Кліч Ктулху
Говард Філіпс Лаўкрафт
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 280с.
Мінск 2017
Дзесьці за лесам бушавала навальніца. Прыслухваючыся да прыглушаных адлегласцю грымотаў, якія чуліся ўсё бліжэй, я рыхтаваўся да начнога дбання. Спачатку я прымацаваў да выступаў вялікага акна тры вераўчаныя лесвіцы, якія захапіў з сабой. Я ведаў, што іх ніжнія краі датыкаюцца да зарослай мяккай травой глебы ўнізе, бо загадзя гэта праверыў. Затым я паклікаў сваіх памагатых, і ўтрох мы прыцягнулі з суседняга пакоя шырачэзны ложак з балдахінам, паставіўшы яго ўсутыч да акна. Потым накідалі на дошкі ложка яловага галля і зручна ўладкаваліся на ім, трымаючы напагатове аўтаматычныя вінтоўкі. Мы вырашылі, што адзін з нас будзе на варце, пакуль двое адпачываюць. Адкуль бы ні прыйшоў дэман,
у нас былі шляхі адыходу. Калі ён з’явіцца з глыбіні дома, мы зможам уцячы праз акно па вераўчаных лесвіцах, калі ж уварвецца звонку — скарыстаем дзверы і сходы. Тады нам і ў галаву не прыходзіла, што крывавая бойня, якая адбылася тут месяц таму, можа паўтарыцца і нам трэба рыхтавацца да найгоршага.
Я заступіў на варту апоўначы і ўсяго праз гадзіну раптам адчуў страшную аспаласць, нягледзячы на гнятлівую абстаноўку, неабароненыя вокны і грымоты навальніцы, якая няўхільна набліжалася. Я размясціўся паміж двума маімі спадарожнікамі, Джорджам Бэнэтам, які ляжаў ля акна, і Уільямам Тобі, што ўладкаваўся бліжэй да каміна. Бэнэт спаў — відавочна, яго адолела тая ж анамальная санлівасць, таму я перадаручыў абавязкі вартавога Тобі, хаця ім таксама ўжо авалодвала дрымота. Цікава, што ўвесь гэты час я не мог адарваць позірку ад каміна.
Усё гучнейшыя грымоты паўплывалі на мае мроі, зрабіўшыся прычынай апакаліптычных відзежаў, што наведалі мяне падчас нядоўгага сну. У нейкі момант я напалову абудзіўся, бо чыясьці цяжкая рука ўпала мне на грудзі — пэўна, мой сябар, што спаў побач каля акна, рэзка таргануўся ў сне. Я так да канца і не прачнуўся, каб пераканацца, што Тобі па-ранейшаму стаіць на варце, але ў паўдрымоце адчуў з гэтай нагоды вострую трывогу. Штосьці злое таілася ў цемры, і прысутнасць гэтага зла прыгнятала мяне як ніколі раней. Неўзабаве я зноў праваліўся ў сон, і мой неспакойны розум пачаў нанава маляваць вобразы хаосу калі раптам пранізлівы крык працяў цішыню ночы. Я ніколі яшчэ не чуў, не мог нават уявіць, што жывая істота можа так крычаць. Гэта быў вусцішны енк, поўны пакуты і жаху, роспачны лямант душы, якую схапілі дэманы і са здзеклівым рогатам цягнуць у бездані пекла.
Яшчэ не да канца апрытомнеўшы, я ўслухоўваўся ў гэтыя галашэнні, якія гучалі ўсё цішэй і цішэй, ужо даносячыся аднекуль зусім здалёк, пакуль нарэшце не ператварыліся ў смутнае рэха. Было цёмна, але я адчуваў, што месца справа ад мяне пустуе, і разумеў, што Тобі знік і адзін толькі Бог ведае, куды. Чалавек злева ад мяне не варушыўся, яго цяжкая рука па-ранейшаму ляжала ў мяне на грудзях.
Потым з нябёсаў зрынулася магутная бліскавіца і ўдарыла ў вяршыню гары, раскалоўшы надвое шматвяковы дуб-патрыярх з таўшчэзным камлём. Зямля задрыжэла, і цёмныя скляпенні лесу на імгненне асвяціліся прывідным ззяннем. Калі бліснула маланка, той, хто ляжаў злева ад мяне, раптам падхапіўся, і ў яркім святле бліскавіцы я выразна разгледзеў ягоны цень на кафляным каміне. Тое, што пасля ўбачанага я не звар’яцеў і не памёр на месцы, я лічу невытлумачальным цудам. Гэта напраўду цуд, таму што цень на каміне не быў ценем Джорджа Бэнэта. Ен увогуле не належаў чалавечай істоце. Я ўбачыў выродлівы сілуэт нейкага пякельнага блюзнерства, безназоўнай, бясформеннай мярзоты, чыё існаванне розум адмаўляўся прызнаваць, і ніводзін майстар пяра не знайшоў бы словаў, каб апісаць яе. Яшчэ праз імгненне святло згасла, і я застаўся ў цемрадзі адзін, калоцячыся і скуголячы ад невымоўнага жаху. Джордж Бэнэт і Уільям Тобі згінулі без весткі, не пакінуўшы нават слядоў барацьбы. Больш я іх ніколі не бачыў.
II. Вандроуцы, заспетыя бурай
Пасля жахлівага здарэння ў аточаным лесам асабняку я некалькі дзён плазам праляжаў у пакоі гатэля ў Леферц-Конэрз, звалены з ног нервовай
ліхаманкай. He памятаю, як мне ўдалося дабрацца да аўтамабіля, завесці матор і незаўважна вярнуцца ў мястэчка: у маёй памяці не засталося нічога, апроч велічэзных дрэваў, якія ў цемры здаваліся ўзброенымі волатамі, пагрозлівага бурчання грому і прывідных ценяў паміж спадзістымі курганамі, якімі быў усеяны начны абшар.
Калоцячыся ў ліхаманцы, я прыгадваў той цень на каміне, ад аднаго выгляду якога ледзьве не звар’яцеў. Я ўсведамляў, што ўпершыню ў жыцці амаль твар да твару сутыкнуўся з тагасветным жахам — адной з тых безназоўных пачвар — спараджэнняў вонкавых пустэчаў, чыю злавесную прысутнасць мы часам смутна адчуваем дзесьці на ўскрайку свядомасці, і толькі недасканаласць нашых пачуццяў ахоўвае нас ад гэтага кашмару. Я не мог, не наважваўся вызначыць прыроду істоты, чый цень убачыў у закінутым доме. У тую ноч штосьці ляжала паміж мной і акном, але варта было мне толькі падумаць пра гэта, як нейкі жывёльны страх засцілаў мой розум. Калі б толькі тая істота загыркала, альбо завыла, альбо выбухнула кплівым рогатам, мне б лягчэй было справіцца з перажытым жахам. Але істота маўчала. Яна паклала сваю цяжкую руку, дакладней пярэднюю канцавіну, мне на грудзі... Відавочна, істота мела арганічную прыроду... Ян Мартэнс, у чый пакой я так бесцырымоннаўварваўся, быўпахаваны на могілках недалёка ад асабняка... Я павінен знайсці Бэнэта і Тобі, калі яны яшчэ жывыя... чаму істота забрала менавіта іх, а мяне не кранула?.. Тлумная дрымота душыла мяне, і мроі мае былі цяжкімі.
Неўзабаве я зразумеў, што мушу расказаць каму-небудзь пра гэтае здарэнне, інакш канчаткова з’еду з глузду. Я ўжо вырашыў, што не прыпыню свае по-
шукі стоенага жаху, бо ў тагачаснай сваёй наіўнасці думаў, што няма нічога горшага за нявызначанасць і я мушу даведацца праўду, якой бы жудаснай яна ні была. Я спрабаваў скласці для сябе слушны план дзеянняў у адпаведнасці з новымі абставінамі і разважаў, каму даверыць сваю таямніцу і як асочваць істоту, чый выродлівы цень я бачыў на каміне і якая звалакла ў цемру нябыту двух маіх сяброў. У мястэчку Леферц-Конэрз у мяне амаль не было знаёмых, апроч журналістаў, некаторыя з якіх усё яшчэ заставаліся тут, спадзеючыся высветліць невядомыя дагэтуль падрабязнасці страшнай трагедыі. Амаль усе з іх аказаліся людзьмі добразычлівымі, і я вырашыў, што хтосьці зможа зрабіцца мне кампаньёнам у росіпуках. Мой выбар спыніўся на Артуры Манро, цёмнавалосым хударлявым мужчыне гадоў трыццаці пяці, чые адукацыя, густ, інтэлект і тэмперамент выдавалі ў ім асобу адметную і не абмежаваную агульнапрынятымі правіламі і ўяўленнямі.
У пачатку верасня я расказаў Артуру Манро сваю гісторыю, якую ён выслухаў з непадробнай цікавасцю і спачуваннем. Калі я скончыў аповед, ён падзяліўся са мной сваімі меркаваннямі, выявіўшы надзвычайную праніклівасць і разважлівасць. Апроч таго, ён прапанаваў шэраг практычных рэкамендацый, якія былі сапраўды каштоўнымі, — у прыватнасці, параіў часова адкласці росшукі ў асабняку Мартэнсаў і засяродзіцца на вывучэнні мясцовасці і збіранні гістарычных фактаў. 3 яго ініцыятывы мы прачасалі ўсё наваколле, шукаючы звесткі пра загадкавае сямейства Мартэнсаў, і ў выніку знайшлі чалавека, які захоўваў старыя фамільныя дзённікі, што пралівалі нямала святла на гэтую гісторыю. Таксама мы падрабязна апыталі тых з мясцовых пасяленцаў,
якія яшчэ не паразбягаліся, ахопленыя панікай і жахам, па аддаленых схілах, і нарэшце ўшчыльную наблізіліся да нашай галоўнай задачы — дбайнага і дэталёвага агляду асабняка і навакольных мясцін, так ці інакш звязаных з вусцішнымі легендамі тутэйшых.
Вынікі гэтых росшукаў спачатку не вельмі абнадзейвалі, хаця нам удалося выявіць цікавую заканамернасць: часцей за ўсё крывавыя забойствы здараліся альбо ў непасрэднай блізкасці ад закінутага будынка, альбо ў дзіўнаватым прылеглым лесе, усе дрэвы ў якім здаваліся пашкоджанымі невядомай хваробай. Былі, праўда, і выключэнні: напрыклад, нядаўняя разня, якая зрабілася сумна вядомай на ўвесь свет, адбылася на пустыннай раўніне, поўнасцю пазбаўленай дрэваў і даволі далёка ад асабняка. Што да звычаяў і вонкавага аблічча стоенага жаху, то было цяжка штосьці зразумець з блытаных аповедаў вяскоўцаў, якія палахліва туліліся да сваіх халупін. Перапыняючы адно аднаго, яны расказвалі то пра змеепадобнага волата, то пра грымотнага д’ябла, то пра кажана, то пра грыфа-сцярвятніка, то пра дрэва, якое рухаецца. 3 усяго пачутага мы зрабілі выснову, што таемная істота — несумненна, жывы арганізм, надзвычай чуллівы да электрычных разрадаў, спароджаных навальнічнымі штормамі. I хаця ў некаторых легендах згадвалася крылатая пачвара, мы меркавалі, што яна хутчэй за ўсё перамяшчаецца па паверхні зямлі, пазбягаючы адкрытай прасторы. Адзіным, што заставалася невытлумачальным і ставіла пад сумнеў нашую апошнюю тэорыю, была неймаверная хуткасць, з якой істота рухалася ў пошуках ахвяры.
Пазнаёміўшыся з вяскоўцамі бліжэй, мы прасякнуліся да іх пэўнай сімпатыяй. На гэтых праста-
душных стварэннях ляжала пячатка выраджэння — вынік іх крайняй ізаляванасці ад цывілізаванага свету і кровазмяшэння, непазбежнага ў такіх замкнёных суполках. Яны цураліся чужынцаў, але спакваля прыцярпеліся да нас, а потым нават далучыліся да нашых пошукаў, старанна абшнарваючы навакольныя зараснікі і ператрасаючы кожны куточак занядбанага асабняка. Аднак калі мы папрасілі іх паспрыяць у пошуках Бэнэта і Тобі, яны, страшна засмуціўшыся, адмовіліся. Яны вельмі хацелі нам дапамагчы, але былі перакананыя, што двое маіх сяброў назаўсёды сышлі ў іншасвет — гэтак жа, як і многія з іх супляменнікаў. Відавочна, загадкавыя забойствы і знікненні здараліся ў гэтых мясцінах вельмі часта, прычым не праз драпежных звяроў, якіх даўным-даўно вынішчылі. Штосьці нам падказвала, што неўзабаве тут здарыцца новая трагедыя, і мы з трывогай чакалі развіцця падзей.
Да сярэдзіны кастрычніка мы ў расследаванні не прасунуліся ні на цалю. Ночы стаялі светлыя і ясныя — пэўна, дзякуючы гэтаму новых забойстваў не здаралася. Hi ў асабняку, ні ў наваколлі мы не знайшлі ніякіх слядоў, і марнасць нашых пошукаў змусіла думаць, што стоены жах — усё ж істота бесцялесная. Асабліва нас засмучала тое, што з надыходам халадоў давядзецца спыніць росшукі, балазе вяскоўцы ў адзін голас казалі, што ўзімку дэман звычайна не паказваецца. У адзін з восеньскіх дзён мы з нейкай ліхаманкавай паспешлівасцю, якая межавала з адчаем, апошні раз агледзелі месца здарэння. Вёска, у якую калісьці наведаўся жах, стаяла спусцелая: перапужаныя да смерці пасяленцы пакінулі яе назаўсёды.