што ў вокнах змрочнай хаціны пад дрэвамі не мільгае ні агеньчыка. Тады хударлявы Ніт згадаў, што з той ночы, калі з Ултара зніклі каты, на вуліцах
больш не бачылі ні старога арандатара, ні ягонай жонкі. Калі мінуў яшчэ тыдзень, бурмістр вырашыў пераадолець страх і знайсці прычыну такой падазронай цішыні, бо гэта, урэшце, яго абавязак. Асцярожны, ён узяў з сабой сведак — каваля Шанга і каменячоса Тхула, і яны ўтрох скіраваліся да хаціны. Узламаўшы хісткія дзверы, мужчыны ўбачылі два дачыста абгрызеныя чалавечыя шкілеты, якія ляжалі на земляной падлозе, і мноства брыдкіх чорных жукоў, што кешкаліся ў цёмных кутах.
Гэтае здарэнне ўскалыхнула ўвесь Ултар. Каранёр Затх горача спрачаўся з хударлявым натарыусам Нітам, а Крэнана, Шанга і Тхула засыпалі пытаннямі. Распыталі таксама маленькага Атала, сына карчмара, узнагародзіўшы яго пасля салодкімі ласункамі. Гараджане яшчэ доўга ўспаміналі старога арандатара, і ягоную жонку, і караван цемнатварых вандроўнікаў, і маленькага Менеса з чорным кацянём, і малітву хлопчыка, і тое, што дзеялася ў небе падчас малітвы, і таемнае знікненне катоў пасля сыходу вандроўнікаў, і таксама тое, што неўзабаве знайшлі ў змрочнай хаціне пад дрэвамі ў глыбіні агіднага двара.
I ўрэшце гараджане прынялі цудоўны закон, пра які цяпер гавораць гандляры з Хатэга і пра які спрачаюцца вандроўнікі ў Ніры, — закон горада Ултар, які сурова забараняе забіваць катоў.
Пераклала Уладзіслава Гурыновіч
НЬЯРЛАТХАТЭП
Ньярлатхатэп... Паўзучы хаос... Я апошні... Я прамаўляю да пустэчы, якая здольная чуць...
He памятаю дакладна, каліўсё гэта пачалося, — напэўна, некалькі месяцаў таму. Агульнае напружанне было жахлівым. Гэта быў час палітычных і сацыяльных узрушэнняў, і чалавецтва было ахопленае прадчуваннем пагрозы, спачатку глухой і невыразнай, але спакваля адчуванне небяспекі пашыралася і рабілася ўсёабдымным — небяспекі жудаснай, пякельнай, якая можа прымроіцца хіба ў жахлівых снах. Я помню, як людзі блукалі ў неспакоі, са збялелымі тварамі, і шапталі злавесныя прароцтвы, якія ніхто не асмельваўся вымавіць на поўны голас і ўсвядоміць іх сэнс. Цяжар недаравальнай віны прыгнятаў маю краіну — а з зорнай бездані дзьмуў ледзяны вецер, халодзячы душы простых смяротных, якія курчыліся ад жаху ў сваіх цёмных адасобленых сховішчах. I была пачварная змена ў порах году, і ўвосень надзвычай доўга трымалася ненатуральная гарачыня, і кожны з нас адчуваў, што свет — а магчыма, і ўвесь Сусвет — больш не падпарадкоўваецца волі старых багоў, пераходзячы пад уладу багоў іншых, невядомых.
I тады Ньярлатхатэп выйшаў з Егіпта. Хто ён такі, не ведаў ніводзін са смяротных, вядома было толькі, што ён старажытнай і высакароднай крыві і выглядае як фараон. Фелахі кленчылі, калі бачылі
яго, хоць і не маглі растлумачыць прычыну гэтай пашаны. Казалі, быццам ён паўстаў з цемры дваццаці сямі стагоддзяў, каб прынесці людзям вестку з іншых, незямных, абшараў. Ньярлатхатэп, цемнатвары, станісты і велічны, вандраваў па краінах, якія лічыліся цывілізаванымі, і ўсюды набываў дзіўныя прылады са шкла і металу, ператвараючы іх у прылады яшчэ больш дзіўныя. Ён шмат казаў пра навукі, якія тлумачылі прыроду электрычнасці і чалавечай падсвядомасці, і тварыў цуды, і кожны, хто бачыў іх, сыходзіў агаломшаны, і слава Ньярлатхатэпа ўзрастала і грымела па ўсёй зямлі. Людзі дрыжалі перад імем ягоным, але прагнулі яго пабачыць. I там, дзе з’яўляўся Ньярлатхатэп, не было больш сну і спакою, і ноч раздзіралі немыя крыкі, бо тых, хто спаў, мучылі жахлівыя мроі. Начныя кашмары зрабіліся сапраўдным бедствам, і некаторыя мудрацы разважалі, ці не варта ўвогуле забараніць людзям спаць уначы, каб іх дзікі лямант не парушаў спакою гэтай блаславёнай часіны, калі бледная поўня глядзіцца ў смарагдава-чорнае люстра віроў пад мастамі, а высокія спічакі старажытных званіц спяць і мрояць у чарноцці нябёс.
Я памятаю, як Ньярлатхатэп прыйшоў у наш горад — вялізны, стары і жахлівы горад незлічоных злачынстваў. Мой сябар казаў мне пра яго і расказваў пра яго адкрыцці, нечувана натхняльныя і прывабныя, і я знемагаў ад спакусы далучыцца да гэтых дзівосных таямніц. Сябар папярэдзіў, што мяне чакае штосьці настолькі жудаснае і пачварнае, што нават я са сваёй хваравітай фантазіяй не ў стане ўявіць: відарысы, якія паўстаюць на сцяне ў прыцемненым пакоі, — прароцтвы, што немагчыма атрымаць ад ніводнага празорцы, апроч Ньярлатхатэ-
па, і што ў спакуслівым віраванні іскраў ён адбірае ў людзей тое, што яшчэ ніводная сіла не здольная была адабраць. I паўсюдна чуў я, быццам той, хто спазнаў Ньярлатхатэпа, сузірае відзежы, утоеныя ад недасведчаных.
У гэтую спякотную восень ішоў я скрозь ноч разам з узрушаным натоўпам, каб пабачыць Ньярлатхатэпа, скрозь душную ноч уверх па бясконцых прыступках, па лесвіцы, якая вяла ў прыцемнены пакой. I на сцяне паўсталі туманныя відзежы — постаці ў капелюшах, якія блукалі сярод руін, і лютыя жаўтлявыя абліччы, якія луналі па-над разбуранымі помнікамі. Іяўбачыў, якчалавецтваадчайназмагаецца з цемрай, з разбуральнымі хвалямі, што абрынаюцца з міжзорных абшараў, і віраць, кружаць, лютуюць наўкруг цьмянага астылага сонца. А потым іскры заскакалі ў дзіўным танцы вакол галоваў гледачоў, і валасы ва ўсіх усталі дыбарам, і цені, невымоўна пачварныя, зайшлі і паселі на чалавечых галовах. Я — мабыць, самы стрыманы і адукаваны з усіх — пачаў быў пратэставаць, бязладна мармычучы штосьці пра махлярства і статычную электрычнасць, але Ньярлатхатэп выгнаў нас прэч, пад зыбкія зоры, у волкую спякотную ноч, на спусцелыя вуліцы. I я голасна закрычаў, што мне не страшна, што мне ні на хвіліну не зрабілася страшна, і астатнія крычалі разам са мною, каб суцешыцца. I мы кляліся адно аднаму, што горад не змяніўся ні на каліва, што ён не загінуў. I нават калі святло пачало цьмянець, мы адно лаялі электрычную кампанію, і жартавалі, і смяяліся, нібы вар’яты.