Кліч Ктулху  Говард Філіпс Лаўкрафт

Кліч Ктулху

Говард Філіпс Лаўкрафт
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 280с.
Мінск 2017
59.76 МБ
Ўэст даволі хутка скеміў, што для паспяховага эксперыменту паддоследны экзэмпляр мусіць быць бездакорна свежым, і з гэтай прычыны звярнуўся да брыдкага і страшнага рамяства рабаўніка магілаў. I ва ўніверсітэце, і ў самым пачатку нашай медыцынскай практыкі ў фабрычным гарадку Болтан я ставіўся да яго з найвялікшай павагай і захапленнем, але чым больш дзёрзкімі і нялюдскімі рабіліся ягоныя метады, тым мацнейшы страх мяне грыз. Мне не падабалася, як ён глядзеў на жывых і здаровых людзей, а потым здарыўся той кашмарны эксперымент у падпольнай лабараторыі, падчас якога я зразумеў, што паддоследны быў яшчэ жывы, калі трапіў у рукі Уэста. Тады Уэст упершыню здолеў адрадзіць рацыянальнае мысленне ў мёртвым целе, аднак гэты поспех, атрыманы занадта вялікай цаной, зрабіў яго па-сапраўднаму бязлітасным.
У мяне язык не паварочваецца сказаць, якія метады ён выкарыстоўваў наступныя пяць гадоў. Я не пакінуў яго толькі праз страх — і зрабіўся сведкам неапісальных па жудасці сцэн. Паступова Герберт Уэст пачаў палохаць мяне больш, чым тое, што ён рабіў, і ўрэшце я зразумеў, што яго калісьці нармальнае, чыста навуковае імкненне прадоўжыць жыццё спакваля вырадзілася ў брыдкую хваравітую цікаўнасць і таемную цягу да могілкавых прыгажосцяў. Яго інтарэс да навукі ператварыўся ў вычварную прыхільнасць да ўсяго выродлівага і ненармальнага. Ен з задаволенай усмешкай пазіраў на штучна створаных пачвараў, ад аднаго выгляду якіх нават самы вытры-
маны чалавек памёр бы на месцы. Пад маскай кволага інтэлектуала хаваўся вытанчаны Бадлер* фізічнага эксперыменту і млявы Элагабал пахавальняў.
Ён спакойна глядзеў небяспецы ў твар і чыніў злачынствы не міргнуўшы вокам. Мяркую, кульмінацыяй усяго гэтага вар’яцтва зрабіўся момант, калі Уэст пераканаўся, што вярнуць чалавечы розум да жыцця цалкам магчыма, і памкнуўся да новых нязведаных сфер, пачаўшы эксперыментаваць з ажыўленнем асобных частак цела. У яго з’явіліся арыгінальныя і надзвычай смелыя ідэі аб незалежных жыццёвых уласцівасцях арганічных клетак і нервовых тканак, аддзеленых ад натуральных фізіялагічных сістэмаў. Неўзабаве ён дасягнуў пэўных поспехаў: скарыстаўшы зародкі нейкай гнюснай трапічнай рэптыліі, ён стварыў неўміручую субстанцыю, якую трымаў у штучным сілкавальным растворы. Цяпер яго займалі два фундаментальныя пытанні: па-першае, ці можа цела, пазбаўленае мазгоў, выяўляць якія-кольвек прыкметы розуму і здзяйсняць асэнсаваныя ўчынкі за кошт спіннога мозгу і некаторых нервовых цэнтраў, і, па-другое, ці існуе якая-небудзь нябачная, неадчувальная сувязь паміж асобнымі часткамі цела, якія некалі складалі адзіны арганізм. Для гэтай навукова-даследчай работы патрабавалася велізарная колькасць свежай чалавечай плоці, і менавіта таму Герберт Уэст адправіўся на вайну.
Нечуваная падзея, ад успамінаў пра якую кроў стыне ў жылах, адбылася апоўначы пры канцы са-
* Шарль Бадлер (1821-1867) — французскі паэт, крытык, эсэіст і перакладчык, заснавальнік сімвалізму і дэкадансу, што паўплываў на развіццё еўрапейскай паэзіі.
** Элагабал, або Марк Аўрэлій Антанін Геліягабал (204222) — рымскі імператар з дынастыі Севераў.
кавіка 1915 году ў палявым шпіталі, які размяшчаўся на лініі фронту каля Сэнт-Элуа. Нават цяпер мне здаецца, што ўсё гэта было проста жахлівай мрояй альбо трызненнем. Ва ўсходнім крыле часовага будынка, падобнага на ангар, была абсталяваная лабараторыя, якую Уэст атрымаў у прыватнае карыстанне нібыта дзеля распрацоўкі новых радыкальных метадаў лячэння асабліва цяжкіх ранаў. Там ён арудаваў нібы мяснік у атачэнні скрываўленых трупаў, і я ніяк не мог прызвычаіцца да таго, як лёгка і нязмушана ён рэжа целы і сартуе асобныя часткі. Часам Уэст сапраўды здзяйсняў цуды хірургіі з параненымі жаўнерамі, але яго сапраўдныя захапленні мелі не такі публічны характар і не вылучаліся чалавекалюбствам: з ягонай лабараторыі часам даносіліся гукі, якія здаваліся дзіўнымі нават тут, у гэтым Вавілоне праклятых. У прыватнасці, там часцяком гучалі рэвальверныя стрэлы — рэч, вядома, звыклая на полі бітвы, але цалкам недарэчная ў сценах шпіталя. Рэанімаваныя экзэмпляры не прызначаліся для вачэй грамадскасці і, як правіла, жылі вельмі нядоўга. Акрамя чалавечых матэрыялаў Уэст у сваіх доследах выкарыстоўваў штучныя тканкі, вырашчаныя з эмбрыёнаў рэптыліі, якія былі нават больш прыдатныя для падтрымання жыцця ў асобных фрагментах целаў. Менавіта гэтым і займаўся цяпер мой сябар. У прыцемненым куце лабараторыі над спецыяльнай гарэлкай-інкубатарам размяшчаўся вялізны закаркаваны чан, напоўнены клетачнай субстанцыяй рэптылій, якая несупынна расла і ўспушвалася з агідным булькаценнем.
У тую знамянальную ноч да нас у рукі трапіў цудоўны экзэмпляр — мярцвяк, які пры жыцці вылучаўся і магутнай фізічнай сілай, і выбітным інтэлектам,
што сведчыла пра чуллівую нервовую сістэму. Па волі нейкай злой іроніі, гэта быў той самы афіцэр, які паспрыяў Уэсту ў прысваенні вайсковага звання і які мусіў цяпер зрабіцца аб’ектам яго даследаванняў. Алроч таго, у мінулым ён таемна вывучаў тэорыю рэанімацыі пад кіраўніцтвам Герберта Уэста. Маёра сэра Эрыка Морлэнда Клэпхэма-Лі, кавалера ордэна «За выбітныя заслугі» і найлепшага хірурга ў нашай дывізіі, тэрмінова накіравалі ў сектар Сэнт-Элуа, калі ў штаб-кватэру прыйшло паведамленне аб цяжкіх баях, якія там вяліся. Маёр вылецеў на аэраплане, за штурвалам якога сядзеў адважны лейтэнант Роналд Хіл, але непасрэдна над пунктам прызначэння аэраплан збілі. Крушэнне баявой машыны было жудасным відовішчам. Ад лейтэнанта Хіла засталіся непазнавальныя рэшткі, затое цела геніяльнага хірурга захавалася амаль непашкоджаным, калі не лічыць напалову адарванай галавы. Уэст прагна ўчапіўся ў мерцвяка, які калісьці быў яго сябрам і калегам-навукоўцам. Я не мог стрымаць дрыжыкаў, гледзячы, як мой сябар аддзяляе галаву ад цела і кладзе яе ў страшны чан з брыдкай цягучай субстанцыяй, каб захаваць аб’ект для будучых эксперыментаў. Потым, схіліўшыся над аперацыйным сталом, ён узяўся за абезгалоўленае цела. Уэст увёў у вены трупа свежую кроў, злучыў разарваныя артэрыі і нервы на абцінку шыі і закрыў жудасную зеўру раны шматком скуры, узятай ад неапазнанага трупа ў форме афіцэра. Я ведаў, чаго ён хоча: паглядзець, ці з’явяцца ў гэтым цудоўна складзеным целе, пазбаўленым галавы, хоць нейкія прыкметы інтэлекту, якім вылучаўся гіры жыцці сэр Эрык Морлэнд Клэпхэм-Лі. Маёр, які калісьці вывучаў тэорыю рэанімацыі, цяпер сам зрабіўся знежывелым доследным узорам.
У мяне перад вачыма дагэтуль стаіць вусцішная карціна: Герберт Ўэст у злавесным святле электрычнай лямпы ўводзіць ажыўляльны рэагент у руку абезгалоўленага цела. Я, напэўна, памру, калі паспрабую апісаць гэтую сцэну ва ўсіх падрабязнасцях: аперацыйны пакой, падобны да логава вар’ята, завалены рассартаванымі фрагментамі чалавечых целаў, клейкая падлога, залітая крывёй і ледзь не да шчыкалаткі пакрытая шматкамі плоці, і зелянявы агеньчык гарэлкі, які паміргвае ў прыцемненым куце, дзе ў закаркаваным чане булькоча, пухне і надзімаецца гідкае варыва з тканак рэптылій.
Паддоследны меў пры жыцці выдатную нервовую сістэму — Уэст у гэтым пераканаўся падчас доўгіх папярэдніх назіранняў і ад цяперашняга эксперыменту чакаў вельмі многага. Калі канцавіны цела пачалі злёгку паторгвацца, вочы Уэста заблішчалі ад прагнай цікаўнасці. Мяркую, ён разлічваў атрымаць неаспрэчны доказ сваёй вар’яцкай тэорыі, паводле якой свядомасць, розум і тое, што звычайна называюць асобай чалавека, могуць існаваць незалежна ад мозгу, ніякай надасабовай злучальнай субстанцыі, званай душой, не існуе, а чалавечае цела — проста механізм і набор нервовых вузлоў, кожны з якіх можа функцыянаваць самастойна. Гэта зробіцца сапраўдным трыумфам для Уэста, бо сама таямніца жыцця будзе развянчаная і зведзеная да катэгорыі міфа. Мы зачаравана ўтаропіліся ў цела, якое, канвульсіўна таргануўшыся, пачало павольна падымацца. Рукі і ногі аб’екта агідна выгіналіся, цягліцы бязладна скарачаліся, прымушаючы яго курчыцца ў сутаргах. Затым абезгалоўленае цела рэзка ўскінула рукі — і гэта, без усякіх сумневаў, быў цалкам асэнсаваны жэст роспачы, які яскрава
пацвярджаў слушнасць тэорыі Ўэста. Відавочна, нервы запомнілі апошнюю падзею ў жыцці гэтага чалавека — адчайную спробу ўратавацца з ахопленага агнём аэраплана.
Я не магу сказаць дакладна, што здарылася потым. Мажліва, гэта была галюцынацыя, выкліканая шокам ад выбуху нямецкага снарада, які ўляцеў проста ў будынак і разнёс яго ў трэскі. У любым выпадку, сведак не засталося, бо выжыць пашчасціла толькі нам з Уэстам. Прынамсі Уэст да самага свайго знікнення лічыў гэта галюцынацыяй, хаця, як ні дзіўна, прымроілася нам адно і тое ж. Увогуле выглядала ўсё даволі будзённа, страшным было значэнне гэтай падзеі. Цела прыўзнялося на стале, пачало слепа вадзіць рукамі ў паветры — і ў гэты момант мы пачулі гук, занадта жудасны, каб назваць яго чалавечым голасам. Жудасным быў не яго тэмбр і нават не сэнс таго, што мы пачулі, бо гэта быў проста вокліч: «Скачы, Роналд, о Госпадзе, скачы, ратуйся!». Жудаснай была крыніца гуку.
Таму што ішоў ён з закаркаванага чана ў прыцемненым куце, дзе варушыліся вусцішныя цені.
VI.	Легіёны смерці
Год таму, пасля знікнення Герберта Ўэста, бостанская паліцыя ўчыніла мне жорсткі допыт. Мяне падазравалі ва ўтойванні фактаў і, магчыма, нават у горшых злачынствах, але я не мог сказаць ім праўду, бо яны ўсё роўна не паверылі б. Яны, вядома, здагадваліся, што Ўэст займаецца не зусім законнымі рэчамі, бо ў сваіх агідных эксперыментах па ажыўленні памерлых ён зайшоў так далёка, што гэта ўжо немагчыма было трымаць у поўным сакрэ-
це. Але акалічнасці катастрофы, якая паклала канец ягоным даследаванням, былі такімі вар’яцкімі і жудаснымі, што нават я часам сумняваюся ў рэальнасці ўбачанага.
Я быў найбліжэйшым сябрам і адданым паплечнікам Герберта Уэста. Мы сустрэліся шмат гадоў таму на медыцынскім факультэце, і з першых жа дзён я зрабіўся суўдзельнікам ягоных жудасных доследаў. Ён цярпліва працаваў над удасканаленнем рэчыва, якое ўводзіўу вены нябожчыкаў, спрабуючы вярнуць іх да жыцця. Для гэтай работы яму патрабаваліся свежыя трупы, і, каб здабыць дастатковую іх колькасць, нам даводзілася ісці на жахлівыя ўчынкі. Яшчэ больш жахлівымі былі вынікі эксперыментаў — агідныя камякі плоці, мёртвай, але абуджанай да сляпога, блюзнерскага і бессэнсоўнага падабенства жыцця. Большасць доследаў заканчвалася менавіта так, таму што адрадзіць розум магчыма было толькі ў бездакорна свежым экзэмпляры з ацалелымі мазгавымі клеткамі, не закранутымі працэсам распаду.