Кліч продкаў | Белы Ікол | Любоў да жыцця
Джэк Лондан
Для старэйшага школьнага ўзросту
Выдавец: Полымя
Памер: 334с.
Мінск 1997
Як толькі Мерседэс пакідала Чарльза і Хэла ў спакоі, яны пачыналі сварыцца паміж сабой. Кожны быў глыбока перакананы, што ён робіць большую частку работы, і пры кожным зручным выпадку заяўляў пра гэта. А Мерседэс прымала то бок мужа, то брата,— і пачыналіся бясконцыя сямейныя сцэны. Завядуць, напрыклад, спрэчку, каму з двух, Чарльзу ці Хэлу, насекчы сучча для вогнішча,— і тут жа бяруцца абодва ўспамінаць усю радню, бацькоў, мацярок, дзядзькоў, стрыечных братоў і сясцёр, людзей, якія знаходзяцца за тысячы міляў, і нават тых, хто даўно ў магіле. Было абсалютна незразумела, якія адносіны да ссякання сучча для вогнішча маюць, напрыклад, погляды Хэла на мастацтва ці п’есы, якія пісаў яго дзядзька па мацеры. Тым не менш да спрэчкі ўсё гэта прыпляталася гэтак жа часта, як і палітычныя перакананні Чарльза. I якая сувязь паміж доўгім языком сястры Чарльза і распальваннем вогнішча на Юкане — гэта было зразумела адной
толькі Мерседэс, якая ўзрывалася патокам каментарыяў на гэтую тэму, а заадно ўжо выказвалася адносна некаторых іншых непрыемных асаблівасцей мужавай радні. Тым часам вогнішча не распальвалася, прыгатаванні да начлегу не рабіліся, сабакі заставаліся ненакормленымі.
У Мерседэс была асаблівая падстава для незадаволенасці — прэтэнзіі чыста жаночай уласцівасці. Яна была прыгожая, распешчаная, мужчыны заўсёды па-рыцарску адносіліся да яе. А цяпер абыходжанне з ёю мужа і брата ніяк нельга было назваць рыцарскім! Мерседэс прывыкла спасылацца заўсёды на сваю жаночую бездапаможнасць. Чарльза і Хэла гэта абурала. Але яна пратэставала супраць усялякіх замахаў на тое, што лічыла самай галоўнай прывілеяй свайго полу, і атручвала ім жыццё. Яна стамілася, яна пачувала сябе хворай, і таму, не шкадуючы больш сабак, увесь час ехала на нартах. Аднак гэтае слабае і чароўнае стварэнне важыла сто дваццаць фунтаў — вельмі значная дабаўка да цяжкай паклажы, якую даводзілася цягнуць аслабелым і галодным сабакам. Мерседэс цэлымі днямі не злазіла з нартаў — да таго часу, пакуль сабакі не падалі без сіл і нарты не спыняліся. Чарльз і Хэл угаворвалі яе злезці і ісці на лыжах, прасілі, малілі, а яна толькі плакала і назаляла Богу шматслоўнымі скаргамі на іх жорсткасць да яе.
Аднаго разу мужчыны ссадзілі яе з нартаў, але яны тут жа пашкадавалі аб гэтым і заракліся наперад рабіць што-небудзь падобнае. Мерседэс, як капрызнае дзіця, стала знарок кульгаць і села на дарозе. Мужчыны пайшлі далей, а яна не зрушылася з месца. Прайшоўшы тры мілі, яны вымушаны былі вярнуцца па яе, зняць частку грузу і сілай пасадзіць яе зноў на нарты.
Уласныя пакуты рабілі траіх людзей абыякавымі да пакут сабак. Хэл лічыў, што загартоўка — рэч неабходная, але гэтую сваю тэорыю прымяняў больш да іншых. Спачатку ён спрабаваў прапаведаваць яе сястры і швагру, але, пацярпеўшы
няўдачу, стаў дубінкай убіваць яе сабакам. Да таго часу як яны дайшлі да Пяці Пальцаў, запасы сабачага правіянту скончыліся, і нейкая бяззубая старая індыянка пагадзілася даць ім некалькі фунтаў марожанай конскай шкуры ў абмен на кольт, які разам з доўгім паляўнічым нажом упрыгожваў пояс Хэла. Шкура гэтая, садраная паўгода назад са здохлага ад голаду каня нейкага жывёлавода, была надта ўбогім сурагатам ежы. Ад марозу яна стала падобная на ліставое жалеза, а калі сабака з цяжкасцю праглынаў кавалак, ён і пасля таго, як раставаў, быў зусім непажыўны і толькі раздражняў страўнік.
Трываючы ўсё гэта, Бэк, быццам у нейкім цяжкім кашмары, цягнуўся на чале запрэжкі, цягнуў нарты, наколькі хапала сіл, а калі сілы здраджвалі, падаў і ляжаў, пакуль яго не падымалі на ногі дубінкай ці бізуном. Яго цудоўная доўгая поўсць страціла ўсю гушчыню і бляск. Яна звалялася і была брудная, і ў многіх месцах, дзе дубінка Хэла разрэзвала скуру, на ёй запяклася кроў. Мускулы яго ператварыліся ў нейкія вузлаватыя валокны, і ён настолькі схуднеў, што пад друзлай скурай, якая вісела складкамі, рэзка выступалі ўсё рэбры і косці. Гэта магло надарваць любое сэрца, але capita ў Бэка было жалезнае, як даўно даказаў чалавек у чырвоным світэры.
He ў лепшым стане, чым Бэк, былі і іншыя сабакі. Яны ператварыліся ў хадзячыя шкілеты. Іх засталося цяпер сем, уключаючы Бэка. Яны былі так змучаны, што ўжо сталі нечуллівымі да ўдараў бізуна і дубінкі. Боль ад катаванняў адчуваўся імі неяк тупа, і яны ўсё бачылі і чулі быццам здалёк. Гэта былі ўжо напаўмёртвыя істоты, проста мяшкі з касцямі, у якіх жыццё ледзь тлела. На прыпынках яны, раней чым іх распрагуць, падалі тут жа ля дарогі; і здавалася, што апошняя іскрынка жыцця ў іх патухла. Калі ж на іх абрушваліся ўдары дубінкі ці бізуна, гэтая іскрынка ледзь-ледзь разгаралася, і яны, з цяжкасцю падняўшыся, цягнуліся далей.
Надышоў дзень, калі і дабрак Білі ўпаў і не змог ужо ўстаць. Рэвальвера ў Хэла больш не было, і ён прыкончыў Білі ўдарам сякеры па галаве, затым зняў з трупа вупраж і адцягнуў яго ў бок ад дарогі. Бэк усё гэта бачыў, і іншыя сабакі бачылі, і ўсе яны разумелі, што тое ж самае вельмі хутка будзе з імі. На другі дзень здохла Куна, і засталося іх цяпер толькі пяцёра: Джо, такі змардаваны, што не мог ужо нават агрызацца, Пайк, кульгавы калека, які страціў усю сваю хітрасць і махлярства, аднавокі Солекс, усё яшчэ верны справе і сумны таму, што ў яго ўжо не хапала сіл цягнуць нарты, Цік, які ніколі яшчэ не хадзіў так далёка, як гэтай зімой, і якога білі часцей і мацней, таму што ён быў самы нявопытны з усіх, і Бэк, які ўсё яшчэ займаў месца важака, але ўжо быў няздольны падтрымліваць дысцыпліну і не спрабаваў нават гэта рабіць. Ад слабасці ён плёўся, як сляпы, і, бачачы ўсё быццам скрозь туман, не збіваўся са сцежкі толькі таму, што ногі прывычна намацвалі дарогу.
Стаяла цудоўная вясна, але ні людзі, ні сабакі не заўважалі яе. 3 кожным днём сонца ўставала раней і пазней ішло на спачын. У тры гадзіны ўжо днела, а змяркалася толькі ў дзевяць гадзін вечара. I ўвесь доўгі дзень асляпляльна свяціла сонца. Падманлівая цішыня зімы змянілася вясеннім шумам абуджанага жыцця. Загаварыла ўся зямля, поўная радасці адраджэння; усё, што ў доўгія месяцы маразоў было нерухомым, як мёртвае, цяпер ажыло і прыйшло ў рух. У соснах падымаўся сок. На вербах і асінах распускаліся пупышкі. Кусты адзяваліся ў свежую зеляніну. Па начах ужо трашчалі цвыркуны, а днём кішэла, грэючыся на сонцы, усё, што поўзае і бегае па зямлі. У лясах пераклікаліся курапаткі, стукалі дзятлы, балбаталі вавёркі, заліваліся пеўчыя птушкі, а высока ў небе крычалі дзікія гусі, што ляцелі чародамі з поўдня, рассякаючы крыламі паветра.
3 кожнага пагорка бегла вада, звінела ў паветры музыка нябачных крыніц. Усё навокал раставала,
шумела, калыхалася пад вясеннім ветрам, спяшалася жыць, Юкан імкнуўся прарваць ледзяное покрыва, што скоўвала яго. Ён размываў лёд знізу, а зверху яго растоплівала сонца. Утвараліся палонкі, усё шырэй распаўзаліся трэшчыны ў лёдзе, і ўжо тонкія пласты яго, адкалоўшыся, ішлі пад ваду. А сярод усяго гэтага разліву вясны, імклівага біцця і трапятання абуджанага жыцця, пад сляпучым сонцам і ласкай уздыхаючага ветру, цягнуліся, быццам насустрач смерці, двое мужчын, жанчына і сабакі.
Сабакі падалі на кожным кроку, Мерседэс плакала і не злазіла з нартаў, Хэл сварыўся ў бяссільнай злосці, а ў слязлівых вачах Чарльза застыў смутак.
Так дайшлі яны да стаянкі Джона Торнтана ля вусця Белай ракі. Як толькі спыніліся нарты, сабакі пападалі як мёртвыя. Мерседэс, выціраючы слёзы, глядзела на Джона Торнтана. Чарльз прысеў на бервяно адпачыць. Садзіўся ён з цяжкасцю, вельмі марудна — цела ў яго быццам адзеравянела.
Гаворку пачаў Хэл. Джон Торнтан рабіў тапарышча, выструганае ім з бярозавага палена. Ён слухаў, не адрываючыся ад работы, і толькі час ад часу ўстаўляў кароткую рэпліку або даваў такую ж лаканічную параду — толькі тады, калі ў яго пыталі: ён ведаў гэтую пароду людзей і не сумняваўся, што парады яго не будуць выкананы.
— Там, наверсе, нам таксама гаварылі, што дарога ўжо ненадзейная, і раілі не ісці далей,— сказаў Хэл у адказ на перасцярогу Торнтана, што ісці цяпер па лёдзе рызыкоўна.— Пераконвалі, што нам ужо не дабрацца да Белай ракі,— а вось дабраліся ж!
Апошнія словы сказаны былі з іроніяй і пераможнай усмешкай.
— I правільна вам раілі,— заўважыў Джон Торнтан.— Лёд можа крануцца з хвіліны на хвіліну. Хіба толькі дурань рызыкне ісці зараз цераз раку — дурням, вядома, вязе. А я вам прама ска-
жу — я не стаў бы рызыкаваць жыццём і не крануўся б па гэтым лёдзе нават за ўсё золата Аляскі.
— Вядома, вы ж не дурань,— кінуў Хэл.— A мы ўсё-такі пойдзем далей да Даўсана.— Ён узмахнуў бізуном.— Уставай, Бэк! Ну! Уставай, табе кажуць! Марш наперад!
Торнтан стругаў, не падымаючы вачэй. Ён ведаў: дарэмна ўтрымліваць дзівакоў ад дзівацтва. I ўрэшце рэшт у свеце нічога не зменіцца, калі стане на двух-трох дурняў меней.
Але сабакі не ўставалі, нягледзячы на вокрыкі. Яны даўно ўжо дайшлі да такога стану, што падняць іх можна было толькі пабоямі. Бізун засвістаў, замільгаў тут і там, робячы сваю жорсткую справу. Джон Торнтан сціснуў зубы. Першым з цяжкасцю падняўся Солекс. За ім Цік, за Цікам, скавычучы ад болю, Джо. Пайк рабіў пакутлівыя спробы ўстаць. Прыўзняўшыся на пярэдніх лапах, ён упаў раз, упаў другі, і толькі ў трэці яму нарэшце ўдалося ўстаць. А Бэк нават і не спрабаваў. Ён ляжаў нерухома там, дзе ўпаў. Бізун раз за разам упіваўся яму ў цела, а ён не вішчаў і не супраціўляўся. Торнтан некалькі разоў як быццам намерваўся нешта сказаць, але маўчаў. У яго вачах стаялі слёзы. Хэл працягваў хвастаць Бэка. Торнтан устаў, у нерашучасці пачаў хадзіць тудысюды.
Упершыню Бэк адмаўляўся слухацца, і гэтага было дастаткова, каб прывесці Хэла ў лютасць. Ён кінуў бізун і схапіў дубінку. Але і град новых, яшчэ больш цяжкіх удараў не падняў Бэка на ногі. Ён, як і іншыя сабакі, наўрад ці здольны быў устаць, але, акрамя таго, у адрозненне ад іх свядома не хацеў падымацца. У яго было цьмянае прадчуванне надыходзячай гібелі. Гэтае адчуванне асуджанасці зарадзілася яшчэ тады, калі ён цягнуў нарты на бераг, і з таго часу не пакідала Бэка. Цэлы дзень ён адчуваў пад нагамі тонкі і ўжо крохкі лёд і быццам адчуваў блізкую бяду там, наперадзе, куды зараз зноў гнаў яго гаспадар. I ён не хацеў уставаць. Ён так змучыўся і дайшоў да таго,