Кліч Ктулху  Говард Філіпс Лаўкрафт

Кліч Ктулху

Говард Філіпс Лаўкрафт
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 280с.
Мінск 2017
59.76 МБ
лага араба Абдула Альхазрэда. Гэта быў сімвал душы ў агідным кульце пажыральнікаў мярцвячыны, распаўсюджаным на недасягальных абшарах Ленга, што ў Цэнтральнай Азіі. Мы без цяжкасцяў распазналі жахлівыя рысы, апісаныя ў манускрыпце арабскага чарнакніжніка, — рысы, як ён сцвярджаў, скапіяваныя з абліччаў дэманічных звышнатуральных існасцяў — увасабленняў чорных душ тых, хто апаганьвае магілы і непакоіць памерлых.
Схапіўшы нефрытавы артэфакт, мы апошні раз зірнулі на касцяны твар і пустыя чорныя вачніцы яго ўладальніка, пасля чаго закідалі магілу зямлёй. Калі мы спяшаліся прэч з гэтага агіднага месца разам са скрадзеным амулетам, надзейна схаваным у кішэні Сэнт-Джона, нам здалося, што цэлая зграя кажаноў, нібыта ў пошуках нячыстай блюзнерскай спажывы, апусцілася на абрабаваную магілу, абляпіўшы яе суцэльнай чорнай масай, якая на імгненне прыняла абрысы чалавечага цела. Але святло восеньскай поўні было такім слабым і бляклым, што мы не зразумелі, ці напраўду бачылі гэта. А на наступны дзень, калі мы плылі пад ветразем, вяртаючыся з Нідэрландаў дадому, нам здалося, нібы дзесьці ўдалечыні чуецца прыцішаны брэх велізарнага сабакі-ганчака. Але восеньскі вецер так тужліва і журботна енчыў над морам, што мы не зразумелі, ці напраўду чулі яго.
II
Менш чым праз тыдзень пасля нашага вяртання ў Англію пачало адбывацца незразумелае. Мы жылі як пустэльнікі, без сяброў, без прыслугі, адны ў вялізным старым асабняку пасярод бязлюднай ве-
расовай пусткі, адкрытай усім вятрам, і рэдка здаралася, каб няпрошаныя госці назалялі нам груканнем у дзверы. Але цяпер нас часта непакоіла невыразнае мармытанне і драпанне ўначы, не толькі ля дзвярэй, але нават каля вокнаў — і зверху, і знізу. Аднойчы нам прымроіўся вялізны чорны цень у акне бібліятэкі, куды ярка свяціў месяц, а наступным разам прычулася ці то шапаценне, ці то воплескі крылаў дзесьці паблізу. Нашы росшукі пасля кожнага такога здарэння не давалі ніякіх вынікаў, і ўрэшце мы пачалі вінаваціць ва ўсім хваравітае ўзбуджанае ўяўленне, праз якое ў нашых вушах дагэтуль гучаў той далёкі прыглушаны брэх, што прычуўся нам на могілках у Нідэрландах. Нефрытавы амулет стаяў цяпер у сценнай нішы нашага музея жахаў, і мы час ад часу запальвалі перад ім свечкі з дзіўнымі водарамі. Мы шмат чыталі ў Некранаміконе Альхазрэда пра ўласцівасці гэтага артэфакта, а таксама пра таемную сувязь паміж душамі рабаўнікоў магіл і істотамі, якіх ён сімвалізуе, і прачытанае напаўняла нас неспакоем. Тое, што пачалося пасля, нагадвала кашмарны сон.
Уначы 24 верасня 19** году я пачуў груканне ў дзверы свайго пакоя. Мяркуючы, што гэта Сэнт-Джон, я запрасіў яго ўвайсці, але адказам быў толькі гідкі вісклівы смех. У калідоры не было ні душы. Калі я пабудзіў Сэнт-Джона і паведаміў пра здарэнне, ён пакляўся, што нічога не чуў, і ім таксама авалодала трывога. У тую ноч далёкі прыцішаны брэх, які разносіўся над верасовай пусткай, зрабіўся для нас жудлівай рэчаіснасцю. Праз чатыры дні, калі мы бавілі час у сваім сакрэтным музеі, штосьці ціха і асцярожна паскрэблася ў адзіныя дзверы, якія вялі да патаемнай лесвіцы ў бібліятэцы. Мы падха-
піліся, ахопленыя панічным пачуццём, у якім жах перад невядомым змяшаўся са страхам, што пра нашую агідную калекцыю могуць даведацца староннія. Патушыўшы ўсе агні, мы нячутна наблізіліся да дзвярэй, рэзка расчынілі іх — і адчулі невытлумачальны подых паветра, а потым штосьці нябачнае шарахнулася ўглыб калідора, адкуль данесліся прыглушаны шоргат, хіхіканне і даволі выразнае мармытанне. Мы не ведалі, ці ў сваім мы розуме, мроя гэта альбо трызненне. Мы ўсвядомілі толькі — і гэта прымусіла нас знерухомець ад жаху, — што бесцялесная істота, без сумневу, гаварыла па-нідэрландску.
3 таго часу мы жылі ў нейкім жудасным зачараванні. У асноўным мы прытрымліваліся тэорыі, што абодва страцілі розум праз дэкадэнцкі лад жыцця і вычварныя эксперыменты, але часам нам болып падабалася ўяўляць сябе героямі тэатральнай драмы, што зрабіліся ахвярамі падступнага і бязлітаснага лёсу. Дзіўныя здарэнні адбываліся цяпер занадта часта, каб іх можна было пералічыць. У нашым самотным доме пасялілася штосьці нябачнае і згубнае, пра чыю прыроду мы маглі толькі здагадвацца, а дэманічны брэх, які штоночы разносіўся над верасовай пусткай, працятай усімі вятрамі, з кожным разам гучаў усё бліжэй. 29 кастрычніка мы ўбачылі мноства слядоў на мяккім дзірване пад вокнамі бібліятэкі. Іх выгляд быў неапісальна жудасны, а паходжанне — такім жа невытлумачальным, як і з’яўленне зграі вялізных кажаноў, што апошнім часам літаральна акупавалі стары асабняк, селячыся тут у неймавернай колькасці.
18 лістапада адбылася жахлівая развязка. Калі пасля заходу сонца Сэнт-Джон ішоў праз пустку, вяртаючыся з чыгуначнай станцыі, на яго накінуўся
невядомы драпежны звер і разадраў на кавалкі. Пачуўшы яго дзікі енк, я выбег з дому і кінуўся на месца здарэння. Тое, што забіла яго, ужо знікла, але я выразна чуў воплескі крылаў, і на імгненне выродлівы чорны сілуэт крылатай істоты паўстаў на фоне поўні, якая ззяла нізка над гарызонтам. Мой сябар курчыўся ў агоніі і ўжо не мог гаварыць. Калі я схіліўся над ім, ён толькі прашаптаў ледзь чутна: «Гэта ўсё амулет... хай ён будзе пракляты». I ён памёр, і на руках у мяне застаўся адно камяк скрываўленай абязвечанай плоці.
Наступнай ноччу я пахаваў яго ў занядбаным садзе каля асабняка, прамармытаўшы над магілай адну з язычніцкіх малітваў, што так падабаліся яму пры жыцці. Калі я прамаўляў заключныя словы блюзнерскай літанні, мне пачуўся прыглушаны брэх, які разносіўся далёка над верасовай пусткай, залітай бледным месячным святлом, а потым я заўважыў велічэзны скурчаны цень, што скакаў з груда на груд. Ахоплены жахам, я заплюшчыў вочы і кінуўся тварам на зямлю. He ведаю, колькі часу прайшло, перш чым я здолеў падняцца на ногі і, хістаючыся, калоцячыся ад страху, вярнуцца ў спусцелы дом. Укленчыўшы перад нефрытавым амулетам на імправізаваным алтары, я шаптаў бязладныя малітвы, просячы літасці.
Мне страшна было заставацца аднаму ў гэтым старым асабняку пасярод пусткі, і на наступны дзень я з’ехаў у Лондан. Папярэдне я знішчыў усе могільнікавыя артэфакты з нашага сакрэтнага музея, кінуўшы іх у вогнішча, а рэшту закапаўшы на пустцы — апроч амулета, які забраў з сабою. На трэцюю ноч я зноў пачуў жахлівы брэх, а яшчэ праз тыдзень мне прымроілася пара вачэй, што глядзелі на мяне
з цемры. Аднойчы ўвечары, калі я выйшаў на набярэжную Вікторыі, каб глынуць свежага паветра, мне здалося, нібы штосьці чорнае засланіла адлюстраванне аднаго з вулічных ліхтароў у вадзе, а потым адчуў рэзкі павеў ледзянога ветру. I тады я ўсвядоміў, што жахлівы лёс, які напаткаў Сэнт-Джона, чакае і мяне.
На наступны дзень я сеў на карабель і паплыў у Нідэрланды. Са мной быў нефрытавы амулет, рупліва загорнуты ў кавалак тканіны. Я не ведаў, ці атрымаю прабачэнне, вярнуўшы артэфакт яго мёртваму ўладальніку, але мне здавалася, што гэты адчайны крок — адзінае лагічнае выйсце. Я не мог упэўнена сказаць, чым насамрэч быў гэты прывідны ганчак і чаму ён пераследаваў мяне, але яго брэх мы ўпершыню пачулі на старажытных могілках, і, згадваючы ўсе наступныя здарэнні, у тым ліку апошнія словы Сэнт-Джона, я прыйшоў да высновы, што гэтае пракляцце непасрэдна звязанае з амулетам, выкрадзеным з магілы. Вось толькі лёс бязлітасна пасмяяўся з мяне, бо ў ратэрдамскай карчме, дзе я спыніўся, рабаўнікі ўзламалі дзверы майго пакоя і скралі амулет, пазбавіўшы мяне апошняй надзеі на паратунак.
У тую ноч брэх ганчака гучаў асабліва люта, а ў ранішняй газеце я прачытаў пра пачварнае злачынства, здзейсненае ў жабрацкім квартале горада. У шматкватэрных дамах, дзе сялілася ўся гарадская навалач, злачынствы не былі рэдкасцю, але крывавая разня, што адбылася тут уначы, жахнула нават мясцовую чэрнь. У брудным прытоне рабаўнікоў знайшлі цэлае сямейства, разадранае на кавалкі невядомай істотай, якая не пакінула ніякіх слядоў. Але тыя, хто жыў па суседстве, сцвярджалі, нібыта
ноччу апроч звыклых п’яных выкрыкаў ім чуўся надрыўны прыцішаны брэх велізарнага сабакі.
А потым я зноў стаяў на жудасным могільніку, над якім ззяла бледная зімняя поўня, і на зямлі ляжалі выродлівыя цені, і галіны дрэваў, пазбаўленыя лістоты, хіліліся над расколатымі надмагіллямі і абледзянелай травой, і спічак капліцы, як палец мерцвяка, кпліва працінаўбляклае неба, і пранізліва енчыў начны вецер, што прыляцеў з далёкіх ледзяных балот і мораў. Брэх быў цяпер ледзьве чутны, а калі я наблізіўся да магілы, якую зняважыў калісьці, ён раптоўна змоўк, і цэлая зграя вялізных кажаноў узнялася ў паветра і пачала ашалела лётаць вакол надмагілля.
Я не ведаў, навошта прыйшоў сюды. Магчыма, каб маліцца, а магчыма, каб прасіць літасці і даравання ў гэтых збялелых костак. Але якой бы ні была мая мэта, я накінуўся на мёрзлую глебу з такім адчаем і апантанасцю, нібыта мной кіравала чыясьці злая воля. Капаць было нашмат лягчэй, чым я flyMay і толькі аднойчы мяне перапыніла нечаканая перашкода: лядашчы сцярвятнік раптам абрынуўся з халодных нябёс і пачаў раз’юшана дзяўбці могілкавую зямлю, пакуль я не прыкончыў яго ўдарам рыдлёўкі. Нарэшце я ўбачыў згнілую труну і скінуў з яе разбухлае, слізкае вечка. Гэта было маё апошняе асэнсаванае дзеянне.
Сцены струхлелай труны былі спрэс аблепленыя пачварнымі, ненатуральна вялізнымі кажанамі, якія спалі, а ў атачэнні гэтай жахлівай світы ляжаў той, каго мы з сябрам калісьці абрабавалі і абразілі. Тады мы ўбачылі толькі мёртвыя белыя косткі, а цяпер шкілет быў пакрыты коркай засмяглай крыві і месівам з плоці і валасоў. У ягоных пустых вачніцах
шугалі жывыя агеньчыкі, і ён глядзеў на мяне, скалячы вострыя скрываўленыя іклы ў здзеклівай ухмылцы, нібы смеючыся з майго непазбежнага лёсу. А потым яго сківіцы зварухнуліся, з касцяной глоткі вырваўся надрыўны сарданічны брэх, і я ўбачыў пракляты нефрытавы амулет, які ён сціскаў сваімі кашчавымі скрываўленымі пальцамі. I тады я закрычаў і кінуўся прэч, як шаленец, заходзячыся енкам, што хутка перайшоў у прыступы істэрычнага смеху.
Вар’яцтва, вершнік на зорным ветры... тое, што стагоддзямі вастрыла іклы і кіпцюры аб закасцянелыя трупы... азызлая смерць паўстае ў вакханаліі кажаноў з чорных сутарэнняў падземнага храма Беліяла*... Усё гучней чуваць брэх гэтай мёртвай бесцялеснай пачвары, я чую, як яна кружыць вакол мяне, як набліжаюцца воплескі і шоргат яе перапончатых крылаў, але я, з рэвальверам у руцэ, хутка здабуду вызваленне, свой адзіны паратунак ад таго, што не мае назвы і не мусіць быць названае.