Кліч Ктулху
Говард Філіпс Лаўкрафт
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 280с.
Мінск 2017
Вісклівыя ўвішныя цені барвовага вар’яцтва, якія палявалі адзін на адзін пад бясконцымі скляпеннямі крывава-фіялетавых нябёс, разадраных маланкамі... бясформенныя здані і калейдаскапічнае мільгаценне прывідных вобразаў, лясы з пачварнымі раздзьмутымі дрэвамі, чые карані, пераплеценыя, як змеі, смакталі атруту з могілкавай зямлі, зрытай і спаскуджанай мільёнамі дэманаў-канібалаў, курганы-спруты, сляпыя шчупальцы падземнага жаху, шалёныя бліскавіцы па-над струхлелымі сценамі, зарослымі плюшчом, і пякельныя аркады, аплеценыя цвіллю... Мой розум памуціўся, але, дзякуй Богу, інстынкт прывёў мяне да чалавечага жытла, у ціхую вёску, якая мірна спала пад ясным зорным небам.
Мне спатрэбіўся тыдзень, каб апрытомнець, пасля чаго я выклікаў з Олбані каманду падрыўнікоў. Асабняк Мартэнсаў і ўсю вяршыню Навальнічнай гары абклалі дынамітам і ўзарвалі. Я паклапаціўся таксама, каб усе курганы-кратавіны, што ўдалося выявіць, былі надзейна замураваныя, а яшчэ мы знішчылі некалькі асабліва выродлівых, раздзьмутых ад трупных сокаў дрэваў, само існаванне якіх абражала здаровы сэнс. Пасля гэтага я здолеў нарэшце заснуць, але ўжо ніколі не зведаю сапраўднага спакою — ніколі, пакуль са мной страшная таямніца стоенага жаху. Аж да скону мяне будзе грызці страх, бо я не магу быць упэўнены, што гэтых істот знішчылі ўсіх да адной і жах не хаваецца дзесьці яшчэ. Ці магу я быць спакойным за сваю будучыню, ведаючы пра тое, што тоіцца ў безназоўных падземных пустотах? Цяпер я не ў стане глядзець без дрыжыкаў на калодзеж альбо ўваходу метро... чамулекары ніяк не знойдуць сродак, які прымусіць мяне спаць альбо дасць мне заспакаенне, калі грукоча гром?
Toe, што я ўгледзеў у святле ліхтарыка пасля Taro як застрэліў пачвару, было такім простым, што мінула амаль хвіліна, перш чым я ўсвядоміў сэнс убачанага, і тады розум мой памуціўся. Гэта было невыносна агіднае, брудна-бялёсае гарылападобнае стварэнне з вострымі жоўтымі ікламі і зблытанай поўсцю, апошняя, самая нізкая ступень чалавечай дэградацыі, страшны вынік жыцця ў ізаляцыі, кровазмяшэння і пажырання да сябе падобных на зямлі і пад зямлёй, рыклівае, ашчэранае ўвасабленне першабытнага хаосу і лютасці. Здыхаючы, істота паглядзела на мяне, і я ўбачыў яе вочы. Тыя самыя дзіўныя вочы, якія ўперыліся ў мяне з цемры тунэля, абуджаючы туманныя ўспаміны. Адно вока было сіняга колеру, другое — карычневага. Рознакаляровыя мартэнсаўскія вочы са старых паданняў. I, гледзячы ў вочы жаху, я зразумеў, у што ператварыліся Мартэнсы, заняпалы род з гэтага выклятага, скатаванага навальніцамі краю.
Пераклала Уладзіслава Гурыновіч
ПАЦУКІ У СЦЕНАХ
16 ліпеня 1923 году, калі рэстаўрацыйныя працы скончыліся, я перасяліўся ў Эксхэм-Праяры. Аднаўленне маёнтка было справай няпростай, бо ад будынка, некалі велічнага, засталіся толькі груды руін ды рэшткі абваленых сцен, аднак я не лічыўся з выдаткамі, бо тут знаходзілася родавае гняздо маіх продкаў. Замак стаяў закінуты яшчэ з часоў караля Якава I — менавіта тады адбылася жудасная трагедыя, калі пры загадкавых акалічнасцях загінулі гаспадар маёнтка, пяцёра яго дзяцей, а таксама некалькі слуг. Адзіным з усяго злашчаснага роду, хто застаўся жывы, быў трэці сын барона, мой продак, якому давялося пакінуць краіну, ратуючыся ад пераследу. Абвінавачаны ў забойстве і пазбаўлены спадчыннай маёмасці, якая адышла да кароны, ён нават не спрабаваў апраўдаць сябе альбо вярнуць сваю ўласнасць. Ахоплены жахам перад чымсьці горшым, чым пакуты сумлення або пераслед уладаў, і жадаючы толькі аднаго — назаўсёды выкрасліць з памяці старажытны замак і ніколі яго больш не бачыць, Уолтэр дэ ла Поэр, адзінаццаты барон Эксхэмскі, збег у Вірджынію. Там ён зрабіўся родапачынальнікам сямейства, якое праз стагоддзе стала вядомым пад прозвішчам Дэлапоэр.
3 тых часоў у маёнтку Эксхэм-Праяры ніхто не жыў, хаця пазней яго перадалі сямейству Норысаў. Сам стары замак, дзякуючы сваёй вычварнай
архітэктуры, забіраў увагу шматлікіх даследчыкаў. Гатычныя вежы былі надбудаваныя над ранейшым саксонскім ці раманскім гмахам, падмуркі якога, у сваю чаргу, былі яшчэ старажытнейшага стылю ці сумесі стыляў — рымскага ці нават друідскага і сапраўднага кімрскага’. Гэты падмурак быў па-свойму ўнікальны: з аднаго боку ён ушчыльную прымыкаў да вапняковай скалы, з краю якой як на далоні бачная была пустынная даліна, што ляжала за тры мілі на захад ад вёсачкі пад назвай Энчэстэр. Архітэктары і аматары старажытнасцяў з асалодай даследавалі гэты дзіўны рэлікт мінуўшчыны, аднак тутэйшыя вяскоўцы адчувалі да яго непрыязнасць. Яны ненавідзелі гэты замак яшчэ стагоддзі таму, калі тут жылі мае продкі, недалюблівалі яго і цяпер, калі ён стаяў закінуты і зарослы мохам і цвіллю. Ледзь паспеўшы прыбыць у Энчэстэр, я даведаўся, што над усім маім родам пануе праклён. А на гэтым тыдні рабочыя ўзарвалі маёнтак Эксхэм-Праяры і цяпер руйнуюць падмуркі, каб ад старой кладкі не засталося і знаку.
Пра свой радавод я меў толькі самае агульнае ўяўленне. Мне было вядома, што мой першы амерыканскі продак з’ехаў у калоніі пры вельмі цьмяных абставінах, аднак што да падрабязнасцяў я быў у поўным няведанні, бо ў сямействе Дэлапоэр захоўваўся звычай памоўчваць пра сваё мінулае. У адрозненне ад нашых суседзяў-плантатараў, мы не хваліліся продкамі — удзельнікамі крыжовых паходаў альбо выбітнымі асобамі часоў Сярэднявечча ці Рэнесансу. Ніякіх сямейных рэліквій у нас таксама не было, апроч хіба запячатанага канверта, які да пачатку Грамадзянскай вайны перадаваўся старэйшаму сы-
* Кімры — старажытная саманазва валійцаў.
ну ад бацькі з прадпісаннем адкрыць толькі пасля смерці апошняга. Усё, чым мог ганарыцца наш род, мы здабылі пасля перасялення ў Вірджынію, і прадстаўнікі амерыканскай лініі Дэлапоэраў шанаваліся ў грамадстве, хаця і лічыліся трохі замкнутымі і негаваркімі.
Вайна перавярнула наш лёс: Карфакс, наш маёнтак на беразе ракі Джэймс, спалілі, і ў гэтым пагроме загінуў мой дзед, які быўужо ў вельмі сталым веку, а разам з ім і канверт, што звязваў усіх нас з нашай мінуўшчынай. Мне было тады сем гадоў, але я добра помню той дзень — выкрыкі жаўнераў-федэралаў, лямант жанчын, выццё і малітвы мурынаў. Мой бацька быў у войску, абараняючы Рычманд, і пасля доўгай валакіты нам з маці ўдалося перабрацца праз лінію фронту і далучыцца да яго. Калі вайна скончылася, мы ўсе разам рушылі на Поўнач, адкуль была родам мая маці. Там я вырас, узмужнеў і нажыў багацце, канчаткова ператварыўшыся ў флегматычнага янкі. Hi мой бацька, ні я так ніколі і не даведаліся, што хаваў наш спадчынны канверт. Уцягнуўшыся ў шэрыя будні масачусэтскага дзелавога жыцця, я страціў цікавасць да таямніц, якіх, відавочна, было нямала ў шматвяковай гісторыі нашага роду. Калі б я толькі здагадваўся, што гэта былі за таямніцы, я без ваганняў пакінуў бы Эксхэм-Праяры ва ўладзе імхоў, кажаноўды павуціння.
Мой бацька памёр у 1904 годзе, не пакінуўшы ніякага паслання ні мне, ні майму адзінаму сыну Альфрэду, дзесяцігадоваму хлопчыку, якога я выхоўваў без маці. Менавіта мой сын зламаў традыцыю маўчання, якая так доўга трывала ў нашым сямействе. Сам я не мог паведаміць яму пра наш радавод нічога пэўнага, за выключэннем некаторых не вельмі
сур’ёзных здагадак. Аднак падчас Сусветнай вайны, калі ён зрабіўся афіцэрам авіяцыі і ў 1917 годзе па службовым абавязку трапіў у Англію, ён апісаў мне ў лістах некалькі надзвычай цікавых легендаў пра нашых продкаў. Відавочна, гісторыя Дэлапоэраў была яскравай і нават злавеснай, бо сябар майго сына, Эдвард Норыс, капітан Каралеўскіх ваенна-паветраных сіл, жыў паблізу Энчэстэра, дзе знаходзіўся наш фамільны замак, і з дзяцінства ведаў мясцовыя паданні, некаторыя з якіх былі такімі вар’яцкімі і фантастычнымі, што ім мог пазайздросціць і раманіст. Капітан Норыс, вядома, не ставіўся да гэтых балачак усур’ёз, аднак майго сына яны зацікавілі, і ён вырашыў падзяліцца імі са мной. Гэтыя легенды абудзілі ўва мне інтарэс да заакіянскіх продкаў, і ўрэшце я вырашыў набыць і аднавіць наш родавы замак, які ў той час уяўляў сабой груду маляўнічых руін. Норыс паказаў іх Альфрэду і прапанаваў выкупіць у цяперашняга ўладальніка — яго роднага дзядзькі — за вельмі нязначную суму.
Я купіў Эксхэм-Праяры ў 1918 годзе, але неўзабаве мусіў адмовіцца ад планаў па яго аднаўленні, таму што мой сын вярнуўся з вайны інвалідам. Ен пражыў яшчэ два гады, і я цалкам прысвяціў сябе клопату пра яго, перадаручыўшы вядзенне справаў партнёрам. У 1921 годзе я застаўся адзін — без сям’і, без мэты ў жыцці. Свой бізнэс я закінуў, маладосць мая даўно прайшла, і я вырашыў прабавіць рэшту сваіх дзён у нованабытым родавым маёнтку. У снежні я наведаўся ў Манчэстэр, дзе сустрэўся з капітанам Норысам — таўставатым, вельмі прыязным маладым чалавекам. Норыс, які з вялікай пашанай ставіўся да майго сына, прапанаваў мне дапамогу ў збіранні старых выяваў і паданняў, якімі можна ска-
рыстацца падчас рэстаўрацыйных працаў. Маёнтак Эксхэм-Праяры не абудзіў ува мне асаблівых пачуццяў. Сярэднявечны замак, што стаяў у небяспечнай блізкасці ад краю абрыву, быў грудай спарахнелых руін, пакрытых лішайнікамі і аблепленых гнёздамі гракоў. У замку не захавалася ні перакрыццяў паміж паверхамі, ні фрагментаў інтэр’еру, ацалелі толькі каменныя сцены ды асобныя вежы.
Спакваля я аднавіў вобраз таго замка, якім ён быў тры стагоддзі таму, да таго як яго пакінулі мае продкі, і пачаў наймаць рабочых для аднаўленчых прац. Шукаць працаўнікоў мне давялося далёка за межамі Энчэстэра, бо мясцовыя жыхары адчувалі невытлумачальны страх і непрыязнасць да нашага родавага гнязда. Гэтае пачуццё тычылася як самога замка, так і ўсяго нашага роду, і было такім моцным, што часам перадавалася нават наёмным рабочым, у выніку чаго некаторыя з іх проста кідалі працу і збягалі.
Расказваючы пра свае вандроўкі ў Энчэстэр, мой сын згадваў дзіўную варожасць, з якой ставіліся да яго тутэйшыя — пэўна, таму, што ён быў адным з дэ ла Поэраў. 3 гэтай непрыязнасцю давялося сутыкнуцца і мне — відавочна, з той жа самай прычыны, хоць я імкнуўся пераканаць сялян, што амаль не маю дачынення да старажытнага роду. Аднак іх агіда да мяне ні на каліва не паменшала, і я мог збіраць мясцовыя паданні толькі пры пасярэдніцтве Норыса. Напэўна, гэтыя людзі не маглі дараваць мне намеру аднавіць маёнтак Эксхэм-ІІраяры, які зрабіўся для іх увасабленнем брыдоты і які яны лічылі не чым іншым, як логавам дэманаў і пярэваратняў.