Кліч продкаў | Белы Ікол | Любоў да жыцця
Джэк Лондан
Для старэйшага школьнага ўзросту
Выдавец: Полымя
Памер: 334с.
Мінск 1997
што амаль не адчуваў болю ад удараў. А яны працягвалі сыпацца, і апошняя іскрынка жыцця патухала ў ім. Бэк паміраў. Ён адчуваў нейкае дзіўнае здранцвенне ва ўсім целе. Адчуванне болю знікла, ён толькі цьмяна ўсведамляў, што яго б’юць, і быццам здалёку чуў удары дубіны па целе. Але, здавалася, гэтае цела не яго і ўсё гэта адбываецца недзе ўдалечыні.
I тут зусім нечакана Джон Торнтан з нейкім нечленараздзельным крыкам, падобным больш на крык жывёліны, кінуўся на чалавека з дубінкай. Хэл паваліўся дагары, быццам яго прыціснула падсечанае дрэва. Мерседэс завішчала, Чарльз глядзеў на гэтую сцэну ўсё з тым жа застылым смуткам у позірку, выціраючы слязлівыя вочы, але не ўставаў, таму што цела ў яго быццам адзеравянела.
Джон Торнтан стаяў над Бэкам, стараючыся авалодаць сабой. Гнеў, што бушаваў у ім, перашкаджаў яму гаварыць.
— Калі ты яшчэ раз ударыш гэтага сабаку, я заб’ю цябе!— сказаў ён нарэшце, задыхаючыся.
— Сабака мой,— запярэчыў Хэл, устаючы і выціраючы кроў з губ.— Пайшоў прэч, інакш я прыкончу цябе на месцы. Мы ідзём у Даўсан!
Але Торнтан стаяў паміж ім і Бэкам і зусім не праяўляў намеру даць яму дарогу. Хэл выхапіў з-за пояса свой доўгі паляўнічы нож. Мерседэс лямантавала, плакала, смяялася — адным словам, была ў сапраўднай істэрыцы. Торнтан ударыў Хэла па пальцах тапарышчам і выбіў у яго нож. Хэл паспрабаваў падняць нож з зямлі, але атрымаў другі ўдар па пальцах. Пасля Торнтан нагнуўся, сам падняў нож і разрэзаў на Бэку пастронкі.
Уся ваяўнічасць Хэла выпарылася. Да таго ж яму давялося заняцца сястрой, якая звалілася яму на рукі, дакладней, на плечы, і ён разважыў, што Бэк без патрэбы — усё роўна здыхае і цягнуць сані не зможа.
Праз некалькі хвілін нарты ўжо спускаліся з берага на рачны лёд. Бэк пачуў шум ад’язджаючых
нартаў і падняў галаву. На яго месцы на чале запрэжкі ішоў Пайк, каранніком быў Солекс, а паміж імі ўпрэжаны Джо і Цік. Усе яны кульгалі і спатыкаліся. На нартах на паклажы сядзела Мерседэс, а Хэл ішоў наперадзе, ля паваротнага шаста. Ззаду плёўся Чарльз.
Бэк глядзеў ім услед, а Торнтан, апусціўшыся каля яго на калені, сваімі шурпатымі рукамі беражліва абмацваў яго, правяраючы, ці не паламана якая-небудзь косць. Ён упэўніўся, што сабака толькі моцна збіты і страшэнна знясілены голадам. Тым часам нарты ўжо ад’ехалі на чвэрць мілі. Чалавек і сабака назіралі, як яны паўзлі па лёдзе. Раптам на іх вачах задок нартаў апусціўся, быццам нырнуў у яму, а шост узвіўся ў паветра разам з Хэлам, які трымаўся за яго. Данёсся крык Мерседэс. Пасля Бэк і Торнтан убачылі, як Чарльз павярнуўся і хацеў бегчы назад да берага, але тут увесь участак лёду пад імі асеў, і ўсё схавалася пад вадой — і людзі, і сабакі. На гэтым месцы зеўрала вялікая палонка. Торнтан і Бэк паглядзелі адзін аднаму ў вочы.
— Ах ты, небарака! — сказаў Джон Торнтан. I Бэк лізнуў яму руку.
VI
3 ЛЮБОВІ ДА ЧАЛАВЕКА
Калі ў снежні Джон Торнтан адмарозіў ногі, таварышы ўладкавалі яго выгодна на стаянцы і пакінулі тут, пакуль не паправіцца, а самі пайшлі ўверх па рэчцы нарыхтоўваць бярвёны, якія яны сплаўлялі ў Даўсан. Торнтан яшчэ трохі кульгаў у той час, калі выратаваў Бэка, але з надыходам цёплага надвор’я і гэтая лёгкая кульгавасць прайшла. А Бэк усе доўгія веснавыя дні ляжаў на беразе, ляніва глядзеў, як цячэ рака, слухаў спевы птушак, гоман вясны, і сілы паступова вярталіся да яго. Салодкі адпачынак таму, хто прабег тры
тысячы міляў. I, праўду кажучы, у той час, як зажывалі раны, мацнелі мускулы, а косці зноў абрасталі мясам, Бэк усё болып і болып разляноўваўся. Зрэшты, тут усе лодарнічалі — не толькі Бэк, але і сам Торнтан, і Скіт, і Ніг — у чаканні, калі прыйдзе плыт, на якім яны адправяцца ў Даўсан. Скіт, маленькая сучка з пароды ірландскіх сетэраў, хутка пасябравала з Бэкам — ледзь жывы, ён няздольны быў адхіліць яе ласкі і клопаты. Скіт, як і некаторыя іншыя сабакі, валодала інстынктыўным уменнем лячыць раны і хваробы. Як кошка вылізвае сваіх кацянят, так яна вылізвала і залізвала раны Бэка. Кожную раніцу, пачакаўшы, пакуль Бэк паесць, яна выконвала свае дабравольныя абавязкі, і ў рэшце рэшт ён стаў прымаць яе клопаты гэтак жа ахвотна, як і клопаты Торнтана. Ніг, помесь сабакі-сышчыка з шатландскім хартом, таксама настроены дружалюбна, але больш стрымана, быў вялізны чорны сабака з вясёлымі вачыма і невычэрпным запасам лагоднасці.
На здзіўленне Бэка, гэтыя сабакі ніколькі не раўнавалі да яго гаспадара і не зайздросцілі яму. Здавалася, ім перадавалася дабрыня і велікадушнасць Джона Торнтана. Калі Бэк падужэў, яны сталі ўцягваць яго ў вясёлую мітусню, у якой іншы раз, не ўтрымаўшыся, прымаў удзел і Торнтан.
Так Бэк непрыкметна для сябе зусім ачуняў і пачаў новае жыццё. Упершыню спазнаў ён любоў, любоў сапраўдную і адданую. Ніколі ён не любіў так нікога ў доме суддзі Мілера, у сонечнай даліне Санта-Клара. Да сыноў суддзі, з якімі ён паляваў і хадзіў на далёкія прагулкі, ён адносіўся па-таварыску, да маленькіх унукаў — звысоку і паблажліва, а да самога суддзі — па-сяброўску, ніколі не трацячы пры гэтым сваёй велічнай годнасці. Але толькі Джону Торнтану суджана было абудзіць у ім гарачую любоў — любоў-абажанне, адданую да безразважнасці.
Торнтан выратаваў яму жыццё — і гэта ўжо само па сабе нешта значыла. Акрамя таго, гэты ча-
лавек быў ідэальным гаспадаром. Іншыя людзі клапаціліся пра сваіх сабак толькі па абавязку і таму, што ім гэта было выгадна. А Торнтан клапаціўся пра іх без усялякага разліку, як бацька пра дзяцей,— такая ўжо ў яго была натура. Мала таго, ён ніколі не забываў парадаваць сабаку прыветлівым і пахвальным словам, любіў доўга размаўляць з імі (ён называў гэта «пабалбатаць»), і гутаркі гэтыя прыносілі яму не меншае задавальненне, чым ім. У Торнтана была прывычка хапаць Бэка абедзвюма рукамі за галаву і, упёршыся ў яе лбом, разгойдваць сабаку з боку ў бок, асыпаючы яго пры гэтым усялякімі брыдкімі мянушкамі, якія Бэк прымаў за ласкальныя. Для Бэка не было большай радасці, чым гэтая грубаватая ласка, што суправаджалася лаянкай, і калі гаспадар так тармасіў яго, сэрца ад захаплення гатовае было выскачыць. Як толькі Торнтан нарэшце адпускаў яго, ён ускакваў, раскрыўшы пашчу ва ўсмешцы, і погляд яго быў красамоўней за словы, горла сціскалася ад пачуццяў, якіх ён не мог перадаць. А Джой Торнтан, гледзячы на яго, застылага на месцы, гаварыў з павагай: «О Божа! Гэты сабака — што чалавек, толькі гаварыць не ўмее!..»
Бэк праяўляў сваю любоў спосабамі, ад якіх магло не паздаровіцца. Ён, напрыклад, хапаў зубамі руку Торнтана і так моцна сціскаў сківіцы, што на скуры доўга захоўваўся след яго зубоў. Але гаспадар разумеў, што гэтая прытворная лютасць — толькі ласка, гэтаксама, як Бэк разумеў, што брыдкімі мянушкамі яго надзяляюць ад лішку пяшчотнасці.
Часцей за ўсё любоў Бэка праяўлялася ў выглядзе нямога абажання. Хоць ён заміраў ад шчасця, калі Торнтан кранаў яго або гаварыў з ім, ён сам не дабіваўся гэтых знакаў прыхільнасці. У процілегласць Скіт, якая, падсоўваючы морду пад руку Торнтана, торкалася ў яе носам, пакуль ён не пагладзіць яе, або Нігу, што меў звычку лезці да гаспадара і класці сваю вялікую галаву яму на калені. Бэк задавальняўся тым, што абажаў яго
на адлегласці. Ён мог гадзінамі ляжаць ля ног Торнтана, з напружанай увагай гледзячы яму ў твар і быццам вывучаючы яго. Ён з самым жывым інтарэсам сачыў за кожнай пераменай у гэтым твары, за кожным мімалётным яго выразам. А часам лажыўся далей, збоку або ззаду ў гаспадара, і адтуль назіраў за рухамі яго цела. Такая цесная блізкасць утварылася паміж чалавекам і сабакам, што часта, адчуўшы позірк Бэка, Торнтан паварочваў галаву і моўчкі глядзеў на яго. I кожны чытаў у вачах у другога тыя пачуцці, што свяціліся ў іх.
Яшчэ доўгі час пасля свайго выратавання Бэк турбаваўся, калі не бачыў поблізу Торнтана. 3 той хвіліны, калі Торнтан выходзіў з палаткі, і пакуль ён не вяртаўся ў яе, сабака хадзіў за ім па пятах. У Бэка тут, на Поўначы, ужо некалькі разоў мяняліся гаспадары, і ён, вырашыўшы, што сталых гаспадароў не бывае, баяўся, каб Торнтан не пайшоў з яго жыцця, як пайшлі Перо і Франсуа, a пасля шатландзец. Нават у сне гэты страх праследаваў яго, і часта, прачынаючыся, Бэк вылазіў, нягледзячы на начны холад, са свайго сховішча, прабіраўся да палаткі і доўга стаяў ля ўвахода, прыслухоўваючыся да дыхання гаспадара.
Аднак, нягледзячы на вялікую любоў да Джона Торнтана, якая, здавалася, павінна была аказаць на Бэка змякчальны і цывілізуючы ўплыў, у ім не заглухлі схільнасці дзікіх продкаў, разбуджаныя Поўначчу. Вернасць і адданасць — рысы, што нараджаліся пад аховай мірных ачагоў, былі яму ўласцівыя, але побач з гэтым таіліся ў ім жорсткасць і вераломства дзікуна. Гэта болып не быў сабака з багатага Поўдня, нашчадак многіх прыручаных пакаленняў,— не, гэта быў першабытны звер, які прыйшоў з дзікага лесу да вогнішча Джона Торнтана. Вялікая любоў да гэтага чалавека не дазваляла Бэку красці ў яго ежу, але ў кожнага іншага, у кожным іншым лагеры ён краў бы без усялякага сораму, тым больш што, дзякуючы сваёй звярынай хітрасці, мог рабіць гэта беспакарана.
Морда яго і цела захоўвалі мноства слядоў сабачых зубоў, і ў бойках з іншымі сабакамі ён праяўляў такую ж лютасць і яшчэ большую вынаходлівасць, чым раней. Скіт і Ніг былі рахманыя і добрыя сабакі, з імі ён не грызся,— акрамя таго, гэта ж былі сабакі Джона Торнтана. Але калі трапляўся чужы сабака, усё роўна якой пароды і сілы, то ён павінен быў неадкладна прызнаць перавагу Бэка, інакш яго чакала схватка не на жыццё, а на смерць з небяспечным праціўнікам. Бэк быў бязлітасны. Ён добра засвоіў закон дубіны і ікла і ніколі не даваў нікому паблажкі, ніколі не адступаў перад ворагам, імкнучыся яго знішчыць, чаго б гэта ні каштавала. Гэтаму ён навучыўся ад Шпіца, ад задзірыстых паліцэйскіх і паштовых сабак. Ён ведаў, што сярэдзіны няма — або ён адолее, або яго адолеюць, і шкадаваць ворага — гэта прыкмета слабасці. Міласэрнасці першабытныя істоты не ведалі. Яны яе прымалі за баязлівасць, і яна цягнула за сабою смерць. Забівай, або будзеш забіты, еш, або цябе з’ядуць — такі першабытны закон жыцця. I гэтаму закону, што дайшоў да Бэка з глыбіні часу, ён падпарадкоўваўся.