Кліч Ктулху
Говард Філіпс Лаўкрафт
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 280с.
Мінск 2017
Склаўшы разам паданні, сабраныя Норысам, і дапоўніўшы іх сведчаннямі навукоўцаў, якія даследавалі руіны замка, я зрабіў выснову, што маёнтак Экс-
хэм-Праяры стаяў на месцы старажытнага храма, пабудаванага яшчэ ў часы друідаў альбо нават раней, і, імаверна, быў равеснікам Стоўнхэнджа. He падлягала сумневу, што калісьці тут ладзіліся жудасныя абрады, якія, калі верыць легендам, у наступным спалучыліся з культам Кібелы, прынесеным сюды рымлянамі. На сценах сутарэння ўсё яшчэ можна было разабраць паўсцёрты надпіс: «DIV . . . OPS . . . MAGNA. MAT ...» — зварот да Magna Mater, Вялікай Багіні-Маці, чый змрочны культ быў распаўсюджаны ў Рымскай імперыі, нягледзячы на ўсе забароны. У тыя часы на месцы вёскі Энчэстэр размяшчаўся лагер трэцяга імператарскага легіёна, пра што сведчаць шматлікія археалагічныя знаходкі, а паводле паданняў, тут таксама стаяў велічны храм — капішча Кібелы. Казалі, быццам культ багіні меў мноства прыхільнікаў, іў капішчы, дзе верхаводзіў фрыгійскі жрэц, ладзіліся дзіўныя цырымоніі. Калі мясцовыя вераванні заняпалі, жрацы быццам прынялі новую рэлігію, але толькі вонкава, і блюзнерскія рытуалы ў капішчы працягваліся. Храм, які выстаяў пасля падзення Рымскай імперыі, у часы саксаў быў перабудаваны, набыўшы выгляд, які збольшага захаваўся аж да сённяшніх дзён. Менавіта тады ён зрабіўся цэнтрам нейкага злавеснага культу, які ў эпоху англасаксонскай гептархіі наводзіў жах на палову Брытаніі. У летапісе, які датуецца прыкладна тысячным годам нашай эры, згадваецца ўжо не храм, а каменны кляштар, які належаў загадкаваму і магутнаму манаскаму ордэну. Вакол кляштара, акружанага вялізным садам, не было агароджаў, бо люты жах, які адчувалі перад ім мясцовыя жыхары, быў больш надзейнай перашкодай, чым любыя сцены. Кляштар ацалеў падчас нашэсця данаў, аднак пасля нарманскага зава-
явання, відавочна, прыйшоў у заняпад. У 1261 годзе кароль Генрых III падараваў будынак былога кляштара майму продку, Гілберту дэ ла Поэру, які зрабіўся першым баронам Эксхэмскім.
Да гэтага часу рэпутацыя маіх продкаў была бездакорнай, але потым здарылася штосьці невытлумачальнае. У адным з летапісаў 1307 году барон дэ ла Поэр згадваецца як «пракляты Богам», а ў мясцовых паданнях замак, пабудаваны на падмурках старажытнага капішча, паўстае як асяродак усялякага зла. Гэтыя казкі здаваліся асабліва застрашлівымі праз нейкую баязлівую недамоўленасць і змрочныя намёкі. Паводле легенд, мае продкі былі сапраўднымі пачварамі і выпладкамі пекла, у параўнанні з якімі Жыль дэ Рэ альбо маркіз дэ Сад здаліся б рахманымі авечкамі, а тутэйшыя сяляне ледзь не наўпрост абвінавачвалі дэ ла Поэраў у загадкавых знікненнях людзей, што здараліся тут цягам жыцця многіх пакаленняў
Самымі агіднымі персанажамі ў гэтых легендах былі, канечне, бароны Эксхэмскія і іх прамыя нашчадкі. Калі хтосьці са спадчыннікаў раптам аказваўся добрапрыстойным чалавекам, казалі паданні, ён непазбежна паміраў — як правіла, вельмі маладым і пры цьмяных акалічнасцях, і ўладальнікам замка рабіўся чарговы ліхадзей. Сямейства барона быццам вызнавала нейкі таемны культ, якім верхаводзіў гаспадар дома, і часам у замку ладзіліся рытуалы, да ўдзелу ў якіх дапускаліся толькі выбраныя чальцы сям’і. Грунтаваўся гэты культ не столькі на кроўных сувязях, колькі на асабістых схільнасцях, бо яго адэптамі рабіліся таксама людзі, якія не належалі да роду дэ ла Поэраў. Мясцовыя паданні апавядаюць пра лэдзі Маргарэт Трэвар з Корнуала, жонку Год-
фры дэ ла Поэра, якая звяла са свету мноства дзяцей ва ўсёй акрузе, а на памежжы з Уэльсам аж дагэтуль захавалася старадаўняя балада пра жахлівую жанчыну-дэмана. У змрочных старых баладах таксама згадваецца, хаця ўжо ў іншым ключы, лэдзі Мэры дэ ла Поэр, якая пабралася шлюбам з графам Шрусфілдам, а неўзабаве пасля вяселля муж і ягоная маці забілі яе. Калі падчас споведзі забойцы паведалі святару прычыны, якія штурхнулі іх на гэтае злачынства, святы айцец блаславіў іх, адпусціўшы ўсе грахі.
Гэтыя міфы і паданні, спароджаныя невуцтвам і прымхамі, выклікалі ў мяне агіду. Мяне асабліва раздражняла тое, што ва ўсіх брыдкіх гісторыях нязменна прысутнічалі мае продкі, хаця я і не мог неўспомніць малапрыемны скандал, які непасрэдна датычыў аднаго з маіх сваякоў. Мой стрыечны брат, малады Рэндалф Дэлапоэр з Карфакса, пасля вяртання з мексіканскай вайны сышоўся з мурынамі, якія практыкавалі культ вуду, і зрабіўся кімсьці накшталт жраца.
Значна менш мяне ўражвалі змрочныя паданні пра выццё і крыкі, якія разносіліся над бясплоднай, адкрытай усім вятрам далінай ля падножжа вапняковай скалы, пра смурод разлажэння, які адчуваўся тут пасля вясновых дажджоў, пра агідную бялёсую істоту, што з віскам кінулася пад капыты каня сэра Джона Клэйва, які ехаў уночы праз пустыннае поле, і пра аднаго служку, які звар’яцеў, пры святле дня ўбачыўшы, што хавалася за сценамі замка. У тыя часы я быў зацятым скептыкам, і гэтыя аповеды здаваліся мне звычайнымі балачкамі пра прывідаў. Чуткі пра знікненні сялян выглядалі больш праўдападобнымі — зрэшты, у эпоху Сярэднявечча такія здарэнні не былі чымсьці незвычайным. Смерць
магла быць расплатай за празмерную цікаўнасць, і адсечаныя галовы небарак выстаўляліся для ўсеагульнага агляду на крапасной сцяне, якая калісьці атачала Эксхэм-Праяры.
Некаторыя з гэтых аповедаў былі вельмі маляўнічыя, і я нават шкадаваў, што не вывучаўу маладосці параўнальную міфалогію. Тут, напрыклад, існавала павер’е, нібыта ў замку штоночы ладзяцца шабасы, на якія злятаюцца цэлыя легіёны чарцей з крыламі кажаноў, а плады і гародніна з урадлівых садоў вакол замка нібыта служаць гэтым нячысцікам ежай. Але самым яскравым было паданне пра пацукоў. Роўна праз тры месяцы пасля разні ў Эксхэм-Праяры, у якой загінулі гаспадары маёнтка, з муроў замка выкацілася цэлая лавіна пацукоў і рушыла наўпрост на вёску. Полчышчы агідных стварэнняў ішлі, зжыраючы ўсё на сваім шляху — хатнюю птушку, катоў, сабак, свіней і авечак, — і лютасць іх сцішылася толькі пасля таго, як яны жыўцом з’елі двух вяскоўцаў. Тут існаваў цэлы цыкл легенд пра пацучынае нашэсце, бо тая навала закранула кожнага, хто жыў паблізу маёнтка, і не дзіва, што тутэйшыя аж дагэтуль згадвалі яе з жахам і праклёнамі.
Такімі былі паданні, што атачалі маё родавае гняздо, якое я са старэчай упартасцю імкнуўся адрадзіць. Я быўчалавекам адукаваным, і не вартадумаць, што гэтыя казкі неяк паўплывалі на мой душэўны стан. Апроч таго, капітан Норыс увесь час падтрымліваў і заахвочваў мяне, а знаўцы старажытнасцяў, з якімі я дачыняўся, істотна дапамаглі ў аднаўленні замка. Праз два гады рэстаўрацыйныя работы скончыліся. Я адчуваў гонар, аглядаючы прасторныя пакоі з ашаляванымі сценамі і скляпеністымі столямі, шматстворкавыя вокны і шырокія лесвіцы. Вяліз-
ныя грашовыя выдаткі поўнасцю сябе апраўдалі. Кожная рысачка Сярэднявечча была дбайна ўзноўленая, а сучасныя дэталі ідэальна спалучаліся са старажытнымі сценамі і падмуркамі. Адрадзіўшы дом сваіх продкаў, я захацеў вярнуць добрую славу старадаўняму роду, чыім апошнім прадстаўніком я быў. Я вырашыў пасяліцца тут і ўласным прыкладам давесці, што дэ ла Поэры (я вярнуў арыгінальнае напісанне нашага прозвішча) насамрэч зусім не пачвары і не ворагі чалавецтва. Таксама мяне абнадзейвала думка, што маёнтак Эксхэм-Праяры, захаваўшы свае сярэднявечныя рысы, усярэдзіне быў цалкам адноўлены, а значыць, вольны ад старых праклёнаў і зданяў.
Такім чынам, 16 ліпеня 1923 году я пераехаў у Эксхэм-Праяры. Разам са мной у маёнтак прыбылі сямёра маіх слуг, а таксама дзевяць катоў, якіх я вельмі любіў. Самага старога з катоў на імя Мурын, якому было ўжо сем гадоў, я прывёз з дому ў Болтане, астатнія прыблудзіліся да мяне, калі я гасцяваў у капітана Норыса падчас рэстаўрацыі замка. Наступныя пяць дзён прайшлі мірна і спакойна. Я прыводзіў да ладу звесткі пра сваіх продкаў. Нядаўна мне трапілася некалькі даволі падрабязных сведчанняў пра разню ў замку і ўцёкі Уолтэра дэ ла Поэра — мабыць, менавіта пра гэтае здарэнне гаварылася ў рукапісе, страчаным падчас пажару ў Карфаксе. Як вынікала з гэтых папераў, майго продка падазравалі ў крывавым злачынстве зусім не беспадстаўна. Усе чальцы ягонай сям’і, за выключэннем чатырох давераных слуг, былі жорстка забітыя ў сне. Адбылося гэта дзесьці праз два тыдні пасля таго, як Ўолтэр дэ ла Поэр зрабіў нейкае жахлівае адкрыццё — настолькі жахлівае, што змяніла яго назаўсёды, і ён не сказаў пра гэта нікому, апроч, магчы-
ма, тых чатырох прыслужнікаў, якія зрабіліся яго суўдзельнікамі, а потым збеглі разам з ім.
Сяляне не вельмі засмуціліся, даведаўшыся пра разню, ахвярамі якой сталі родны бацька, тры браты і дзве сястры забойцы, а судовыя ўлады быццам наўмысна пусцілі справу на самацёк і дазволілі злачынцу без перашкодаў пакінуць Англію, пазбегшы пакарання. Мясцовыя жыхары лічылі, што мой продак збавіў зямлю ад страшнага праклёну. Цяжка сказаць, што магло штурхнуць Уолтэра дэ ла Поэра на такі ўчынак. Наўрад ці гэта былі застрашлівыя гісторыі пра яго сямейства, якія ён, напэўна, ведаў з дзяцінства. Можа, ён зрабіўся сведкам нейкага блюзнерскага старажытнага абраду альбо натрапіў на якісьці злавесны знак у замку ці ў наваколлі? Ён застаўся ў памяці сваіх брытанскіх суайчыннікаў як далікатны і сарамлівы юнак, а ў Вірджыніі яго ведалі як чалавека трохі знерваванага і быццам чымсьці запалоханага, але ні ў якім разе не жорсткага. У прыватным дзённіку вядомага джэнтльмена-авантурыста Фрэнсіса Харлі з Бэлв’ю ён згадваецца як чалавек бездакорнага сумлення, гонару і такту.
22 ліпеня адбыўся выпадак, якому я не надаў асаблівага значэння, але які, як выявілася пазней, паклаў пачатак цэламу ланцугу злавесных падзей. Усё выглядала занадта будзённа, каб здзівіць мяне ці насцярожыць, дый ніякіх прычын для неспакою ў мяне не было: старажытныя сцены былі цалкам адноўленыя, мяне атачала вымуштраваная прыслуга, і нягледзячы на змрачнаватае асяроддзе, было бязглузда чагосьці асцерагацца. Адзінае, на што я звярнуў тады ўвагу, былі дзіўныя паводзіны майго старога чорнага ката. Гультаяваты ад прыроды, ён раптам зрабіўся неспакойным і ўзрушаным, што зусім
не адпавядала ягонаму характару, і пачаў трывожна кідацца з пакоя ў пакой, несупынна прынюхваючыся да сценаў. Я разумею, што гучыць гэта недарэчна, але мне мімаволі прыгадаўся сабака з аповедаў жахаў, які гырканнем папярэджвае гаспадара пра з’яўленне прывіду.