Кліч Ктулху
Говард Філіпс Лаўкрафт
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 280с.
Мінск 2017
Пастаянная патрэба ў ідэальна свежых нябожчыках прывяла Ўэста да канчатковага маральнага заняпаду. Знайсці прыдатнае цела было вельмі няпроста, і аднойчы ён здзейсніў страшны ўчынак, зрабіўшы сваім паддоследным жывога, поўнага сіл чалавека. Кароткая барацьба, ін’екцыя — і моцны алкалоід ператварыў нешчасліўца ў бездакорна свежы труп. Вынік эксперыменту быў бліскучым, хоць і нядоўгачасовым, але Уэст выйшаў з яго са змярцвелай і спустошанай душой. Менавіта тады ў яго з’явіўся гэты цяжкі нядобры позірк, які ён часам крытычна спыняў на людзях, што вылучаліся чуллівай нервовай сістэмай і моцным целаскладам. Урэшце я па-
чаў панічна баяцца Ўэста, бо ён пачаў так паглядаць і на мяне. Людзі быццам не заўважалі гэтых позіркаў, але заўважылі мой страх, і пасля знікнення Уэста гэта зрабілася падставай для самых абсурдных падазрэнняў.
Праўду кажучы, Уэст баяўся нават больш, чым я, бо праз свае гнюсныя заняткі быў змушаны жыць самотнікам, шарахаючыся ад кожнага ценю. У асноўным ён баяўся паліцыі, але часам яго грыз гнятлівы цьмяны страх перад безназоўнымі пачварамі, якіх ён калісьці абудзіў да хваравітага падабенства жыцця і якія, мажліва, усё яшчэ існавалі. Ен, як правіла, заканчваў свае эксперыменты стрэлам з рэвальвера, але некалькі экзэмпляраў выслізнулі з ягоных рук. Наш самы першы паддоследны пакінуў сляды пазногцяў на ўласнай магіле. Другі, памерлы прафесар з Аркхэма, зрабіўся канібалам, але яго схапілі і замкнулі ў Сэфтанскай вар’ятні, дзе ён шаснаццаць гадоў біўся галавой аб сцены палаты. Лёс іншых паддоследных, якія, як мы меркавалі, выжылі, быў яшчэ больш цьмяным, таму што ў апошнія гады навуковы інтарэс Уэста вырадзіўся ў нездаровую пачварную манію, і цяпер ён прысвячаў усё сваё майстэрства ажыўленню не чалавечых трупаў, але іх асобных частак, да якіх часам далучаў тканкі іншых біялагічных відаў. Незадоўга да яго знікнення гэтае захапленне набыло неймаверна агідныя формы, і я не бяруся нават намякнуць, якімі былі яго апошнія эксперыменты. Сусветная вайна, падчас якой мы абодва служылі ваеннымі хірургамі, толькі ўзмацніла гэтую хваравітую прыхільнасць Уэста.
Цьмяны страх, які адчуваў Уэст перад сваімі стварэннямі, меў складаную прыроду. Часткова ён тлумачыўся самім фактам існавання гэтых пачвараў,
а часткова — усведамленнем смяротнай небяспекі ад мажлівай сустрэчы з імі. Самым жахлівым у гэтай сітуацыі было менавіта тое, што яны зніклі, — прынамсі, Ўэсту было вядомае месцазнаходжанне толькі аднаго з іх, няшчаснага шаленца, які сядзеў пад замком у вар’ятні. Апроч таго, Ўэста пераследаваў яшчэ адзін, вельмі незвычайны, страх — абсалютна неперадавальнае пачуццё, якое з’явілася ў яго пасля неверагоднага эксперыменту, праведзенага ў канадскім вайсковым корпусе ў 1915 годзе. У разгар цяжкага бою Ўэст вярнуў да жыцця маёра сэра Эрыка Морлэнда Клэпхэма-Лі, кавалера ордэна «За выбітныя заслугі», свайго калегу-хірурга, які ведаў пра яго эксперыменты і быў здольны іх паўтарыць. Ўэст аддзяліў галаву паддоследнага, каб даследаваць магчымасці квазіразумнага жыцця ў абезгалоўленым целе. Эксперымент праходзіў паспяхова, і за некалькі хвілін да таго як нашу лабараторыю знішчыў нямецкі снарад, цела зрабіла некалькі асэнсаваных рухаў. У гэта цяжка паверыць, але ў тое ж імгненне мы абодва пачулі выразныя гукі з прыцемненага кута лабараторыі, дзе ляжала адрэзаная галава. Снарад быў міласэрны да нас з Ўэстам, і пасля выбуху жывымі засталіся толькі мы двое — зрэшты, наконт апошняга Ўэст быў не зусім упэўнены. Ён часам агучваў здагадкі пра тое, на што можа быць здольны абезгалоўлены хірург, якія валодае методыкай ажыўлення трупаў, і ад гэтых разважанняў мяне бралі дрыжыкі.
Апошнім жытлом Ўэста быў элегантны старажытны асабняк на ўскрайку могілак — аднаго з найстарэйшых некропаляў у Бостане. Ўэст выбраў гэтае месца з чыста сімвалічных і эстэтычных меркаванняў: большасць пахаванняў адносілася яшчэ да каланіяльных часоў, і спарахнелыя косткі
не ўяўлялі для яго навуковага інтарэсу. У сутарэнні, пабудаваным рабочымі-эмігрантамі, размяшчалася сакрэтная лабараторыя з вялізнай электрычнай печчу для крэмацыі, з дапамогай якой гаспадар дома надзейна і без сведак пазбаўляўся ад вынікаў сваіх вар'яцкіх эксперыментаў і блюзнерскіх забавак — мёртвых цел, іх фрагментаў і агідных гібрыдаў, састаўленых з кавалкаў чалавечай плоці і чужародных тканак. Падчас будаўніцтва падвальнай лабараторыі рабочыя натрапілі на старадаўнюю каменную кладку — відавочна, замураваны ўваход у тунэль, які вёў да могілак, але залягаў занадта глыбока, каб злучацца з якой-небудзь вядомай пахавальняй. Зрабіўшы пэўныя разлікі, Уэст прыйшоў да высновы, што тунэль вёў да нейкай схованкі пад фамільным склепам Эверылаў, апошні з якіх памёр у 1768 годзе. Я быў побач з Уэстам, калі ён разглядаў волкія, заплеснелыя сцены, што агаліліся пад ударамі матык і рыдлёвак рабочых, і рыхтаваўся да вострых дрыжыкаў ад адкрыцця пракаветных могілкавых таямніц, але ўпершыню ў жыцці прыродная цікаўнасць Уэста саступіла страху і ён, здрадзіўшы ўласнай ненармальнай натуры, загадаў кладкі не чапаць і пакласці паўзверх яе свежую тынкоўку. У такім выглядзе сцяна сакрэтнай лабараторыі заставалася да той пякельнай ночы, якая зрабілася апошняй для Уэста. Кажучы пра ненармальнасць Уэста, я мушу ўдакладніць, што гэта тычылася толькі яго разумовага і душэўнага стану. Вонкава ён быў усё той жа — спакойны і ўраўнаважаны маленькі хударлявы бландын з блакітнымі вачыма за шкельцамі акуляраў. Нават цяпер ён выглядаў юнаком, і доўгія гады, пражытыя ў гнятлівым страху, ні на каліва яго не змянілі. Ен выглядаў спакойным, нават калі азіраўся цераз
плячо, згадваючы мерцвяка, што спрабаваў пазногцямі раскапаць уласную магілу, альбо разважаючы пра крыважэрную істоту, якая грызла і трэсла краты ў Сэфтанскай вар’ятні.
Адлік апошніх хвілін жыцця Герберта Уэста пачаўся ў адзін з вечароў, калі мы сядзелі ў нашым агульным кабінеце і мой сябар чытаў газету, раз-пораз кідаючы на мяне пільныя позіркі. Гартаючы змятыя старонкі, ён раптам здрыгануўся, натрапіўшы на дзіўны загаловак, быццам чыясьці пачварная кіпцюрастая рука дацягнуўся да яго праз шаснаццаць гадоў. У Сэфтанскай вар’ятні, што знаходзілася за пяцьдзясят міляў адсюль, адбылося страшнае і нечуванае здарэнне, якое перапалохала ўсё наваколле і прывяло ў замяшанне паліцыю. Неўзабаве пасля поўначы ў шпіталь зайшла група маўклівых незнаёмцаў, і грознага выгляду вайсковец, што ўзначальваў працэсію, звярнуўся да вартаўнікоў. Гаварыў ён не расціскаючы вуснаў, нібы чэрававяшчальнік, а яго голас, здавалася, даносіўся з велізарнай чорнай скрыні, якую ён трымаў у руках. Рысы яго нерухомага аблічча былі далікатныя і бездакорна прыгожыя, але вартаўнік вар’ятні ледзь не самлеў ад перапуду, калі запаліў у калідоры святло і разгледзеў яго як след: тое быў не твар, а васковая маска з вачамі з каляровага шкла. Пэўна, гэты чалавек стаў ахвярай нейкага жудаснага няшчаснага выпадку. За вайскоўцам ішоў магутны граміла надзвычай агіднага выгляду, чыя сінюшная фізіяномія здавалася напалову аб’едзенай нейкай невядомай хваробай. Вайсковец запатрабаваў, каб ім выдалі монстра-людажэра, злоўленага ў Аркхэме шаснаццаць гадоў таму, і, атрымаўшы адмову, даў сігнал сваім суўдзельнікам, пасля чаго распачаўся жудасны гар-
мідар. Нападнікі жорстка збівалі, тапталі і рвалі зубамі ўсіх, хто не паспеў уцячы, і, умярцвіўшы чатырох санітараў, яны нарэшце вызвалілі монстра з-пад замка. Тыя з выжылых, хто здольны быў расказваць пра здарэнне без істэрыкі, кляліся, што нападнікі дзейнічалі не як жывыя людзі, а хутчэй як аўтаматы, выконваючы загады незнаёмца з васковым тварам. Калі ў шпіталь прыбыла дапамога, невядомыя зламыснікі ўжо сышлі, прыхапіўшы з сабой вар’ята-людажэра.
Прачытаўшы гэтае паведамленне, Уэст да ночы праседзеў у нейкім здранцвенні, а роўна апоўначы пачуўся рэзкі званок у дзверы, які напалохаў яго да паўсмерці. Прыслуга спала на верхнім паверсе, і адчыняць давялося мне. Як я ўжо сказаў паліцыі, на дварэ не было ні аўтамабіля, ні фурманкі — толькі група дзіўнага выгляду мужчын, якія трымалі ў руках важкую прастакутную скрыню. Незнаёмцы занеслі скрыню ў калідор і паставілі на падлогу, пасля чаго адзін з іх прагыркаў нейкім ненатуральным голасам: «Экспрэс-дастаўка, аплачаная». Потым яны сышлі, нязграбна перастаўляючы нягнуткія ногі, і, гледзячы ім услед, я чамусьці падумаў, што яны накіроўваюцца проста да старажытных могілак, побач з якімі стаяў наш дом. Калі я зачыніў за імі дзверы, Ўэст спусціўся і зірнуў на скрыню. Яна была памерам прыкладна ў два квадратныя футы, і на ёй былі накрэмзаныя імя Герберта Уэста і наш хатні адрас. Апроч таго, на скрыні быў яшчэ адзін надпіс: «Ад Эрыка Морлэнда Клэпхэма-Лі, Сэнт-Элуа, Фландрыя». Шэсць гадоў таму ў Фландрыі ў наш палявы шпіталь трапіў нямецкі снарад, пахаваўшы пад абломкамі абезгалоўлены рэанімаваны труп доктара Клэпхэма-Лі і яго адрэза-
ную галаву, якая — як мы лічылі — прамовіла некалькі асэнсаваных словаў.
Нават цяпер Ўэст выглядаў спакойным, хаця становішча яго было жахлівае. Ен хутка прамовіў: «Гэта канец. Але давай спалім... гэтую рэч». Мы аднеслі скрыню ў лабараторыю, несупынна прыслухоўваючыся. Я не памятаю ўсіх падрабязнасцяў (няцяжка здагадацца, у якім стане я быў у той момант), але чуткі пра тое, што я спаліў цела Герберта Ўэста, — не што іншае, як гнюсная хлусня. He раскрываючы драўлянай скрыні, мы паклалі яе ў печ, зачынілі дзверцы і ўключылі ток. За ўвесь гэты час са скрыні не данеслася ні гуку.
Ўэст першы заўважыў, што ад той часткі сцяны, дзе знаходзілася старажытная каменная кладка, пачала адвальвацца тынкоўка. Я кінуўся быў бегчы, але ён затрымаў мяне. Потым у сцяне з’явілася невялікая чорная адтуліна, адкуль павеяла ледзяным холадам і пацягнула пахам гніення і волкай могілкавай зямлі. Запанавала мёртвая цішыня. Электрычнае святло згасла, і ў дзіўным фасфарычным ззянні, якое ішло быццам з іншасвету я ўгледзеў натоўп безназоўных істот, нібыта спароджаных хворым уяўленнем вар’ята альбо самога д’ябла, якія, не выдаючы ні гуку, старанна разбіралі кладку. Іх абрысы былі чалавечымі, напалову чалавечымі, часткова чалавечымі альбо нечалавечымі ўвогуле — гратэскавая разнамасная арда. Спакойна, адзін за адным, яны выцягвалі камяні са старажытнай сцяны. А потым, калі адтуліна зрабілася досыць вялікай, яны ўсім натоўпам рынуліся ў лабараторыю, і на чале гэтага пякельнага воінства ганарліва крочыў чалавек з васковым тварам. Следам ішоў вылюдак з вачыма вар’ята, які і схапіў Герберта Ўэста. Той не супраціўляўся, не выдаючы