Кліч Ктулху
Говард Філіпс Лаўкрафт
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 280с.
Мінск 2017
Пераклала Уладзіслава Гурыновіч
* Беліял, альбо Веліял, Веліяр — дэманічная істота, што спакушае чалавека. Слова ўпершыню сустракаецца ў Бібліі.
СТОЕНЫ ЖАХ
I. Цень на каміне
У неспакойную ноч, калі паветра гуло ад грымотаў, пошукі стоенага жаху прывялі мяне да закінутага асабняка на вяршыні Навальнічнай гары. Прыйшоў я туды не адзін, бо ў тыя часы адчайная безразважнасць яшчэ не была маёй адметнай рысай, нягледзячы на апантанасць рэчамі дзіўнымі і застрашлівымі, праз якую ўсё маё жыццё ператварылася ў несупынны пошук жахлівага як на старонках кніг, так і ў штодзённай рэчаіснасці. Са мной ішлі два мае памагатыя, якіх я паклікаў у свой час. Гэта былі два дужыя дзецюкі, найшчыра мне адданыя, што ўжо доўгі час нязменна суправаджалі мяне ў маіх небяспечных даследаваннях.
Мы пакінулі мястэчка ўпотайкі, каб не трапіць на вочы рэпарцёрам, якія швэндаліся тут ужо цэлы месяц, з таго самага дня, калі паўзучая смерць прыйшла ў гэтыя мясціны, зрынуўшы ўсё наваколле ў бездань панікі і крывавага кашмару. Магчыма, я звярнуся да іх пазней, казаў я сабе, але цяпер не хачу іх нават бачыць. Божа літасцівы! Калі б толькі я ім дазволіў тады далучыцца да маіх росшукаў, мне б не давялося маўчаць так доўга, не наважваючыся падзяліцца сваёй страшнай таямніцай ні з адной жывой душой праз боязь, што людзі палічаць мяне вар’ятам альбо звар’яцеюць самі, даведаўшыся пра жахлівыя
падрабязнасці. Зрэшты, цяпер я кажу пра гэта адкрыта, проста каб не крануцца розумам ад цяжкіх успамінаў, і ўжо нават шкадую, што не расказаў усё раней. Таму што я — адзіны з людзей, хто бачыў у твар той жах, які таіўся на вяршыні самотнай прывіднай гары.
Маленькі аўтамабіль паглынаў мілю за міляй усцяж пракаветных лясоў і ўзгоркаў, пакуль проста на нашым шляху не паўстала лясістае ўзвышша. Пад покрывам ночы, без натоўпаў паліцыянтаў і газетчыкаў, якія ўжо зрабіліся тут звыклымі, гэтая мясцовасць выглядала яшчэ больш злавесна, і мы ледзьве ўтрымаліся ад спакусы запаліць ацэтыленавы ліхтар, разумеючы, што святло можа забраць непатрэбную ўвагу. Штосьці агідна хваравітае прысутнічала ў начным краявідзе, гэта немагчыма было не заўважыць, нават нічога не ведаючы пра нябачны кашмар, які таіўся ў цемры. Дзікія жывёлы тут не вяліся — прыроднае чуццё падказвала ім, што дзесьці паблізу лунае смерць. Старажытныя дрэвы з расколатымі маланкамі камлямі здаваліся ненатуральна вялізнымі і скрыўленымі, іншыя расліны выглядалі ненармальна раздзьмутымі, нібы ад невядомай хваробы, а дзіўнаватыя курганы і пагоркі, што ўздымаліся над зямлёй, зарослай пустазеллем і спярэшчанай глыбокімі выбоінамі — слядамі ад удараў маланак, абрысамі нагадвалі ці то клубкі змей, ці то велізарныя чалавечыя чарапы.
Жах таіўся на Навальнічнай гары ўжо не адно стагоддзе. Я даведаўся гэта з газет, якія паведамлялі пра страшнае бедства, што напаткала нешчаслівы край, адным скокам зрабіўшы яго вядомым на ўвесь свет. Мясцовасць гэтая ўяўляла з сябе адасобленае ўзвышша ў той частцы горнага хрыбта Катскіл, дзе
ўплыў галандцаў быў вельмі слабым і нядоўгачасовым. Некалькі разбураных сядзібаў ды жабрацкія вёсачкі, параскіданыя па пустынных схілах і населеныя вартымі жалю выраджэнцамі, — усё, што засталося тут ад гордых нашчадкаў каланістаў. Цывілізаваныя людзі нячаста наведвалі гэтыя краі, пакуль тут не арганізавалі мясцовую паліцыю, але нават цяпер тут толькі зрэдку можна сустрэць нешматлікія паліцэйскія патрулі. Тым не менш навакольныя вёсачкі былі проста апантаныя жахам, легенды пра яго былі ўлюбёнай тэмай гутарак прастакаватых мяшанцаў якія раз-пораз пакідалі свае даліны, каб абмяняць самаробныя плеценыя кошыкі на ежу, якую не маглі здабыць на паляванні альбо вырасціць самі, і хатняе начынне, якое не ўмелі майстраваць.
Стоены жах пасяліўся ў самотным і занядбаным асабняку Мартэнсаў, які вянчаў вяршыню ўступістага ўзвышша, названага Навальнічнай гарой праз жудасныя буры з маланкамі, што часта бушавалі над гэтай мясцовасцю. Ужо болып за стагоддзе стары каменны дом у атачэнні лесу быў прадметам неймаверных чутак, у роўнай ступені дзікіх і вычварных — чутак пра паўзучую смерць, велічэзную і маўклівую, якая штолета блукае наваколлем у пошуках ахвяры. Тутэйшыя жыхары з дрыготкай у голасе расказвалі гісторыі аб нейкім дэмане: маўляў, падпільноўвае ў цемры самотных вандроўнікаў, чые мёртвыя целы потым знаходзяць у жахлівым стане, абгрызеныя і параздзіраныя на кавалкі. Некаторыя шэптам паведамлялі пра крывавыя сляды, што цягнуцца ажно да закінутага асабняка. <Адны сцвярджалі, што грымоты ў нябёсах абуджаюць жах, які дрэмле ў самотным доме. Іншыя меркавалі, што грымоты — гэта і ёсць голас жаху.
Ніхто за межамі лясной глухмені не верыў у тыя блытаныя і супярэчлівыя балачкі з іх бязладнымі, часам дарэшты вар’яцкімі апісаннямі дэмана, якога ніхто асабліва не бачыў. У сваю чаргу, ніводзін мясцовы фермер ці селянін не сумняваўся, што ў доме Мартэнсаў тояцца пачвары і прывіды: існаванне нячысцікаў лічылася тут неаспрэчнай ісцінай, хаця пабачыць іх на свае вочы не пашчасціла яшчэ нікому з цікаўных, якія ўпотайкі наведвалі стары дом, уражаныя асабліва яркімі аповедамі, пачутымі ад тутэйшых. Мясцовыя старажылы расказвалі дзіўныя паданні пра прывідаў дома Мартэнсаў і легенды пра само сямейства Мартэнсаў, пра незвычайныя рознакаляровыя вочы — іхную спадчынную прыкмету, пра іх доўгі заблытаны радавод, а таксама пра забойства, якое зрабілася іхным праклёнам.
Змрочныя легенды горцаў увасобіліся самым злавесным і нечаканым чынам пасля жахлівага здарэння, якое і прывяло мяне ў гэтую глухмень. Адной летняй ноччу, калі толькі сціхлі апошнія грымоты надзвычай лютай і неўтаймаванай навальніцы, усё наваколле скаланулася ад ляманту. Цэлыя натоўпы вяскоўцаў беглі па схілах, гнаныя страхам і панікай, і тое, што іх напалохала, магло быць чым заўгодна, але толькі не гульнёй фантазіі. 3 плачам і енкам няшчасныя тубыльцы расказвалі пра безназоўны жах, які абрынуўся на іх. У апошнім яны не сумняваліся, хаця і не бачылі таго жаху на свае вочы. Аднак яны чулі немыя крыкі, што даносіліся з аднаго з навакольных паселішчаў, і гэта значыла адно: туды прыйшла паўзучая смерць.
Раніцой местачкоўцы і ўзброеныя паліцыянты рушылі ўслед за змярцвелымі ад страху горцамі ў селішча, адкуль уначы чуліся крыкі. Туды сапраўды наведа-
лася смерць. Ад удару маланкі зямля пад вёскай расселася, знішчыўшы некалькі ўбогіх халупаў аднак гэтыя разбурэнні здаваліся дробяззю ў параўнанні з чалавечымі ахвярамі. 3 прыкладна сямідзесяці пяці чалавек, якія насялялі вёску, ніводнага не знайшлі жывым. Разварочаную зямлю заліло крывёй, і ўсюды былі параскіданыя кавалкі чалавечых целаў са слядамі зубоў і кіпцюроў: выдавала на тое, што сюды наведалася нейкая дэманічная істота, учыніла крывавае баляванне і сышла, не пакінуўшы пасля сябе ні знаку. Усе прысутныя аднадушна пагадзіліся, што гэта зрабіла нейкая драпежная жывёліна, бо ніхто не наважыўся абвінаваціць у страшным злачынстве сваіх супляменнікаў, хаця такія масавыя забойствы былі звыклай справай у суполках тамтэйшых выраджэнцаў. Пра гэтую версію ўспомнілі толькі пасля таго, як знайшліся дваццаць пяць ацалелых жыхароў знішчанай вёскі, якім пашчасціла пазбегнуць смерці. але нават тады цяжка было растлумачыць, якім чынам гэтай жменьцы вяскоўцаў удалося расправіцца з амаль паўсотняй чалавек. Дакладна вядома было адно: у летнюю ноч гром зрынуўся з нябёсаў і вынішчыў цэлую вёску, пакінуўшы на зямлі дзясяткі мёртвых целаў, страшна абязвечаных і раздзёртых на шматкі.
Узрушаныя сяляне адразу ж звязалі гэтае здарэнне з праклятым домам Мартэнсаў, хаця месціўся ён ажно за тры мілі ад месца злачынства. Паліцыянты паставіліся да версіі скептычна. Агледзеўшы мімаходзь асабняк і пераканаўшыся, што ў ім ужо доўгі час ніхто не жыве, яны страцілі да яго цікавасць. Тутэйшы люд, аднак, быўнастроены рашуча. Сяляне з зайздроснай руплівасцю абшукалі ўсё наваколле, учыніўшы сапраўдны ператрус у старым доме, а таксама праверылі сажалкі і ручаі, абшнарылі хмызнякі
і прачасалі прылеглыя лясы. Але ўсё было дарэмна: жах, які наведаўся ў гэты край, прынёсшы з сабою смерць і разбурэнні, не пакінуў аніякіх слядоў.
На наступны дзень пра жудасную разню трубілі ўсе газеты, і натоўпы рэпарцёраў штурмавалі схілы Навальнічнай гары. Газетчыкі распісалі гэтае здарэнне надзвычай дэталёва і ўзялі мноства інтэрв’ю ў тутэйшых старых, спадзеючыся праліць хоць крыху святла на гэтую цьмяную таямніцу. У мяне, вядомага знаўцы жахаў, журналісцкія справаздачы спачатку выклікалі толькі нудоту, аднак праз тыдзень я раптам зразумеў, што гэтая гісторыя мяне захапіла. Тамубжніўня 1921 году я прыбыўу Леферц-Конэрз, мястэчка паблізу Навальнічнай гары, дзе размяшчалася штаб-кватэра следчых, і спыніўся ў мясцовым гатэлі, літаральна наводненым журналістамі. Яшчэ праз тры тыдні газетчыкі збольшага раз’ехаліся, і цяпер мне нішто не замінала распачаць уласныя пошукі на падставе звестак і сведчанняў відавочцаў, якія я дбайна загадзя сабраў.
Ля падножжа гары я заглушыў матор і разам з двума ўзброенымі памагатымі выйшаў з аўтамабіля. Наўкол панавала глухая летняя ноч, і дзесьці ўдалечыні бурчала водгулле навальніцы. У святле электрычных ліхтарыкаў мы прасоўваліся да вяршыні гары, і неўзабаве наперадзе, між камлямі велічэзных дубоў, замаячылі шэрыя сцены асабняка. У гэтую непагодлівую ноч грувасткія, цьмяна асветленыя абрысы будынка рабілі асабліва гнятлівае ўражанне, якое, напэўна, не развейвалася наватудзень, аднак я, не вагаючыся, ішоў наперад з цвёрдым намерам разгадаць таямніцу. Я меркаваў, што навальніца выклікае дэмана смерці з якогасьці патаемнага
сховішча. Я не ведаў дакладна, матэрыяльная яго прырода ці ён бясплотны прывід, але ў любым выпадку разлічваў сёння яго ўбачыць.
Напярэдадні я старанна абшукаў гэтыя руіны, вызначыўшы далейшы план дзеянняў. Назіральным пунктам я выбраў былы пакой Яна Мартэнса, чыё забойства часта згадвалася ў мясцовых легендах. Чуццё падказвала мне, што жытло няшчаснай ахвяры, загінулай шмат гадоў таму, як найлепш адпавядае маім мэтам. Пакой памерам каля дваццаці квадратных футаў, загрувашчаны струхлелай паламанай мэбляй, размяшчаўся на другім паверсе ў паўднёваўсходнім крыле асабняка. У пакоі былі два вокны, абодва без шыбаў і аканіц. Адно з іх, большае, глядзела на ўсход, другое ж, маленькае і вузкае, знаходзілася ў паўднёвым баку пакоя. Насупраць вялікага акна быў вялікі галандскі камін, аблямаваны каляровай кафляй з выяўленай на ёй біблейскай прыпавесцю пра блуднага сына, а каля вузейшага стаяў прасторны ложак, уштукаваны ў сцяну.